Што рабіць, калі за вамі або за вашымі інфарматарамі сочаць

З гэтага матэрыялу GIJN вы даведаецеся, як вызначыць, што за вамі сочаць, якія тактыкі можна абраць, каб пазбегнуць сачэння ці ўскладніць працу шпіёну. Акрамя таго, у артыкуле знойдзеце вялікі блок пра сітуацыю ў Беларусі і з беларускімі журналістамі, а таксама парады спецыялістаў, як абараніцца ад анлайн- і афлайн-адсочвання.

Што рабіць, калі за вамі або за вашымі інфарматарамі сочаць
Ілюстрацыя: Прэс-клуб Беларусь
Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Кратко

  • Як ускладніць працу шпіёну
  • Як вызначыць, калі за вамі сочаць 
  • Што рабіць пасля таго, як вы заўважылі за сабой сачэнне 
  • Анлайн-адсочванне
  • Разведка па адкрытых крыніцах (OSINT)
  • Спецсродкі для сачэння
  • Ці можна выявіць анлайн-сачэнне
  • Афлайн-адсочванне
  • Базавыя прыкметы сачэння
  • Як сысці ад сачэння
  • Калі журналіст заўважыў сачэнне
  • Дадатковыя фактары рызыкі, на якія трэба звярнуць увагу

Нягледзячы на тое, што лічбавае сачэнне за рэпарцёрамі з’яўляецца значна больш распаўсюджанай з’явай, фізічнае сачэнне (або спалучэнне абодвух відаў) можа сведчыць аб яшчэ больш сур’ёзнай пагрозе бяспецы журналістаў або іх інфарматараў.

Паводле экспертаў, за журналістамі сочаць, як правіла, для вызначэння крыніц, збору інфармацыі з мэтай дыскрэдытацыі медыя, для пераследу або запалохвання, для таго, каб матэрыял не быў апублікаваны або, ў найгоршым выпадку, для планавання забойстваў. Людзі, якія сочаць, могуць быць прыватнымі следчымі, ідэалагічна матываванымі суб’ектамі, прадстаўнікамі арганізаванай злачыннасці, дзеючымі або былымі дзяржаўнымі агентамі або нават былымі журналістамі, нанятымі прыватнымі спецслужбамі.

На Глабальнай канферэнцыі журналістаў-расследавальнікаў, якая прайшла ў лістападзе 2021 года (GIJC21), Дру Саліван, сузаснавальнік Праекта па справаздачнасці аб арганізаванай злачыннасці і карупцыі (OCCRP), адзначыў, што некалькі забітых журналістаў-расследавальнікаў, у тым ліку Ян Куцяк са Славакіі і Ганна Паліткоўская з Расіі, перад сваёй смерцю паведамлялі аб тым, што, верагодна, за імі сочаць.

У 2022 годзе некалькі рэпарцёраў па ўсім свеце, ад Грэцыі да Нігерыі – асабліва тыя, хто расследаваў набыццё ўрадам лічбавага шпіёнскага праграмнага забеспячэння – таксама заявілі аб падазрэннях у тым, што за імі сочаць.

Агулам эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што калі журналіст заўважае, што за ім сочаць, у прыватнасці, дзяржаўныя спецслужбы, адзіная бяспечная тактыка – гэта пакінуць краіну. Мы апішам ніжэй некаторыя іншыя тактыкі, як пазбегнуць сачэння, напрыклад, можна зрабіць сачэнне і назіранне празмерна дарагім і час ад часу начаваць у сяброў.

Тым не менш, Саліван прапануе журналістам без спецыяльнай падрыхтоўкі пазбягаць гульняў у «кошкі-мышкі», нават у тых выпадках, калі дзяржаўныя спецслужбы не бяруць удзел у сачэнні. Таму найлепей «проста выбрацца адтуль, бо сачэнне звычайна ніколі не заканчваецца дабром, таму варта змяняць гарады; змяніць усё».

Больш важныя навыкі, на думку экспертаў, уключаюць у сябе распрацоўванне плана бяспекі і ацэнку рызыкі напярэдадні расследавання, а таксама здольнасць выявіць фізічнае назіранне і, у ідэале, не паведамляючы таму, хто за вамі сочыць. Паводле эскпертаў, лепшая стратэгія заключаецца ў тым, каб журналісты-расследавальнікі проста працягвалі рабіць у непрацоўны час тое, што ў іх і так добра атрымліваецца на працы: быць пільнымі і скептычнымі.

Адзін з самых вядомых выпадкаў шпіянажу за журналістамі апісаў рэпарцёр New Yorker Ронан Фэрроў у сваім падкасце «Злаві і забі». Ён расказаў, як сачылі за яго працай, якая заключалася ў расследаванні абвінавачанняў у сэксуальных дамаганнях супраць аднаго знакавага галівудскага прадусара.

На канферэнцыі па журналістыцы дадзеных NICAR у 2021 годзе ўкраінскі прыватны дэтэктыў і інфарматар Ігар Астроўскі распавёў, як ён прызнаўся Фэроў, што быў чальцом групы, якая сачыла за журналістамі, якія расследавалі гэтыя абвінавачанні ў сэксуальных дамаганнях, і раскрыў тактыку, якая можа дапамагчы журналістам справіцца з пагрозай сачэння.

Парады Астроўскага на канферэнцыі былі наступныя.

Як ускладніць працу шпіёну

  • Узмацніце лічбавую гігіену. Каб шпіёны не змаглі загадзя спланаваць месцы назірання, захоўвайце свой план сустрэч у сакрэце, выкарыстоўваючы зашыфраваныя камунікацыйныя платформы, такія як Signal і ProtonMail, а таксама двухфактарную аўтэнтыфікацыю. «Калі вы выкарыстоўваеце лепшыя інструменты лічбавай бяспекі, у нас не будзе інфармацыі аб вашых камунікацыях або раскладзе, таму мы вымушаныя рэагаваць на вашы фізічныя рухі», – кажа Астроўскі.
  • Карыстайцеся рознымі відамі транспарту: ідзіце супраць руху машын па вуліцах з аднабаковым рухам. «Вам трэба прымусіць мяне змяніць спосаб перамяшчэння: сесці на ровар, сесці ў аўтобус, сесці на цягнік, зрабіць дадатковую перасадку, – раіць Астроўскі. – У нас быў план, паводле якога, калі Ронан пешшу пойдзе супраць дарожнага руху і выкліча таксі, аператар арганізуе аварыю з пешаходам, каб затрымаць таксі, каб кіроўца аўтамабіля меў час аб’ехаць квартал. Я быў літаральна гатовы скокнуць на капот машыны».
  • Паспрабуйце вычарпаць іх бюджэт на назіранне. «Можна застацца на нач у іншым месцы, напрыклад, у сябра. Гэта прымусіць дэтэктыва заставацца ў машыне ўсю ноч. Зрабіце так, каб за вамі было дорага сачыць».
  • Выкарыстоўвайце іншы выхад, асабліва ў гандлёвых цэнтрах. «Калі ў вас важная сустрэча, складзіце план пазбаўлення ад сачэння такім чынам, каб яны не зразумелі, што гэта было зроблена наўмысна», – кажа Астроўскі. – Ідэальна падыходзяць вялікія будынкі з некалькімі выхадамі. Выкарыстоўвайце іншы выхад у гандлёвым цэнтры і карыстайцеся каршэрінгам. Так, вас усё роўна знойдуць у вашым доме напрыканцы дня, але на некалькі гадзін за вамі не будзе сачэння».
  • Выдаліце вашу асабістую інфармацыю з інтэрнэту. «Калі б я быў журналістам і займаўся падобнымі тэмамі, я б сябе падоксіў, – кажа ён. – Таму зайдзіце ў Google і Yandex і пашукайце ўсё пра сябе, пазбаўцеся ад той інфармацыі, якая дазваляе лёгка знайсці вас, і адмоўцеся ад усіх тых сайтаў, на якіх ёсць вашыя дадзеныя. Для гэтага добра пасуе сайт FamilyTreeNow, ён амаль ідэнтычны вынікам, якія я атрымліваю ад платнага сэрвісу, але гэты сайт прадстаўляе тое самае бясплатна, і гэта дапамагае вам быць выдаленым з гэтых спісаў».
  • Будзьце непрадказальнымі. «Будзьце спантаннымі ў сваіх паводзінах, не для таго, каб пазбавіцца ад мяне, а проста каб зрабіць сачэнне за сабой дарагім і прымусіць нас выкарыстоўваць больш рэсурсаў».
  • Не пішыце пра свае планы ў сацыяльных сетках. «Ронан быў у гэтым сэнсе выдатным і цяжкай мішэню, – кажа Астроўскі. – Я паглядзеў яго сацыяльныя сеткі і Instagram, і там былі толькі мінулыя падзеі. Нічога пра яго планы і пра тое, дзе ён быў».
  • Калі сачэнне працягваецца, дадайце ў свае сацыяльныя сеткі і банкаўскія карткі «ілжывыя падказкі». «Захоўвайце здымкі з адпачынку на працягу некалькіх тыдняў, а потым выкладвайце іх у сацыяльных сетках праз доўгі час пасля вяртання, каб людзі падумалі, што вы ўсё яшчэ ў Парыжы, – прапаноўвае Астроўскі. – Збівайце са следу людзей. Падпішыцеся на рассылку з іншым адрасам. Дадайце бізнес у Yelp, які паказвае, што вы знаходзіцеся там, дзе вас няма. Выкарыстоўвайце абаненцкую скрыню ў якасці паштовага адраса пасля наступнага пераезду».

Як вызначыць, калі за вамі сочаць 

  • Звярніце ўвагу на тых, хто робіць тыя ж перасадкі ў грамадскім транспарце, што і вы. «Але не панікуйце», – дадае Астроўскі.
  • Звяртайце ўвагу на людзей, якія выходзяць з чэргаў на дагляд, у якіх вы стаіце. Гэта могуць быць чэргі перад металашукальнікамі і кантрольна-прапускныя пункты ў судах і аэрапортах.
  • Рабіце выгляд, што чытаеце меню на вокнах рэстарана, пры гэтым шукаючы людзей, якія вылучаюцца, напрыклад, тых, хто таксама чытае меню. «Калі вы ідзеце, працягвайце рабіць павароты, не абыходзьце квартал, ідзіце зігзагападобна і звяртайце ўвагу на тых, хто ззаду», – кажа ён.
  • Звяртайце ўвагу на абутак людзей. «Пераабувацца ў полі цяжка, таму абутак – добры паказчык таго, што чалавек плануе рабіць у гэты дзень; шукайце непадыходзячы абутак, – кажа Астроўскі. – Падчас назірання я люблю летам насіць чорныя красоўкі для камфорту і чорныя хайкінгавыя боты зімой».
  • Папрасіце сябра звярнуць увагу на машыны ззаду,  асабліва на скрыжаваннях. «Часам з-за эканоміі грошай мы працуем з адной машынай, калі лепей было бы выкарыстоўваць некалькі розных машын. Аднак гэта дае вам магчымасць заўважыць нас, – кажа ён. – Вы ці ваш сябар можаце шукаць такія знакі, як напрыклад, калі машына за вамі паехала прама, у той час калі вы збочылі. Аднак праз квартал тая ж машына зноў з’явілася і едзе за вамі. Калі такое адбудзецца два разы – за вамі сочаць».
  • Зрабіце так, каб той, хто за вамі сочыць, максімальна наблізіўся да вас у гадзіну пік. «Калі вы знаходзіцеся ў перапоўненым вагоне метро, нам трэба быць вельмі блізка ад вас, каб ведаць ваш наступны крок і перадаць інфармацыю іншым чальцам нашай каманды, – кажа Астроўскі. – Вы можаце заўважыць нас, бо мы не бачым вас праз натоўп».
  • Чытайце кнігі аб тым, як праводзяць сачэнне анлайн і пачысціце свае лічбавыя сляды. Паводле Астроўскага, добрыя парады можна знайсці ў кнігах Майкла Базэла: «Метады выведкі на аснове адкрытых крыніц» (Open Source Intelligence Techniques) або «Надзвычайная прыватнасць: што трэба, каб знікнуць у Амерыцы» (Extreme Privacy: What It Takes to Disappear in America).

Што рабіць пасля таго, як вы заўважылі за сабой сачэнне 

  • Выклічце паліцыю, калі лічыце, што вам пагражае небяспека. «Калі вы адчуваеце, што вам пагражае небяспека, вам трэба папярэдзіць свае крыніцы і рэдактараў, — кажа ён. – Калі вы адчуваеце, што вам пагражае небяспека наўпрост зараз, вам трэба звярнуцца ў паліцыю. Але майце на ўвазе, што вам трэба будзе адказаць на пытанні па апісаннях людзей і машын: колер, марка і мадэль аўтамабіля або нумарны знак; любыя адметныя характарыстыкі; дзе і калі назіралася сачэнне».
  • Не набліжайцеся да людзей, якія сочаць за вамі, і не паказвайце, што вы іх заўважылі. «Не злуйце такіх, як я! – кажа Астроўскі. – Важна не паказваць людзям, якія за вамі сочаць, што вы ведаеце пра іх, таму што гэта можа перарасці ў пагрозы або гвалт. Ніколі не махайце мне рукой і не паказвайце сярэдні палец».
  • Арганізоўвайце важныя сустрэчы ў судах або ў зонах аэрапорта за межамі кантрольна-прапускных пунктаў. «Прызначайце сустрэчы ў будынку суда, дзе каманда сачэння не можа пранесці з сабой электронныя прылады і будзе вымушана праходзіць праз ахову», – кажа ён.
  • Калі за вамі сочаць дзяржаўныя спецслужбы, звярніцеся па кансультацыю да юрыстаў і некамерцыйных арганізацый, якія займаюцца правамі чалавека.  «Citizen Lab і Electronic Frontier Foundation – гэта добрыя месцы, куды можна звярнуцца, калі вы думаеце, што вы сталі мішэнню для ўраду, – адзначае Астроўскі.  – Калі за вамі сочыць паліцыя ў чужой краіне, вам варта з’ехаць або звярнуцца ў амбасаду, таму што вы можаце сутыкнуцца з сур’ёзнай рызыкай для свайго здароўя».
  • Выкарыстоўвайце зашыфраваную сувязь з крыніцамі – і сустракайцеся толькі адзін раз, калі вам трэба сустрэцца афлайн. «Калі вам трэба сустрэцца з крыніцай асабіста, паспрабуйце спачатку правесці адну сустрэчу, на якой вы зможаце выкласці свой план па барацьбе з сачэннем, – кажа ён. – Вы таксама павінны падумаць, як дзейнічаць так, каб не напалохаць інфарматара. Вы можаце знайсці месцы для сустрэч, якія былі бы цяжкадаступнымі для незнаёмцаў».
  • Прыдумайце простыя кодавыя словы, каб папярэджваць крыніцы аб шпіёнскіх пагрозах. «Простая тэхніка – гэта  дамовіцца называць адзін аднаго па імёнах, падобных да вашых сапраўдных імёнаў. Напрыклад, замест вашага імя я магу называць вас па прозвішчы, і інфарматар зразумее, што нешта не так, – падкрэслівае Астроўскі. – Ён/яна будзе ведаць, што не варта абмяркоўваць тое, што вы збіраліся абмяркаваць».
  • Майце на ўвазе, што аператыўнікі могуць выдаваць сябе за журналістаў, каб паўтарыць інтэрв’ю з вашымі інфарматарамі. «Агенцтвы наймалі былых журналістаў, каб яны выдавалі сябе за працуючых журналістаў, каб даведацца, адкуль журналісты атрымліваюць інфармацыю. Таксама часам наймалі чалавека, каб ён рабіў выгляд, што праводзіць сумоўе для журналіста, – кажа ён. – Мяне прасілі наймаць рэкрутара для арганізацыі фальшывага сумоўя [з журналістам]».

Аўтар матэрыялу: Роўэн Філп – рэпарцёр GIJN. Раней ён быў галоўным рэпарцёрам паўднёваафрыканскай газеты Sunday Times. У якасці замежнага карэспандэнта пісаў пра навіны, палітыку, карупцыю і канфлікты з больш чым двух дзясяткаў краін па ўсім свеце.

У Беларусі любы журналіст можа быць затрыманы

Сілавікі ў Беларусі актыўна ўжываюць усе даступныя метады ўплыву на супрацоўнікаў медыя і адсочвання працы журналістаў: анлайн і афлайн. Але, як адзначаюць эксперты, найчасцей ужываюць больш грубыя і прамыя метады збору інфармацыі.

На сёння любы журналіст ці яго/яе кантакты, якія знаходзяцца ў Беларусі, могуць быць затрыманыя, і іх тэлефон ці кампутар з усёй інфармацыяй могуць быць скампраментаваныя. У гэтых умовах эксперты раяць трымаць прыстасаванні чыстымі ад патэнцыйна небяспечнай інфармацыі і пры заўважаным сачэнні задумацца пра выезд з Беларусі.

Анлайн-адсочванне

Мікалай Кванталіані, сузаснавальнік Кааліцыі па лічбавых навыках ў Беларусі

Ёсць два агульныя напрамкі для сачэння за журналістамі:

  1. OSINT (Open source investigations) – разведка па адкрытых крыніцах.
  2. Атрыманне несанкцыянаванага доступу да інфармацыі журналіста (уліковыя запісы, дадзеныя на тэлефоне ці кампутары), праз усталёўку шпіёнскага праграмнага забеспячэння, адпаведна, атрыманне доступу да ўсёй інфармацыі. Ці ўзлом уліковых запісаў карыстальніка з дапамогай фішынгу, брутфорса пароляў або дубліката SIM-карты і аднаўлення доступу.

Далей – падрабязней пра кожны напрамак.

Разведка па адкрытых крыніцах (OSINT)

Базавае, што прадстаўнікі спецслужбаў могуць выкарыстоўваць для аналізу профілю журналіста ў рамках OSINT, – гэта сацыяльныя сеткі: Facebook, «ВКонтакте» (VK), «Однокласники» (OK) і гэтак далей.

Расійскія сацсеткі (VK, OK) дазваляюць атрымаць усю інфармацыю пра карыстальніка: IP-адрасы, з якіх ён заходзіў, узаемадзеянне з людзьмі, зацікаўленнасці, аддаленую перапіску, метададзеныя, на якія пасты ставіліся лайкі. І ўсё гэта – за даволі вялікі перыяд: пяць-дзесяць гадоў. Прадстаўнікі ўладаў звяртаюцца з запытам да адміністрацый сацсетак, тыя задавальняюць запыты. У тым ліку і ў дасудовым парадку.

У заходніх сацыяльных сетках (Facebook, Instagram) інфармацыю сілавікам даводзіцца атрымліваць з публічных крыніц. Многія публікацыі карыстальнікаў адкрытыя для ўсіх. І нават калі яны даступныя толькі для «сяброў», то сілавікі могуць затрымаць аднаго з карыстальнікаў, які ёсць у сябрах у журналіста, і паглядзець патрэбны профіль.

Акрамя таго, нельга забывацца на сацсеткі іншых людзей. У журналіста можа быць закрыты профіль, але сябры сфатаграфавалі і адзначылі яго/яе. Журналіста можна бачыць на агульных івэнтах, святах.

Адсочваецца і інфармацыя аб перамяшчэннях. Напрыклад, журналісты едуць на адукацыйны семінар, дамаўляюцца не фатаграфавацца там. Але ніхто не дамаўляецца не рабіць публікацый у вольны час, таму ў стужцы шмат людзей здымаюць, напрыклад, берлінскую тэлевежу. Калі гэта журналісты, яны, хутчэй за ўсё, на адным івэнце.

Нават сам журналіст лічыць, што ён няважная персона, каб ім цікавіліся, заўжды можна праз журналіста выходзіць на кагосьці яшчэ.

Telegram. Калі журналіст карыстаецца месэнджарам Telegram і вядомы яго/яе тэлеграм-ID, пад час пошуку інфармацыі ёсць магчымасць «прабіць» журналіста па іншых базах. Акрамя таго, сілавікі выпампоўваюць адрасныя кнігі ў затрыманых і папаўняюць базу дадзеных, каб разумець, хто ёсць хто.

Інструмент TGStat дазваляе атрымаць дастаткова шырокую інфармацыю пра Telegram-каналы і публічныя групы. Калі журналіст піша там каментары, то яны тэарэтычна папоўняць інфармацыю пра яго. Таксама можна атрымаць доступ да паведамленняў у непублічных групах, індэксаваць выдаленыя каментары.

Акрамя таго, ёсць закрытыя базы дадзеных. Гэтыя базы збіраюць дадзеныя выцечак з розных сэрвісаў. Класічны прыклад – гэта «Вока Бога», дзе дастаткова ведаць імя карыстальніка. Бот аддае інфармацыю, якую ведае пра яго: гэта могуць быць лагіны, паролі, іншыя карыстальнікі, якія асацыююцца з дадзеным карыстальнікам.

Беларускія сілавікі таксама дадаюць бот «Магніт», які выгружае ID журналіста і папаўняе іх базу. Для гэтага ім трэба атрымаць прамы доступ да тэлефона і месэнджара журналіста.

У Беларусі зараз укараняецца адзіны доступ да ўсіх баз дадзеных. Гэта значыць, што даступную ўладам інфармацыю дапоўніць мабільная сетка, у тым ліку паведамленні, банкаўская інфармацыя і іншае.

Асноўная праблема палягае ў тым, што інфармацыя пра дзейнасць журналіста збіраецца беларускімі спецслужбамі ўвесь час. Атрымліваецца, што рэтраспектыўна ўлады ўжо шмат ведаюць да таго, як журналіст змяніў прафесію або вырашыў схаваць свае лічбавыя сляды.

Адно з медыяў, якое цяпер унесенае беларускімі ўладамі ў спісы экстрэмісцкіх фармаванняў, у 2016-2017 гадах павіншавала ўсіх сваіх беларускіх супрацоўнікаў з Новым годам праз звычайную пошту. Адпаведна, усіх атрымальнікаў лістоў можна было палічыць.

У спакойныя часы таксама была палітыка, што журналісты афіцыйна атрымлівалі грошы на беларускія рахункі. Адпаведна, можна атрымаць спісы ўсіх, хто атрымліваў грошы на рахунак ад незалежных медыяў.

Спецсродкі для сачэння

Сярод іх – шпіёнскае праграмнае забеспячэнне. Некаторыя праграмы патрабуюць фізічны доступ да тэлефона, для запуску іншых выкарыстоўваецца фішынг.

Больш прасунутае ПЗ – Pegasus – дазваляе аддалена ўзламаць тэлефон, без дзеянняў з боку карыстальніка. Калі прылада заражаецца, у ініцыятара ёсць поўны доступ. Можна ўключаць відэакамеру, запісваць усе паролі, перахопліваць сесію, запісваць Telegram, Zoom-канферэнцыі – і гэта няпоўны спіс.

Ці можна выявіць анлайн-сачэнне

У большасці выпадкаў дастаткова складана знайсці сляды шпіёнскага ПЗ. Калі за журналістам шпіёняць, ён можа ніколі не даведацца, што яго ўзламалі. Гэта значыць, што прыладу трэба сістэматычна правяраць.

У залежнасці ад віду шпіёнскага ПЗ гэта можа быць больш ці менш проста. Калі гэта шпіёнская праграма, якая выкарыстоўвае «ўразлівасць нулявога дня», то звычайна гэта аналіз логаў прылады. Гэта значыць, трэба аддаваць у адмысловую лабараторыю, якая будзе шукаць сляды. У простых выпадках можа дапамагчы антывірус.

У асноўным прадстаўнікі спецслужбаў здабываюць інфармацыю ўмоўна старым спосабам: канфіскуюць тэхніку ці прымушаюць разблакаваць, затым выпампоўваюць інфармацыю. У тым ліку ёсць прылады для аднаўлення і выпампоўвання інфармацыі, ёсць магчымасць выдалена аднаўляць інфармацыю.

На сёння дадзеных, якія ўжо канфіскаваныя, настолькі шмат, што застаецца дастаткова мала прасторы для бяспекі журналістаў. Паколькі яны знаходзяцца ў сферы інтарэсаў беларускіх спецслужбаў, усё, што яны робяць, адсочваецца і далучаецца да нейкай справы.

Як абараніцца

Адзіная працоўная стратэгія абароны – гэта выкарыстоўваць розныя прылады для рознай камунікацыі. Напрыклад, Pegasus дазваляе ўзламаць любую прыладу, калі ты ведаеш нумар чалавека. Адпаведна, мусіць быць тэлефон, які немагчыма ўзламаць, бо ягоны нумар невядомы.

У залежнасці ад таго, з кім журналіст мае зносіны, у яго можа быць тры розныя тэлефоны, тры розныя месэнджары, тры розныя профілі ў сацыяльных сетках, магчыма, ананімныя.

Журналістам, якія працуюць з незалежнымі СМІ з Беларусі, неабходна выдаляць усе сляды ўзаемадзеяння,бо многія медыя прызнаны ўладамі экстрэмісцкімі. Некалькіх чалавек ужо затрымалі, разблакавалі прыладу, знайшлі фота і абвінавачваюць у супрацоўніцтве з «экстрэмісцкім» медыя, «экстрэмісцкім фармаваннем».

Усе відэа- і фотаархівы неабходна выгрузіць у воблака, закрыць доступ і не падключацца, пакуль не будзе бяспечна. Была серыя выпадкаў, калі фота- і відэажурналістаў затрымлівалі і выпампоўвалі ўсе іх архівы.

Калі журналіст знаходзіцца за мяжой і працуе з незалежным медыя, усё яшчэ трэба памятаць пра бяспеку. Так да ўладаў Беларусі трапілі чарнавыя відэаматэрыялы незалежнага тэлеканала з незакрытымі тварамі ўдзельнікаў парамілітары-трэніроўкі ў Польшчы.

Неабходна ўзмацніць пратаколы бяспекі, каб умоўная памылка карыстальніка не паўплывала на бяспеку герояў рэпартажу.

Журналіст можа страціць свой працоўны кампутар, дзе знаходзяцца ўсе відэаматэрыялы, таму патрэбна шыфраванне, каб у гэтым выпадку нічога не знайшлі. Трэба перадаваць бяспечна на серверы дадзеныя, выкарыстоўваць FTPS пратакол (File Transfer Protocol + SSL).

Неабходныя пэўныя крокі па бяспецы тэхнікі: шыфраванне, двухфактарная аўтэнтыфікацыя, выкарыстанне месэнджара Signal для званкоў і Gmail у рэжыме інкогніта для перадачы інфармацыі.

Журналістам у Беларусі не варта чакаць з’яўлення прыкметаў назірання. Калі за табой сочаць, то значыць, што заўтра ў цябе можа быць ператрус.

Трэба загадзя рыхтавацца да вобшуку і затрымання, захоўваць гаджэты «чыстымі», магчыма, пры небяспецы адфарматаваць тэлефон да заводскіх наладак, мець пратакол інфармавання калег аб затрыманні.

Для кансультацыі па лічбавай бяспецы можна звярнуцца да Беларускай асацыяцыі журналістаў ці экспертаў па лічбавай бяспецы ў адмысловы праект «Кібербабёр».

Афлайн-адсочванне

Эксперт у галіне бяспекі (ананімна, Беларусь)

Для пачатку трэба разумець, хто сочыць. Сачэннем могуць займацца спецслужбы, прадстаўнікі крымінальнай сферы, таксама гэта можа быць і па прыватнай замове. Для журналістаў усе тры пазіцыі працоўныя. Напісаць можна пра каго заўгодна, людзі з грашыма могуць сабе дазволіць замовіць такую паслугу.

Сам журналіст, магчыма, – не мэта. Ён патрапіў у кантакты і яго некаторы час могуць «вадзіць». Або запланаваная сустрэча, яе кантралююць, зафіксавалі ўдзельнікаў і па ўсіх «пайшлі». Так можа быць, калі той, хто кантактуе, – вядомая асоба, прадстаўнік крымінальнай сферы, палітык, дыпламат.

Вылічыць за сабой прафесійнае вонкавае назіранне, сачэнне, «тапкі» ці «ногі», вельмі складана. Для непрафесіянала гэта бадай што немагчыма.

Гэта рэч дарагая, падцягвае пад сябе даволі вялікі людскі рэсурс. Гэта не так, як у старых фільмах: увесь час адзін «шпік» ходзіць. Цяпер працуюць групамі, змяшанымі экіпажамі, у тым ліку «з колаў». У любы момант з машыны можа выскачыць пешаход і пайсці, калі немагчыма праехаць. Экіпажы і групы мяняюцца.

І прафесіяналы-спецслужбісты, і прыватнікі-прафесіяналы набіраюць людзей пэўнай знешнасці – не запамінальнай, якая не кідаецца ў вочы. Адпаведна іх экіпіруюць. Плюс яшчэ ёсць ратацыя і машын, і людзей.

Яны трымаюць дыстанцыю, выкарыстоўваюць машыны з танаваным шклом, бусы без шкла, могуць быць спецмашыны (пажарная машына, маршрутка, «хуткая дапамога», «тэхнічка»). У іх цэлы веер нумароў, будуць мяняць, а калі зіма ці восень – заляпаюць іх брудам. Ва ўтоеным сачэнні працуюць па-за гендарам: мужчыны і жанчыны, рознай знешнасці – ад валацугі да прафесара, ад фотамадэлі да алкагалічкі.

Калі звычайны чалавек заўважыў, што за ім ходзяць, – альбо гэта не профі, альбо гэта той від сачэння, які з’яўляецца ціскам на псіхалагічны стан.

Калі журналіст заўважыў за сабой сачэнне, і гэтым займаюцца профі, то яны гэта зрабілі такім чынам, каб ён заўважыў. Гэта фактар псіхалагічнага ціску, каб чалавек пачаў нервавацца. Каб пачалася паніка, параноя.

У такой сітуацыі чалавек пачынае рабіць памылкі па бяспецы ў першую чаргу. Ва ўдзельнікаў такой акцыі будзе фактурная знешнасць пагрозлівага выгляду. Ніхто не будзе апрануты ў форму, але нават па адзенню будзе зразумела, што гэта ці злачынцы, ці супрацоўнікі спецслужбаў.

Базавыя прыкметы сачэння

Універсальных парадаў, як выявіць сачэнне, практычна не існуе. Але паназіраць трэба, гэта заўжды карысна. У першы раз гэта можа быць выпадковасць, у другі – супадзенне, у трэці – ужо варожыя праявы. Калі ў чалавека тройчы спрацуе «званочак», што за ім ходзяць, ездзяіць, і гэта сістэмна, то, хутчэй за ўсё, нешта блізкае да адсочвання ёсць.

Базавыя рэчы – калі раптам адна і тая ж машына ці некалькі, але аднолькавых, пачынаюць ездзіць за чалавекам. На інтуіцыі чалавеку здаецца, што ён пачынае заўважаць  за сабой нейкія падобныя твары, аднолькавыя. Гэта «званочак», але таксама гэта ўвогуле можа ні пра што не сведчыць.

Сачэнне – справа дарагая і патрабуе шмат рэсурсаў, не можа быць вельмі доўгай. Каб гэта было на сталай аснове, трэба быць вельмі буйной фігурай – не журналістам, а сур’ёзнай палітычнай фігурай: дыпламатам, «зоркай», грамадскім дзеячам.

У спецслужбістаў не так шмат рэсурсаў для сачэння, попыт на гэты від аператыўнай дзейнасці даволі высокі. Сачэнне можа цягнуцца ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў, але і месяц – гэта ўжо выключна доўга.

Як сысці ад сачэння

Прыёмы сыходу ад сачэння добрыя, калі спецслужбы не асабліва настойліва хочуць не ўпусціць журналіста, а дэманструюць, што прысутнічаюць. Усе агульнадаступныя спосабы: змена машын, перасадка з таксі ў трамвай і з трамвая ў тралейбус, спуск у метро – яны гэтыя прыёмы ведаюць і ад іх страхуюцца.

Калі едуць «на колах», а чалавек сыходзіць у метро, з машыны выйдуць «таптуны» і пойдуць у метро. Пры наяўнасці сістэм відэаназірання практычна ўсюды можна часткова адсачыць па іх. Але гэта, канешне, не ў рэжыме рэальнага часу – як у Кітаі. Аднак выявіць, куды знік чалавек, не складана. Бясследна знікнуць практычна немагчыма.

Калі журналіст заўважыў сачэнне

  1. Спакой і яшчэ раз спакой. Калі журналіст вылічыў, абгрунтавана падазрае за сабой сачэнне, то не трэба ісці з «таптунамі» на прамы кантакт і тым больш на канфлікт.

Калі мы кажам толькі пра сачэнне, назіранні за чалавекам, то ў 90% выпадкаў яно яму не пагражае. І абвастраць сітуацыю зусім не варта. Тым больш даваць зразумець, што чалавек пабачыў гэтую справу, павёўся і рэагуе.

Калі гэта псіхалагічная акцыя, на гэта ўсё і разлічана: калі чалавек сябе праявіць, то мэта дасягнута. Часцей за ўсё, такі аб’ект ідзе на збліжэнне і распачынае канфлікт. У гэтай сітуацыі ён робіць падарунак: калі гэта спецслужбы, яны могуць яму проста аформіць адміністрацыйны або крымінальны артыкул.

Як гэты адбываецца ў Беларусі: чалавек размахваў рукамі, а яму сілавікі прадставіліся і паказалі пасведчанні. Нават калі гэтага не было. Калі гэта арганізавана прыватнікамі, яны таксама могуць «падвесці» пад хуліганства ў грамадскім месцы.

  1. Запамінаць, фатаграфаваць (недэманстратыўна). Але толькі калі ёсць магчымасць, альбо ў выглядзе сэлфі, праз вітрыну і адлюстраванне. Паспрабаваць іх зафіксаваць, запісаць нумары.

Паспрабаваць назапашваць матэрыял: дзе заўважана сачэнне, як часта, дэталі.

  1. Пра сачэнне трэба паведаміць калегам у рэдакцыі, сваякам, сябрам. З гэтым у адзіноце быць нельга.

Калі раптам сачэнне пяройдзе ў іншы этап акцыі, то перададуць чалавека іншай камандзе для затрымання, ліквідацыі або прычынення шкоды.

Пра падазрэнні павінны ведаць некалькі чалавек. Як давераных, так і проста калег і кіраўніцтва. Калі гэта ёсць у наяўнасці, то з дэманстрацыяй матэрыялаў: паглядзіце фотаздымкі, відэа, нумары машын, апісанне знешнасці, маркі, колер аўтамабіляў, каб у іх была фактура.

Нават у гучных справах, звязаных з журналістамі, часта атрымліваецца, што тыя пра свае падазрэнні нікому не распавядалі.

Калі з супрацоўнікам медыя нешта адбываецца, падобная фактура дапамагае праводзіць расследаванне або прадстаўнікам праваахоўных органаў, або калегам.

  1. Прааналізаваць, якія матэрыялы ў журналіста ў працы, з кім ёсць кантакты. Паспрабаваць выявіць прычыну ці пагрозу, з чым гэта звязана. Калі шмат рызыковых тэм, трэба вылічаць самую рызыковую, вылічваць кантакты, з якімі былі сустрэчы, гутаркі, абмен нейкімі носьбітамі інфармацыі.

Не раз спрацоўвала, калі журналіст сустракаўся з кімсьці з амбасад, перадаваў, напрыклад, квіткі на футбол, а сам атрымліваў праграмку нейкага культурнага мерапрыемства. Гэта было зафіксавана тымі, хто сочыць. Потым можна 150 разоў гаварыць, што гэта не была перадача інфармацыі, якая пагражае нацыянальнай бяспецы.

Вылічаючы пагрозы, трэба ўспомніць, дзе і з кім сустракаліся, дзе і з кім плануюцца бліжэйшыя сустрэчы. Пажадана гэтыя сустрэчы, калі яны павінны адбыцца, перанесці ці адмяніць. Або перавесці ў анлайн-фармат. Нават калі ёсць рызыка анлайн-сачэння, варта паставіць на рэжым чакання або вывесці ў анлайн.

Чаму гэта яшчэ важна для журналіста: калі ён працуе з канфідэнцыйнай крыніцай, бяспекай якой заклапочаны, яго могуць вадзіць, каб перахапіць крыніцу. Трэба сур’ёзна падумаць, ці патрэбны гэтыя сустрэчы, можа быць, спыніць гэтыя зносіны на нейкі час.

  1. Калі журналіст адчувае сябе больш-менш стабільна ў краіне, мае акрэдытацыю, то ёсць варыянт заявіць у міліцыю.

У заяве ў праваахоўныя органы таксама спатрэбіцца фактура, якую журналіст змог здабыць пад час назірання за тымі, хто вядзе за ім сачэнне. Няма гарантыі – асабліва ў Беларусі і ў цэлым у краінах былога СССР – што нехта адрэагуе. Але факт звароту будзе зафіксаваны.

У выніку або сачэнне знікне, або адбудзецца нешта больш дрэннае. Тыя, хто вёў сачэнне, могуць «перадаць» журналіста калегам для правядзенне больш жорсткіх дзеянняў: ад прычынення больш сур’ёзнай шкоды і запужвання да выкрадання. Але для ініцыятараў гэта ўскладняецца тым, што журналіст фарсаваў сітуацыю, паведаміў у міліцыю.

Аднак у беларускіх умовах падаваць заяву ў міліцыю – дрэннае вырашэнне.

  1. Зыход у цень. Чалавек умоўна месяц не выходзіць з кватэры.
  2. Калі журналіст знаходзіцца ў краіне з нестабільным рэжымам, дзе ёсць своеасаблівае стаўленне да незалежнай журналістыкі, то сачэнне – адзін з сігналаў, што час з’ехаць з краіны (на некаторы перыяд ці, магчыма, назаўсёды).

Дадатковыя фактары рызыкі, на якія трэба звярнуць увагу

  1. Перагледзець ўзаемаадносіны з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу. Гэта трыгер, ён заўсёды быў, а зараз – яшчэ больш. У першую чаргу – так званыя «недружалюбныя краіны», да іх пільная ўвага.
  2. Перагледзець астатнія кантакты: усе групы, якія могуць прыцягваць увагу спецслужбаў, нясуць пагрозу бяспекі журналіста. Трэба планаваць гэтыя зносіны, мінімізаваць падазрэнні і рызыкі, сачыць за сваёй мовай. Трэба абдумваць кожнае слова, удвая ці ўтрая больш сур’ёзна рыхтавацца.
  3. Небяспечнымі тэмамі ў Беларусі могуць быць практычна любыя: выпадкі, якія ў мірны час называлі «сацыялкай», становяцца гарачымі з-за рэзанансу, армія, прызыў у войска, праваахоўная сістэма, суды. Іх дазваляюць асвятляць толькі прадстаўнікам дзяржаўных СМІ, які маюць карт-бланш на скандал.
  4. Калі адчуванні кажуць пра небяспеку, цалкам спыніць любую актыўную дзейнасць, згарнуць усе зносіны за выключэннем блізкіх кантактаў – сваякі, муж і жонка, дзеці. І разгледзець магчымасць сталага ці часовага ад’езду. Калі небяспека сярэдняя, часова згарнуць працу, прыгледзецца, ці змянілася сітуацыя. Але ў будучыні да тэмы вяртацца не варта.

«Калі браць прафесійныя рызыкі, на 150% упэўнены: калі загарэлася лямпачка ў галаве, трэба паехаць у турпаход. Журналісты, як вайскоўцы ці разведчыкі, знаходзяцца ў зоне рызыкі і маюць звярынае чуццё. Доўга думаць не рэкамендую», – кажа эксперт.

  1. Па тэлефоне абмяркоўваць толькі бяспечныя тэмы, бо вылічыць неапаратнымі метадамі праслухоўванне нерэальна. Батарэя, шумы часам у дынаміку, але гэта не доказы. Трэба проста мець на ўвазе, што любыя размовы па звычайнай мабільнай сувязі небяспечныя.

SMS-паведамленні, натуральна, не выкарыстоўваць. Яны захоўваюцца гадамі.

Для важных размоваў варта выкарыстоўваць галасавое злучэнне праз месэнджары.

Падзяліцца:

Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

4 кастрычніка 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняШто рабіць, калі за вамі або за вашымі інфарматарамі сочаць

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць