«Няма прымусу падтрымліваць Зяленскага». Яўген Глібавіцкі – пра працу ўкраінскіх медыя падчас вайны

Якія абмежаванні ёсць у працы журналістаў падчас вайны? Які эфект дае адключэнне расійскай прапаганды? Калі настане час развітацца з вяшчальным тэлебачаннем? На пытанні галоўнай рэдактаркі Media IQ Надзеі Белахвосцік адказвае Яўген Глібавіцкі – украінскі аналітык, эксперт па доўгатэрміновых стратэгіях. Мы сабралі галоўныя моманты размовы, якія тычацца працы медыя.

«Няма прымусу падтрымліваць Зяленскага». Яўген Глібавіцкі – пра працу ўкраінскіх медыя падчас вайны
Скрыншот з відэа Media IQ

Абуджэнне грамадства падчас вайны

Размовы аб тым, што будзе пасля заканчэння вайны з краінай і грамадствам, дапамагаюць хутчэй скончыць вайну. Гэта дапамагае іншым бакам зарыентавацца, як яны павінны падрыхтавацца да перыяду, які прыйдзе пасля вайны.

У першы год вайны ўсе працэсы вельмі паскорыліся. Практычна ўсё грамадства прачнулася. Трэнды на аднаўленне гістарычнай памяці, абуджэнне самасвядомасці, з’ўленне новай палітычнай суб’ектнасці сталі праяўляцца нашмат выразней, сталі бачнымі. Каб зразумець, што нешта змянілася, можна выйсці на вуліцу, паразмаўляць з людзьмі і пабачыць, як яны сябе паводзяць.

Інфармацыйная атрута грамадства

Адключэнне ва Украіне [з 2017 года] Yandex, «ВКонтакте», расійскіх тэлеканалаў сыграла вялікую ролю. Бо гэта не СМІ. Гэта каналы пастаўкі яду, там няма праўды. Там няма таго, што мы лічым каштоўнасцю ў журналістыцы. Гэтыя сродкі прапаганды не маюць права знаходзіцца ў тых жа ўмовах і на тых жа правах, як і СМІ.

Тое, што Украіна выключыла расійскія СМІ, вельмі моцна дапамагло панізіць узровень інфармацыйнай атруты грамадства. Гэта дало магчымасць грамадству праз некаторы час апрытомнець. Мы таксама бачым гэта на вызваленых тэрыторыях. Мінае некалькі тыдняў, і людзі, якія маюць доступ да плюралістычных украінскіх медыя, зусім па-іншаму ацэньваюць тое, што адбываецца навокал.

Украіна ніколі не працавала так, як працавала Расія. Ва Украіне няма аднаасобніцтва, няма адзінага цэнтру прыняцця рашэнняў. Няма адзінага цэнтру, які расказвае, што правільна, а што не. Нават у тых зонах, дзе няма свабоды слова, усё роўна захоўваецца плюралістычнасць розных меркаванняў і падыходаў.

Асноўны сродак атрымання інфармацыі

Роля незалежных медыя падчас вайны засталася такой, як была да вайны. Тэлевізійны рынак фактычна быў аб’яднаны ў адзіную сістэму вяшчання, так званыя «Адзіныя навіны» і марафон. Там роля дзяржавы ўзрасла, і гэта таксама наследак, з якім у будучыні прыйдзецца змагацца. Сістэма не закранула радыёэфір і інтэрнэт.

Інтэрнэт з’яўляецца самым галоўным сродкам данясення інфармацыі. Тое, што адбылося за гэтыя 11-12 месяцаў вайны – неверагодны тэхналагічны скачок. Смартфон ператварыўся ў асноўны сродак атрымання інфармацыі. Першае, што аднаўляецца – гэта сістэма мабільнага інтэрнэта, каб людзі маглі атрымліваць інфармацыю. Доступ да інтэрнэта з’яўляецца вельмі важным.

Выбух запытаў на інфармацыю ў Telegram, Viber, сацыяльных сетках азначае, што хутчэй за ўсё мы развітваемся з уплывам эфірнага тэлебачання і пераходзім у зусім новую тэхналагічную эпоху. Канешне, там ёсць свае асаблівасці: напрыклад, алгарытмы выдачы інфармацыі ў сацыяльных сетках. Але гэта ўжо менш сур’ёзныя праблемы, чым тое, калі дзяржава ці адмысловая палітычная сіла цалкам кантралюе ўсе навінавыя каналы.

Незалежныя СМІ і экзістэнцыйная вайна

Украінскія расследавальнікі шукаюць карупцыю ва ўкраінскай уладзе. Цяпер мы пасярод як найменей двух карупцыйных скандалаў. Ёсць патрабаванні адстаўкі чыноўнікаў, адказнасці тых ці іншых фігур і партый, якія яны прадстаўляюць. Я думаю, што хутчэй за ўсё вясной адновіцца ўжо больш тыповы палітычны дыскурс у СМІ, калі прадстаўнікі розных партый будуць абмяркоўваць погляды на тыя ці іншыя пытанні.

Гэта экзістэнцыйная вайна. Гэта не вайна, абмежаваная нейкай тэрыторыяй ці павесткай дня. Гэта вайна за знішчэнне ідэнтычнасці, краіны, дзяржаўнасці і фізічна кожнага з нас. Мы разумеем, што пытанне не толькі ў тым каб перамагчы ворага. Пытанне ў тым, каб перамагаючы ворага і не ператварыцца пры гэтым самастойна ў цмока. І гэта азначае, што захаванне інстытуту незалежных СМІ з’яўляецца крытычна важным для нас. Нават у той момант, калі паралельна краіна знаходзіцца ў вайне і кожны дзень прыносіць зусім новыя і нечаканыя выклікі.

Журналісцкія стандарты падчас вайны

Ніхто не ставіць пад сумнеў інфармацыю, якая прыходзіць ад украінскай арміі. Яна не правяраецца, а прымаецца як факт. Пры ўсім гэтым магчыма любая крытыка: у сацыяльных сетках, асабістых паведамленнях. Частка крытыкі прафесійная, у тым ліку ў дачыненні да ваенных, таксама адлюстроўваецца ў СМІ.

Дадзеныя генштабу па колькасці забітых прымаюцца як ёсць. Дадзеныя па стратах з украінскага боку не называюцца. Мне здаецца, тыя нешматлікія абмежаванні, што з’явіліся, хутчэй успрымаюцца з разуменнем.

Няма прымусу падтрымліваць Зяленскага. Ёсць людзі, якія публічна крытыкуюць яго. Ёсць людзі, якія на час вайны вырашылі абмежаваць сваю крытыку. Ёсць людзі, якім Зяленскі не падабаецца, але яны вырашылі падчас вайны не крытыкаваць яго і зрабіць гэта пасля яе заканчэння.

Ёсць пэўнае зніжэнне градуса крытычнага настрою. Але я б сказаў, што прафесійны дыскурс практычна не змяніўся. Публічны дыскурс хутчэй на некалькі тонаў стаў спакайнейшым. З яго знікла крытыка ўсяго, што тычыцца пытанняў бяспекі. Часткова беніфіцыярам такога змяншэння крытыкі з’яўляецца вярхоўны галоўнакамандуючы [Уладзімір Зяленскі].

СМІ застаюцца настолькі свабоднымі, як яны і былі. Я бы сказаў, што адбылося такое сталенне ва ўспрыняцці з боку чытачоў і з боку журналістаў-рэдактароў. Цана пытання стала больш зразумелая, і ў выніку мы атрымалі большую сталасць усяго дыскурсу.

На мой погляд, сітуацыя не толькі не з’яўляецца крытычнай, яна хутчэй эвалюцыянуе. Але пры ўсім гэтым мы павінны памятаць, якой цаной усё гэта робіцца. Вялікая колькасць людзей гінуць кожны дзень, жывуць і працуюць ва ўмовах пакут. Тое, якой цаной дасягаецца гэты адносны прагрэс падчас вайны, нагадвае нам, каб мы атрымалі ўстойлівасць свайго прагрэсу, што нам неабходна дэмакратыя. Нам неабходна плюраслістычная і свабодная краіна. Любая пасляваенная, нават мадэрнізацыйная, дыктатура не дасць таго, што дасць, нават звілісты і не хуткі, шлях трансфармацыі ва ўмовах свабоды. Вось гэтае асэнсаванне прыходзіць вельмі сур’ёзна і глыбока. Але аўтарытарны рэфлекс прысутнічае і ва ўладзе, і ў грамадстве. Ён з’яўяецца натуральным для краіны, якая ваюе.

Падзяліцца:

Падрыхтавана Прэс-клубам Беларусь

22 лютага 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухня«Няма прымусу падтрымліваць Зяленскага». Яўген Глібавіцкі – пра працу ўкраінскіх медыя падчас вайны

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць