Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Беларуская аналітычная майстэрня і Belarus Podcast Hub правялі сацыялагічнае даследаванне летам 2023 года, каб высветліць – як беларусы слухаюць падкасты. І выявілася, што гэты фармат даволі папулярны. Вынікі атрымаліся даволі цікавыя.
Пачытайце тэзісы і рэлевантныя назіранні. А цалкам метадалогію і вынікі даследавання пра беларускую аўдыторыю падкастаў знойдзеце на сайце Belarus Podcast Hub.
Падкасты – даволі папулярны фармат: 47% апытаных слухалі хаця б адзін падкаст менш месяца назад. Партрэт таго, хто слухае падкасты рэгулярна (то бок хаця б раз на тыдзень), прыкладна такі: гэта мужчына ці жанчына (дарэчы, істотных гендарных адрозненняў у слухачоў падкастаў не знайшлося) ад 25 да 44 гадоў, сярэдняга дастатку, які ці якая працуе поўны працоўны дзень і (з вялікай доляй верагоднасці) знаходзіцца ў шлюбе. Калі глядзець па рэгіёнах, то трошкі большая колькасць аматараў падкастаў жыве ў Мінску, а таксама Гродзенскай і Брэсцкай вобласцях.
Беларусы, якія слухаюць падкасты, часцей робяць гэта рэгулярным заняткам: 70% слухаюць падкасты хаця б раз на тыдзень, хутчэй за ўсё ўвечары (67%), дома (78%), некаторыя – у транспарце (25%) і ў аўтамабілі (21%). Іншыя папулярныя адказы: на адпачынку, у падарожжы, падчас шпацыру і нават на працы.
Прадказальна: 99% рэспандэнтаў слухаюць падкасты на рускай мове (99%). А вось дзіўным падалося тое, што англійская і беларуская мовы маюць амаль аднолькавыя лічбы: 17% і 12% адпаведна. Англійскамоўныя падкасты нават больш папулярныя ў суайчыннікаў.
Магчыма, менавіта папулярнасць рускай мовы вядзе да таго, што на беларускім рынку сэрвісаў доступу да падкастаў вядучае месца займае стрымінг-платформа «Яндекс.Музыка», у яе аж 75%. Далей ідуць: Spotify – 22% рэспандэнтаў, Google Podcasts – 13%.
30% тых, хто слухае падкасты рэгулярна, адказалі, што слухаюць хаця б адзін са спісу найбольш папулярных беларускіх падкастаў. Але ў большасці выпадкаў, беларускае – гэта часцей за ўсё «сур’ёзныя тэмы»: навіны, гісторыя, палітыка, эканоміка. Гэта ў пераважнай большасці не забаўляльны кантэнт, часцей – нешта балючае, цяжкае, складанае. Беларускія падкасты слухачам бачацца занадта сурʼёзнымі, часта – палітызаванымі. Яны мала падыходзяць для адпачынку, а між тым, 46% слухачоў адзначылі, што выбіраюць падкасты, каб расслабіцца і атрымаць нейкі пазітыў.
Найбольш прывабнымі тэмамі беларускія слухачы лічаць: музыку (46%), гумар (42%), кіно (25%), псіхалогію (21%) і здароўе (19%).
Зыходзячы з гэтых дадзеных, лагічным з’яўляецца стварэнне беларускага кантэнту, які б адпавядаў запыту аўдыторыі. Менавіта забаўляльныя, лёгкія тэмы – самаразвіццё, здароўе, гумар і іншыя – запатрабаваныя слухачамі. І калі такіх тэм у беларускай медыяпрасторы будзе больш – гэта можа змяніць сітуацыю, бо асноўная праблема на сённяшні дзень у тым, што беларускія падкасты не часта трапляюць у кола інтарэсаў шырокай аўдыторыі. І вельмі шкада, што у Беларусі такі даволі папулярны фармат пакуль што не працуе на поўную моц.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт