Адмыванне грошай і фінансавыя злачынствы. Дапаможнік для журналістаў-расследавальнікаў

Гэты тэкст – першая глава з дапаможніка па расследаваннях арганізаванай злачыннасці. Яе напісаў Пол Раду, сузаснавальнік і кіраўнік аддзела інавацый OCCRP. Ён заснаваў арганізацыю ў 2007 годзе разам з Дру Саліванам. Ён кіруе буйнымі расследавальніцкімі праектамі OCCRP, займаецца рэгіянальным пашырэннем і распрацоўвае новыя стратэгіі і тэхналогіі для выкрыцця транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці і карупцыі.

Адмыванне грошай і фінансавыя злачынствы. Дапаможнік для журналістаў-расследавальнікаў
Ілюстрацыя: Прэс-клуб Беларусь
Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Большасць злачынцаў, пра якіх я рабіў расследаванні за апошнія два дзесяцігоддзі, маглі быць аднымі з лепшых прадпрымальнікаў у свеце. У іх было ўсё, што для гэтага патрэбна: знаходлівасць, крэатыўнасць, хуткае мысленне, матывацыя, здольнасць наладжваць сеткі і лідараваць, а таксама відавочная, хоць і дзіўная, цяга да рызыкі. Многія з іх маглі б быць на адным узроўні з Іланам Маскам з законнага свету бізнеса, але замест гэтага яны абралі злачыннасць, і іх набор навыкаў зрабіў іх аднымі з самых небяспечных і таксічных людзей на планеце.

Яны думаюць маштабна, і іх бізнес-планы простыя: «больш ахвяр, больш грошай». Іх жыццё палягчаецца тым фактам, што большасць буйных злачынцаў дзейнічаюць беспакарана ў транснацыянальным ці нават глабальным маштабе, дзе ў іх няма натуральных ворагаў, таму што праваахоўныя органы звычайна абмежаваныя нацыянальнымі межамі і нацыянальнымі інтарэсамі.

Пры расследаванні арганізаванай злачыннасці і карупцыі высокага ўзроўню вельмі важныя разуменне таго, як злачынцы структуруюць свой бізнес, і выяўленне памылак, якія яны робяць.

Сцісла

  • Частка першая: як гэта працуе
  • Частка другая: як разблытаць злачынныя схемы — парады і інструменты

Частка першая: як гэта працуе

Фінансавыя планы злачыннасці 

З-за складанасцей, звязаных з транснацыянальнымі злачыннымі арганізацыямі, барацьба з арганізаванай злачыннасцю ў асноўным ляжыць на журналістах і актывістах з розных краін. Яны могуць аб’ядноўвацца, нягледзячы на межы, і працаваць у грамадскіх інтарэсах. Але навінавых арганізацый, якія жадаюць супрацьстаяць адной з самых магутных пагроз на планеце, няшмат і звычайна яны не маюць дастаткова рэсурсаў.

Аднак пасля ўзнікнення трансгранічнага супрацоўніцтва журналісты, якія займаюцца расследаваннямі, зразумелі, што з большага злачыннасць працуе  аднолькава – як мадэль (патэрн), прытрымліваецца агульных правілаў, што палягчае яе выкрыццё. Карацей кажучы, калі нейкая злачынная схема працуе ў краіне ці рэгіёне, то такая ж самая – будзе экспартавацца ў іншыя краіны. Неабходна просто добра разумець складнікі злачыннага плану, каб эфектыўна адсочваць грашовыя патокі і перашкаджаць злачынцам весці нелегальны бізнес па іх звыклай схеме.

Мы павінны разумець нашага супраціўніка, каб эфектыўна расследаваць і выкрываць яго незаконную дзейнасць. Такім чынам, давайце спачатку разгледзім некаторыя з асноўных інструментаў, якія выкарыстоўваюцца злачынцамі для крадзяжу, хавання і інвеставання сваіх грошай. Пасля, у другой частцы, мы разгледзім некаторыя з нашых найлепшых інструментаў і нашых уласных ідэй для расследавання і выкрыцця.

Злачынцы — і тыя, хто толькі пачынае; і тыя, хто ўжо даўно займаецца нелегальнай дзейнасцю, — маюць у сваім распараджэнні рэгіянальную і глабальную інфраструктуры, якiя ўвесь час падтрымліваюцца тым, што мы ў нашым праекце OCCRP (Цэнтр па расследваннях арганізаванай злачыннасці і карупцыі) называем «індустрыяй крымінальных паслуг».  Гэтая інфраструктура прадугледжвае мноства юрыстаў, банкіраў, бухгалтараў, агентаў па стварэнні кампаній, хакераў, кампаній па кіраванні рэпутацыяй і іншых, якія зарабляюць грошы, спрыяючы злачынствам і дапамагаючы ім адмываць незаконна атрыманыя грошы.

Такім чынам, якія асноўныя элементы злачынства з пункту гледжання фінансаў?

Афшорныя кампаніі

Шмат было напісана пра афшорную фінансавую індустрыю і непрыкметныя кампаніі, якія дазваляюць злачынцам таемна красці вялікія сумы грошай і перамяшчаць іх паміж юрысдыкцыямі розных краін. Праекты Offshore Crime, Inc., Panama Papers і іншыя вывелі гэтую незаконную індустрыю адмывання грошай у цэнтр увагі, а наступныя маштабныя праекты, як OpenLux, над якім працуе OCCRP, – паказваюць, як многія краіны, што не маюць выхаду да мора (напрыклад, Люксембург) забяспечваюць або забяспечвалі той самы ўзровень сакрэтнасці, як і больш традыцыйныя афшорныя месцы.

Разуменне таго, як злачынцы структуруюць свой бізнес, і выяўленне памылак, якія яны робяць або былі вымушаныя зрабіць, становіцца вырашальным фактарам пры расследаванні арганізаванай злачыннасці і карупцыі высокага ўзроўню.

Падстаўныя асобы 

Арганізаванай злачыннасці неабходна хавацца за іншымі людзьмі, за падстаўнымі асобамі, каб афшорныя кампаніі маглі забяспечыць неабходную таемнасць сваіх аперацый.

Падчас расследавання ў OCCRP мы вызначылі тры асноўныя тыпы падстаўных асобаў:

  • тыя, хто не ведаў, у чым яны ўдзельнічаюць;
  • тыя, хто часткова ведаў;
  • тыя, хто саўдзельнічаў.

Падстаўныя асобы, якія ні пра што не ведалі, – гэта людзі, чые асабістыя дадзеныя скралі (часам праз буйнамаштабны крадзеж інфармацыі ў інтэрнэт-правайдэраў), і якія не здагадваюцца, што іх імя выкарыстоўваецца для стварэння кампаніі або адкрыцця банкаўскага рахунку.

Да другой катэгорыі адносяцца людзі, якія пазычылі свае асабістыя дадзеныя ў абмен на невялікую суму грошай, але не ведаюць усяго маштабу злачыннасці бізнесу або аперацый, звязаных з іх імём.

Саўдзельнікі – цалкам інфармаваныя пра злачынныя схемы, у якіх яны ўдзельнічаюць, і яны атрымліваюць частку прыбытку.

Веданне тыпу падстаўной асобы дапаможа журналісту вызначыць наступныя крокі, каб выкрыць злачынную схему.

Фота: Jefferson Santos / Unsplash.com

Банкі

Нягледзячы на рост інавацыйных прадуктаў у фінансавым сектары (напрыклад, крыптавалюты), банкі застаюцца важнай часткай сусветных фінансавых сістэм. Яны з’яўляюцца мішэнямі для арганізаваных злачынных груповак, якія рознымі спосабамі імкнуцца ўкараніцца ў банкаўскі сектар і скарыстацца ім.

Як і ў выпадку з падстаўнымі асобамі, адны банкі цалкам саўдзельнічаюць, некаторыя нічога не ведаюць, а іншыя нібыта не падрыхтаваныя і, магчыма, не жадаюць спыніць злачынныя сродкі, якія бягуць праз іх рахункі.

Банкаўская сістэма складаецца з мноства малых, сярэдніх і буйных банкаў і іх даччыных кампаній. Важна адзначыць, што невялікія банкі могуць далучыцца да сусветнай фінансавай сістэмы толькі ў выпадку, калі яны адкрыюць так званыя карэспандэнцкія банкаўскія рахункі ў больш буйных банках, якія забяспечваюць доступ да сусветных электронных пераводаў.

Мы даследавалі шмат малых і нават сярэдніх банкаў, якія цалкам або часткова належылі злачынцам і кіраваліся імі, але яны па-ранейшаму спадзяваліся на найбуйнейшыя банкі ў свеце, каб адпраўляць і атрымліваць велізарныя сумы брудных грошай.

Разумныя злачынцы даўно зразумелі, што – падобна таму, як праваахоўныя органы часта сутыкаюцца з абмежаваннямі з-за розных юрысдыкцый – таксама і банкам не хапае супрацоўніцтва паміж сабой, а сістэмы кантролю за фінансавым заканадаўствам накіраваныя на выяўленне асобных або дробных серый падазроных аперацый.

Праект FinCENFiles паказаў, што банкі могуць не выявіць маштабнае адмыванне грошай. Злачынцы выкарыстоўваюць гэта ў сваіх інтарэсах, падзяліўшы вялікія аб’ёмы грошай паміж шматлікімі банкамі і банкаўскімі рахункамі, каб ні адзін банк не меў празрыстай карціны пра маштаб аперацый па адмыванні грошай.

Фэйкавыя кантракты і інвойсы

Для рэалізацыі распаўсюджаных схем па адмыванню грошай злачынцы выкарыстоўваюць у якасці абгрунтавання падробленыя дакументы, фэйкавыя кантракты і інвойсы, якія прыкладаюцца да банкаўскай аперацыі. Гэтыя фіктыўныя рахункі-фактуры пацвярджаюць на паперы, што груз, напрыклад, персанальных камп’ютараў, быў прададзены афшорнай кампаніяй А афшорнай кампаніі Б. Але насамрэч ніякага сапраўднага гандлю не адбылося, нават калі грошы перамяшчаюцца паміж банкаўскімі рахункамі. Гэтую незаконную практыку называюць «адмываннем грошай пры дапамозе гандлю», і яна складае самую вялікую частку фінансавых злачынстваў ва ўсім свеце. Відавочна, што ў супрацоўніка банкаўскага кантролю няма магчымасці праверыць змесціва кожнага транспартнага кантэйнера, звязанага з фінансавай транзакцыяй. Арганізаваная злачыннасць карыстаецца гэтым.

У іншых выпадках фальшывыя дакументы, якія прыкладаюцца да банкаўскіх аперацый, пацвярджаюць фіктыўныя крэдыты і паслугі – з тымі самымі вынікамі.

Сакрэт эфектыўнага адмывання грошай – прапанаваць гэтыя чатыры кампаненты як адзін пакет злачынным групам і карумпаваным палітыкам. На справе індустрыя крымінальных паслуг нават выпускае дапаможнікі па махлярству: наборы інструкцый аб тым, як заснаваць кампанію, адкрыць банкаўскія рахункі, знайсці падстаўную асобу, зрабіць фэйкавыя інвойсы і пры гэтым не выклікаць пільнага кантролю з боку банкаўскіх рэгулятараў альбо праваахоўных органаў.

Ніжэй прыклад таго, што раіў кліентам адзін з такіх дапаможнікаў па адмыванню грошай, які прасоўваў банк у Латвіі і які быў выкрыты OCCRP:

«Умовы пастаўкі, пазначаныя ў кантракце або інвойсе, павінны быць рэалістычнымі: калі вы пазначаеце тавар, вы павінны думаць, як ён будзе «адпраўлены» (вага грузу, аб’ёмы, адрас завода-вытворцы, від транспарту: аўтамабільны, чыгункай або караблём.) У выпадку «дастаўкі» тавараў вельмі вялікага аб’ёму або памеру, калі ласка, пазначце фабрыку, якая знаходзіцца недалёка ад чыгункі ці порта».

У OCCRP мы называем такія гатовыя сістэмы адмывання грошай ландраматамі ці «пральнямі». Яны дзейнічаюць як універсальныя фінансавыя сістэмы і звычайна ствараюцца банкам або іншай кампаніяй, якая аказвае фінансавыя паслугі, з мэтай дапамагчы кліентам адмываць прыбыткі, атрыманыя злачынным шляхам, хаваць правы ўласнасці на актывы, прысвойваць сродкі кампаній, ухіляцца ад падаткаў і валютных абмежаванняў або пералічваць грошы ў афшоры. OCCRP увёў гэты тэрмін у 2014 годзе падчас свайго расследавання «Расейскі ландрамат».

Ландрамат — гэта фінансавы эквівалент сеткавага браўзера TOR, які забяспечвае карыстальнікам поўную ананімнасць у інтэрнэце. Ландраматы дазваляюць людзям размяркоўваць адмытыя грошы паміж рознымі банкамі. Так што, як і ў выпадку з TOR, захоўваецца таемнасць, паколькі ні адна ўстанова не мае поўнай карціны таго, што адбываецца.

Ландраматы складаюцца з кампаній, раскіданых па ўсім свеце, якія выглядаюць незалежнымі, але фактычна кантралююцца адной інстытуцыяй – зазвычай, банкам.

Працэс адмывання пачынаецца, калі кліент накіроўвае грошы на вузлавую кампанію ў сетцы, часта выкарыстоўваючы пры гэтым падробленыя дакументы куплі-продажу. Адтуль грошы размяркоўваюцца па іншых вузлах і суправаджаюцца іншымі фальшывымі дакументамі. Урэшце грошы  (за вылікам камісіі аператарам ландрамата) адпраўляюцца ў афшорную кампанію або ў іншае месца па выбары кліента. Правы ўласнасці і паходжанне грошай губляюцца ў бясконцай колькасці мутных транзакцый, так што такія грошы немагчыма адсачыць нават праваахоўным органам.

Больш падрабязная інфармацыя пра тое, як гэта працуе, – у адказах OCCRP на частыя пытанні пра ландраматы.

Яскравы прыклад таго, як ландраматы могуць пазбягаць кантролю з боку найбуйнейшых банкаў, добра бачны пасля зліва ўнутранага дакумента Deutsche Bank. Там дэталёва паказана, што банк не здолеў выявіць расійскі ландрамат, які маніпуляваў ягонай глабальнай фінансавай інфраструктурай.

Унутраны слайд Deutsche Bank, атрыманы OCCRP, апісвае, як банк мімаволі стаў партнёрам у маштабнай расійскай схеме адмывання грошай. Крыніца: скрыншот GIJN

Прыклады з практыкі

Ёсць шмат прыкладаў таго, як арганізаваная злачыннасць маніпулюе фінансавымі сістэмамі свету. Хаця ніжэй прыведзеныя тры прыклады з трох розных геаграфічных рэгіёнаў, падобная схема паўтараецца і мае ўсе або некаторыя элементы змовы расійскага ландрамату.

Азербайджанскі ландрамат і іранскі антысанкцыйны «эканамічны джыхад»

Азербайджанскі ландрамат дазваляў у першую чаргу элітам у Баку падкупаць еўрапейскіх палітыкаў і выводзіць сотні мільёнаў з краіны. Але OCCRP выявіў, што гэты механізм адмывання грошай таксама выкарыстоўваўся Іранам для абыходу санкцый ЗША і Еўропы, дзякуючы дапамозе арганізаванай злачыннай групы на чале з Рэзай Заррабам, ірана-турэцкім злачынцам, вельмі блізкім да прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана.

Адмыванне грошай, праведзенае Заррабам, мела ўсе класічныя элементы, пералічаныя вышэй, і прывяло да нарастаючага геапалітычнага скандалу паміж Турцыяй, ЗША і Іранам. Канфлікт паказаў, як арганізаваная злачыннасць квітнее падчас беспарадкаў, выкарыстоўваючы палітычныя рознагалоссі.

«Ландрамат Тройка»

«Ландрамат Тройка» прадстаўляў сабой складаную фінансавую сістэму, якая дазваляла расійскім алігархам і палітыкам у вышэйшых эшалонах улады таемна інвеставаць свае незаконна нажытыя мільёны, ухіляцца ад выплаты падаткаў, набываць акцыі дзяржаўных кампаній, купляць нерухомасць у Расіі і за мяжой і многае іншае.

«Ландрамат Тройка» быў распрацаваны, каб схаваць асобы, якія стаяць за гэтымі транзакцыямі. Схема выяўлена OCCRP і яе партнёрамі ў выніку ўважлівага аналізу дадзеных і руплівага расследавання. Яно датычылася адной з найбуйнейшых уцечак банкаўскай інфармацыі: інфармацыя наконт прыкладна 1,3 мільёна транзакцый ад 238 000 кампаній. Тлумачэнне гэтай схемы можна паглядзець на відэа тут.

«Ландрамат Тройка» быў выкрыты дзякуючы апрацоўцы вялікага масіву вельмі скупых дадзеных аб банкаўскіх аперацыях. Мы пачалі шукаць заканамернасці, каб вызначыць транзакцыі, якія адносяцца да таго, што мы пазней назвалі «Ландраматам Тройка». Давялося шукаць памылкі, бітыя спасылкі, каб вызначыць, хто арганізаваў гэтую сістэму, а хто ёй карыстаўся.

Пасля пільнага аналіза дадзеных мы нарэшце высветлілі, што банкіры, якія арганізавалі схему, дапусцілі невялікую, але фатальную памылку: яны паслядоўна паўторна выкарыстоўвалі толькі тры падстаўныя кампаніі для перавода плацяжоў агентам-рэгістратам афшорных кампаній, якія ў сваю чаргу былі ўдзельнікамі транзакцый на мільярды долараў. Гэтыя плацяжы – кожны з якіх складаўся з некалькіх сотняў долараў — вядома, губляліся ў мільёнах значна больш буйных транзакцый, таму нам прыйшлося знайсці кожную і адсачыць іх, каб зразумець іх месца у больш шырокай схеме. Пасля выяўлення гэтай сувязі ў цэнтры ўвагі апынуўся ўвесь «Ландрамат Тройка».

Групоўка Рыўеры Майя

Групоўка Рыўеры Майя была бязлітаснай і гвалтоўнай трансгранічнай арганізацыяй і з’яўляецца яскравым прыкладам, як арганізаваная злачыннасць пашыраецца і ўваходзіць у розныя сферы бізнесу.

Бандыты ў гэтым выпадку пачыналі з мелкага: спачатку ў Еўропе яны былі скімерамі, што крадуць нумары дэбетавых і крэдытных картак, усталёўваючы незаконныя прылады або праграмнае забеспячэнне на банкаматы. Потым яны перайшлі на іншыя кантыненты: запартнёрыліся з мексіканскім банкам і здолелі ўсталяваць больш за 100 банкаматаў на Рыўеры Майя — турыстычнай зоне паміж Канкунам і Тулумам на поўдні Мексікі. Гэта прынесла больш за 200 мільёнаў долараў за год.

Групоўка выкарыстоўвала фэйкавыя дакументы, пашпарты, кампаніі не толькі для стварэння свайго бізнесу. Таксама яны забяспечвалі прытулак уцекачам ад правасуддзя, адначасова выкарыстоўваючы тую ж інфраструктуру для незаконнай перапраўкі людзей з Мексікі ў Злучаныя Штаты.

Журналісты-расследавальнікі мусяць факусавацца на реестрах нерухомасці, каб разабрацца ў інвестыцыях і маштабах адмывання грошай арганізаванай злачыннасцю.

Частка другая: як разблытаць злачынныя схемы — парады і інструменты

Як бачна з прыведзеных вышэй прыкладаў, арганізаваныя злачынныя групоўкі могуць быць выдасканаленымі ў крадзяжы, хаванні і інвеставанні сваіх грошай. Але яны не могуць кантраляваць час. З кожным днём ва ўсім свеце журналісты, актывісты і іншыя расследавальнікі назапашваюць  досвед аналізу транснацыянальных справаздач, а ўрады ўводзяць усё больш правілаў адносна карпатарыўнай і маёмаснай  празрыстасці.

Банкаўскія і судовыя дакументы

Доступ да банкаўскіх дакументаў — «Святы Грааль» у расследаванні фінансавання арганізаванай злачыннасці. Але банкаўскія бумагі цяжка атрымаць, бо гэта канфідэнцыйныя прыватныя дакументы. Рэпарцёры не заўсёды могуць разлічваць на ўцечкі інфармацыі і на інфарматараў у банках і фінансавых рэгулятарах.

Але ёсць іншы спосаб атрымаць банкаўскія дакументы. Такія тыпы дакументаў часта далучаюцца да крымінальных судовых спраў супраць арганізаванай злачыннасці або нават да камерцыйных, грамадзянскіх судовых працэсаў. Усё залежыць ад юрысдыкцыі. ЗША з’яўляюцца добрай крыніцай глабальных банкаўскіх дакументаў, якія становяцца агульнадаступнымі, дзякуючы сэрвісу Public Access to Court Electronic Records (PACER).

Так, OCCRP атрымаў сотні тысяч банкаўскіх дакументаў, правяраючы PACER і падаючы ў суды ЗША запыты на раскрыццё інфармацыі пасля таго, як гэтая краіна распачала судовую справу супраць караля азербайджанскага ландрамата Рэзы Зарраба. Раней мы атрымлівалі падобныя дакументы з судоў у іншых частках свету. Праваахоўныя органы часта канфіскуюць масу банкаўскіх дакументаў, і гэта падарунак для журналістаў-расследавальнікаў, якія могуць іх атрымаць.

Уцечкі справаздач аб падазроных дзеяннях (SAR) з фінансавых устаноў, як тыя, што былі атрыманы ў выніку расследавання FinCENFiles, таксама могуць адкрыць банкаўскія таямніцы. Уцечак будзе больш па якасці і колькасці, а калі іх выкарыстоўваць ў спалучэнні з судовымі дакументамі, то яны могуць стаць надзвычай каштоўнымі для журналістаў-расследавальнікаў і грамадскасці, якой яны служаць.

Судовыя рэестры і асабліва гаспадарчыя суды паміж дзвюма злачыннымі арганізацыямі таксама вельмі карысныя для расследавальнікаў, бо злачынцы могуць «мыць брудную бялізну» перад грамадскасцю гэтак жа, як і былыя сужэнцы падчас шлюбаразводных працэсаў.

Ілюстрацыя: Ann Kiernan для GIJN

Рэестры маёмасці

Злачынцы любяць валодаць рэчамі. Шмат хто дэманструе раскошныя машыны, гадзіннікі ці іншыя люксавыя ювелірныя вырабы, але ў асноўным незаконна атрыманыя прыбыткі інвестуюцца ў нерухомасць, у раскошныя дамы або велізарныя сельскагаспадарчыя і лясныя ўгоддзі.

Журналісты-расследавальнікі мусяць звяртаць пільную ўвагу на дакументы маёмасці, каб разабрацца ў інвестыцыях і маштабах адмывання грошай арганізаванай злачыннасцю. У большасці краін дакументы на маёмасць знаходзяцца ў адкрытым доступе. Там ёсць дадзеныя пра цяперашняга ўладальніка, папярэдніх уладальнікаў, а таксама некаторыя іншыя фінансавыя звесткі (кошт пакупкі і сплачаны падатак).

Рэестры кампаній

Нацыянальныя і міжнародныя рэестры кампаній могуць даць інфармацыю не толькі аб акцыянерах і чальцах савета дырэктароў, але вельмі часта і пра фінансавыя паказчыкі кампаніі. У рэдкіх выпадках гэтыя рэестры даюць інфармацыю пра банкаўскія транзакцыі, маёмасць і нават пра бенефіцыярных уласнікаў афшорных кампаній, якія могуць быць акцыянерамі.

Дастаткова часта мы атрымліваем інфармацыю аб бенефіцыярных уласніках праз рэестры кампаній або маёмасці там, дзе гэтыя кампаніі інвестуюць свае незаконныя сродкі. Таксама трэба мець на ўвазе, што не ўся інфармацыя лічбуецца і індэксуецца ў базах дадзеных, таму асабісты візіт або тэлефанаванне ў рэестр можа даць вам доступ да значна большай колькасці дадзеных, чым тое, што даступна ў інтэрнэце.

Важны этапа выкрыцця адмывання грошай на высокім узроўні – выкрыццё бенефіцыярнага ўладальніка банку. Варта ставіцца да банкаў як да звычайных юрыдычных асобаў: спрабаваць высветліць, хто імі валодае. Гэта асабліва важна ў выпадку новаствораных малых і сярэдніх банкаў.

Базы дадзеных імпарту і экспарту

Часта мы выкарыстоўваем такія базы дадзеных, як ImportGenius альбо Panjiva, каб адсачыць аперацыі імпарта-экспарта. Гэтыя базы дадзеных дарагія: спампоўка дадзеных аб імпарце кампаніі ў ЗША за адзін год з ImportGenius каштуе 199 долараў. Але яны могуць быць карыснымі для выяўлення адмывання грошай пад відам камерцыі, а таксама вызначэння кампаній, якія ўдзельнічаюць у гэтым.

Варта адзначыць, што ў многіх краінах штогадовыя справаздачы аб імпарта-экспартных транзакцыях можна атрымаць, напісаўшы запрос на доступ да публічнай інфармацыі. Таксама сайт United Nations Comtrade  прапануе карысныя дадзеныя аб міжнародным гандлі, дзе можна прасачыць заканамернасці імпарта-экспарта.

Aleph

У OCCRP мы стварылі глабальны архіў матэрыялаў для журналістаў-расследавальнікаў пад назвай Aleph. Тут мы збіраем інфармацыю аб кампаніях, маёмасці, банкаўскіх рахунках, судовых справах, уцечках і многае іншае. Але збор і індэксацыя інфармацыі — гэта толькі пачатак, бо Aleph дазваляе журналістам выяўляць заканамернасці, на падставе чаго магчыма правесці значнае расследаванне, якое прадстаўляе грамадскі інтарэс.

У Aleph журналісты таксама могуць весці спісы асоб, якія іх цікавяць, і наша сістэма будзе пастаянна супастаўляць імёны ў спісах з іншымі дадзенымі ў сістэме. Гэта аўтаматызуе наш працоўны працэс і дапамагае рабіць новыя і карысныя расследаванні.

OCCRP распрацаваў Aleph, карысны рэсурс, які дазваляе журналістам-расследавальнікам шукаць адкрытыя дадзеныя і ўцечкі інфармацыі. Крыніца: скрыншот GIJN

Што нас чакае ў будучыні?

За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў транснацыянальная арганізаваная злачыннасць была на шмат крокаў наперадзе праваахоўных органаў, рэпарцёраў-расследавальнікаў і актывістаў. Усё павольна змяняецца з таго часу, калі журналісты з розных краін пачалі аб’ядноўваць свае сілы. Аднак злачынцы па-ранейшаму маюць перавагу, дзякуючы велізарным рэсурсам і таму, што яны ахвотна пачынаюць першымі  карыстацца новымі тэхналогіямі, што дазваляе ім быць на крок наперадзе ад праваахоўных органаў.

Катэгорыя злачынцаў,  якую часта недаацэньваюць, – гэта так званыя крымінальныя бізнес-анёлы, людзі, якія фінансуюць іншых злачынцаў. Рэнтабельнасць ад такіх інвестыцый вялікая, а злачынныя сувязі даюць  вялікія магчымасці для людей, што прызвычаіліся весці раскошны лад жыцця.

Журналісты-расследавальнікы мусяць лепш разумець фінансавую экасістэму, пабудаваную вакол злачыннасці, дзе індустрыя крымінальных паслуг квітнее і распрацоўвае новыя метады адмывання грошай і таемных інвестыцый.

Каб паспяваць за новымі метадамі, якімі карыстаецца арганізаваная злачыннасць, арганізацыі журналістаў-расследавальнікаў мусяць інвеставаць час і грошы ў разуменне крыптавалют, блокчэйна, унікальных токенаў (NFT) і любых іншых новых інструментаў, што адаптавалі злачынцы для сваіх бізнес-мадэляў.

Прынцып «сачыце за грашыма» («Follow the money») хутка ператворыцца ў «сачыце за кодам» (праграмным алгарытмам), але ў рэшце рэшт, усё гэта прымае канкрэтную форму – нерухомасці, прадметаў раскошы, якія спадарожнічаюць разам  са злачыннасцю.

Падзяліцца:

Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

22 чэрвеня 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняАдмыванне грошай і фінансавыя злачынствы. Дапаможнік для журналістаў-расследавальнікаў

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць