Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Гэтым разам не пра працу распавядаюць беларускія падкастары. Сапраўдная готыка, старажытныя могілкі і краявіды замест Дудзя на Youtube. Бонусам – велізарны спіс годных беларускіх і іншых падкастаў. Калі жадаеце далучыцца да серыі – пішыце на press-club@solidarityby.eu.
У мяне ёсць адна вельмі шкодная рыса – я раблю са сваіх хобі працу, прычым ненаўмысна. Калісці мне было цікава чытаць пра беларускі эратычны фальклор. Я зрабіла пра гэта падкаст і гэта стала маёй працай. Потым мне было цікава чытаць пра ўрбаністыку і я зрабіла падкаст пра ўрбаністыку – цяпер гэта мая праца. Мне яна падабаецца, але не застаецца спосабаў бавіць свой вольны час.
Я дагэтуль не навучылася мастацтву work life balance. Калі ў мяне здараецца выгаранне, дэпрэсіўны эпізод, тэмпература трыццаць восем, ці нешта яшчэ, то дапамагае мне не працаваць прагляд сіткомаў.
Калі раптам ёсць і рэсурс, і вольны час – я люблю чытаць.
У пэўны час я вельмі любіла кніжкі па беларускім фальклоры і запойна чытала беларускія легенды, асабліва з той мясцовасці, адкуль я. Але потым зразумела, што трэба пераключацца ад тэмы беларушчыны, таму што калі ты пішаш пра беларускую культуру і чытаеш пра беларускую культуру ў вольны час, наступае перадазоўка.
Люблю ангельскія гатычныя раманы, і не толькі ангельскія. Але сапраўдная готыка – гэта Англія. І яшчэ люблю кельтскі фальклор. Не тое, каб я яго неяк прафесійна разбірала, але навукова-папулярныя артыкулы па-ангельску пра фэйры люблю пачытаць. Гэта не феі з діснееўскіх мульцікаў, гэта нашмат больш страшныя пачвары.
Вельмі падабаюцца гатычныя раманы, такія як «Джэйн Эйр», «Рэбека», «Навальнічны перавал». Але больш за ўсё люблю кніжку «Манах» Мэцью Грэгары Льюіса. І хаця гэта жанравая літаратура, яна месцамі напісана так, што ты чытаеш і думаеш: «Чувак, навошта гэтыя складаныя абароты? Людзі так не размаўляюць, куды столькі пафаса?». Але я яе вельмі люблю, там пра каталіцкую царкву, пра манаха, які спачатку падаецца амаль святым, а потым аказваецца, што гэта ня так, пра сексуальныя стасункі ўнутры кляштараў, пра замкі і падзямеллі – я гэта абажаю.
Люблю хадзіць у тэатр. Люблю сядзець у кавярні і размаўляць з сяброўкамі.
Наконт Youtube-праектаў – я вельмі люблю шоу «о(б)суждаем» з Іванам Прусам і Глебам Сямёнавым. Гэта найлепшае шоу, абмеркаванне ўсякіх медыйных кейсаў у беларускай інфапрасторы. На гэта вельмі цікава глядзець.
Яшчэ люблю фільмы пра злодзеяў, пра бандытаў. Гэта «Леон» Люка Бесона, «Крымінальнае чытво» Таранціна, «Сара» Мацея Шлесіцкага (польскі фільм 1996 года). Гэта сацыяльныя драмы, звязаныя з крыміналам. Але не тое, каб я нешта разумела ў кінематографе, я больш па кніжках.
Каб кудысьці вандраваць, мне шкада грошай. Я два гады пражыла ў Вільні і за гэты час была ў Варшаве, Беластоку, Рызе – у той час, як усе ездзілі ў Швецыю як да сябе да хаты. Так што вандроўніца з мяне аніякая.
Працягваючы тэму гатычных раманаў. Вельмі люблю хадзіць на могілкі. Калі апынаюся ў нейкім горадзе, файна паглядзець стары горад, цэнтр, але самае цікавае – могілкі! Па-першае – гэта прыгожа. Па-другое, гэта такі зрэз грамадства, файны антрапалагічны матэрыял.
У мяне, дарэчы, быў выпуск падкаста пра могілкі, як шмат яны значаць у горадзе і як характарызуюць нашую культуру. І канешне, я больш люблю старыя могілкі – яны ўсе такія прыгожыя. Але ў прынцыпе і сучасныя могілкі падыходзяць – паглядзець, як цяпер выглядае культура пахавання. На ўсе віленскія могілкі варта хадзіць, але асабліва раю Роскія і Бернардзінскія. Была ў Варшаве на Павонзках – таксама файна. Але найлепшыя – старыя каталіцкія могілкі ў Гродна.
Люблю засоўваць слухаўкі ў вушы і хадзіць па свайму спальнаму раёнчыку, глядзець на мясцовую архітэктуру 70-х гадоў і слухаць падкасты. Слухаю дахалеры ўсякіх падкастаў, люблю «Вясна прыйдзе» – гэта мабыць мой самы любімы падкаст, лепшы на мой погляд з беларускамоўных. Таксама люблю Serial, з яго ўвогуле пачаліся падкасты. Я люблю польскі падкаст Śledstwo pisma – гэта лепшы трукрайм-падкаст з усяго, што я чула.
Паколькі праца адбываецца ў лэптопе і смартфоне, то самы якасны адпачынак для мяне – пабыць без іх. Або хаця б без сацсетак. У гэтым мне выдатна дапамагае звычка шмат гуляць пешшу. Я гуляю пры любым надвор’і і выдаткую на гэта час, нават калі яго нібыта няма. Даследую пешшу новыя гарады і знаходжу новае ў горадзе, дзе жыву. Не прапускаю магчымасці гуляць бліжэй да прыроды: паслухаць раку, пагладзіць луску хвоі, падабраць каштан, паназіраць за качкамі.
Калі мозг зусім перагрэўся, дапамагае практыка «гуляеш і апісваеш словамі ў сваёй галаве ўсё, што бачыш: пахі, гукі, тэмпературу, прыдумляеш біяграфіі мінакам і імёны чужым сабакам».
Часам шпацырую з падкастамі ў вушах. Падкаст можа быць пра што заўгодна. Галоўнае, каб яго аўтары былі захопленыя тым, пра што распавядаюць. Напрыклад, я не заўсёды слухаю музыку, якую абмяркоўваюць у «Альбомах по пятницам», і не заўсёды чытаю кнігі, якія рэкамендуе вядучая Наста ў «Белліт», але не прапускаю ніводнага выпуску гэтых шоу, бо слухаць захопленых людзей — чыстае задавальненне.
Мне даспадобы сторытэлінг і гумар падкаста пра культавую музыку «Батин патефон»; падабаецца, як у «Закате империи» нудныя радкі з падручнікаў гісторыі ператвараюцца ў дэтэктыўныя, драматычныя, авантурныя гісторыі; захапляюся журналісцкім прафесіяналізмам стваральніц аўдыясерыяла пра харасмент «Мне за это ничего не будет» (таксама іх работа — «Ученицы»).
Мастацкая літаратура, з аднаго боку, замяняе мне медытацыю і дапамагае вярнуць здольнасць да канцэнтрацыі, а з другога — дазваляе пражыць шмат іншых жыццяў, у розных рэальнасцях, эпохах і абставінах, прымерыць чужыя красоўкі і чужы погляд на свет.
Добры эфект назіраю ад таго, што спрабую розныя фарматы. Я і рандомна чытаю, што трапляецца пад руку (убачыла на паліцы ў сяброўкі ці спадабалася вокладка ў краме); і бяру нешта, цікавае па тэме, ці ўлюбёных аўтараў; сачу за навінкамі беларускіх выдавецтваў; падглядаю за рэкамендацыямі ў інстаграм «Экслібрыс»; хаджу са знаёмымі ў кавярню на «кніжны клуб».
Чытаю папяровыя кнігі і электронныя, слухаю аўдыёкніжкі, чытаю на розных мовах, хачу навучыцца чытаць па-літоўску і па-польску. Бо гэта ўсё — ключы да новых сусветаў, і мне цікава, што я ў іх знайду. Пры гэтым не адчуваю FoMО (сіндром страчанай выгады – прым.). У мяне няма імкнення угнацца за ўсім новым. Нешта глыбокае накшталт «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец я магу перачытаць без шкадавання аб патрачаным часе.
З апошняга прачытанага спадабаліся: «Замі: як па-новаму пісаць мае імя» Одры Лорд, «неапалітанскі квартэт», які складаецца з чатырох раманаў Элены Ферантэ, «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» Сяргея Пясецкага, «Плошча Перамогі» Альгерда Бахарэвіча.
Я люблю хадзіць у кіно і піць там піва. І люблю анлайн-кінафестывалі. Магу глядзець рознае кіно, але больш за ўсё люблю гісторыі людзей, якія нечым шчыра захопленыя і ў нечым таленавітыя.
Гляджу фестываль «Паўночнае ззянне», пасля яго будзе ўкраінскі фестываль «Фільма» — абавязкова пагляджу ўсю праграму. Калі нічога новага не паказваюць, то з задавальненнем смакую фільмаграфію Акі Каурысмякі — яго кіно заўсёды чалавечнае, добрае і з далікатным гумарам, чаго ў нашыя часы асабліва бракуе.
Мне даводзіцца займацца рознай працай: ад рэдагавання тэкстаў і вярстання радыйнай сеткі да стварэння саўнддызайна для падкастаў і кіно і падрыхтоўкі да дыджэйскіх выступаў. Гэта дазваляе пастаянна пераключацца, і быццам бы з наступнай працай адпачываеш ад папярэдняй. Але ўсё роўна ўвесь дзень сядзіш за лэптопам.
Ад гэтага мяне ратуюць ровар і дачка. Цяпер я жыву ў Гданьску, а тут у ваколіцах проста неверагодныя абшары для малых роварных экспедыцый: пярэспы, марэны, дзюны – гэта толькі некалькі прычын выбрацца ў шпацыр на колах.
Дачка гэта другі чыннік, які не дазваляе закаркоўвацца працоўным клапанам: пайграць у даганялкі, памаляваць або зляпіць на вуліцы снегавіка. А ў выхадныя спакуса папрацаваць лёгка выціскаецца сямейнай паездкай на мора альбо паходам у дзіцячы цэнтр.
Кнігі чытаю пастаянна, але з рознай інтэнсіўнасцю. Рэдка гэта прафесійная літаратура, бо для мяне кнігі – гэта таксама спосаб пераключыцца і адпачыць. Пэўных пераваг у жанрах не маю: люблю, калі задавальненне атрымліваеш ад самога стылю пісьма. Таму Рэмарк, Хэмінгуэй, Даўлатаў – лайк! Цяпер чытаю «Пана Тадэвуша» Міцкевіча, пачаў чытаць па-польску, але nie zdążyłem (не успел), перайшоў на беларускую. Там ёсць такія апісанні прыроды, што хоць у мастацкім музеі выстаўляй.
Што я раю пачытаць? Не так даўно мне задаваў гэтае пытанне невялічкі літаратурны блог «Экслібрыс», які вядзе журналістка і фатографка Віялета Саўчыц. Дзялюся сваімі парадамі.
Візуальнай культуры спажываю мала. Люблю фільмы пра падарожжы ў часе, асабліва тыя, якія закручваюць свядомасць у ленту Мёбіуса. Напрыклад, нямецкі серыял Dark дзейнічае, як моцныя транквілізатары, ідэальна для апошніх месяцаў года. Светлы прыклад: Dirk Gently’s Holistic Detective Agency. Фільм, ад якога пачынаеш заўважаць цуды вакол сябе.
Вандроўкі люблю, і здараюцца яны даволі рэгулярна. З апошніх уражанняў – нядаўняя паездка ў адну з найвялікшых у свеце агламерацый Рэйн-Рур. Па-першае, я прызвычаіўся да таго, што Еўропа больш-менш пернікавая, а тут сапраўдны стымпанк з неагатычным цагляным індастрыялам. Па-другое, бясконцая гарадская прастора стварае ўражанне постапакаліптычнай утопіі, дзе пралетарыят – гэта безальтэрнатыўны выбар жыцця. Недарма тут вынаходзілі сваю тэорыю Маркс і Энгельс.
Для мяне самае галоўнае ў work-life balance – рабіць што заўгодна, але не працаваць на выходных. Яшчэ б перастаць па вечарах і начах – не жыццё было б, а казка!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт