«Віны сваёй я не прызнаЮ і не прызнАю». Апошняе слова на судзе Аляксандра Манцэвіча, галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты»

Сёння, 3 лістапада 2023 года, Аляксандру Барысавічу Манцэвічу, галоўнаму рэдактару легендарнай «Рэгіянальнай газеты» прысудзілі 4 гады калоніі агульнага рэжыму і штраф у 400 базавых велічынь. Праваабаронцы «Вясны» апублікавалі фрагмент апошняга слова, пазней з’явіўся поўны тэкст на «Нашай Ніве». Публікуем, што казаў у сваім апошнім слове на судзе Аляксандр Манцэвіч.

«Віны сваёй я не прызнаЮ і не прызнАю». Апошняе слова на судзе Аляксандра Манцэвіча, галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты»
Фота з архіва Аляксандра Манцэвіча

Апошняе слова Алеся Манцэвіча:

«У верасні Беларусь шырока адзначыла Дзень народнага адзінства, дзень аб’яднання беларускага народа ў адзінай сям’і ў верасні 1939 года. Дваццаць дзявятага кастрычніка 1939 года ў Беластоку была прынята на народным сходзе Заходняй Беларусі дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі у БССР, чытай у Беларусь.

Гэтаму папярэднічалі два асноўныя даклады. Адзін з дакладаў аб характары ўлады ў Заходняй Беларусі чытаў Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, на вуліцы імя якога ў Маладзечне сёння месціцца Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Другі даклад па пытанні ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР чытаў настаўнік з Дзісеншчыны (гэта сённяшняя Віцебшчына) Флор Данатавіч Манцэвіч. Флор Данатавіч Манцэвіч — настаўнік, фалькларыст, першы настаўнік славутага Генадзя Іванавіча Цітовіча, народнага артыста СССР, арганізатара і кіраўніка Беларускага акадэмічнага нацыянальнага народнага хору, быў карэспандэнтам першай беларускай газеты «Наша Ніва», а ў 1939 годзе выступаў з гэтым дакладам на Народным сходзе. У 1941 годзе яго расстралялі гітлераўскія акупанты ў Полацку менавіта за патрыятычную дзейнасць.

Я не ацэньваю пакта Рыбентропа-Молатава, як гэта часта робіцца ў сувязі з падзеямі 39-га года, я кажу толькі пра тое, што ўнука беларускага настаўніка, які агучыў на ўвесь свет у 39-м годзе памкненні мільёнаў беларусаў, і не толькі беларусаў, жыць у адзінай сям’і, сёння ў гэтай залі судзяць за дыскрэдытацыю Беларусі.

Перш за ўсё хачу падзякаваць маёй сям’і, родным і блізкім, сябрам і калегам, якія ўвесь гэты складаны час былі разам са мной, падтрымлівалі мяне фізічна і маральна, а разам з тым маю ўпэўненасць у маёй праваце.

«Рэгіянальная газета» — адзінае ў Беларусі масавае рэгулярна выдаванае мясцовае недзяржаўнае выданне цалкам на беларускай мове — упершыню выйшла ў 1995 годзе і такім заставалася да апошняга часу, сумленна выконваючы сваю місію.

І ў 2020 годзе, у годзе прэзідэнцкіх выбараў і наступных падзей, мы прытрымліваліся галоўнага журналісцкага прынцыпу — паказваць жыццё такім, якім яно ёсць, не даючы яму ўласных ацэнак.

Дарэчы, у нашай місіі, дакуменце, прынятым рэдакцыяй, падкрэслена, што газета не можа быць выказнікам пазіцыі інтарэсаў якой бы то ні было партыі, якога б то ні было грамадскага руху, або якой бы то ні было канфесіі. І мы гэтых прынцыпаў, гэтых правілаў трымаліся ўвесь час.

З гэтай прычыны і немагчыма ў нас было знайсці нейкіх заклікаў да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў, як гэта прыпісваецца мне і нашай газеце. Можа, таму пракурор Шукрынаў у сваёй даведцы аб даследаванні ютуб-канала «Навіны Маладзечна. Рэгіянальная газета» піша: «Авторами завуалировано размещены призывы к участию в несанкционированных массовых мероприятиях, поощряется их проведение и участие в них». Або «…изучением распространенной информации установлено: на указанном ресурсе распространяется мнение, что на территории Республики Беларусь осуществляются репрессии в отношении определенных групп лиц, пропагандируется мысль о репрессивных методах».

Ні тады, ні цяпер не ўказана ніводнага факта. Артыкул 369-1 Крымінальнага кодэкса гаворыць аб распаўсюджванні «заведомо ложных сведений». Рэдакцыйная ж палітыка «Рэгіянальнай газеты» будавалася на паказе фактаў, а не іх інтэрпрэтацый. Мы не распаўсюджвалі заведама лжывыя звесткі. А права на свабоду меркаванняў даецца артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Рэспубліка Беларусь.

Адбылося восем судоў па прызнанні публікацый ці саміх рэсурсаў «Рэгіянальнай газеты» экстрэмісцкімі матэрыяламі. З матэрыяламі апошняга, на жаль, я не знаёмы. Нашу з маім абаронцам просьбу далучыць гэтыя матэрыялы да справы не задаволілі. Але я хачу падкрэсліць, што ў сямі іншых рашэннях розных судоў з рознымі суддзямі прысутнічае адна і тая ж фармулёўка: «Суд не усматривает оснований для назначения экспертных исследований для оценки материалов, поскольку данные материалы носят очевидно экстремистский характер, и для их оценки не требуется специальных познаний». Ну, гэта проста нейкая казуістыка.

Між тым у матэрыялах справы ёсць дакументы, якія пацвярджаюць, што ў нас не было ніякіх заклікаў. Гэта міліцэйскія матэрыялы, але я больш таго скажу, яны рабіліся на падставе меркавання экспертаў:

«В представленных текстах фонограммы видеороликов «Пратэсты ў Маладзечне. Частка 1. Як усё пачыналася. 9 жніўня», і «Пратэсты ў Маладзечне. Частка 2. Дзень другі. 10 жніўня», не имеется высказываний побудительного характера, призывающих к насильственным действиям одной группы лиц по отношению к другой группе лиц, объединенных по признаку принадлежности к сотрудникам правоохранительных органов, государственным служащим Республики Беларусь. В представленных текстах фонограмм из видеороликов не имеется высказываний, содержащих негативную оценку лица или группы лиц, объединенных по признаку принадлежности к сотрудникам правоохранительных органов государственным служащим Республики Беларусь».

Калі дзяржаўны абвінаваўца ведае, што такія дакументы ў справе існуюць, то чаму б яму не запатрабаваць экспертызы тых матэрыялаў, якія пералічаны ў абвінавачанні. Ці хаця б пагадзіцца на тое, каб матэрыялы спраў, пра якія піша газета, былі далучаны да справы. І тады б абсалютна відавочна стала тое, што ў маіх дзеяннях складу злачынства сапраўды няма.

Сямнаццатага сакавіка 2023 года пасля шэрагу судоў мне выносіцца першае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 369-1. З абвінавачання ў абвінавачанне (іх было чатыры), пераходзіць тое, што я «являюсь приверженцем политического движения, поддерживаю делинквентную позицию…», «проявлял безнравственный интерес к экстремистской деятельности…», «при отягчающих обстоятельствах совершения преступления по мотивам политической и идеологической вражды».

Адкуль гэта ўзялося? Я гаварыў гэта і на следстве ў часе майго допыту, што нідзе ніколі ні публічна, ні прыватна не паказваў сваіх палітычных ці нейкіх грамадскіх прыхільнасцяў, ні ў якую царкву я хаджу ці не хаджу. Гэта я лічыў не тое, што непатрэбным, а шкодным для журналіста, для выдаўца газеты.

І таму знайсці, што я «являлся приверженцем какого-то политического движения» проста немагчыма.

У Крымінальна-працэсуальным кодэксе (артыкул 16 і артыкул 356) гаворыцца «приговор не может быть основан на предположениях». Лічу, што прызнанне шэрагу рэсурсаў і публікацый «Рэгіянальнай газеты», на базе чаго пабудавана мая крымінальная справа, экстрэмісцкімі, у адсутнасці належнай экспертызы, з’яўляецца тым самым предположением, дапушчэннем. Гэта раз.

Другое. Сцвярджэнне, што я выказваў «безнравственный интерес к экстремистской деятельности», являясь её сторонником, з’яўляецца такім самым дапушчэннем, предположением. І трэцяе. Тое, што ў мяне былі матывы «политической и идеологической вражды» — таксама дапушчэнне.

І тут наступае прэзумпцыя невінаватасці. І адсутнічае склад злачынства.

Ну, а тое, што я «дзейнічаў у групе асоб» — зразумела, я ж кіраваў рэдакцыяй, вядома, я працаваў з людзьмі. Рэдакцыя — гэта людзі. І толькі дзякуючы калектыву, «Рэгіянальная газета» за 28 гадоў свайго існавання стала вядомым, пазнавальным, аўтарытэтным і паважаным выданнем.

Гэтаму ёсць шмат сведчанняў і прыкладаў, але вазьміце сёння выйдзіце на вуліцу і правядзіце апытанне сярод простых людзей, сярод мінакоў — і вы знойдзеце пацвярджэнне таму, што я цяпер гавару. Хто ж яны, гэтыя людзі «РГ»?

Ніна Манцэвіч, намесніца дырэктара, галоўны бухгалтар, мая падтрымка ва ўсім, мая спадарожніца жыцця, яна шмат зрабіла для «Рэгіянальнай газеты», і без яе «Рэгіянальнай газеты» не было б ніколі. Яна ведае, што я нішто нідзе ніколі не парушыў, хіба што перавёў яе з хворымі нагамі не на пераходзе, за што мне вынесена адміністрацыйнае папярэджанне.

Зоя Хруцкая, намесніца галоўнага рэдактара, аўтарка шматлікіх ідэй і праектаў, публікацый, кіраўніца творчага журналісцкага калектыву, збіральніца людскіх гісторый і лёсаў, якая ніколі не парушала журналісцкіх стандартаў і навучала ім іншых.

Марыя Браніславаўна Бераснева, стыль-рэдактар, адна з найстарэйшых работніц рэдакцыі, яна вучыла маладых, як правільна пісаць, побач з ёй маладыя работнікі атрымлівалі каштоўны досвед, вучыліся разумець сэнс і вагу кожнага слова. Гэта таксама чалавек, які стаяў на варце інтарэсаў таго, што мы гаворым і пра што мы гаворым, і якая таксама ніколі б не дапусціла ў нашых матэрыялах ні экстрэмізму, ні заклікаў да чаго-небудзь дэструктыўнага.

Аксана Ярашонак, карэспандэнт, пісьменніца, паэтка, перакладчыца, умее і любіць пісаць пра культуру, гісторыю, людскія лёсы. Разам з чытачом са Смаргоншчыны Жылкам яна раскрыла для чытачоў «Рэгіянальнай газеты», і не толькі, вярнула для Беларусі з небыцця дзесяткі імён беларусаў, беларускіх сыноў, якія загінулі на тэрыторыі Польшчы ў 1939 годзе, першымі у Еўропе прыняўшыя ўдары гітлераўскіх войск на сябе, і былі пахаваныя ў горадзе Пётркуве-Трыбунальскім. Родныя не ведалі, дзе падзеліся іх блізкія. Я ведаю сам адну сям’ю па прозвішчу Сцебурака, дзе брат знайшоў свайго брата.

Праз год брата ў Беларусі, каторы дачакаўся гэтай весткі, не стала. Але наколькі спакойным ён адышоў у небыццё, пасля таго, як даведаўся, дзе ж дзеўся ягоны брат, якога ён праводзіў на вайну? І да апошняга дня Аксана заставалася разам з чытачом.

Ігар Палынскі, пра якога тут згадвалі, — гэта тэхнічны рэдактар, паэт, музыка, журналіст, мультыінструменталіст, калі так можна сказаць, настолькі шматфункцыянальны, што можа зрабіць амаль усё ў журналістскай прафесіі і ў тэхнічнай яе рэалізацыі. Таму па пасадзе ён быў тэхнічны рэдактар, хаця і пісаў, і здымаў, і гаварыў, і ствараў добрыя журналісцкія матэрыялы.

Настасся Уткіна — самая маладая ўдзельніца нашай каманды, любіць спорт і любіць пісаць пра спорт, любіць фатаграфію. Менавіта фотарэпартажы Настассі Уткінай, Зоі Хруцкай, відэа і тэксты Зоі Хруцкай і Ігара Палынскага зафіксавалі тое, што адбывалася ў 20-м годзе, прытрымліваючыся высокіх прафесійных стандартаў.

Жанна Горбань, спецыяліст па рэкламе, сумленны чалавек, педантычны ў лепшым сэнсе, бо скрупулёзнасць і педантычнасць патрабуецца пры зборы рэкламы і грошай. Яна працавала з рэкламай, з грашыма, і можна было абсалютна спакойным быць за касу прадпрыемства, бо з касай працавала Жанна.

На жаль, сёння каса пустая, усе рэсурсы «РГ» прызнаныя экстрэмісцкімі, людзі засталіся без працы, а галоўны рэдактар абвінавачваецца ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Я ганаруся, што працаваў з гэтымі людзьмі ў адной камандзе, камандзе прафесіяналаў з вялікай літары, для якіх праўда была вышэйшая за ўтульнасць. Яны маглі спакойна спаць пасля кожнай сваёй публікацыі, бо пісалі толькі праўду. Таксама спакойна мог спаць і я, таму што не перажываў за тое, што мы нібыта пішам хлусню ці на кагосьці ўзвялі паклёп. І зразумела, наш калектыў не займаўся экстрэмізмам.

Я меў шчасце за сваё журналісцкае жыццё сустракацца з рознымі людзьмі. Быць знаёмым з Генадзем Аляксандравічам Каханоўскім, Адамам Восіпавічам Мальдзісам, Анатолем Валянцінавічам Рогачам, Уладзімірам Содалем, Янкам Саламевічам, Міколам Капыловічам, Міхасём Міхайлавічам Чарняўскім, Канстанцінам Іванавічам Харашэвічам, якія, вядома, не дапусцілі б у кола сваіх знаёмых, а ў некаторых выпадках, я б сказаў і сяброў, людзей неразборлівых у адносінах да Беларусі.

Я і сёння чую іхныя галасы, галасы тых асоб, якія разам з маімі продкамі далі мне дакладныя арыенціры ў жыцці. Вучылі жыць па прынцыпе «ніколі не здраджвай сваёй Бацькаўшчыне».

І для мяне Бацькаўшчына — не толькі крыніца ля вёскі Малая Кавалеўшчына на Мёршчыне, якую да гэтага часу завуць Флоравай крыніцай, таму што яе расчысціў са свамім вучнямі настаўнік, мой дзед, Флор Данатавіч Манцэвіч, і яна сёння бруіць; не толькі студня ў Іказні на Браслаўшчыне, якую завуць Манцэвічавай студняй, таму што мой дзед будаваў сабе хату, — сорак першы год не даў дабудаваць — а студня засталася; але і мой народ, мая Беларусь, служэнню якім я паклаў сваё жыццё.

Год таму не стала майго бацькі, журналіста і пісьменніка Барыса Флоравіча Манцэвіча, якому я не змог да гадавіны паставіць помнік, бо з-за кратаў гэта не робіцца. Але помнікам для пісьменнікаў становяцца іх кнігі. Апошняя яго прыжыццёвая кніга 21-га года выдання, прысвечаная аднакашніку па філалагічным факультэце, з якім яны разам вучыліся і сябравалі, Нілу Сымонавічу Гілевічу носіць сімвалічную назву «Беларушчына». Сёння сына аўтара гэтай кнігі судзяць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, не знайшоўшы для абвінавачання, і мы з маім абаронцам паказалі гэта, ніводнага факта дыскрэдытацыі, якога б нельга было абвергнуць.

Я не летуценнік, але тое, што праз нейкі час у Маладзечне, ці ў Вілейцы, у Мядзелі ці Свіры, а можа, у маленькай вёсачцы Верхнія Друі на Маладзечаншчыне, з’явіцца вуліца імя «Рэгіянальнай газеты» — гэта мара можа быць цалкам рэальная і рэалізаваная.

Нягледзячы на тое, што напаткала «Рэгіянальную газету», яна ўпісала яскравы і варты радок у гісторыю сучаснай Беларусі. Газеты, якая насамрэч мацавала аўтарытэт беларускай нацыі, давала людзям праўдзівае слова на блізкай ім мове, заўсёды жыла клопатамі і праблемамі сваіх чытачоў і іх суседзяў.

У падручніках па гісторыі беларускай журналістыкі тыя, хто будуць яе вывучаць, а такія заўсёды знаходзяцца, бо журналістыка адна з самых старажытных прафесій, абавязкова будуць апісанні найлепшых прыкладаў працы каманды «Рэгіянальнай газеты», якая заклікала і была пакліканая пісаць толькі праўду — пра што сёння гэты працэс.

Я не бачу сваёй віны ні ў чым. У першыя ж дні затрымання мне гаварылі аператыўныя работнікі: «Аляксандр Барысавіч, ваш лёс вырашаецца не ў судзе, а тут, цяпер, — хлусячы пра тое, што мая жонка з сардэчным прыступам трапіла ў бальніцу. — Прызнайцеся ў сваёй віне і ўсё будзе добра».

Толькі ў чым мая віна? Майго дзеда расстралялі за Беларусь, а я пабаюся вашых чатырох гадоў, грамадзянін дзяржаўны абвінаваўца? Паглядзіце мне ў вочы. Ніколі.

Шкада толькі блізкіх, хворую жонку, унука Даната, якога я думаў вучыць новым словам, а яго мама вымушаная цяпер шукаць словы, як патлумачыць дзіцёнку тое, за што яго дзед сядзіць у турме, дзе месца сапраўдным злачынцам, і толькі злачынцам. Я думаю, што яна знойдзе правільныя словы, а ў мяне застанецца сумленне чыстым, унуку ж не будзе сорамна за дзедава імя.

Шкада праектаў, якія я відавочна ўжо не рэалізую, бо не хопіць гэтых 4-х гадоў, а ў тое жыццё я не веру, шкада «Рэгіянальнай газеты», сваіх супрацоўнікаў і чытачоў, што засталіся без шчырага сябра «РГ». Падзеі пасля лета 21-га года вакол «Рэгіянальнай газеты» знішчылі найцудоўны праект, які працаваў для Беларусі, у імя Беларусі. Віны сваёй я не прызнаЮ і не прызнАю.

Дзякуй яшчэ раз усім за падтрымку мяне. Бясконцы дзякуй маёй сям’і, сябрам і калегам, усім тым, хто прыходзіў усе гэтыя 7 дзён на пасяджэнні, хто не прыходзілі, і перажывалі за мяне, хто пісаў мне пісьмы ў Жодзіна, хто дасылаў пасылачкі і не толькі, дзякуй усім. Дзякуй, Рыгор Фёдаравіч, за нашу сумесную працу. Дзякуй, высокі суд, за магчымасць прамовіць апошняе слова.

Дзякуй усім іншым удзельнікам і ўдзельніцам працэсу, усім прысутным. А тэзісы майго выступу прашу высокі суд далучыць да матэрыялаў судовага працэсу, бо напісанае застаецца».

Галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса). Суддзя Аляксей Іршын, памочнік пракурора Аляксандр Марцінчык, піша «Вясна».

Аляксандр Манцэвіч — галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», вядучага незалежнага СМІ Маладзечна і рэгіёна. Неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.

Скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут, факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў майстрам, інжынерам на Вілейскім заводзе «Зеніт», журналістам у маладзечанскай раённай газеце. З 1995 года — заснавальнік і галоўны рэдактар тыднёвіка «Рэгіянальная газета». Жыве ў Вілейцы.

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Аляксандра Манцэвіча палітычным вязнем, зазначыўшы, што затрыманне і крымінальны пераслед рэдактара незалежнага выдання — гэта працяг мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працяг наступу на свабоду слова.

У ліпені 2021 года рэдакцыя «Рэгіянальнай газеты» вымушана прыпыніла выпуск друкаванага выдання. У студзені 2023 года Мінінфарм на падставе рашэння суда Маладзечанскага раёна ўнёс сайт і тэлеграм-канал «Рэгіянальнай газеты» ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля атакі сілавікоў на рэдакцыю і затрымання галоўнага рэдактара, той жа суд прызнаў «экстрэмісцкім» і кантэнт выдання ў сацсетцы «ВКонтакте».

«Вясна» піша, што сёння на суд патрапіла каля двух дзесяткаў чалавек. Памочнік пракурора зачытаў сутнасць абвінавачання, былі дапытаныя сведкі.

Падтрымайце Аляксандра паштоўкай альбо лістом:
Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Аляксандр Барысавіч Манцэвіч.

Пачытайце, што нам раней расказвалі пра Аляксандра Барысавіча яго былыя калегі. 

 

Падзяліцца:

Крыніца: spring96.org

3 лістапада 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухня«Віны сваёй я не прызнаЮ і не прызнАю». Апошняе слова на судзе Аляксандра Манцэвіча, галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты»

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць