7 фільмаў і серыял пра журналістыку

Лавіце падборку кіно, але ведайце, што ў тэксце шмат спойлераў!

7 фільмаў і серыял пра журналістыку
Візуал: Philip Oroni/Unsplash

Прапануем гісторыі пра журналістак і журналістаў з розных часоў і краін –  грунтаваныя на рэальных падзеях і выдуманыя.

Кратко

  • «Lee», 2024 год
  • «The Civil War», 2024 год
  • «Minamata», 2020 год
  • «The Private War», 2018 год
  • «The Bаng Ban Club», 2010 год
  • «Nightcrawler», 2014 год
  • «Tracks», 2013 год
  • Серыял «The Morning Show», ад 2019 – і да гэтага часу

«Lee», 2024 год

Рэжысёр: Элен Курас

Галоўная роля: Кейт Уінслет

У рускім перакладзе: «Великая»

Постер. Крыніца: leemovie.com

Гісторыя вядомай амерыканскай фатографкі Лі Мілер (Elisabeth Lee Miller). Карціна ахоплівае жыццё амерыканскай фатографкі перад і падчас Другой сусветнай вайны. Лі была мадэллю больш за трыццаць гадоў, а потым узялася за фотакамеру і здымала для брытанскага Vogue. Напачатку вайны рабіла кадры жанчын на фоне руін, але хацела апынуцца на фронце. Ёй удалося трапіць ва Францыю ў складзе амерыканскай арміі, а таксама здымаць канцлагер і ахвяр. У дзіцячым узросце дзяўчыну бацька здымаў голай, менавіта таму яна ўважліва ставіцца да жанчын, з якімі працуе.

Што запомнілася: Валюта на вайне – цыгарэты. Лі падкупае салдата, які ахоўвае дзверы, праз якія Мілер з сябрам і фатографам Дэвідам Шэрманам трапляюць у кватэру Гітлера.

Чаму глядзець: З-за знакамітай фатаграфіі Лі Міллер, якую Дэвід Шэрман зрабіў у ванне Гітлера. Параўнаць арыгінал і кадр з фільму, які зрабіла знакамітая фатографка Эні Лейбавіц.

«The Civil War», 2024 год

Рэжысёр: Алекс Гарланд

Галоўная роля: Кірстэн Данст

У рускім перакладзе: «Падение Империи»

Кадр з фільма.
Крыніца: rottentomatoes.com

Фільм-антыўтопія распавядае пра недалёкія часы ў будучыні. У Амерыцы пачынаецца грамадзянская вайна, аддзяляюцца 19 штатаў, якія хочуць незалежнасці. Прэзідэнт дае прыказ задушыць супраціў сепаратыстаў, не шкадуючы і грамадзянскіх. Але ягоныя дні ўжо палічаныя, бо супраціў моцны. Гэта разумеюць і ваенныя карэспандэнты, якія спантанна збіраюцца ў каманду з амаль класічным складам: стары і дасведчаны журналіст, пара з журналістаў – пішучы-здымаючы, дзе галоўную ролю фатографкі выконвае Кірстэн Данст, і хвосцікам прывязваецца маладая фотажурналістка. Ім трэба прабрацца скрозь пекла да Белага Дому і задаць самыя важныя пытанні прэзідэнту, пакуль яго не забілі.

Што запомнілася: Дзве зорачкі на сцягу Амерыкі, таму што злучанымі штаты ўжо назваць немагчыма. Актор Джесі Племанс выбітна выконвае ролю нацыяліста ў памаранчавых акулярах, які растрэльвае людзей таму, што тыя не з таго штату.

Чаму глядзець: Паназіраць за фантазіяй пра тое, якая будучыня можа быць у Амерыцы. Зразумець, што рознаўзроставая каманда – па-ранейшаму вернае рашэнне, бо гэта мудрасць досведу і шпаркасць маладосці. Паверыць у прафесію.

«Minamata», 2020 год

Рэжысёр: Эндрю Левітас

Галоўная роля: Джоні Дэп

У рускім перакладзе: «Великий»

Кадр з фільма
Крыніца: SJKen / flickr.com

Фільм пра вядомага фотажурналіста Уільяма Юджына Сміта і яго перыяд працы ў Японіі, калі ён здымаў наступствы дзейнасці фабрыкі ў горадзе Мінамата. Часта нецвярозы Юджын перажывае прафесійны крызіс і, здаецца, ужо ні ва што не верыць. Здымае калі-некалі вулічныя замалёўкі з вокнаў сваёй кватэры-лабараторыі, сварыцца з рэдактарам часопіса LIFE (якога грае Біл Найі). Тэма прыходзіць да Юджына сама – японская каманда здымае Сміта для рэкламы, а падчас працы яму распавядаюць пра фабрыку, якая забруджвае горад і як ад гэтага хварэюць людзі. Фатограф накіроўваецца ў Японію ў Мінатату.

Што запомнілася: У мастацкую ленту дадалі архіўныя кадры з месца падзей у 1971 годзе, якія здымаў японскі актывіст. Фільм амаль рэканструюе сцэны, што адбываліся на справе.

Чаму глядзець: Назіраць, як здабываліся тэмы раней і на што вырашыўся Сміт, каб паказаць свету змаганне людзей за праўду і як жудасна выглядае тэхнагеннае ўздзеянне на атручаных людзей. Падумаць, а як далёка вы гатовыя пайсці дзеля праўды?

«The Private War», 2018 год

Рэжысёр: Мэцью Хэйман

Галоўная роля: Разамунд Пайк

У рускім перакладзе: «Частная война»

Постар. Крыніца: impawards.com

Фільм заснаваны на рэальных падзеях. Ён пра вядомую ваенную журналістку Мары Колвін, якая працавала ў гарачых кропках для The Sunday Times. Мары згубіла адно вока падчас працы ў Шры-Ланке, але працягвала працаваць. У фільме пра тое, як яе разрываюць успаміны пра мінулае: яна бачыць ахвяр канфліктаў, з якімі сустракалася. Журналістка атрымлівае шмат прафесійных узнагарод, але яе місія ды натуральны ўнутраны імпэт – даваць магчымасць людзям даведацца пра жахі вайны і даваць голас тым, каму ён патрэбны. Мары знаходзіць сваё каханне, але зноў трапляе ў эпіцэнтр канфлікту, на гэты раз у Сірыі 2012 года.

Што запомнілася: Як журналістка намагалася ў складаных умовах нармальна выглядаць. Калі Мары абціраецца рушніком і бачны яе станік, фатограф Пол Конрай (Paul Conroy) пытаецца, чаму яна ў такой шыкарнай бялізне? На што Мары адказвае, што гэта Ла Перла (люксавы брэнд бялізны – прым.) і што калі яе цела будуць шукаць пад заваламі, то яна будзе выглядзець добра.

Чаму глядзець: Частка фільму – пра падзеі ў Сірыі ў 2012 годзе, падчас таго, як горад Хомсе актыўна бамбілі. І там Мары застаецца адна з журналістаў – каб весці жывы рэпартаж. А да таго – вельмі кранальны саундтрэк да фільма ад Эні Ленакс.

«The Bаng Ban Club», 2010 год

Рэжысёр: Стывен Сільвер

Галоўная роля: Райян Філіп

У рускім перакладзе: «Клуб безбашенных»

Постар да фільму
Крыніца: tribute.ca

Гісторыя групы фатографаў, якія працавалі ў часы завяршэння перыяду апартэіду ў Паўднёвай Афрыцы ў 1994 годзе. Чатыры калегі і сябра здымаюць крывавыя сцэны забойстваў, што тварыліся ў тыя часы. Фатограф Грэг Марыновіч працуе для газеты The Sun, пазней менавіта ён атрымае Пулітцараўскую прэмію за фота цемнаскурага мужчыны, якога падпалілі і забіваюць мачэтэ.

Асаблівая сюжэтная лінія адведзена іншаму знакамітаму фатографу – Кэвіну Картэру, які з часам ператвараецца ў нарказалежнага чалавека. Гэта ён здымае адзін з самых пазнавальных здымкаў усіх часоў – дзяўчынку з Судана, якая памірае з голаду, а паблізу яе смерці чакае арол. За яго Картэр таксама атрымаў Пулітцар.

Што запомнілася: Грэг працуе з сям’ёй, у якой пасля чарговай разні забілі хлопчыка і матулю. Іх гісторыю расказвае бацька, які нядаўна згубіў родных. Фатограф здымае ў пакоі памерлага хлопчыка, але не хапае святла. Ён заве на дапамогу дзяўчыну, тая не вытрымлівае напружвання і збягае.

Чаму паглядзець: Праца ў такіх умовах ніколі не праходзіць бясследна. Фатографы так падселі на працу, што ў нейкі час мусяць адказаць на пытанне – а ці не залежныя яны і ад адрэналіну?

«Nightcrawler», 2014 год

Рэжысёр: Дэн Гілрой

Галоўная роля: Джейк Джыленхол

У рускім перакладзе: «Стрингер»

Постар да фільму
Крыніца: rottentomatoes.com

Пасля чарговага правалу ўладкавацца хоць на якую працу, ён становіцца сведкам таго, як здымачная група прыязджае на месца аварыі, хуценька збірае матэрыял і з’язджае. Калі ён дазнаецца, што за гэта плацяць грошы, то купляе відэакамеру і адпраўляецца зарабляць грошы. Бандыт становіцца фрылансерам, а потым – даволі паспяховым крымінальным журналістам. А насамрэч нагадвае нейкага Джокера ад свету журналістыкі. Па выніку тое, што робіць герой Джейка Джыленхоя, журналістыкай назваць складана. Фільм пра тое, як лёгка пераступаюцца межы маралі і этыкі, калі няма ніякіх прынцыпаў.

Што запомнілася: Шалёны погляд героя цягам усяго фільма, нават калі ён як быццам бы радуецца.

Чаму паглядзець: Каб ураўнаважыць спіс з фільмаў, дзе журналісты – героі прафесіі, можна паглядзець фільм пра сацыяпата, мінулага якога мы не ведаем.

Спросили у беларусских журналистов и журналисток – смотрят ли они фильмы ужасов

«Tracks», 2013 год

Рэжысёр: Джон Каррэн

Галоўныя ролі: Мія Васіковска і Адам Драйвер

У рускім перакладзе: «Тропы»

Кадр з фільма
Крыніца: rottentomatoes.com

Як траўма дзяцінства ўплывае на жыццё чалавека. Фільм-вандроўка расказвае гісторыю аўстралійскай пісьменніцы Робін Дэвідсан, якая вырашае прайсці па пустыні тры тысячы кіламетраў з чатырма вярблюдамі і верным сябрам-сабачкам. Яна хоча пабыць у адзіноце, а насамрэч бяжыць ад невыноснага адчування таго, як ёй не хапае памерлай маці. National Geographic пагаджаецца прафінансаваць вандроўку Робін пры ўмове, што яе шлях будзе здымаць фатограф выдання. Карціна заснаваная на рэальных падзеях і здымалася па кнізе Робін Дэвідсан.

Што запомнілася: Гераіня не спыняецца ні перад чым, каб дабрацца да Індыйскага акіяну, а насамрэч, адчуць, што збегла ад сябе самой.

Чаму глядзець: Кіно пра ўплыў медыя на жыццё і пра новыя магчымасці (з дапамогай часопісу жанчына можа ажыццявіць сваю мару).

Серыял «The Morning Show», ад 2019 – і да гэтага часу

Галоўныя ролі: Джэніфер Эністан, Рыз Уізерспун, Стыв Карэл

У рускім перакладзе: «Утреннее Шоу»

Постар да фільму
Крыніца: rottentomatoes.com

Серыял з пазнавальнымі зоркамі з прывязкай да актуальных падзей. Перад намі разгортваюцца будні студыі амерыканскага каналу. Асноўныя героі – галоўныя вядучыя ранішняга шоў (Джэніфер Эністан і Стыв Карэл). Гэта не мыльная опера, а серыял пра журналісцкую кухню, складаныя чалавечыя адносіны.

Што запомнілася: Як вядучы разбівае сваю вялікую плазму качаргой з каміну, бо ад яго ў эфіры адказваецца канал. А вядучая вядзе стрымы з дому падчас кавіду. На той момант серыял хутка ўключыў актуальную праблему ў сцэнар. Тут пра журналісцкую салідарнасць і канкурэнцыю, жаночую салідарнасць і  паддывановыя войны, харасмент, выжыванне СМІ і г.д.

Чаму паглядзець: Джэніфер Эністан больш не нагадвае Рэйчал з Friends. А ў 2025 годзе выходзіць новы, 4-ты сезон серыялу.

Аўтарка для Прэс-клуба Беларусь

Падзяліцца:

Прэс-клуб

26 снежня 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухня7 фільмаў і серыял пра журналістыку

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць