Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Складаней ці прасцей рабіць кантэнт для дзяцей і з удзелам дзяцей? Што ўлічваць, працуючы з такой патрабавальнай аудыторыяй? Пра гэта напісала для нас калонку Наталля Бібікава, рэжысёр асноўнага дзіцячага беларускага кантэнта і мастацкі прадзюсар YouTube-канала BAYBUS. Папярэднюю калонку з парадамі ад Каці Барушкі – як працаваць з падлеткавай аудыторыяй – вы можаце пачытаць тут. А калі таксама захочаце падзяліцца з намі досведам і прапанаваць вашу калонку або тэкст, пішыце на press-club@solidarityby.eu.
– Раскажу вам казку пра тое, як чатыры чалавекі, узброеныя цеплынёй і шчырасцю, з павагай і адказнасцю да сваёй справы, да беларускай мовы, з націскам на якасць, на запыт ад нашых патэцыйных падпішчыкаў, стварылі месца, дзе іх, тых самых падпішчыкаў, маленькіх і дарослых жэўжыкаў, у першую чаргу, проста вельмі любяць.
– Усе чулі аб тым, што самае складанае ў здымках кіно – праца з жывёламі і дзецьмі. Або што ў тэатральным асяроддзі акцёраў ТЮГаў лічаць героямі сваёй прафесіі. І наогул, маўляў, жадаеце выпрабаваць свае межы цярпення і цягавітасці – папрацуйце з дзецьмі. Я не буду ганарліва заяўляць, што фі, глупства гэта ўсё.
Так, любая праца з дзецьмі гэта не проста і патрабуе ад цябе адказнасці і вытрымкі. Але для мяне гэта тое самае як быць мамай.
Ты стамляешся, ты вымотваешся, у цябе ў нейкія моманты сканчваюцца сілы, але тое бязмернае адчуванне адкрытага шчасця, любові без патрабаванняў і ўмоў, дасканалага даверу менавіта табе ў гэтым велізарным свеце – хто яшчэ можа падарыць?
Я працавала з дзецьмі не мала. Былі і цыклавыя тэлевізійныя праекты, і шмат разавых адмысловых. Я б не сказала, што дзіцячы кантэнт гэта складана, а які-небудзь сацыяльны, кулінарны, спартовы, культурны і іншыя – проста. Гэта проста розныя сферы, да кожнай патрэбен свой падыход і падрыхтоўка, вось і ўсё. У мяне ніколі не было перыяду, калі б я працавала, да прыкладу, толькі ў напрамку тэатра, мастацтва і культуры, заўсёды паралельна было што-небудзь зусім з іншага напрамку. Ты проста прафесійна падыходзіш да сваёй працы, і робіш тое, што неабходна ў гэты момант ад цябе, як ад спецыяліста ў сваёй галіне.
Вядома, ёсць тое, што я люблю больш за ўсё, і чаму прысвяціла большую частку свайго прафесійнага жыцця: тэатр, музыка, жывапіс, мастацтва ў цэлым. Я вельмі сумую па здымках аркестравых канцэртаў, спектакляў, выставак, мару аб праектах, звязаных з культурнымі падзеямі. Але я ўпэўнена, што ўсё гэта яшчэ вернецца ў маё жыццё.
Калі вы працуеце з дзецьмі ці плануеце ўключыць іх у кантэнт, важна ўлічваць некалькі ключавых аспектаў, каб працэс быў камфортным для ўсіх удзельнікаў і вынік — якасным.
Атмасфера на пляцоўцы.
Прыйдзецца папрацаваць без нерваў і стрэсаў. Уявіце сабе – гэта магчыма! Не прымушайце дзіця рабіць тое, што яму не падабаецца. Лепш за ўсё, калі працэс будзе ў гульнявой форме, але гэта такая відавочнасць, што мне нават няёмка пра гэта нагадваць.
Дакладнае планаванне здымак з улікам дзяцей на пляцоўцы.
Маляняты часта не могуць на доўга засяроджвацца або знаходзіцца ў нерухомасці. Плануйце здымкі так, каб іх працягласць была максімальна кароткай і інтэнсіўнай. Разбейце працэс на невялікія часткі, а перапынкі паміж здымкамі выкарыстоўвайце для адпачынку.
Будзьце гібкімі.
Дзеці могуць мець непрадказальны настрой, таму важна быць гнуткім і мець план Б. Калі адзін падыход не працуе, паспрабуйце іншы – магчыма, дзіця будзе лепш рэагаваць на розныя гульні, рэквізіт ці змены ў абстаноўцы.
Не прымушайце да чагосьці спецыяльнага.
Дзеці натуральна рухаюцца, маюць свае ўласныя паводзіны, міміку, рэакцыі. Карыстайцеся гэтым і паверце, вы толькі пераможыце.
Калі ствараць кантэнт для дзяцей, важна не перагружаць яго інфармацыяй і вобразамі, але і не забываць пра візуальную якасць. Мы шмат часу ўдзяляем анімацыі і малюнкам, каб усё было ярка і прывабна для маленькіх гледачоў.
Галоўная парада – заўсёды зважаць на тое, як дзіця ўспрымае візуальны кантэнт і ўключаць элементы, якія будуць яго захапляць.
Яшчэ адна асаблівасць – пастаянная неабходнасць быць у тэме і ў трэндзе, бо дзеці хутка губляюць цікавасць да таго, што не адпавядае іх чаканням. Напрыклад, пры стварэнні новага праекта ці серыі ролікаў, мы заўсёды ўлічваем актуальныя інтарэсы дзяцей, бо гэты свет змяняецца вельмі хутка. І калі яны бачаць нешта новае і цікавае, яны заўсёды будуць зацікаўлены ў далейшым праглядзе, навучанні, узаемадзеянні.
Асабіста мне вельмі дапамагае мой сын Максім. На момант стварэння Бэйбуса яму было 6 гадоў. Вось з яго ўражаннямі я і звяралася адпаведна ўзросту. Дый проста – назіраеш за дзецьмі сяброў, на дзіцячых пляцоўках, нават у крамах. Ўсё бачна і зразумела: 4-гадовых малых займае зараз гэта, а хлопчыкам і дзяўчынкам 8-9 гадоў падавай тое.
У кастрычніку YouTube каналу BAYBUS споўнілася 3 гады. У 2021-м годзе мы сціпла стартавалі, і проста неверагодна, што існуем да гэтага часу, і штотыдзень выдаем новы матэрыял. Для кожнага з нашай маленькай каманды гэта ўжо нешта вельмі асабістае і роднае. Бо вельмі шмат было ўкладзена намаганняў, пражыта неверагодных гісторый, зроблена шчырай валанцёрскай працы.
Самае першае ўаў-ўражанне ад праекту было на самым пачатку, калі мы абвясцілі конкурс на малюнак выявы Бэйбуса. І ад дзетак беларусаў прыйшло больш за 300 лістоў з ўсяго свету: з Амерыкі, Канады, Англіі, Польшчы, Аўстрыі, Грузіі, Італіі…І вось як проста абвясціць пераможцу, а астатніх пакінуць ні з чым?
Я раздрукавала больш за 300 паштовак з фота Маляваныча, і мы сядзелі на кухні кватэры Аляксандра Ждановіча ў Мінску, і падпісывалі кожнаму дзіцёнку паіменна падзяку за яго малюнак. І гэта вельмі дзіўнае пачуццё, калі ты запіхваеш у паштовую скрыню такую колькасць канвертаў, на якіх адрасы на ўвесь свет.
Наша аўдыторыя: хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўросце ад 1 да 12 гадоў, які знаходзяцца ў Беларусі і па за яе межамі. Галоўная мэта была вельмі простая – стварыць месца, дзе дзеці маглі б адчуваць сябе камфортна і вольна, дзе яны маглі б вучыцца, гуляць і развівацца на беларускай мове.
Але ў той жа час мы хацелі, каб гэты кантэнт быў цікавы і для дарослых, бо менавіта бацькі часта вырашаюць, што глядзяць іх дзеці. Ідэя канала прыйшла з адчування недахопу сапраўды беларускамоўнага кантэнту для дзяцей. Мы хочам, каб бацькі і выхавальнікі мелі доступ да якасных матэрыялаў, якія развіваюць, але і захоўваюць нашу нацыянальную ідэнтычнасць.
За 3 гады існавання канала мы ажыццявілі запуск 8 цыклавых праектаў. «Казкі з Маляванычам», відэаальбом мультвершаў паэта Андрэя Скурко «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў», комікс-серыял «Асцярожна, Дзеці!», мультсерыял «Прызма часу», ролікі для самых маленькіх «Бэйбус Малянятам», мультсерыял «Няскайпа», адукацыйна-пазнавальныя ролікі ў TikTok «Цікавінкі ад Маляваныча», гульнявы і адукацыйны праект «Вясёлы садок». І з кожным праектам звязана шмат асабістых і цёплых гісторый.
З «Казкамі з Маляванычам» усё зразумела: Аляксандр Ждановіч – беларускі актор, я ўсё жыццё працавала з беларускімі тэатрамі і акторамі, вельмі добра ведаю Сашу, ведаю які ён неверагодна шчыры, выхаваны, адкрыты і таленавіты чалавек.
Мне падаецца што тое, як да яго цягнуцца дзеці, як любяць яго і гатовыя слухаць – гаворыць аб ім шмат чаго.
Як пілотны праект, казкі з’явіліся падчас Калядных святаў у снежні 2020 года на канале Беларускай Рады культуры. З адкрыццём Бэйбуса Маляваныч пераехаў на гэты канал, і ролікі сталі выходзіць рэгулярна, кожны тыдзень з анімацыяй у выкананні Андруся Такінданга. Мы пачалі ў Мінску. Потым, так склалася, што і Аляксандр, і я з сям’ёй пераехалі ў Тбілісі, і 2 гады здымалі там з грузінскімі прыгодамі па пошуках лакацый. У Тбілісі запусцілі і Цікавінкі. І нават зладзілі спектакль «Батлейка-Шагал», які, дарэчы, перш за ўсё для дарослых, але магія Маляваныча робіць сваё, і малыя як зачараваныя сядзяць і слухаюць разважанні на вельмі сур’ёзныя тэмы. Зараз вось абодва ў Варшаве і вельмі спадзяемся, што хутка запусцім новы сезон «Казак».
Тым, хто збіраецца ўпершыню пазнаёміцца з нашым каналам, я б вельмі раіла звярнуць увагу на мультсерыял «Прызма часу». Гэта абсалютна арыгінальны матэрыял аб гісторыі нашай краіны, які пададзены ў вельмі цікавай і захапляльнай форме – праз прыгоды і фантастыку. І гісторыя стварэння гэтага праекту таксама вельмі блізкая нашай камандзе, бо гэта быў момант яднання столькіх людзей адначасова, і тых хто дома ў Беларусі, і тых, хто быў вымушаны з’ехаць. Сядзелі і стваралі разам мульцік аб гісторыі нашай краіны. Пакуль што мы маем толькі 3 эпізоды. І, на жаль, цяпер нас звязвае яшчэ і агульны сум, бо адзін з актораў, якія агучвалі праект, пайшоў з жыцця. Гэта заслужаны актор Рэспублікі Беларусь Георгі Маляўскі. Ягоным голасам гаварыў у нашым серыяле разумны сабачка Бадзі.
Вельмі дарагая майму сэрцу старонка нашага канала для самых-самых маленькіх жэўжыкаў – ад 0 да 3, «Бэйбус Малянятам». Мы распрацоўвалі яе, абапіраючыся на свой досвед бацькоў. Я, наш прадзюсар Яўген Шапчыц, нашыя сябры з малымі дзеткамі дасканала ўспаміналі і абмяркоўвалі, што зачароўвала нашых дзяцей у такім узросце. Нават зладзілі фокус-групу з тых самых малянятаў. А мой сын Максім прыняў удзел у крэатыўным штурме ідэі і агучцы застаўкі для праекта.
Пра мультвершы Андрэя Скурко я магу гаварыць бясконца. Для мяне гэта самы кранальны і важны праект. Гэта відэазборнік вершаў паэта, рэдактара і палітвязня Андрэя Скурко, якія ён пісаў за кратамі для свайго маленькага сына Тамашыка. Мы прыдумалі фармат, якога, здаецца, раней ніколі не было – адаптавалі вершы пад яскравыя анімаваныя ілюстрацыі, агучаныя галасамі беларускіх артыстаў.
Усяго аўдыёкніга ўмясціла 65 твораў для маленькіх і сівенькіх. І рабіліся яны тады літаральна адзін за адным. З’яўляўся новы верш Андрэя, мы хуценька беглі на студыю, агучвалі, адмалёўвалі і аніміравалі. А агучвалі іх і народныя артысты Беларусі, і маладыя акторы, якія на той час згубілі працу пасля рэпрэсій.
Ніколі не забуду, як сядзім у студыі з Зояй Валянцінаўнай Белахвосцік, і яна ніяк не можа запісаць верш «Ліст мядзведзю піша мыш», бо пачынае плакаць падчас агучкі.
Ці гісторыя з народным артыстам Беларусі Аляксадрам Падабедам, які адказваўся браць грошы за агучку. А як было пісаць і манціраваць вершы ў выкананні Віктара Манаева! Ён стварыў такія вобразы ў вершах, што маленькія, адзін раз паслухаўшы, толькі так гэтыя вершыкі і пераказваюць, з ягонымі інтанацыямі.
Мы зрабілі не толькі класны кантэнт, але і насамрэч падтрымалі Андрэя і яго сям’ю. І марылі, як Андрэй Скурко выйдзе, і як паглядзіць гэтыя мульцікі на свае вершы!!! І ён выйшаў, і паглядзеў… І ў гэтым месцы ўспамінаў я заўсёды плачу.
А не так даўно мы запусцілі сумесна з выдавецтвам Гутэнберг і з Кніжным Возам, серыю мультвершаў па кнізе «Хто жыве ў гаражы». І грошы на гэты зборнік даў проста адзін класны хлопец, не банкір, не бізнэсмен, наколькі я ведаю, айцішнік, беларус, які жыве ў Грузіі. Ён пажадаў зрабіць такі вось унёсак.
У працы з дзецьмі вельмі важна стварыць з імі сувязь праз эмоцыі, праз шчырасць. Глядзіце, яны маленькія, і ўсё вакол для іх дзіўна, невядома, незвычайна, крыху страшна, яшчэ не зусім зразумела і ўсё ж такі цікава. Амаль па-даросламу, але з непараўнальнай дзіцячай непасрэднасцю, з жаданнем слухаць і глядзець, вучыцца і шукаць адказы на пытанні, знаходзіць сяброў, тварыць, радавацца, гарэзнічаць. У самым пачатку доўгага шляху да ведаў, да адказнасці, да самога сябе. Маленькія даследчыкі, адкрытыя, шчырыя, з безліччу думак аб тым, што было ўчора, што будзе заўтра, а галоўнае, што адбываецца зараз.
Такім мы ўяўляем сабе погляд на свет нашых маленькіх сяброў, нашых падпісчыкаў. І ад усяго сэрца мы імкнемся падтрымаць іх у жаданні пазнаць і зразумець жыццё.
Кожнай сваёй працай заклікаем іх не стамляццца задаваць пытанні, не баяцца няўдач, і ведаць, што тут іх заўсёды падтрымаюць, тут падораць веды, навучаць быць добрымі, добрымі і вольнымі людзьмі.
Я ведаю галоўнае – мы стараемся, мы не спыняемся, мы пастаянна шукаем магчымасці працягваць працу, і робім яе якасна і з вялікай цеплынёй. Мы сочым за трэндамі дзіцячага кантэнту, генерыруем новыя ідэі і, вядома, шукаем падтрымкі, каб працягваць. І мне падаецца, што мы робім добрую карысную справу, якая таксама развіццю беларускіх дзяцей у правільным накірунку, праз мову, праз нашую гісторыю, праз тое, што іх любяць, аб іх клапоцяцца і робяць усё, каб яны раслі з адчуваннем годнасці і волі.
Наталля Бібікава, для Прэс-клуба Беларусь
Перадрук толькі з дазволу рэдакцыі
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт