Як пазбегнуць судовых працэсаў і іншых юрыдычных праблем. Дапаможнік для журналістаў

Дысклеймер: інфармацыя ў гэтым дакуменце не з’яўляецца і не павінна разглядацца як юрыдычная кансультацыя. Інфармацыя ў гэтым дакуменце даецца толькі ў рэкамендацыйных мэтах.

Як пазбегнуць судовых працэсаў і іншых юрыдычных праблем. Дапаможнік для журналістаў
Ілюстрацыя: Прэс-клуб Беларусь

У апошнія гады сітуацыя са свабодай прэсы пагоршылася ў многіх частках свету. З-за пандэміі пагрозы паскорыліся, калі беспрынцыповыя палітычныя рэжымы ўвялі рэпрэсіўныя прававыя меры пад выглядам барацьбы з дэзінфармацыяй і выкарыстоўваюць ўсё больш дасканалыя метады для кантролю інфармацыі ў інтэрнэце, а таксама працягваюць ціск на крытычную журналістыку.

Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Сцісла

  • Дыфамацыя
  • Абарона крыніц
  • Як не стаць ахвярай кіберзлачынстваў і пераследу ў інтэрнэце
  • Шпіёнскае праграмнае забеспячэнне і лічбавае сачэнне
  • Рызыка ілжывых абвінавачванняў або адвольнага затрымання/арышту
  • Калі вас затрымалі/арыштавалі
  • Фэйкі і прапаганда
  • Сацыяльныя сеткі і дэзынфармацыя/прапаганда
  • Сатыра
  • Праблемы, звязаныя з аўтарскім правам 
  • Закрыццё СМІ
  • Дадатковыя рэсурсы

Журналісты па-ранейшаму падвяргаюцца гвалту і адвольным затрыманням, за імі таемна сочаць.  Гэта робіцца асабліва відавочным у кантэксце канфліктных сітуацый і падчас выбараў. Часта за гэта нікога не прыцягваюць да адказнасці, сілавікі або недзяржаўныя структуры беспакарана здзяйсняюць акты гвалту супраць журналістаў.

Журналісты таксама часта сутыкаюцца з неабгрунтаванымі судовымі пазовамі. SLAPP (Strategic Lawsuits Against Public Participation) – гэта стратэгічныя судовыя пазовы супраць удзелу грамадскасці. Яны служаць для запалохвання журналістаў і іншых людзей, якія крытыкуюць уплывовых асоб або карпарацыі. Пазовы часта грунтуюцца на беспадстаўных, несур’ёзных або перабольшаных прэтэнзіях і прад’яўляюцца хутчэй з мэтай ціску на журналіста ці праваабаронцу, а не для абароны права.

Яшчэ адным выклікам свабодзе выказвання меркаванняў і незалежнай журналістыцы з’яўляецца імкненне ўрадаў кантраляваць інфармацыю ў інтэрнэце. Улічваючы асабліва жорсткія і рэпрэсіўныя ўмовы для традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі ў многіх краінах, інтэрнэт часта застаецца апошняй пляцоўкай для свабоднага выказвання меркаванняў. Тым не менш, дзяржавы ўсё больш актыўна змагаюцца з гэтым. У многіх юрысдыкцыях інтэрнэт жорстка кантралюецца альбо шляхам перыядычнага блакавання старонак, альбо праз сталую фільтрацыю вэб-сайтаў.

Парады для журналістаў у экстраных сітуацыях (+вялікі блок пра беларускіх журналістаў і іх досвед працы)

Незалежная журналістыка сутыкаецца з вялікай колькасцю выклікаў: пачынаючы ад аўтарытарных  рэжымаў, якія ўводзяць рэгрэсіўныя законы і душаць свабоду слова, заканчваючы тым, што журналісты не могуць зарабляць на жыццё сваёй працай. Каб даць рады гэтым праблемам, журналісты могуць скарыстацца спосабамі абароны, якія забяспечвае міжнароднае права.

У дамапожніку – рэкамендацыі і агульны агляд міжнародных прававых стандартаў і найбольш распаўсюджаных пагроз, з якімі сутыкаюцца журналісты. Вы знойдзеце парады аб тым, як прадухіліць, змякчыць і абараніць сябе ад юрыдычных пагроз, звязаных з вашай паўсядзённай працай журналіста.

Дыфамацыя

Дыфамацыя – гэта агульны юрыдычны тэрмін, які ў шырокім сэнсе разумеецца як распаўсюд ілжывай інфармацыі, што наносіць шкоду або падрывае рэпутацыю юрыдычнай ці фізічнай асобы. Згодна з міжнародным правам у галіне правоў чалавека, пад дыфамацыяй можна разумець «незаконныя напады» на «гонар і рэпутацыю» чалавека.

Законы аб дыфамацыі розныя ў кожнай юрысдыкцыі. Таму першым крокам у абароне сябе ў справе аб дэфамацыі павінна быць вызначэнне адпаведнай юрысдыкцыі і зварот па кансультацыю да мясцовага юрыста.

Як пазбегнуць/мінімізаваць рызыкі, звязанныя з дыфамацыяй 

Журналісты не могуць цалкам пазбегнуць прававых рызыкаў. Аднак чэк-ліст ніжэй змяшчае практычныя парады, якія будуць карыснымі для мінімізацыі верагоднасці быць прыцягнутымі да адказнасці за дыфамацыю.

  • Прытрымлівайцеся журналісцкіх стандартаў. Будзьце грунтоўнымі, справядлівымі і дакладнымі ў тым, што вы публікуеце, уважліва пазначайце свае крыніцы і цытаты, запісвайце размовы са згоды, калі гэта магчыма. Не фармулюйце заявы такім чынам, што іх можна па-рознаму зразумець і не публікуйце бездоказных тэорый, да якіх вы не маеце доказаў. Не абагульняйце, не публікуйце выбарачна і не перафразуйце цытаты суразмоўцы, якія вы потым ставіце ў двукоссі. Дадатковыя карысныя парады чытайце ў матэрыялах: «Запіс тэлефонных званкоў і размоў», «Журналісцкія навыкі і прынцыпы».
  • Будзьце ўважлівымі да таго, што кажаце, і кажыце толькі тое, што можаце даказаць. Кантралюйце дакладнасць выказванняў і пазбягайце двухсэнсоўнасці.
  • Захоўвайце свае запісы і іншыя дакументы, якія вы робіце падчас расследаванняў. Калі збіраецеся зрабіць патэнцыйна скандальную заяву аб кампаніі або прыватнай асобе, вы павінны быць у стане даказаць, што ваша заява праўдзівая і заснаваная на фактах, таму збірайце доказы, дзе гэта толькі магчыма.
  • Калі вы робіце аўдыя- або відэазапіс людзей, важна, каб вы атрымалі іх выразную згоду, лепш у пісьмовай форме.
  • Заўсёды правярайце свае факты і карыстайцеся надзейнымі крыніцамі. Не думайце, што інфармацыя, напісаная недзе ў іншым месцы, – абавязкова праўда.
  • Памятайце, што вы можаце быць прыцягнуты да адказнасці за перадрук паклёпніцкага выказвання. Таму будзьце асцярожныя, калі паўтараеце чужыя абвінавачванні. Нават калі вы перапосціце твіт, які можа ўтрымліваць хлусню аб чалавеку ці кампаніі, вы рызыкуеце адказваць за гэта ў судзе.
  • Калі вы выказваеце сваё ўласнае меркаванне, дайце зразумець, што гэта выключна ваша суб’ектыўнае меркаванне, якое выкладаецца без злога намеру.
  • Калі вы ведаеце, што ваш матэрыял з’яўляецца дыскрэдытуючым для кагосьці, пераканайцеся, што вы маеце права паведаміць пра гэта. Ёсць пэўны спіс тэмаў, пра якія вы маеце права паведамляць, незалежна ад таго, дыскрэдытуюць яны кагосьці ці не. Але майце на ўвазе, што законы аб паклёпе і дыфамацыі адрозніваюцца ў залежнасці ад краіны. Напрыклад, прававая сістэма Вялікабрытаніі асабліва прыхільная да пазоваў аб паклёпе супраць прэсы.
  • Судовыя пазовы аб дыфамацыі каштуюць шмат грошай і часу. Нават калі вы выйграеце справу, выдаткі на вашу абарону могуць быць велізарнымі. Разгледзьце магчымасць страхавання прафесійнай адказнасці, каб засцерагчы сваю будучыню, асабліва калі вы фрылансер.

Абарона крыніц

Шмат якія журналісцкія расследаванні былі б немагчымыя без канфідэнцыйных крыніц або інфарматараў. Такім крыніцам можа спатрэбіцца ананімнасць, каб быць абароненымі ад фізічнай, эканамічнай або прафесійнай помсты за інфармацыю, якую яны распаўсюдзілі ў грамадскіх інтарэсах.

Сярод журналістаў усяго свету прынятае этычны абавязак не раскрываць асобу сваіх канфідэнцыйных крыніц. Існуе таксама трывалая прававая традыцыя абароны крыніц на міжнародным узроўні – у знак прызнання найважнейшай функцыі, якую канфідэнцыйныя крыніцы выконваюць у забеспячэнні «вартаўнічай журналістыкі» або «журналістыкі падсправаздачнасці». Прымус да раскрыцця крыніц абмяжоўвае свабоду слова і свабоду СМІ, а таксама перашкаджае свабоднаму абмену інфармацыяй.

Як пазбегнуць/мінімізаваць рызыку кампраметацыі канфідэнцыйных крыніц

Сёння незалежных журналістаў вельмі хвалюць пытанні лічбавай бяспекі. У адпаведнасці з прынцыпамі Перуджы для журналістаў, якія працуюць з інфарматарамі ў эпоху лічбавых тэхналогій, якія абагульняюць лепшыя прыёмы працы з канфідэнцыйнымі крыніцамі ва ўмовах лічбавага сачэння, варта прытрымлівацца такіх правілаў:

  • Абараняйце свае крыніцы. Калі крыніца аб гэтым просіць, выконвайце ананімнасць.
  • Забяспечце крыніцам бяспечныя спосабы ўстаналення «першага кантакту» з вамі.
  • Дапамажыце патэнцыйным інфарматарам: паведаміце аб спосабах сувязі з вамі праз ананімныя і зашыфраваныя каналы, а таксама аб рызыках, звязаных з кожным з іх.
  • Прызнайце, што інфарматар рызыкуе, растлумачце патэнцыйныя лічбавыя рызыкі вашай крыніцы або інфарматару.
  • Адказна падыдзіце да ўласнай лічбавай абароны, выкарыстоўвайце шыфраванне.
  • Вызначце найбольшыя пагрозы для вас і для вашай крыніцы, а таксама канкрэтныя крокі, якія вам трэба зрабіць, каб абараніць вас абодвух.
  • Публікуйце арыгінальныя дакументы цалкам, калі гэта магчыма і бяспечна, усведамляючы важнасць наяўнасці зыходных дакументаў у матэрыяле.
  • Па запыце бяспечна выдаляйце дадзеныя, прадстаўленыя крыніцамі, каб абараніць канфідэнцыйнасць крыніц – гэта справа этыкі, прававых абавязкаў, а таксама працоўных адносін з працадаўцам.
  • Паклапаціцеся пра тое, каб усе лічбавыя каналы для канфідэнцыйных крыніц і інфарматараў забяспечвалі дастатковы ўзровень бяспекі, а для матэрыялаў, звязаных з падвышанай рызыкай, – ананімнасць.
  • Азнаёмцеся з нацыянальнымі, рэгіянальнымі і міжнароднымі прававымі нормамі аб абароне канфідэнцыйных крыніц і інфарматараў.

Digital Media Law Project (Праект па лічбавым медыяправе) таксама раіць:

  • Перад тым як прапанаваць крыніцы канфідэнцыйнасць, ацаніце мэтазгоднасць: абяцанне канфідэнцыйнасці можа прынесці карысць вам і вашым крыніцам, але вы павінны прапаноўваць гэта толькі пасля таго, як узважыце ўсе перавагі і недахопы.
  • Даведайцеся, ці магчыма скарыстацца «журналісцкімі прывілеямі», каб абараніць свае крыніцы і неапублікаваную інфармацыю: некаторыя юрысдыкцыі прапануюць абарону журналістам, якія атрымліваюць позвы ў суд або юрыдычныя патрабаванні прадаставіць гэту інфармацыю.
  • Падумайце аб тым, дзе вы апублікуеце сваю працу: пляцоўка, дзе вы публікуеце свой матэрыял, можа паўплываць на вашу здольнасць абараняць свае крыніцы і сабраную інфармацыю.

Як не стаць ахвярай кіберзлачынстваў і пераследу ў інтэрнэце

Многія выклікі, з якімі сутыкаюцца журналісты, звязаны з тым, як развіваюцца і выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі, а таксама звязаныя з лічбавым сачэннем і тым, як выкарыстоўваюцца дадзеныя. Журналісты рэгулярна сутыкаюцца з шэрагам лічбавых пагроз: пераслед у інтэрнэце, скаардынаваныя анлайн-кампаніі па дыфамацыі, фішынгавыя атакі, атакі з падробленымі даменамі, атакі «пасярэдніка» (MitM) і DDoS-атакі. Каб прымусіць замаўчаць журналістаў, якія крытыкуюць дзяржаўныя органы, каб іх запалохаць, дыскрэдытаваць або ім пагражаць, усё часцей выкарыстоўваюцца «арміі троляў». З-за слабасці судовай сістэмы або з-за адсутнасці палітычнай волі ў многіх прававых сістэмах вінаватыя ў атаках на прэсу не заўсёды караюцца па закону. Такая адсутнасць незалежных судоў вельмі ўскладняе прыцягненне вінаватых да адказнасці.

Што такое кіберзлачынства?

Няма дакладнага ўніверсальнага вызначэння тэрміну «кіберзлачынства», хаця міжнародныя арганізацыі звычайна выкарыстоўваюць гэты тэрмін для абазначэння злачынстваў, здзейсненых праз выкарыстанне кампутарнай сеткі або інтэрнэту. Пад гэтае азначэнне падыходзіць шырокі спектр дзеянняў: тэрарыстычная дзейнасць і шпіянаж з дапамогай інтэрнэту, незаконны ўзлом кампутарных сістэм, злачынствы, звязаныя з кантэнтам, крадзяжы і маніпуляванне дадзенымі, а таксама кіберпераслед.

Віды кіберзлачынстваў 

  • Выдаванне канфідэнцыйных дадзеных

Выкарыстанне дадзеных, у тым ліку трансгранічны абмен дадзенымі, расце з кожным годам, і  асабліва гэта датычыцца асабістых дадзеных. Аднак збор і апрацоўка такіх дадзеных рэгулююцца недастаткова, а гэта можа пацягнуць сур’ёзныя наступствы, таму абарона дадзеных з’яўляецца крытычна важнай.

Згодна з Агульным рэгламентам Еўрапейскага звязу аб абароне дадзеных (GDPR), парушэннем заканадаўства ў сферы абароны асабістых дадзеных лічыцца «парушэнне бяспекі, якое вядзе да выпадковага або незаконнага знішчэння, страты, змены, несанкцыянаванага раскрыцця або доступу да асабістых дадзеных у працэсе іх перадачы, захоўвання ці апрацоўкі».

  • Крыміналізацыя выказванняў у інтэрнэце 

Заканадаўства аб кіберзлачыннасці звычайна накіравана на барацьбу з шырокім спектрам незаконных або шкодніцкіх матэрыялаў, якія размяшчаюцца ў інтэрнэце. Сярод іх: прапаганда тэрарызму, мова варожасці, матэрыялы расісцкага, адкрыта сэксуальнага характару (напрыклад, дзіцячая парнаграфія), абраза пачуццяў вернікаў, крытыка дзяржавы і яе інстытутаў, а таксама матэрыялы, распаўсюджванне якіх забаронена праваўладальнікамі інтэлектуальнай уласнасці.

  • Абразы, харасмент, сталкінг і булінг у інтэрнэце 

Існуюць розныя тыпы анлайн-харасменту, пачынаючы ад кіберпераследу і DDoS-атак і заканчваючы доксінгам і сэксуальнымі дамаганнямі ў інтэрнэце. Кіберпераслед – неабгрунтаванае запалохванне ў інтэрнэце з дапамогай тэкставых паведамленняў, тэлефонных званкоў або сацыяльных сетак, якое значна абмяжоўвае рэалізацыю сваіх правоў у інтэрнэце іншымі людзьмі, асабліва прадстаўнікоў уразлівых і маргіналізаваных груп. Паводле даследаванняў, анлайн-харасмент часта накіраваны на асабістыя якасці або фізічныя рысы чалавека, асабліва сярод уразлівых і маргіналізаваных груп, у тым ліку прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў і жанчын, якія сутыкаюцца з сэксуалізаванымі формамі такіх злоўжыванняў значна часцей, чым мужчыны. Яшчэ адзін кірунак – так званае кіберзапалохванне (кібербулінг), гэта значыць рассыланне ненавісніцкіх, запалохваючых паведамленняў або пагроз, часта праз сацыяльныя сеткі.

Як пазбегнуць/мінімізаваць рызыкі кіберзлачынстваў

У Media Defense прапануюць наступныя рэкамендацыі для жанчын-журналістак, каб абараніць сябе ў інтэрнэце:

  • Будзьце асцярожнымі з хэштэгамі, якія вы выкарыстоўваеце ў сацыяльных сетках, каб не апынуцца мішэнню скаардынаванай атакі троляў у сувязі з той ці іншай тэмай.
  • Не дзяліцеся дадзенымі аб месцазнаходжанні ў рэальным часе ў сацыяльных сетках. Толькі пасля таго, як вы пакінеце месца здарэння або скончыце рэпартаж, можна пазначаць, дзе вы былі.
  • Калі пагрозы становяцца відавочнымі, раскажыце пра іх сваім калегам, рэдактару ці кіраўніцтву, і разам з імі распрацуйце працэдуры па забеспячэнні вашай бяспекі.
  • Стварыце для сябе прастору, каб даць рады сваім эмайцыным перажыванням: паразмаўляйце з сябрамі, калегамі або адмыслоўцамі, якія могуць вам дапамагчы.
  • Падумайце аб тым, каб паведаміць аб пагрозе або атацы адміністрацыі платформы, з якой пагрозы былі адпраўлены, асабліва калі яны відавочна парушаюць карыстальніцкія правілы або кодэкс паводзін.
  • Уздымайце пытанне аб распрацоўцы ў вашай медыйнай арганізацыі пратакола па інфармаванні супрацоўнікаў аб парушэннях у інтэрнэце і барацьбе з імі.
  • Для больш падрабязнай інфармацыі азнаёмцеся з рэсурсамі IWMF і TrollBusters.

У выпадку распаўсюджвання інтымных выяў без згоды, Media Defence дае наступныя рэкамендацыі:

  • Зрабіце запіс (і копіі) кантэнту, размешчанага ў інтэрнэце, каб задакументаваць злачынства. Такі запіс павінны ўключаць дату і месца публікацыі, а таксама інфармацыю аб тым, хто яго апублікаваў. Адным са спосабаў дакументавання можа быць стварэнне скрыншотаў.
  • Звярніцеся па псіхалагічную і юрыдычную дапамогу.
  • Напішыце заяву ў паліцыю. Нават калі ў вашай краіне распаўсюджванне інтымных выяў без згоды не з’яўляецца правапарушэннем, вінаватага магчыма можна будзе прыцягнуць да адказнасці па іншых артыкулах у межах дзеючага крымінальнага заканадаўства.
  • Паведаміце адміністрацыі платформы, на якой быў размешчаны кантэнт. Таксама карысна будзе, калі вы дашлеце копію паліцэйскага пратакола.

Шпіёнскае праграмнае забеспячэнне і лічбавае сачэнне

Журналісты ўсё часцей падвяргаюцца сачэнню і маніторынгу, які можа ўключаць у сябе мэтанакіраванае выкарыстанне шкодніцкіх праграм, шпіёнскіх праграм (як паказаў нядаўні скандал з Pegasus), праграмнага забеспячэння для распазнавання твараў і іншых інструментаў, такіх, напрыклад, як маніторынг сацыяльных сетак.

Сачэнне і маніторынг часта выкарыстоўваюцца як інструменты запалохвання, каб прымусіць журналістаў замаўчаць. Страх зведаць такую практыку абмяжоўвае свабоду слова і можа прывесці да самацэнзуры. Дзеянні дзяржаў і ўрадаў па абмежаванні інструментаў забеспячэння канфідэнцыйнасці (напрыклад, шыфраванне і ананімнасць), таксама падрываюць здольнасць журналістаў працаваць бяспечна і свабодна, бо гэтыя інструменты дапамагаюць прэсе абыходзіць цэнзуру, атрымліваць доступ да інфармацыі і пазбягаць сачэння.

Парады, як пазбегнуць/мінімізаваць рызыку сачэння

Абарона ад сачэння 

Media Defense сцісла апісвае 10 шырока прызнаных прынцыпаў ад Privacy International аб тым,  як мінімізаваць шкоду ад лічбавага сачэння, у тым ліку сачэння з боку дзяржавы. Гэтыя прынцыпы забяспечваюць аснову для рэалізацыі асноўных правоў і, у ідэале, павінны працаваць у спалучэнні з нацыянальным заканадаўствам, якое эфектыўна супрацьдзейнічае перахопу лічбавай інфармацыі. Больш падрабязна можна даведацца ў справаздачы «Глабальныя прынцыпы абароны свабоды выказвання меркаванняў і канфідэнцыйнасці» ад ARTICLE 19.

Агульныя парады па лічбавай бяспецы

Журналісты, за якімі найбольш верагодна будуць сачыць, павінны прытрымлівацца лепшых практык і выконваць простыя пратаколы інфармацыйнай бяспекі, якія будуць абараняць ад несанкцыянаванага доступу да прыватных паведамленняў.

  • Будзьце ўважлівыя і пераборлівыя ў адносінах да інфармацыі, якую добраахвотна публікуеце ў інтэрнэце. Старанна ахоўвайце свае асабістыя лагіны, паролі і кантактныя дадзеныя, а таксама інфармацыю аб крыніцах.
  • Пазбягайце выкарыстання неабароненага публічнага Wi-Fi.
  • Не наведвайце незнаёмыя або неабароненыя вэб-сайты, асабліва сцеражыцеся тых, якія не выкарыстоўваюць бяспечны пратакол «https://». (Шукайце ў адрасным радку браўзэра значок замочка).
  • Па магчымасці камунікуйце праз зашыфраваныя каналы (напрыклад, Signal або Telegram).
  • Выкарыстоўвайце надзейныя паролі на сваіх электронных прыладах і наўмысна не выкарыстоўвайце адзін і той жа пароль для некалькіх акаўнтаў. Абнаўляйце паролі дастаткова часта.
  • Па магчымасці абараніце свае прылады і адключыце функцыі вызначэння месцазнаходжання.

Камітэт абароны журналістаў (CPJ) рэкамендуе наступныя дадатковыя крокі:

  • Рэгулярна аднаўляйце праграмнае забяспячэнне на прыладах, у тым ліку аплікацыі і браўзеры.
  • Памятайце пра фішынгавыя або спуфінгавыя атакі: калі вы атрымліваеце паведамленні, якія выглядаюць так, быццам яны паходзяць з надзейнай крыніцы, але насамрэч іх мэтай з’яўляецца ўстанаўленне на вашую прыладу шкодных праграмаў. Такія паведамленні могуць быць адпраўлены праз групы WhatsApp, сацыяльныя сеткі, электронную пошту або SMS. Пазбягайце націскання на любыя ўбудаваныя спасылкі; замест гэтага праверце інфармацыю праз пошукавую сістэму або патэлефанаваўшы непасрэдна адпраўніку па агульнадаступным нумары.
  • ІТ-аддзелы рэдакцый павінны павысіць бяспеку вэб-сайтаў для абароны ад DDoS-атак, а таксама разгарнуць брандмаўэры вэб-прыкладанняў і забяспечыць дадатковую ёмістасць сервера.
  • Праверце, якая інфармацыя знаходзіцца на вашым тэлефоне, ноўтбуку або ў вашых акаўнтах у сацыяльных сетках. Зрабіце бэкап, а потым выдаліце дакументы, фотаздымкі, відэа і іншыя матэрыялы, якія змяшчаюць асабістую інфармацыю пра вас, вашу сям’ю або вашыя крыніцы.
  • Падумайце, ці варта ўключаць біяметрычныя дадзеныя, такія як Touch ID або  распазнаванне твару, для разблакіроўкі вашага мабільнага тэлефона, бо яны могуць быць выкарыстаны праваахоўнымі органамі для доступу да дадзеных  і інфармацыі аб крыніцах без вашай згоды.
  • Вылагіньвайцеся са сваіх уліковых запісаў і выдаляйце гісторыі праглядаў.
  • Пашукайце сваё імя і прозвішча ў розных пошукавых сістэмах і выдаліце ўсе дадзеныя, якія не жадаеце бачыць у адчыненым доступе.
  • Сачыце за прыкметамі ўзмацнення актыўнасці троляў у сваіх сацыяльных сетках.
  • Паразмаўляйце з сям’ёй і сябрамі аб рызыках і наступствах пераследу ў інтэрнэце. Анлайн-злачынцы часта атрымліваюць інфармацыю пра журналістаў праз профілі сваякоў і знаёмых у сацыяльных сетках.
  • Выкарыстоўвайце VPN, калі вы занепакоеныя тым, што ваш інтэрнэт-правайдар адсочвае вашу дзейнасць у інтэрнэце, асабліва калі вы праводзіце канфідэнцыйнае расследаванне. Майце на ўвазе, што некаторыя VPN таксама могуць запісваць вашу інтэрнэт-актыўнасць, таму карыстайцеся толькі праверанымі VPN-сэрвісамі.

Рызыка ілжывых абвінавачванняў або адвольнага затрымання/арышту

Журналістам могуць выставіць ілжывыя абвінавачанні ў незаконнай дзейнасці, што можа прывесці да крымінальнага пераследу. Як адзначаецца ў Кіраўніцтве па бяспецы журналістаў ад АБСЕ, такая тактыка выкарыстоўваецца, каб прадухіліць асвятленне важных грамадскіх тэмаў, асабліва калі асвятленне крытыкуе дзяржаву, грамадскіх дзеячаў або ўплывовых людзей.

Некаторых журналістаў незаконна садзяць у турмы па адвольных і ілжывых абвінавачваннях; яшчэ больш людзей утрымліваюцца пад вартай, часам напрацягу доўгага перыяду часу без прад’яўлення абвінавачанняў ці пад папярэднім зняволеннем.

Парады, каб мінімізаваць/пазбегнуць рызык ілжывага абвінавачання або арышту

Рызыка быць беспадстаўна затрыманым або асуджаным па сфабрыкаваных абвінавачаннях стала мяняецца: з’яўляюцца новыя варыяцыі небяспек, новыя ўразлівасці і магчымасці. Гэта азначае, што неабходна перыядычна рабіць ацэнку рызыкаў, асабліва калі змяняецца ваша працоўнае асяроддзе або сітуацыя з бяспекай. Дапаможнік па бяспецы ад «Рэпарцёраў без межаў» дае журналістам наступныя парады:

  • Звядзіце фактары ўразлівасці да мінімуму. Уразлівасць можа быць злучана з месцазнаходжаннем ці адсутнасцю доступу да тэлефона, адсутнасцю сетак кантактаў або скаардынаванай рэакцыі.
  • Палепшыце сваю абарону. Напрыклад, прайдзіце навучанне па пытаннях бяспекі ці прававых пытаннях, арганізуйце доступ да тэлефона і бяспечнага транспарту ў экстраных выпадках, падрыхтуйце спіс абаронцаў, распрацуйце добрую стратэгію барацьбы са страхам і гэтак далей.

Акрамя таго, Інструкцыя па бяспецы ад SEEMO прапануе наступнае:

  • Калі вы знаходзіцеся пад ціскам ці сутыкаецеся са знешнімі пагрозамі, але не можаце даказаць гэта публічна, усё роўна раскажыце пра гэта ў журналісцкіх колах.
  • Захоўвайце любыя доказы ціску (SMS-паведамленні, электронныя паведамленні, дакументы, а таксама аўдыя- або відэазапісы) у надзейным месцы і дзяліцеся імі толькі з людзьмі, якім давяраеце.
  • У выпадках прамога ціску, які можна даказаць, журналіст павінен інфармаваць журналісцкія асацыяцыі, а таксама грамадскасць.
  • Пра кожную пагрозу і фізічную атаку на журналіста ці чальца яго сям’і трэба паведамляць у паліцыю і публікаваць у медыя.
  • У такіх выпадках вельмі важная журналісцкая салідарнасць. Аб кожнай сур’ёзнай пагрозе або фізічным нападзе варта інфармаваць міжнародную супольнасць.

Акрамя таго, CPJ падрыхтаваў парады па фізічнай і лічбавай бяспецы для рэпарцёраў, якім пагражае арышт і затрыманне:

Парады па лічбавай бяспецы

  • Прыміце меры для абароны вашых прылад і дадзеных на выпадак магчымага затрымання ці арышту. Гэта можа знізіць верагоднасць доступу іншых асоб да інфармацыі пра вас і вашыя крыніцы. Вам неабходна ведаць, якія дадзеныя, у тым ліку дакументы і фатаграфіі, захоўваюцца на вашых прыладах, і дзе менавіта яны знаходзяцца.
  • Выдаліце ​​дадзеныя, якія падвяргаюць вас рызыцы. Майце на ўвазе, што ўлады або злачынныя групоўкі могуць валодаць прасунутымі тэхналогіямі і могуць аднавіць выдалены кантэнт. Рэгулярна чысціце гісторыю праглядаў і выходзьце з усіх сваіх уліковых запісаў.
  • Абмяжуйце доступ ішных людзей да кантэнту ў вашых сацыяльных акаўнтах. Рэгулярна праглядайце свае пасты і кантэнт ва ўсіх акаўнтах, асабліва ў электроннай пошце і сацыяльных сетках. Разбярыцеся, якая інфармацыя можа падвергнуць небяспецы вас ці іншых людзей.

Парады па фізічнай бяспецы

  • Высветліце, якія вашы законныя правы як журналіста ў рэгіёне ці краіне, дзе вы працуеце. Даведайцеся пра наступныя рэчы: за што можна і за што нельга арыштоўваць; падрабязнасці папярэдніх арыштаў журналістаў і як з імі абыходзіліся; якія ўрадавыя або праваахоўныя органы, верагодна, будуць арыштоўваць; куды вас могуць даставіць у выпадку арышту; вашу магчымасць звязацца з адвакатамі.

У якасці дадатковай інфармацыі азнаёмціся з гэтымі шаблонамі ацэнкі рызыкі ад CPJ.

Калі вас затрымалі/арыштавалі

  • Перш чым вас арыштаваць, паліцэйскі павінен паведаміць вам, за што вас арыштоўваюць. Звярніце ўвагу на месца, час і абставіны затрымання.
  • Рэкамендуецца не здымаць само затрыманне, таму што гэта можа справакаваць паліцыю і можа прывесці да пашкоджання/канфіскацыі вашага абсталявання або да нанясення цялесных пашкоджанняў.
  • Задакументуйце як мага больш інфармацыі аб супрацоўніках, якія арыштоўваюць вас, у тым ліку іх імёны, нумары значкоў або падраздзяленняў, іх аддзелы і характэрныя рысы знешнасці.
  • Звярніце ўвагу на асобаў, якія знаходзяцца побач і могуць быць сведкамі вашага затрымання.
  • Калі вы зведалі напад з боку супрацоўніка паліцыі, паспрабуйце задакументаваць атрыманыя траўмы, аказаную медыцынскую дапамогу, наступныя візіты да лекара. Паспрабуйце запісаць імёны і візуальнае апісанне тых, хто мае дачыненне.

Для атрымання дадатковай інфармацыі азнаёмцеся з гэтай Папярэдняй ацэнкай бяспекі CPJ або гэтай справаздачай GIJN аб тым, як даць рады, калі да вас да дому прыйшлі сілавікі (матэрыял зроблены з акцэнтам на Расіі).

Фэйкі і прапаганда

Тэрміны «прапаганда», «дэзынфармацыя» і «фэйк» часта супадаюць па значэнні. Яны выкарыстоўваюцца для абазначэння шэрагу спосабаў, у якіх публікацыя інфармацыі наносіць шкоду, наўмысна ці ненаўмысна. Звычайна гэта адбываецца ў сувязі з прасоўваннем пэўнай маральнай або палітычнай пазіцыі ці пункту гледжання.

Рада Еўропы вылучае ў гэтай тэме тры розныя групы:

  • Недакладная інфармацыя: ілжывая або недакладная інфармацыя, якая памылкова або ненаўмысна створана або распаўсюджваецца.
  • Дэзынфармацыя: ілжывая інфармацыя, якая наўмысна ствараецца і распаўсюджваецца, каб паўплываць на грамадскую думку або схаваць праўду.
  • Шкодная інфармацыя: праўдзівая інфармацыя, якая распаўсюджваецца з мэтай прычынення шкоды.

Еўрапейскі парламент вызначае агульныя рысы ілжывых навін і прапаганды:

  • Маніпулятыўны характар. Кантэнт, загадзя створаны як ілжывы, які змяшчае маніпуляцыі або ўводзіць у зман (дэзынфармацыя), або змесціва, у якім выкарыстоўваюцца неэтычныя метады пераканання (прапаганда).
  • Намер. Матэрыялы, накіраваныя на тое, каб выклікаць пачуццё неабароненасці, каб раз’яднаць, распаліць варожасць, ці непасрэдна парушыць дэмакратычныя працэсы.
  • Грамадскі інтарэс. Матэрыялы пра тэму, якая мае грамадскі інтарэс. 
  • Распаўсюджванне. Матэрыялы, якія распаўсюджваюцца з дапамогай аўтаматызаваных метадаў для ўзмацнення іх камунікацыйнага ўплыву.

Сацыяльныя сеткі і дэзынфармацыя/прапаганда

Нягледзячы на тое, што фэйкі не з’яўляюцца навіной, у апошні час яны набылі новае значэнне дзякуючы шырокай даступнасці складаных формаў інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, такіх як сацыяльныя сеткі. Абмен тэкстам, выявамі, відэа ці спасылкамі ў інтэрнэце дазваляе стаць інфармацыі віруснай за некалькі гадзін. Гэта выклікае праблемы з бяспекай, якія неабходна ўлічваць. Тым не менш, сацыяльныя сеткі і кантэнт, створаны грамадзянскімі журналістамі, сёння становяцца ўсё больш важнымі крыніцамі інфармацыі пра пратэсты.

Парады, як пазбегнуць/мінімізаваць рызыку недакладнай інфармацыі/дэзынфармацыі

Для барацьбы з дэзынфармацыяй Амерыканскі ПЭН рэкамендуе наступныя дзеянні:

  • Не лічыце аўтаматычна, што маеце справу з праўдзівым кантэнтам; старанна правярайце ўсю інфармацыю з сацыяльных сетак. Каб атрымаць дадатковую інфармацыю аб тым, як гэта зрабіць, глядзіце пашыраны дапаможнік GIJN або кішэнную інструкцыю ад First Draft па верыфікацыі відэа.
  • Правярайце любую інфармацыю, якая паступае з анлайн-акаўнтаў або адрасоў электроннай пошты, звязаных з пратэстамі.
  • Сцеражыцеся сайтаў з ілжывымі навінамі, якія часта маскіруюцца пад крыніцы сапраўдных навін, асабліва мясцовага ўзроўню. Па дапамогу звярніцеся да праектаў PolitiFact, NewsGuard або Factcheck.org.

UNESCO рэкамендуе наступны чэк-ліст:

  • Вызначце аўтара/рэпарцёра, іх кампетенцыю. Хто аўтар? Якая інфармацыя пра самога журналіста даступна (у тым ліку досвед працы, іншыя матэрыялы)?
  • Вызначце від матэрыялу. Які гэта матэрыял? Шукайце спецыяльныя пазнакі, якія дапамогуць адрозніць аўтарскія калонкі, аналітыку, матэрыялы ад рэкламадаўцы (спонсарскія/«натыўныя» матэрыялы) ад навін.
  • Звярніце ўвагу на цытаты і крыніцы. Для расследаванняў і глыбокіх аналітычных матэрыялаў важна разумець, што за крыніцы стаяць за фактамі і сцвярджэннямі.
  • Разбярыцеся, якая сітуацыя на месцы, у лакальнай супольнасці.
  • Вызначце розныя бакі. Якія намаганні робяцца ў рэдакцыі, каб раскрыць розныя пункты гледжання?

Сатыра

Сатыра ўскосна абаронена міжнароднымі палажэннямі аб свабодзе выказвання меркаванняў. Еўрапейскі суд па правах чалавека ў справе «Асацыяцыя мастакоў супраць Аўстрыі» у 2007 годзе вызначыў сатыру як «…форму мастацкага выказвання і публіцыстыкі, якая, у сілу ўласцівых ёй рыс перабольшання і скажэнні рэальнасці, натуральным чынам накіравана на тое, каб правакаваць і ўзбуджаць. Адпаведна, любое ўмяшанне ў права мастака на такое выказванне павінна разглядацца асабліва ўважліва».

Тым не менш, сатыра часта падвяргалася юрыдычным нападкам, у асноўным пад падставай дыфамацыі або законаў аб аўтарскім праве. Асноўнае адрозненне паміж сатырай і дыфамацыяй складаецца ў тым, што сатыра не прызначаная для таго, каб аўдыторыя паверыла ў яе праўдзівасць. Сатыра з’едлівая, крытычная, створана, каб зачапіць.

Як пазбегнуць/мінімізаваць прававыя рызыкі, звязаныя з публікацыяй сатыры

Камітэт рэпарцёраў за свабоду прэсы прапанаваў наступныя рэкамендацыі, каб пазбегнуць пазову за дыфамацыю/паклёп пры выкарыстанні сатыры.

  • Выкарыстанне непаважнага тону будзе сведчыць аб тым, што матэрыял не з’яўляецца звычайнай навіной.
  • Падумайце аб СМІ, у якім будзе апублікаваны матэрыял. Ці публікаваліся там раней сатыра і пародыі?
  • Задумайцеся над тыпам публікацыі ці эфіру. Што гэта будзе – артыкул у друкаваным часопісе або газеце, блог, выпуск навін на тэлебачанні або радыё, радыёчасопіс? Улічвайце жанравыя асаблівасці. Што менавіта вы рыхтуеце, крытычную нататку для шырокай аўдыторыі, аўтарскую калонку, навінавую старонку, матэрыял для сатырычнага сайта або радыёперадачы? Таксама ўлічвайце геаграфічны ахоп і аўдыторыю матэрыялу.
  • Выкарыстанне нестандартнага загалоўка з самага пачатку папярэдзіць чытача, што матэрыял не з’яўляецца звычайнай навіной.
  • Неверагодныя ці абуральныя элементы гісторыі, эксперты ці групы з недарэчнымі імёнамі ці дурнымі абрэвіятурамі, а таксама неверагодныя, нелагічныя ці ўвыдатненыя цытаты – усё гэта можа сігналізаваць пра тое, што матэрыял не апавядае пра рэальныя факты.
  • Замест таго, каб выкарыстоўваць імёны сапраўдных людзей, падумайце аб выкарыстанні выдуманых імёнаў, якія блізкія да рэальных людзей ці з намёкам на іх.
  • У матэрыяле, магчыма, варта спаслацца на рэальны інцыдэнт, які вы парадыруеце. Публікацыя пародыі неўзабаве пасля рэальнага інцыдэнту, пакуль аўдыторыя яшчэ пра яго памятае, дапаможа ёй зразумець, што гэта гісторыя ў адказ на рэальную падзею.
  • Прававая пазнака «адмова ад адказнасці» (дысклеймер) можа дапамагчы, але не абавязкова дапаможа пазбегнуць адказнасці, асабліва калі яна напісана дробным шрыфтам у канцы сатырычнага матэрыялу, які ў астатнім праўдападобны.

Праблемы, звязаныя з аўтарскім правам 

Аўтарскае права – гэта частка права аб інтэлектуальнай уласнасці, якое, згодна з Бюро аўтарскіх правоў ЗША, абараняе «арыгінальныя аўтарскія творы, уключаючы літаратурныя, драматычныя, музычныя і мастацкія творы, такія як паэзія, раманы, фільмы, песні, кампутарнае праграмнае забеспячэнне і архітэктура». Аўтарскае права не абараняе факты, ідэі, сістэмы або метады працы, хоць яно можа абараняць спосаб выказвання гэтых рэчаў.

«Сумленнае выкарыстанне» – гэта тэрмін, які абазначае магчымасць выкарыстання кантэнту, абароненага аўтарскім правам, без атрымання дазволу або прадастаўлення кампенсацыі, асабліва калі культурныя або сацыяльныя перавагі выкарыстання перавышаюць выдаткі. Гэта агульнае права, якое ўжываецца нават у сітуацыях, калі закон не дае выразнага дазволу на канкрэтнае выкарыстанне. Як і ў выпадку з больш звыклым правам на свабоду выказвання, людзі карыстаюцца гэтым правам без афіцыйнага паведамлення або рэгістрацыі.

«Фота з інтэрнэту» не існуе. Дзе рэдакцыям браць візуал

Як пазбегнуць/мінімізаваць рызыкі парушэння аўтарскіх правоў

Дапаможнік журналіста па заканадаўству аб аўтарскім праве і матэрыялаў відавочцаў у СМІ прапануе наступныя парады, каб мінімізаваць рызыкі, звязаныя з аўтарскім правам:

  • Вызначыце аўтара кантэнту. Праваўладальнікам з’яўляецца той чалавек, хто націснуў кнопку «апублікаваць».
  • Папрасіце дазвол на выкарыстанне кантэнту зразумелай, простай мовай і растлумачыце, як і калі гэты кантэнт будзе выкарыстоўвацца.
  • Азнаёмцеся з мясцовым заканадаўствам аб аўтарскім праве. У розных краінах добрасумленнае выкарыстанне матэрыялаў, абароненых аўтарскім правам, інтэрпрэтуецца па-рознаму.
  • Не выкарыстоўвайце любы кантэнт або выявы без пазнакі аўтарства. Аднак, пры гэтым, памятайце пра этычныя і юрыдычныя праблемы, калі вы публікуеце імя аўтара без яго згоды.
  • Заўсёды правярайце дакладнасць крыніцы і інфармацыі.
  • Не перадрукоўвайце вялікія падборкі дакументаў ці выяваў, якія абароненыя аўтарскім правам або належаць іншым. Матэрыялы, знойдзеныя ў інтэрнэце, не з’яўляюцца бясплатнымі і неабароненымі законамі аб аўтарскім праве, за выключэннем тых, якія створаны шмат гадоў таму або прадастаўляюцца па ліцэнзіі Creative Commons. Калі вы лічыце, што ў вас ёсць важкія аргументы на карысць выкарыстання матэрыялаў для каментара, крытыкі, сатыры ці іншага «добрасумленнага выкарыстання», паглядзіце лепшыя практыкі або звярніцеся да прафесійнага юрыста;  не спадзявайцеся на сумнеўныя прыклады «добрасумленнага выкарыстання» або так званую народную мудрасць.

Закрыццё СМІ

Сёння закрыццё СМІ з’яўляецца сусветнай тэндэнцыяй. Аўтарытарныя рэжымы ўсё часцей прымаюць рэпрэсіўнае заканадаўства, якое сур’ёзна падрывае свабоду СМІ ва ўсім свеце. У апошні час значна ўчасціліся выпадкі закрыцця медыяў ва ўсім свеце.

Парады па мінімізацыі/пазбяганні рызыкі закрыцця СМІ 

  • Строга выконвайце правілы лічбавай бяспекі, каб звесці да мінімуму рызыку патрапіць пад назіранне дзяржавы.
  • Азнаёмцеся з заканадаўствам аб дзяржаўнай цэнзуры, якое дзейнічае ў вашай краіне.
  • Схавайце матэрыялы на далікатныя тэмы; публікуйце свае матэрыялы ў іншых СМІ, у якіх небяспека падвергнуцца цэнзуры ніжэй.
  • Калі супраць СМІ пачынаюцца рэпрэсіі, па магчымасці працуйце з-за мяжы.

Дысклеймер: інфармацыя ў гэтым дакуменце не з’яўляецца і не павінна разглядацца як юрыдычная кансультацыя. Інфармацыя ў гэтым дакуменце даецца толькі ў рэкамендацыйных мэтах.

Дадатковыя рэсурсы

Кансультацыйныя паслугі GIJN: развіццё патэнцыялу вартавых СМІ з усяго свету 

Як атрымаць каментар для вашага расследавання: парады па складанні папярэджання аб публікацыі

Што рабіць, калі да вас прыйшлі з вобшуком

Гэты дапаможнік GIJN склалі Ніколія Апосталу і Рыд Рычардсан.


Media Defence з’яўляецца адзінай міжнароднай праваабарончай арганізацыяй, якая займаецца выключна прававой абаронай журналістаў, грамадзянскіх журналістаў і незалежных медыя, якія знаходзяцца пад пагрозай з-за сваёй працы па ўсім свеце. На сённяшні дзень Media Defense падтрымала больш за 900 спраў, дапамагаючы сотням журналістаў у больш чым 110 краінах. Дзякуючы арганізацыі атрымалася прадухіліць больш чым 290 гадоў знаходжання пад вартай для супрацоўнікаў медыяў, пазбегнуць кампенсацыі шкоды на суму больш за 646 мільёнаў долараў ЗША і падрыхтаваць больш за 90 юрыстаў.

​​Журналісты-расследавальнікі, якім патрэбна дапамога, могуць напісаць у GIJN, каб атрымаць скіраванне ў Media Defense. Звязацца з GIJN можна праз службу падтрымкі.

Падзяліцца:

Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

14 верасня 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняЯк пазбегнуць судовых працэсаў і іншых юрыдычных праблем. Дапаможнік для журналістаў

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць