«Анджэй Пачобут вытрымае, Лукашэнка – не». Што пісала Gazeta Wyborcza пасля рэзананснага прысуду

Пасля прысуду Анджэю Пачобуту ў Gazeta Wyborcza была апублікавана калонка Барташа Т. Вяліньскага. Прэс-клуб Беларусь прапануе вам пачытаць перакладзены тэкст.

«Анджэй Пачобут вытрымае, Лукашэнка – не». Што пісала Gazeta Wyborcza пасля рэзананснага прысуду
Фота: Ленід Шчаглоў / БелТА
Хто такі двойчы палітзняволены Анджэй Пачобут

Гэта гродненскі журналіст, карэспандэнт Gazeta Wyborcza і актывіст не прызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. 25 сакавіка 2021 года Анджэя Пачобута затрымалі ў Гродне па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі. Яго абвінавацілі па артыкулах 361 і 130 Крымінальнага кодэксу: «заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» і  «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці». За амаль два гады зняволення да суда Анджэю Пачобуту было забаронена спаткацца са сваякамі, блакавалася ліставанне на польскай мове з сынам. Улады Беларусі прапанавалі яму вызваленне ў абмен на просьбу пра памілаванне і ад’езд з Беларусі. Журналіст адхіліў прапановы.

У кастрычніку 2022 года КДБ унёс Анджэя Пачобута ў спіс тэрарыстаў. Судовы працэс праходзіў у зачыненым рэжыме. Суддзя: Дзмітрый Бубенчык, вядомы жорсткімі палітычнымі прысудамі. 8 лютага 2023 года Анджэя Пачобута асудзілі да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля прысуду ў Польшчы прайшлі акцыі салідарнасці. Польскі прэм’ер заявіў пра прыпыненне працы памежнага пераходу «Баброўнікі» і новыя санкцыі супраць афіцыйнай Беларусі.

Дарэчы, у 2011 годзе Пачобут ужо быў палітзняволенным. Яго вінавацілі ў абразе прэзідэнта Беларусі і паклёпе. Журналіста асудзілі на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады па артыкуле за паклёп і апраўдалі па артыкуле аб абразе. Тады яго вызвалілі ў зале суда.

Прыслухаемся да закліку Анджэя Пачобута: аніякага саюзу з дыктатарам. Дні Аляксандра Лукашэнкі ўжо злічаныя

Прысуд Анджэю Пачобуту надта суровы. Але я і не чакаў нічога іншага. На працягу многіх месяцаў рэжым Аляксандра Лукашэнкі дыктуе падобныя пакаранні затрыманым супраціўнікам, якія не просяць літасці і міласэрнасці. Ён злараднічае, што можа зламаць хрыбет чалавеку ці нават цэлае жыццё. Мы чыталі гісторыі з беларускіх турмаў. Гэта месца, дзе людзі праз недаяданне, цяжкую працу і бясконцыя псіхалагічныя катаванні марудна паміраюць.

Калі месяц таму пачаўся суд над Анджэем Пачобутам, мы ўбачылі, які кошт ён заплаціў. У зале суда ў Гродна за краты для абвінавачаных увялі змучанага чалавека. У турме яго катавалі фізічна і псіхалагічна, што адбілася на здароўі. Рэжым жадае нам гэта прадэманстраваць. Перш чым зрабіць працэс зачыненым, улады дазволілі камерам прапагандысцкіх СМІ наведаць залу суда і зрабіць здымкі. Гэта быў сігнал родным і блізкім усіх беларускіх палітвязняў: «Параўнайце фотаздымкі, паглядзіце, як за некаторы час мы можам загубіць чалавека».

Анджэй Пачобут стаяў у зале суда з паднятай галавой і з паднятай галавой пройдзе праз браму беларускага архіпелагу ГУЛАГ. Рэжым атрымлівае асалоду ад сваёй бязлітаснасці, але менавіта Пачобут перамог Лукашэнку. Ён не скрэсліў ніводнага напісанага слова, не раскаяўся за аніводны апублікаваны сказ. У гэтым сапраўдная сіла бяссільных. Гісторыя вучыць – менавіта такую сілу не могуць стрымаць дыктатары нават з дапамогай самых страшных рэпрэсій.

Прысуд Анджэю Пачобуту. Ніякага саюзу з дыктатарам

Я памятаю візіты Анджэя Пачобута ў нашу рэдакцыю некалькі гадоў таму. Да нас прыходзіў усмешлівы хлопец, хай нават са змрочнай краіны, дзе кіруе дэспат, – і  ён расказваў анекдоты, заўсёды з аптымізмам глядзеў у будучыню. Ён нічога не баяўся. Калі ўвосень 2020 года я спытаў яго, ці адчувае ён сябе ў бяспецы, выказаўшы думку, што, магчыма, яму будзе лепш сабраць рэчы і пераехаць з сям’ёй у Польшчу, – ён супакоіў мяне.  Ён казаў: «У Лукашэнкі ёсць праблемы, важнейшыя за польскага журналіста. Усё будзе добра».

У мяне склалася ўражанне, што Анджэй добра разумеў, што далей будзе толькі горш, пятля зацягваецца, і ўрэшце ён трапіць у камеру. Ён не з’ехаў, ён працаваў да канца. У сваім астатнім паведамленні, якое ён ўвечары даслаў рэдактару неўзабаве перад арыштам, ён перасцярог палякаў ад заключэння саюза з Лукашэнкам.

Тады ў мяне склалася ўражанне, што ён падводзіць вынік катастрафічнай палітыцы PiS папярэдніх гадоў, калі ўрадавыя дэлегацыі ездзілі з Варшавы ў Мінск на чале з тагачасным віцэ-прэм’ерам Маравецкім, спрабавалі схіліць на свой бок рэжым. Сёння я трактую тэкст Пачобута крыху інакш. Я бачу заклік – не заключаць аніякіх саюзаў з Лукашэнкам, у тым ліку, калі гаворка ідзе пра яго свабоду.

Ёсць прыкметы таго, што дыктатар узяў у закладнікі палітычных зняволеных і вызваліць іх тады, калі Захад здыме санкцыі і дасць грошы. Анджэй перасцерагаў ад такіх рашэнняў. Неўзабаве пасля арышту ён меў магчымасць папрасіць Лукашэнку аб памілаванні і адправіцца ў Польшчу. Ён адмовіўся. Яго абвясцілі экстрэмістам, заразілі каронавірусам і перакрылі доступ да медыцыны…

Ён не зламаўся. Ён вытрымаў. І вытрымае тое, што яго яшчэ чакае. Рэжым усё ж падзе, і Анджэй Пачобут, як і іншыя дысідэнты да яго, зноў здабудзе свабоду.

Таксама чытайце інтэрв’ю з легендарным польскім журналістам, галоўным рэдактарам Gazeta Wyborcza Адамам Міхнікам пра незалежныя СМІ Беларусі, Польшчы і Расіі і беларускі пратэст, а таксама пра пуцінскіх троляў, амбіцыі Лукашэнкі і магчымасць кампрамісу. Відэа інтэрв’ю можна паглядзець на YouTube.

Таксама пра Анджэя Пачобута распавядаюць сябры и калегі ў нашым праекце «Прэса под прэсам»

Адрасы для лістоў і бандэролей палітзняволенным журналістам можна знайсці тут.

Падзяліцца:

Пераклад з польскай мовы: Прэс-клуб Беларусь

Крыніца: Gazeta Wyborcza

Фота: Леанід Шчаглоў / БелТА

13 лютага 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухня«Анджэй Пачобут вытрымае, Лукашэнка – не». Што пісала Gazeta Wyborcza пасля рэзананснага прысуду

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць