Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Кідаць журналістыку ці працягваць? Пра рызыкі, кансэнсус, цікавыя сустрэчы, трапныя назіранні. «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — так называецца кніга былога дырэктара Беларускай службы РС Аляксандра Лукашука. Прапануем эксклюзіўныя фрагменты кнігі, якія ён перадаў для публікацыі на нашым сайце. Кніга выходзіць сёлета ў выдавецтве «Вясна» (vesnabooks.eu). Тут знойдзеце стрым сустрэчы з аўтарам у Варшаве. А канспект сустрэчы можна пачытаць па спасылцы.
Пра аўтара кнігі: Аляксандар Лукашук узначальваў Беларускую службу «Радыё Свабода» з 1998 да 2023 году і ў новай кнізе «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» расказвае, як рабілася Свабода, што яна рабіла з аўдыторыяй, журналістамі і з ім самім. Ніжэй фрагменты з кнігі, прадастаўленыя аўтарам, Аляксандар Лукашук расказаў пра свае 25 гадоў на РС.
— Журналістам на свабодзе я быў тройчы: у Беларусі падчас галоснасьці 1980–1990-х гадоў, падчас працы ў Афганскай службе Радыё Свабода ў 2005–2006 гадах і зноў у Беларусі ў 2020 годзе. Я маю на ўвазе ўладу над рэальнасьцю, якую словы маюць, калі нараджаецца свабода.
Свабода — заўсёды нараджэньне і ніколі ня статус-кво, стан, а ня ўмовы, яе зьмест заўсёды будучыня, і гэта адзіная гарантыя, якую мае мінулае.
Можна сказаць, што кожны з маіх трох разоў на свабодзе канчаўся яе паражэньнем. Рэваншам аўтакратыі ў Беларусі 1990-х, тэакратыяй талібану ў Афганістане, дыктатурай ночы ў Беларусі 2020-х.
А можна сказаць, што я тройчы прысутнічаў пры цудзе нараджэньня свабоды.
Бачыў, як узыходіць сонца.
Не магу падзяліцца рэцэптам, як стаць самым доўгатрывалым дырэктарам у гісторыі амэрыканскага замежнага вяшчаньня, чвэрць стагодзьдзя. Неяк само выйшла, не заўважыў. Пашанцавала зь людзьмі, не было фатальных памылак.
Але пэўна не таму, што заўсёды імкнуўся да згоды. Калі вы пачынаеце ўсяляк пазьбягаць памылак, не рызыкаваць, трымацца кансэнсусу — вы нічога не дадаяце, падтрымліваеце статус-кво, але не ствараеце дададзенай вартасьці.
Кансэнсус — гэта тормаз. Без тармазоў, вядома, далёка не заедзеш, але не яны павінны дыктаваць кірунак і хуткасьць руху.
Я лічыў і лічу, што Беларуская служба — цэнтар сьвету і большая за ўсё радыё. Бо кожная моўная служба большая за ўсю кампанію, бо гэта цэлы сусьвет, а сусьветы, як шары, ня могуць быць больш ці менш шарападобнымі адзін за адзін, як адзін круг ня можа быць круглейшы за іншы, незалежна ад дыямэтру.
Проста сусьветаў несусьветна шмат.
Я неяк палічыў, колькі дае наш бюджэт на аднаго жыхара Беларусі на год — аказалася, ня хопіць нават на адну запалку на дзень. Гэта катастрафічна мала для вайны за ўвагу людзей. Аднак не забудземся: гэта грошы амэрыканскіх падаткаплатнікаў, якія Кангрэс ЗША шчодра вылучае на замежнае вяшчаньне на беларускай і іншых мовах.
І вяшчаньне не пра Амэрыку, а пра сучаснае жыцьцё ў Беларусі, яе гісторыю, культуру, мову. Не на прапаганду, а на журналістыку, якая кіруецца ўнівэрсальнымі каштоўнасьцямі дэмакратыі і правоў чалавека.
Гэта — дарагі падарунак.
Цынізм — неабходны інструмэнт любой прафэсіі, бо прафэсія мае справу не зь людзьмі, а з працэсамі. Гэта ведаюць лекары і сьвятары, настаўнікі і палітыкі.
Але дыстанцыя і адключэньне эмоцыяў могуць ня толькі выглядаць як пагарда і абыякавасьць, а быць імі. Мне бліжэйшая сэнтымэнтальнасьць.
Усё амаль тое самае, а чуесься лепей.
У Стэнфардзкім унівэрсітэце, куды мяне паслалі як першага стыпэндыянта ад радыё, я пазнаёміўся з трыма сусьветна вядо-мымі супрацоўнікамі: гісторыкам Робэртам Конквэстам, фізыкам Эдвардам Тэлерам і эканамістам Мілтанам Фрыдманам.
Пасьля сустрэчы з кожным я нешта ўведваў пра сваю працу дырэктара.
Конквэста, былога дарадцу брытанскай прэм’еркі Маргарэт Тэтчэр, я спытаў, ці можна па кампусе Стэнфардзкага ўнівэрсытэту хадзіць напрасткі, не па дарожках, а па газоне.
— Ня думаю, што Бог стварыў мяне, каб я хадзіў па асфальце, — адказаў аўтар «Вялікага тэрору» і сямі кніг паэзіі.
У Тэлера, які дапамагаў Альбэрту Эйнштэйну з разьлікамі пра канец сьвету ад ланцуговай рэакцыі, я пацікавіўся, чаму гонка ўзбраеньняў такая дарагая, усе гавораць пра кошты зброі новага пакаленьня — а ці нельга пераскочыць адразу да наступнага новага.
— Дзе б вы былі, калі б ваша маці пераскочыла праз пакаленьне? — спытаўся бацька амэрыканскай вадароднай бомбы.
Нобэлеўскага ляўрэата Фрыдмана, які ў маладосьці быў на экскурсіі ў Савецкім Саюзе і начаваў у маім родным Берасьці, я папрасіў расказаць, што яго найбольш уразіла.
— Цяга да ведаў. Заходжу ў грамадзкую прыбіральню, кабінкі безь дзьвярэй, у кожнай сядзіць чалавек і чытае газэту.
Ідзі сваім шляхам, не шукай абыходных шляхоў, ня вер усяму, што бачыш на шляху сваім, — чым не высновы для журналістыкі.
Кожны мае плян, пакуль не атрымае па зубах, — гэтае ня надта элегантнае выказваньне чэмпіёна па боксе Майка Тайсана стаіць эпіграфам да тысячастаронкавай кнігі «Стратэгія», выдадзенай пару год таму ў Оксфардзе. Выглядала, што тысяча старонак спатрэбілася, каб абвергнуць байца, знакамітага тым, што адкусіў паўвуха свайму суперніку.
Адзін са стратэгічных дакумэнтаў для Беларускай службы адкрываўся ўказаньнем «Будзьце падрыхтаваныя да нечаканага». Гэта было прыдатна як для пераходу вуліцы, гэтак і для ядзернай вайны.
Журналістыка заўсёды тактыка. Практыка пошуку сэнсу і праўды. Джаз.
Ня ведаю, ці прышылі адкушанае вуха, але Тайсан той бой прайграў. Не падрыхтаваўся да чаканага.
Пляны, дарожныя карты, кодэксы нічога ня вартыя без журналісцкага азарту. Стартапы пакідаюць ззаду традыцыйныя кампаніі не таму, што там сабраліся геніі, а таму, што там створаныя ўмовы для геніяльнасьці.
Азарт, які яшчэ называюць драйвам — дзіця культуры, якая пануе ў арганізацыі. А культура, як пісаў акадэмік мэнэджмэнту Пітэр Друкер, мае стратэгію на сьняданак.
Праглыне і не заўважыць.
Самы просты спосаб растлумачыць паводзіны любой бюракратычнай арганізацыі — дапусьціць, што там кіруе кліка яе ворагаў. Гэты палітычны закон сфармуляваў гісторык Робэрт Конквэст, хоць ён гучыць як прыдуманы паэтам. Я чытаю яго як аптымістычную эпітафію.
Дзеля яснасьці: я ня думаю, што дырэктар мае столькі свабоды і ўлады, колькі здольны ўзяць і несьці. Любая кампанія — гэта арганізаваная несвабода.
Альтэрнатыва ёй — пустата, у якой няма пунктаў прыкладаньня сілы і магчымасьці нешта ствараць і мяняць.
Рэч у тым, як арганізаваная ваша несвабода, як эфэктыўна, як адкрыта, як гарманічна, як годна — урэшце, як свабодна.
Хто жадае, можа паглядзець вызначэньне бюджэту ў энцыкляпэдыі, а я дам сваё: гэта самае лёгкае і бясьпечнае апраўданьне свайго бязьдзеяньня. Ня буду нават дадаваць агаворкі «часам». Не для дурняў пісана.
Джордж Оруэл пісаў знакаміты раман «1984» пад Бі-Бі-Сі — літаральна. Мне паказвалі месца ў падвальнай сталоўцы ў Bush House, старой сядзібе Бі-Бі-Сі ў Лёндане, куды журналісты спускаліся паміж выпускамі навінаў ці падчас налётаў нямецкай авіяцыі. Там Оруэлу прыйшлі ў галаву знакамітыя мэмы пра вайну, якая мір, свабоду, якая рабства, невуцтва, якое сіла.
Оруэл сьціскаў думку, даводзіў да адваротнага сэнсу і зноў выпрабоўваў яе значэньні. Мяркую, ён зацаніў бы мантру, якую на працягу дзесяцігодзьдзяў я чую ад розных кіраўнікоў: менш гэта больш.
Як герпэс, гэтая мудрасьць для бедных выскоквае на абмеркаваньнях бюджэту, пры плянаваньні, на афіцыйных нарадах і сьвяточных сходах, якія праводзяцца ў найбольшым на радыё памяшканьні — сталоўцы. Тыбэрыя на вас няма, так і карціць закрычаць мне. Гэты імпэратар змагаўся з герпэсам у Рыме радыкальнымі мерамі: забараніў цалавацца. Я б нічога не забараняў, але пасьля кожнага публічнага прыпадку гэтага фінансавага садамазахізму прымусіў бы зьмяншаць порцыі ў мэню. Ці пісаць заяву на скарачэньне зарплаты.
І ня трэба глядзець, як Тыбэрый на засос, і казаць пра другое значэньне, парадаксальную вобразнасьць, канцэнтрацыю на галоўным. Minus non plus est, як cказалі б у старажытным Рыме. Менш гэта ня больш. Minus est minus.
Больш таксама ня лепш. Толькі лепш лепш.
Неяк я быў у гасьцях у шматразовага чэмпёна Англіі па каратэ і не стрымаўся, каб не задаць дзіцячае пытаньне: які чэмпіён пераможа — боксу ці каратэ?
Ён расказаў, як хадзіў у адведкі да сястры, якая толькі нарадзіла, і ўзяў немаўля пагушкаць. Малое нешта зрабіла галавой і адправіла дзядзьку ў накдаўн: ён літаральна страціў прытомнасьць пасля ўдару.
Я кожны раз узгадваю гэтую гісторыю, калі параўноваю бюджэты дзяржаўнай прапаганды і незалежных мэдыяў. Абнадзейвае.
Мой аптымізм меншае, калі гавораць пра журналістыку ў эпоху штучнага інтэлекту.
Можа стацца, як пры ўсіх пераменах: дзеці перамогуць у першым раўндзе.
Але надзея не зьнікае зусім: раўндаў шмат. Трэба трэніравацца.
Вядомы падчас Другой сусьветнай вайны як бясстрашны kurier z Warszawy, баец Варшаўскага паўстаньня, сувязны польскага ўраду ў выгнаньні, удзельнік нарадаў з брытанскім прэм’ерам Ўінстанам Чэрчылем, дарадца ў пытаньнях бясьпекі прэзыдэнтаў ЗША Рэйгана і Картэра, адзначаны найвышэйшай амэрыканскай узнагародай, мэдалём Свабоды, які атрымаў з рук прэзыдэнта Клінтана, аўтар тузіну кніг і тысячаў перадачаў, першы дырэктар Польскай службы РСЭ/РС Ян Новак-Езёраньскі прыехаў у Прагу на сьвяткаваньне юбілею радыё, і я ня мог не зьвярнуцца да яго па параду.
Я прадставіўся, мы трохі пагаварылі пра ягонае дырэктарства. Ён ствараў Польскую службу на пачатку 1950-х і ведаў першага дырэктара Беларускай службы Вінцэнта Жук-Грышкевіча, вэтэрана польскай арміі Андэрса. Спадар Ян на час нашай сустрэчы быў самым доўгатрывалым дырэктарам у гісторыі радыё. Яго першы этэр як дырэктара быў у траўні 1952 году, апошні — 31 сьнежня 1974. Гэта пры тым, што ён так сварыўся з кіраўніцтвам, што хадзіла показка пра ціхі год, бо Езёраньскі не падаваў у адстаўку на знак пратэсту часьцей, чым раз на тыдзень.
Я спытаўся, што б ён параіў мне як новаму дырэктару Беларускай службы — што, зь ягонага досьведу, найбольш пасуе для аўдыторыі ў посткамуністычным грамадзтве з антыдэмакратычнай уладай.
— Круглыя сталы. Запрашайце палітыкаў і экспэртаў, чыноўнікаў і інтэлектуалаў. І ня важна, пра што яны будуць спрачацца і хто будзе мець рацыю — важная самая форма, спрэчкі і дыялёг, бо гэта фармат дэмакратыі.
«Праскі акцэнт», «Экспэртыза Свабоды», «Трайны ўдар», «Зона Свабоды», «Бліц-аналіз» — гэтыя і іншыя дыскусіі, палеміка і аналітыка сталі самымі пазнавальны-мі візыткамі нашага этэру. Цяжэй за ўсё было з удзелам прадстаўнікоў улады, якія ўцякалі ад Свабоды як чорт ад ладану. Сам фармат быў ладанам.
На здымку з той сустрэчы я прысеў побач са спадаром Янам, які быў у вазочку, і гляджу на яго трохі зьнізу ўверх. На некаторых заўсёды глядзіш зьнізу ўверх.
Лепш відаць.
Я даўно не сьмяяўся так, як чытаючы біяграфію Вацлава Гаўла, напісаную ягоным сябрам Міхаэлам Жантаўскім. Хіба, можа, толькі калі чытаў самога Гаўла, яго ўспаміны «На Град і назад», дзе ўступленьне ў NATO суседзіць з пошукамі па ўсім прэзыдэнцкім замку мітычнага шлянга для паліву кветак. А крэдыт МВФ ледзь не зрываецца празь няправільны соўс для кнэдлікаў. Ліст Гаўла на кухню пра соўс можна было выдаць як прэзыдэнцкі дэкрэт.
Ва ўспамінах Гаўла ні слова пра тое, як цкавала жоўтая прэса, выварочвалася прыватнае жыцьцё, як крывадушнікі абвінавачвалі ў крывадушнасьці, як кпілі левыя і правыя палітыкі ў апошнія гады прэзыдэнцтва і пасьля. Ні слова пра тыдні пад кропельніцай, пра пераход мяжы сьмерці, адкуль вырвалі жонка і сябры, якія ў апошнюю хвіліну арганізавалі прыезд лекара з Амэрыкі.
Тых, хто нясе сьвятло, рэдка любяць усе. Занадта ярка, занадта добра відаць саміх сябе.
У сьнежні 2011-га я папрасіў Вацлава Гаўла напісаць навагодняе віншаваньне беларускім палітзьняволеным. 15 сьнежня яго сакратар пераслаў мне віншавальны тэкст.
Гэта не была немагчымая просьба — Гавэл і раней падтрымліваў беларускую барацьбу за свабоду. Але гэтае пасланьне аказалася апошнім, што ён напісаў у сваім жыцьці. Праз тры дні, каля дзясятай раніцы ў нядзелю ягонае дыханьне спынілася. Ціха, быццам сьвечка дагарэла, сказала манашка, што была побач.
Не дагарэла. Сьвеціць.
Ня вер, ня бойся, не прасі — правілы жыцьця ў турме. Вер і ня бойся прасіць — правілы для волі.
Кожны раз, калі я прасіў немагчымае, яно адбывалася. Кангрэс ЗША павіншаваў Беларускую службу зь юбілеем. Былыя прэзыдэнты і дзейныя міністры чыталі па-беларуску імёны палітвязьняў. Нобэлеўская ляўрэатка, якая была адмовілася ад кнігі на Свабодзе, пагадзілася. Менскія ўлады далі залю ў цэнтры сталіцы, і трыюмфальная імпрэза ў Менску стала першым і адзіным публічным сьвяткаваньнем узнагароды.
А калі прасіў магчымае — павялічыць бюджэт, пашырыць штат, абсталяваць студыю, — не праходзіла.
Ёсьць нейкія іншыя правілы, якіх за чвэрць стагодзь-дзя я так і не засвоіў. Загадка жыцьця.
Прасіце, і дасца вам — залатая формула.
Мне бліжэй іншая, алмазная: не прасіце — і не адмовяць.
Аўдыторыю нашмат лягчэй давесьці да сьлёз, чым расьсьмяшыць. Хоць здараецца і адваротнае, нават калі ня ставіш такой мэты.
Выклікаць сьмех няцяжка, цяжка рабіць гэта рэгулярна і дарэчна, а ня проста гоп-ца-ца. Нам часам удавалася: сольны дуэт «Саўка ды Грышка» прымушаў рагатаць уголас над падзеямі тыдня, да катарсісу весялілі «Невясёлыя карцінкі», фэйсбучныя дыялёгі «#давайпака» выклікалі колікі.
Калі страх мяняецца на сьмех, мяняецца ўсё: тайна аказваецца пшыкам, улада цыркам, цар блазнам.
Пагроза не зьнікае, зьнікае здранцьвеньне, якое ёсьць першым і галоўным прадуктам страху. Сьмех — самы кароткі шлях зь няволі да свабоды. Было б толькі пачуцьцё, і ня толькі гумару.
Дылема кампрамісу ўбудаваная ў любую арганізацыю, якая працуе на тэрыторыі несвабоды. Калі ў вас інфраструктура, людзі, сем’і, заўсёды ёсьць на што націснуць. Але гэта звычайная сытуацыя для незалежнай журналістыкі ў аўтакратыях (пры таталітарызьме журналістыкі не бывае, бо халуйства не прафэсія).
Вядомы амэрыканскі інтэлектуал Тымаці Снайдэр, аўтар кнігі «Пра тыранію: Дваццаць урокаў дваццатага стагодзьдзя» першым урокам ставіць напамінак не саступаць загадзя, апошнім — патрабаваньне трымацца да ўпору.
Так імкнулася паводзіцца незалежная беларуская журналістыка. Не заўсёды хапала прафэсіяналізму, ніколі не хапала кіслароду, але немагчыма было не захапляцца штодзённым гераізмам рэпартэраў, рэдактараў, фота- і відэаапэратараў, кіраўнікоў незалежных СМІ ў сталіцы і асабліва ў рэгіёнах.
Нават калі быў мір, яны былі на вайне.
Свабода ніколі не мяняецца на спакой ці выйгрыш у нечым іншым — толькі на несвабоду. Гэта і з уласнага досьведу…
Пасьля 2020 году прэзыдэнцкая ўлада ў Беларусі дасягнула свайго найвышэйшага ўзроўню — фашызму без ідэалёгіі і партыі, і перасягнула яго — гэта ўжо фізіялёгія, нават батаніка. Цьвіль фашызму, як любая цьвіль, існуе ўсюды і заўсёды, але актывізуецца і распускае сьмяротныя плеці толькі пры пэўных умовах. Фэнамэнальная заява маладога прэзыдэнта ў 1995 годзе пра гітлераўскую Нямеччыну як узор для прэзыдэнцкай улады ў Беларусі была ўспрынятая як дзікая недарэчнасьць, вартае сьмеху глупства, выпадковая бздура выпадковага палітыка.
Павеяла замагільлем, але прамаўчалі вэтэранскія арганізацыі і кампартыя, набрала ў рот вады дзяржаўная прэса, не падалі ў адстаўку міністры і амбасадары, ня быў абвешчаны страйк, не скасавалі афіцыйны візыт у Францыю.
А пачалося ўсё з прэсы. Не прайшло і паўгоду ад клятвы выконваць Канстытуцыю, як на загад прэзыдэнта ў сьнежні 1994-га газэты выйшлі зь белымі плямамі замест антыкарупцыйнага выступу дэпутата Сяргея Антончыка. Праз тры месяцы прэзыдэнцкім указам быў незаконна звольнены галоўны рэдактар парлямэнцкай газэты, які праводзіў незалежную палітыку. У наступным месяцы, красавіку 1995-га, у Вярхоўны Савет было ўведзенае войска, дэпутаты апазыцыі зьбітыя, і парлямэнтарызм у Беларусі скончыўся. У траўні нелегітымны рэфэрэндум вярнуў сьмяротнае пакараньне, савецкія сымбалі, адсу-нуў беларускую мову і прысунуў Расею; у лістападзе Гітлер быў абвешчаны ўзорам.
Ніводзін гісторык не пагодзіцца з такой клясыфікацыяй: хіба ўсё пачалося не з увядзеньнем у 1994-м прэзыдэнцтва ў Канстытуцыю? З аднаўленьня ў правах камуністычнай партыі ў 1993-м? Ці раней, з адмены рэфэрэндуму аб новых выбарах у 1992-м? Ці яшчэ раней, падчас вайны, якая падзяліла Беларусь на паліцэйскую і партызанскую? Ці падчас тэрору 1930-х? У 1921-м, калі краіну разарвалі на Захад і Усход? Ці з разгрому паўстаньня 1863-га? Падзелаў Рэчы Паспалітай? А, можа, з Каіна?
Можа, і так. Але мы адказныя за тое, што адбываецца на працягу нашага сьвядомага жыцьця.
Бо пачатак усяго заўсёды тут і сёньня.
У 2020 годзе ў Беларусі нарадзілася звышжурналістыка: стрымы. Канечне, жывыя рэпартажы зь месца падзеяў — не беларускае вынаходніцтва, як і год выбараў — ня першае іх зьяўленьне. Але і тэрмін «звышлітаратура», вынайдзены Алесем Адамовічам напярэдадні галоснасьці, і сам жанр, адзначаны Нобэлеўскай прэміяй Сьвятланы Алексіевіч напярэдадні беларускай рэвалюцыі, узьніклі не на пустым месцы. На пустым месцы нараджаецца толькі пустата.
Ужо ў 2017-м, падчас пратэстаў супраць дармаедзкага дэкрэту, відэастрымы сталі выходзіць па-за межы інфармацыйнай зьявы, уцягваючы людзей і ўладу ў свой вір. Гэта было нешта іншае.
У 2020-м стала відавочна, што менавіта. Узброеная сучаснымі тэхналёгіямі журналістыка пераставала быць па-над схваткай — ня страчваючы аб’ектыўнасьці і бесстароннасьці, яна рабілася яе правадніком і самой падзеяй.
Улады адчулі, што адбываецца нешта новае, але знайшлі толькі старыя словы: рука Свабоды, рука Захаду, правакацыі, журналісты падбухторваюць, арганізоўваюць, вядуць.
Але што насамрэч адбывалася, калі стрымы Свабоды і іншых незалежных мэдыяў прыцягвалі дзясяткі, а потым сотні тысяч гледачоў адначасна і мелі мільённыя прагляды? Грамадзтва пераходзіла ў стан звышправоднасьці, і інфармацыя станавілася рэчаіснасьцю. Узровень эмоцыяў быў аднолькавы ва ўдзельнікаў пратэстаў і назіральнікаў. Прастора зьнікала, час ператвараўся ў рэзананс.
Але апроч дыгітальных тэхналёгіяў была яшчэ адна рэч. Гэта былі рэпартажы ня зь месца падзеяў, а з будучыні.
Звышжурналістыка — заўсёды з будучыні.
Каб не стракацець ініцыяламі, зразумелымі тузіну людзей, я стаў шукаць нейкае агульнае азначэньне для сваіх калег. Творчыя, інтэлектуальныя, яркія — сынонімаў шмат, але так кажуць шмат пра каго.
І толькі напісаўшы гэтую кнігу, празь небясьпеку назваць іхныя імёны, мне нарэшце адкрылася, што было агульнага ў сьвежадэмабілізаванага салдата, які адной левай мог зрабіць дыгітальную рэвалюцыю, і былога дэпутата, які яшчэ да парлямэнту адной правай, бо пісаў артыкулы ручкай, мог спыніць атамную станцыю. Якая формула зьвязвала матэматыка-альгебраіста, чыю аналітыку вывучаў Пэнтагон, і мовазнаўцаў, якія стваралі народныя рухі. Чаму рэпартэрка, якая ніколі не вучылася на журфаку, аднолькава свабодна вяла рэпартажы з кароўніка, нобэлеўскай цырымоніі і вулічных пратэстаў. Якім чынам інтэрвіюеры і вядучыя жывога этэру гаварылі зь лекарамі, вязьнямі і прэзыдэнтамі так, быццам самі сядзелі, хварэлі і кіравалі краінамі. Што выкавала рымскі стаіцызм вясковага хлопчыка — кіраўніка бюро, аб які разьбівалася ярасьць дыктатара, ягоных міністраў і спэцслужбаў. Адкуль браліся гісторыкі, якія замянялі акадэмічныя інстытуты, рэдактары, якія стваралі новую рэчаіснасьць, прадусарскія каманды, якія не спажывалі, а прадукавалі энэргію.
Мае калегі не былі маімі сучасьнікамі. Гэта былі госьці з будучыні. Яны былі ўжо ў будучыні, і таму маглі так. У рознай будучыні, хто далей, хто бліжэй, хто часьцей, хто радзей.
Магу толькі ганарыцца часам — які, дзякуючы ім, і я правёў у будучыні.
Памятаеце гэтую показку пра настаўніка і вучняў: столькі разоў ім тлумачыў, сам нарэшце зразумеў, а яны ўсё ніяк! Я столькі разоў карыстаўся паняцьцем «будучыня» ў гэтых нататках, што сам нарэшце зразумеў, пра што гаворка. Не пра пляны, не пра заўтрашнія праблемы ці перамогі, увогуле не пра час.
Пра якасьць. Пра зьмест і форму, хуткасьць і рэзананс, супраціў і гармонію. Пра якасьць як сэнс нашага адзінага жыцьця.
— Як вашая прафэсія журналіста паўплывала на вашае жыцьцё?
Такое пытаньне ў верасьні 2022 году мне задалі на лекцыі, зь якой я выступаў перад студэнтамі журналістыкі ў амэрыканскім унівэрсытэце.
І я мусіў прызнацца, што ня ведаю, як адказаць.
У 2022-м зьявілася дасьледаваньне шчасьця, якое брытанскія сацыёлягі правялі ў трох дзясятках краінаў, апытаўшы каля ста тысяч людзей.
У выніку склалі сьпіс заняткаў і жыцьцёвых сытуацыяў, якія робяць людзей найбольш шчасьлівымі, па меры ўбываньня. На першым месцы каханьне і сэкс, апошняе, 40-е, месца ў сьпісе занялі хваробы, пакуты цела. А на 39-е, перадапошняе месца, рэспандэнты паставілі працу.
Я прачытаў і жахнуўся.
Маю веру ў чалавецтва вярнуў адзін таленавіты маладзейшы калега, якому я расказаў пра афронт перад студэнтамі.
Журналістыка, сказаў ён, гэта не прафэсія.
А й праўда. Прынамсі, ня толькі.
Нобэлеўскі ляўрэат Эрнэст Хэмінгуэй казаў, што журналіст можа дасягнуць усяго, калі своечасова кіне журналістыку.
Нобэлеўскі ляўрэат Боб Дылан на пытаньне, чаму ён працягвае выступаць, калі ўжо голас не такі і гады ня тыя, адказаў, што гэта проста тое, што ён робіць увесь час.
Хэмінгуэй зрабіў пісаньне сьвятам, якое заўсёды з табой. Дылан засьпяваў Blowin’ In The Wind: адказ, мой дружа, табе навее вецер…
Абодва маюць рацыю. Кожнаму звоніць свой звон.
У вайны за свабоду ў Беларусі жаночае аблічча. Даўно асобнай кнігі вартыя беларускія журналісткі. Галоўныя рэдактаркі, нястомныя прадусаркі, бліскучыя мадэратаркі, інтэлектуальныя суразмоўніцы, бясстрашныя рэпартэркі. Яны былі заўважныя заўсёды — і калі працавалі на пратэстах, і АМАП расступаўся перад журналісткай зь мікрафонам, і калі рэпартэрку зацягвалі ў аўтазак пасярод жывога этэру. Калі давалі поўху міліцэйскаму сьледчаму, і калі цяпер няма зьвестак зь іх турмаў і калёній.
Лінія прафэсіі не праходзіць па гендэры, ня ён дыктуе рэдактарскія і мэнэджэрскія рашэньні. Але гендэр у Беларусі большы за фэмінітывы і паліткарэктнасьць.
Спытайце ў Сьвятланаў.
Найбольш і найменш моцнымі нас робіць тое, чым мы даражым, любім больш за ўсё. Дзеля яго мы здольныя на подзьвігі, і пагрозу яму перажываем найбольш балюча. Але калі занадта пераймацца, дык цяжка кантраляваць сябе, і тады цябе пачынаюць кантраляваць іншыя — абставіны, падзеі, людзі.
Гэта не азначае, што ад таго, што любіш, трэба адмаўляцца, — але нельга забывацца, што твае каштоўнасьці не абавязкова сугучныя зь іншымі.
Я, напраўду, хоць і памятаў, але забываўся. І таму магу сказаць кампэтэнтна, пераканана, зь веданьнем справы: і дзякуй Богу.
Адзін з найвялікшых аўтарытэтаў майго жыцьця, акадэмік Андрэй Сахараў сёньня перш за ўсё мяне ўраж-вае не вынаходніцтвам тэрмаядзернай бомбы ці касмалягічнымі прадказаньнямі, і нават ня цудам уставаньня з каленяў — ашаламляльнай адмовай ад мінулага і стварэньнем руху інтэлектуальнага і маральнага супраціву ў Савецкім Саюзе. Такую самую бомбу адначасна прыдумаў у Амэрыцы Эдвард Тэлер, і ператварэньне Саўла ў Паўла здараецца ня толькі ў біблійных прыпавесьцях.
Цяпер уражвае іншае. Бадай, найчасьцейшае асабістае выказваньне, якое сустракаецца на старонках «Успамінаў» Сахарава: «я памыляўся», «да майго сораму», «я ня меў рацыі», «я не зразумеў», «мая хіба»…
«Я стараўся ў гэты пэрыяд не адхіляцца ні на што пабочнае, у прыватнасьці, зусім ня слухаў заходняе радыё. Гэта прывяло мяне да буйных промахаў, пра што я пішу ніжэй». Так пра Чарнобыль. Гэтак і пра фізыку, і пра палітыку, і пра сям’ю, і пра сяброў — пра сябе. Я заўважыў гэта, калі перачытваў мэмуары другі ці трэці раз, гэта цяпер найперш кідаецца ў вочы, калі часам разгортваю старонкі кнігі.
Што ж, верагодна, кожны чытае пра самога сябе.
Мы зайшлі ў хату, і гаспадар адразу паказаў мне на радыёпрымач: «Мая Свабода», — сказаў ён так, як кажуць пра нешта блізкае і дарагое. Дзядзьку было за семдзесят, прымач таксама быў вэтэранам.
Была восеньская раніца, туман, траву прыхапіла шэрань, але адчувалася, што дзень будзе сонечны. Мы з жонкай прыехалі ў невялікае мястэчка пад Менскам да яе бацькоў, а яны паабяцалі свайму добраму знаёмаму, даўняму слухачу Свабоды, сустрэчу са мной. Мястэчка было багатае на гісторыю, знакамітых людзей, у тутэйшым касьцёле хрысьцілі вялікага нацыянальнага паэта, некалі тут быў свой тэатар, гімназія, суд, яшчэ гучала прыгожая беларуская мова.
Мы ішлі па вуліцы, калі дзядзька ў акуратным, некалі сьвяточным гарнітуры, які чакаў ля весьнічак, павітаўся і запрасіў да сябе ў двор. Мы ўвайшлі, я працягнуў руку, гаспадар узяў, але не паціснуў — я не пасьпеў зразумець, што адбываецца, — а нахіліўся і пацалаваў.
Як мне дастала такту не адхапіць, не запратэставаць, не пакрыўдзіць шляхетнага чалавека — сам ня ведаю. Відаць, адчуў, што адбываецца.
Руку цалавалі ня мне.
Фрагменты кнігі парадстаўленыя аўтарам
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт