Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Чаму важна чытаць рознае і ці трэба дапамагаць незалежным выданням? Пра ўлюблёныя медыя і стаўленне да дзяржаўных СМІ распавёў акцёр Аляксандр Ждановіч, якога ўвесь час хочацца называць Маляванычам.
Усё сваё свядомае жыццё я амаль не чытаў газет. Не глядзеў тэлевізійных праграм на палітычныя тэмы. Гэта не была нейкая коснасць. Прынцыпова не хацелася акунацца ў сферу падмана і бруда, якой мне бачылася любая палітыка. Але пад час падзей 2020-га году прыйшло ўсведамленне, што я нагадваю бацьку з таго анекдота: «Тата, у які канцлагер нас вязуць? – Не ведаю, сынку, я палітыкай не цікаўлюся!».
Я не паспяваў за вірам падзей, што абрынуліся на нас. Не разумеў, што за імі стаіць, адчуваў сябе вінаватым за свае нежаданне ўдзельнічаць у грамадскім жыцці краіны.
З таго часу адносіны да медыя і да палітыкі цалкам памяняліся.
Пакуль існаваў TUT.BY, я аддаваў перавагу гэтаму рэсурсу. Адначасова адбывалася мая «беларусіфікацыя». Я часцей стаў чытаць і глядзець беларускамоўныя СМІ.
За адзін дзень я адсочваў больш інфармацыі, чым за дзесяцігоддзі майго папярэдняга жыцця.
Зараз першай крыніцай навін для мяне застаецца «Наша ніва». Чаму? Беларуская мова. Шчыльная і хуткая стужка навін.
Карыстацца толькі навінавымі медыя недастаткова, калі патрабуецца аналітычная, разгорнутая карціна нейкіх падзей, культурніцкіх, гістарычных ракурсаў. Таму на YouTube гляджу «Жыццё-малина», ТОК, БЕЛСАТ LIFE (MovaNanova, «Вусы Скарыны»), «Трызуб і пагоня», «Шрайбман ответит», (прым. рэд. — не абнаўляецца з пачатку 2025 года), «Еўрарадыё», «Радыё Свабода» і шмат іншых. Выбар аддаецца не толькі стылю праграмы і вядоўцы, але тэме і асобе героя праграмы.
Не шукаю спецыяльна новыя з’явы ў беларускіх медыя, але калі такое трапляецца – звяртаю ўвагу. Часам тое, што адкрываю для сябе, – для кагосьці зусім не новае. Напрыклад, «Загляне сонца» Мелказёрава, «Нітка Зорка» з Ваданосавай.
Мне падаецца, што недастаткова існуе зараз беларускіх рэсурсаў, разлічаных на дзяцей. Што трэба, каб дзеці чыталі беларускае, глядзелі беларускае? Зрабіць гэта якасным, канкурэнтным, паўсюдным. Як? Мець праграму па стварэнню такога кантэнту, мець матываваных прафесіяналаў.
Ці павінны СМІ зарабляць? Гэта пытанне падыходзіць і да той сферы, пра якую я тое-сёе ведаю – тэатр. Змястоўны, інтэлектуальны тэатр павінен атрымліваць фінансавую падтрымку (дзяржаўную, грамадскую), ён не можа існаваць на самаакупнасці. Інакш ён будзе апускацца да вуліцы.
Але ёсць лёгкія жанры, якія могуць зарабляць самі. Усе залежыць ад попыту. Напэўна нешта падобнае са СМІ.
Калі ёсць прагрэсіўная частка ў грамадстве, так – яна павінна клапаціцца і фінансава падтрымліваць медыя, якія адпавядаюць яе інтарэсам.
Разумеючы важнасць ролі СМІ ў веданні таго, што адбываецца ў свеце, лічу для сябе неправільным «прывязвацца» да нейкага аднаго і перабольшваць уплыў нейкай канкрэтнай публікацыі ці праграмы на ўласнае крытычнае мысленне. Нават у дачыненні да незалежных рэсурсаў, якія спрабуюць фармаваць твой погляд, прасоўваюць пэўны пункт погляду. За любымі медыя, нават калі яны лічаць сябе незалежнымі, стаіць нейкая група людзей са сваімі поглядамі.
Я не кажу пра тое, каб наўмысна хлусіць, як гэта робяць прапагандысты, што працуюць на антыдэмакратычныя сістэмы. Але падборка фактаў, іх кантэкст, каментар – тое, чым карыстаюцца ўсе медыя. І гэта незаўважна мяняе, фарміруе свядомасць людзей у накірунку, які патрэбны тым ці іншым партыям і класам.
Таму чалавек, які хоча заставацца свабодна думаючым, павінен, як мінімум, карыстацца рознымі крыніцамі інфармацыі.
Але за дзяржаўнымі СМІ не сачу, хоць лепей ведаць, пра што думае «той бок». Мне перашкаджае гідлівасць. Лічыце гэта маёй слабасцю. Незалежныя расійскія СМІ? Каб беларусы не глядзелі і не чыталі іх, ёсць два выйсця: альбо забараніць… альбо – зрабіць беларускія незалежныя СМІ больш прывабнымі, канкурэнтнымі.
Для сучаснай Беларусі, дзе з дапамогай дзяржаўных СМІ адбываецца абсалютная індактрынацыя грамадства – доступ грамадзян да незалежных нацыянальных медыя лічу неверагодна важным, які немагчыма перабольшыць.
Беларускія незалежныя медыя могуць знікнуць – калі знікнуць тыя, каму яны патрэбныя.
Прэс-клуб Беларусь
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт