Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Што рабіць, а што не трэба, калі вы запускаеце краўдфандынг для медыяпраекта? Пра гэта і не толькі падчас сустрэчы ў Прэс-клубе Беларусь расказаў вядомы польскі журналіст і падкасцер Дарыюш Росяк.
Кратко
Дарыюш Росяк (Dariusz Rosiak) – польскі журналіст, творца і вядоўца падкасту «Рапарт пра стан свету» (Raport o stanie świata). Цягам 15 гадоў – да 2020 года – ён супрацоўнічаў з Польскім радыё, але потым радыёстанцыя з палітычных матываў вырашыла не падаўжаць з ім дамову. Пасля заканчэння супрацы з радыё Дарыюш Росяк абвесціў пра запуск уласнага падкасту і збор сродкаў на платформе Patronite. Сёння яго падкаст – сярод самых папулярных у Польшчы, штомесяц прыцягвае каля 100 000 злотых (каля 22 тысяч долараў ЗША) данатаў ад аўдыторыі.
Сустрэчу правёў Зміцер Ягораў – былы журналіст, кіраўнік фірмы Wigor, якая спецыялізуецца на адукацыі медыйшчыкаў і кансалтынгу пры арганізацыі краўдфандынгавых кампаній.
Спачатку я меў да краўдфандынгу вельмі насцярожаны падыход. Мне здавалася неяк няёмка звяртацца да людзей па грошы. Але мяне пераканаў мой калега. Вельмі хутка высветлілася, што гэта было вельмі добрае рашэнне.
Я дакладна не памятаю, але на пачатку мы атрымалі недзе каля 25 тысяч злотых (каля 5 600 долараў ЗША). Гэта вельмі шмат грошаў і на сённяшні дзень. І гэтая сума стала расце.
Не хачу, каб гэта гучала неяк эмацыйна ці сентыментальна, але можна сказаць, што гэта найбольш моцнае прафесійнае ўражанне ў маім жыцці. Я праверыў сябе вельмі простым чынам. Звярнуўся да людзей і сказаў: «Калі хочаце, каб я далей рабіў сваю праграму, можаце мяне падтрымаць».
На сённяшні дзень больш за 6,5 тысяч чалавек плацяць грошы, каб мы маглі працаваць.
Дайсці да аўдыторыі атрымалася праз сацыяльныя сеткі. У мяне ёсць профіль у Facebook ды Instagram. У першую чаргу я выкарыстоўваў рознага тыпу акцыі ў Facebook. Праграма таксама мае сваю Facebook-старонку.
Спачатку кожны дзень даводзілася шмат гадзін пісаць пасты, адказваць на лісты, рабіць праграму. На дадзены момант, дзякуючы таму, што мы маем сродкі, я магу наймаць людзей, якія гэтым займаюцца. А я магу засяроджвацца выключна на праграме.
З сабраных краўдфандынгам грошаў Дарыюш аплочвае працу шасці журналістаў, якія супрацоўнічаюць з праектам.
— Мы абсалютна незалежныя. Мы не мусім нікому тлумачыць, чаму распавядаем пра Паўднёвы Судан, напрыклад. Відаць, гэта мара кожнага журналіста, каб нікому не тлумачыць важнасць таго, што для цябе зразумелае, тады як рэдактару гэта здаецца зусім не маючым ніякага сэнсу. Мы робім тое, што лічым слушным, патрэбным, і па сённяшні дзень гэта ідэя здала іспыт.
Мы імкнемся не эканоміць на праграме. У тым годзе ў нас было некалькі замежных паездак. У наступным годзе, думаю, будзем яшчэ больш ездзіць за мяжу і расказваць пра свет з розных месцаў. Калі лічым патрэбным, што трэба ехаць, – то сядаем і едзем, нікому нічога не тлумачым.
Мы адразу ведалі, што будзем выдаваць чатыры праграмы на месяц. Наш праект увесь час развіваецца, атрымлівае новыя формы, новую аўдыторыю. Замест 45 хвілін, як некалі на радыё, праграма доўжыцца амаль 2 гадзіны. Часам нават дзве з паловай. Гэта вельмі доўгая праграма, але яе можна слухаць так, як хочаце, – яна падзеленая на фрагменты.
Краўдфандынг для беларускіх медыя. Парады Зміцера Ягорава і спіс карысных пляцовак
Калісьці я думаў, што людзі не цікавяцца замежжам. Падавалася, што аўдыторыя маёй праграмы можа быць як тыраж Tygodnik Powszechny [польскага штотыднёвіка], які складае каля 20 тысяч асобнікаў. І мне здавалася, што гэта мая аўдыторыя, якая цікавіцца такім паглыбленым кантэкстам, датычным міжнародных спраў. Гэта няпраўда. Такіх людзей нашмат больш!
Сёння вялікую праграму слухаюць каля 125 тысяч карыстальнікаў. Калі пачалася вайна ва Украіне, колькасць слухачоў даходзіла да 200 тысяч. Гэта значная лічба. Статыстыка паказвае, што каля ⅔ карыстальнікаў слухаюць праграму да канца. Гэта таксама не мала. Зразумела, што магло быць і лепш, і больш. Але гэта міжнародная тэматыка. Я не чакаю, што яе будуць слухаць 5 мільёнаў чалавек. Няма такой магчымасці. Ёсць абмежаванне польскай мовай, ёсць абмежаванне зацікаўленасцю людзей, тэхналогіямі. У радыйнай праграме нашмат больш слухачоў.
Першая заўвага з майго боку – я не спецыяліст, хаця да мяне прыходзяць людзі і пытаюцца, як дасягнуць такога поспеху. Я веру ў тое, што ў нас гэта атрымалася таму, што мы робім вельмі якасную праграму. Няма доказаў таму, што гэта інакш.
Што не варта рабіць – не варта прасіць грошаў. Ніхто не любіць, калі нехта да цябе чапляецца на вуліцы і просіць у цябе грошы. Мы адчуваем сябе няёмка, нават калі мы хочам дапамагчы. Лепш, каб вы самі выходзілі з ініцыятывай, чым нехта вас браў за руку і прасіў 5 злотых на бутэрброд.
Трэба запрапанаваць тое, што ў вас ёсць, і расказаць гэта такім чынам, каб гэта было цікава і прыцягальна для людзей. Няма агульных прынцыпаў, як заахвоціць людзей. Кожны мусіць сам знайсці свой рэцэпт. Важна, каб у вас адразу ўжо было нешта гатовае – тое, на што вы хочаце знайсці падтрымку.
Трэба камунікаваць з людзьмі. Патлумачыць – тое, што яны робяць, – важна для цябе. Трэба казаць так, як ёсць. Калі для цябе гэта важна па нейкай прычыне, гэтую прычыну трэба назваць, сфармуляваць, каб яна была зразумелая для карыстальніка, для слухача, каб ён ведаў, чаму ты гэта робіш. Калі цябе ўжо падтрымліваюць, то значыць гэты чалавек шануе тваю працу.
І яшчэ – не абяцайце нешта невядомае і недасяжнае, не прыдумляйце нешта неверагоднае.
Калісьці адна з маіх калег змусіла мяне сфармуляваць мэты праграмы:
І тут я падкрэсліваю – дастатковая колькасць грошаў. Не самая вялікая. Я вельмі ўдзячны тым, хто дае больш сродкаў. Але для нас таксама важныя некалькі тысяч людзей, якія плацяць нам невялікія грошы: па 5-10 злотых (1-2 долара ЗША).
Фактычна кожны тыдзень я атрымліваю прапановы, каб рабіць падкасты, замовы пад брэндам «Рапарту». Але наш брэнд недаступны для камерцыі. Рэкламы ў праекце няма і не будзе. Гэта прынцып. Праграма будзе адкрытай для слухачоў і закрытай для аддзелаў маркетынгу фірмаў.
Падрыхтавана Прэс-клубам Беларусь
Фота на вокладцы: Прэс-клуб Беларусь
Мы дазваляем поўны ці частковы перадрук нашых матэрыялаў.
Абавязкова актыўная прамая гіперспасылка на старонку-арыгінал публікацыі. Гэта спасылка павінна размяшчацца ў пачатку перадрукаванага матэрыялу, у лідзе ці ў першым абзацы.
Пры перадруку, поўным або частковым, забаронены любыя змены тэкстаў, загалоўкаў, фатаграфій (калі яны аўтарскія).
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт