Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Чым ютуберы не журналісты? І чаго журналістам ніколі не рабіць пры затрыманні? У Прэс-клубе Беларусь адбылася сустрэча з Аляксандрам Лукашуком – былым дырэктарам беларускай службы «Радыё Свабода». Ён прэзентаваў сваю новую кнігу «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» (тут вы можаце пачытаць фрагменты). Мы зрабілі для вас канспект сустрэчы. Цалкам размову з Аляксандрам Лукашуком можна знайсці на нашым YouTube-канале.
– У 2020 годзе да мяне часта звярталіся калегі, пыталі: што рабіць, калі цябе затрымалі на мяжы, выклікалі на допыт. І я раптам зразумеў, што танныя парады даваць лёгка, але ў мяне няма парады, што рабіць. Аднак мяне раптам ахінула: я магу даць параду, што не рабіць. Атрымалася тры «не».
Першае – не пашкодзіць самому сабе. Другая – не пашкодзіць іншым. Трэцяя – не хлусіць.
Пры гэтым «не хлусіць» – не азначае казаць усё, што ведаеш, казаць імёны, пра якія ў цябе не пытаюць. Спасылайцеся на памяць, на іншыя абставіны, але не кажыце тое, што можа пашкодзіць вам ці іншаму. Але ўсё астатняе гаварыце як ёсць, гаварыце праўду.
– У 1994 годзе ў Мюнхен прыехаў старшыня КДБ Вадзім Бакацін. У нас была сустрэча, і я задаў пытанне: ці ёсць на «Радыё Свабода» агенты КДБ і колькі іх засталося. Бакацін, канешне, нічога па тэме не адказаў: «няма, а ці былі раней – не ведаю».
Але зразумела, што любыя спецслужбы ў любой краіне мараць мець кантроль за важнымі асяродкамі. А ў дыктатарскіх краінах – яны вельмі хочуць пашкодзіць і незалежным СМІ, і апазіцыйным асяродкам.
Аднак журналістыка – гэта спецыфічны род заняткаў, дзе спецслужбы мала што могуць зрабіць.
Гэта не эшалоны з танкамі, дзе можна сказаць, што і ў які час выедзе, там будуць ракеты размешчаны. А на радыё нават я, дырэктар, не мог паўплываць на змест эфіру.
Справа ў тым, што адным з асноўных поспехаў спецслужбаў ёсць размова пра іх. І паколькі мы ў Беларусі вельмі даўно не бачылі вялікіх перамогаў, у сітуацыі паразы людзі заўсёды шукаюць вінаватых.
Цяжка прызнаць, што вінаваты самі. Прасцей – вінаваты агент КДБ. А гэта вельмі шкодная рэч, бо яна ў калектыве разбурае адносіны паміж людзьмі, давер, яна знішчае творчасць у калектыве. Таму што творчасць магчымая ва ўмовах свабоды.
У Хрыста было дванаццаць апосталаў, і здрадзіў адзін. То бок прыкладна такая прапорцыя. Але ў беларускай службе «Радыё Свабода» ніколі не было дванаццаць супрацоўнікаў, заўсёды менш.
Але выснова з гэтага такая: ёсць вельмі важны прынцып чалавечай цывілізацыі – прэзумпцыя невінаватасці. Гэта занадта высокае дасягненне, каб аддаваць яго на пацеху спецслужбам.
— У 2001 годзе мы папрасілі нашых слухачоў напісаць верш на тэму «Што такое свабода?» – для пачатку новага стагоддзя. Мы атрымалі больш за тысячу вершаў і кожны дзень чыталі іх у эфіры. А потым усе сталі патрабаваць: выдайце кнігу. Так нарадзілася «Бібліятэка Свабоды», дзе выйшла пад сто розных назваў, прычым не толькі кнігі, там ёсць і дыскі.
Яны зараз знаходзяцца ў нацыянальных бібліятэках шмат якіх краінаў, нават у Бібліятэцы Кангрэса ЗША, яны адзначаны трыма прэміямі Гедройця. Гэта дакументальная літаратура, якая дапамагае журналістыцы застацца ў часе, пераадолець час. Наша рэдакцыя – адзіная, якая мае сваю бібліятэку.
У 2010 годзе пасля выбараў сямсот чалавек кінулі за краты, яны сустракалі Каляды і Новы год у няволі. Я быў на тых выбарах, а потым вярнуўся ў Прагу і мы рыхтавалі навагоднюю перадачу: вынікі года, нейкія прагнозы на будучыню. Я памятаю: стаю ў чарзе гіпермаркета у Празе, стомлены пасля гэтых выбараў і арыштаў. І думаю: «Навошта нам святочная перадача? Давайце лепш прачытаем у эфіры імёны ўсіх гэтых вязняў».
Так нарадзілася самая незвычайная перадача ў гісторыі «Радыё Свабода». Мы звярнуліся да людзей у розных краінах свету і папрасілі іх пачытаць па дзесяць імёнаў палітвязняў кожны. Адкрываў чытанне Джордж Буш, тады ўжо былы прэзідэнт ЗША, а завяршаў Вацлаў Гавэл. Чыталі міністр замежных спраў Сікорскі, міністр замежных спраў Шварцэнберг, Фрэнсіс Фукуяма, Алена Бонэр – удава акадэміка Сахарава.
Вялікі спектр людзей, якія ў гэты дзень загаварылі па-беларуску, дваццаць чатыры гадзіны круціліся толькі гэтыя імёны. Мы атрымалі такую пошту, якую не сорамна паказаць святому Пятру, калі сустрэнемся на тым свеце.
Праз год я папрасіў Джоржа Буша і Вацлава Гавэла напісаць ужо пісьмовыя віншаванні для палітвязняў, бо шэсць кандыдатаў у прэзідэнты яшчэ сядзелі ў турме. І сакратар Вацлава Гавэла прыслаў мне яго віншаванні, а праз тры дні Вацлава Гавэла не стала. І гэты зварот да беларускіх палітвязняў быў самым апошнім, што ён напісаў у жыцці.
– Журналістыка – гэта прафесія. Такая ж, як прафесіі лекара, пекара і токара. Тое, што прапаганда не з’яўляецца журналістыкай, – пра гэтае спрэчак няма. Але тыя, хто выступае ў YouTube, у сацсетках, так званыя інфлюэнсеры, якія робяць гутаркі, – гэта можа выглядаць стылёва, як нейкія журналісцкія жанры. Але трэба мець на ўвазе, што мы маем справу не з лекарамі, а з людзьмі, якія апранулі белая халаты, і паводзяць сябе, быццам бы яны дактары. Я не кажу пра выключэнне вельмі вялікіх талентаў, але ў асноўнай масы няма нічога агульнага з журналістыкай.
Журналістыка за апошнія гады моцна змянілася, мы маем больш сродкаў, платформаў. Але прафесійны падыход і патрабаванні да яго застаюцца.
Верыфікаваць факты, знаходзіць адказы на пытанні, знаходзіць кантэкст – гэта і ёсць журналістыка. А як яна будзе запакавана, як будзе пададзена – гэта не мяняе сутнасці таленту журналісцкага. І я думаю, зараз залаты век журналістыкі.
Ведаеце, наша літаратура мае Нобелеўскага лаўрэата, нашыя дэмакратычныя сілы, якія маюць Нобелеўскага лаўрэата – паказчык таго, што мы маем справу з людзьмі найвышэйшага сусветнага ўзроўня. Нам усім трэба разумець, з якой вышынёй і з якім злом, якому мы супрацьстаім, мы маем справу.
Прэс-клуб Беларусь
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт