Пра працу з відэа для падлеткаў расказала Каця Барушка. Калонка на Прэс-клубе пра ваш досвед

Як зацікавіць падлеткаў няпростымі тэмамі? Што за метад крытыка-гапара? Як здымаць і ілюстраваць ва ўмовах недахопа фінансаў? І як нешта даведацца пра сябе і свой вобраз на экране, шукаючы шчырасць для гледача з зорачкай? Журналістка Каця Барушка адрэфлексавала свой досвед. Пачытайце вывады пасля зробленага цыкла з 15-ці відэа на адукацыйным Youtube-канале Васьміног. А калі вы таксама захочаце падзяліцца з намі досведам і прапанаваць вашу калонку або тэкст, пішыце на press-club@solidarityby.eu.

Пра працу з відэа для падлеткаў расказала Каця Барушка. Калонка на Прэс-клубе пра ваш досвед

Працаваць на падлеткавую аўдыторыю, я не ўмею і не ўмела. Але год таму нас папрасілі зняць для платформы «Васьміног» курс лекцый пра Беларусь для падлеткаў. А зараз – папрасілі распавесці як працаваць на падлеткавую аўдыторыю. Не ведаю, які менавіта кармічны ўрок я адпрацоўваю, але гатовая падзяліцца сваёй працай над памылкамі.

Кратко

  • Што пайшло ня так
  • Не ўсё пайшло ня так. Што дапамагло ў працы

Што пайшло ня так

Пісаць сцэнары – куды больш складана, чым нам падавалася напачатку.

Пакаленне 35+ яшчэ больш менш звыклае да тэлевізійнага фармата, і здольнае паслухаць развагі вядоўцы і верыць і чакаць, што вось-вось стане цікава. Прызвычаяны да сацсетак малады чалавек не мае на гэта ахвоты. Толькі вельмі сканцэнтраваная інфа, толькі карысная, або прынамсі вельмі забаўляльная. Зараз гляджу нашыя выпускі і разумею – трэба было яшчэ больш скарачаць, яшчэ больш спрашчаць, шукаць самыя ёмістыя словы і смачныя факты. Канешне, скарачэнні цягнуць за сабой небяспечныя скажэнні і спрошчванні.

Знайсці баланс паміж «дастаткова зразумела» і «дастаткова дакладна» – вельмі няпроста. Пішаш пішаш, а пасля раз – і закапалася ў дэталюшках. Або стамляешся і пачынаеш кідацца галаслоўнымі сцвярджэннямі, абы хутчэй ужо скончыць гэты сцэнар. Дрэнна гэта.

Некалькі сцэнароў я пісала сама, але на даследванне тэмы сыходзілі тыдні. Значна эфектыўней апынулася звярнуцца да журналістаў і даследчыкаў, якія ў канкрэтнай тэме разбіраюцца і ўжо з імі працаваць далей. Прыклад відэа пра музыку.

Павучальны тон.

Чым больш выпускаў мы рабілі, тым выразней я адчувала, што нічога не разумею. У мяне ў самой пасля кожнай лекцыі заставаліся пытанні. Ну, дык а што крутога ў Шагале? А можа няма чаго хваліцца Слуцкім паўстаннем і яго паразай? Калі я перагібала палку з самаўпэўненымі сцвярджэннямі, на гэта часта наскоквалі і каментатары.

Мне падаецца, шмат праблемаў у Беларусі звязаныя з тым, што людзі імкнуцца ўладкавацца наверсе, і з пагардай глядзець на тых, каго лічаць ніжэй.

І хаця я бачу гэтую праблему, сама я – такі ж прадукт нашай культуры, і перыядычна скатваюся ў фармат «Я сказала!». А хацелася б натхняць на пошукі адказаў, развіццё незалежнага мыслення. Мне падаецца, калі ў мяне самой няма адзначных адказаў, трэба так і гаварыць, і запрашаць да дыскусіі і развагаў, а не рабіць выгляд, што вось так правільна думаць. Як я!

Абложка відэа на YouTube

У нас быў вельмі сціплы бюджэт.

Мы эканомілі на ўсім, апроч ганарараў адмыслоўцам. Таму мы здымалі дома, але чамусьці – на прафесійную камеру з адным прафесійный святлом (тое, што маглі ўзяць бясплатна). Атрымалася такое ні рыба ні мяса. Нібы карцінка ок, але то расфокус, то колеры раз’ехаліся, то ўсе сінякі пад вачыма бачна, а са здымкамі нагемароіліся будзь здароў.

Зараз лічу так – або маеш грошы на студыю, нармальнае святло і прафесійны мэйк (неабходнасць пры вялікай колькасці студыйнага святла), або не выпендрывайся, купі адну блогерскую лямпу за 50 баксаў (у форме пярсцёнка) і здымай усё на тэлефон дома.

Не надта практычна атрымалася.

Мы зрабілі проста 15 лекцый на тэмы пра Беларусь, якія самі захацелі, такое «я мастачка, я так бачу». Ну ок, спрасцілі сабе троху задачу. Але вось, напрыклад, тэма “Чаму б вы не захацелі быць беларускай шляхцянкай у 19 стагоддзі”? Яна атрымалася, на маю думку, досыць цікавай, але які школьнік клікне на такі відос? Калі можна паглядзець анімэ, майнкрафт, парады па мэйку ці якія жартачкі.

Мы стварылі відосы для такіх ўжо вельмі зматываваных падлеткаў. Я б вельмі хацела ў будучыні зрабіць курс менавіта па школьнай праграме. Каб ён рэальна дапамагаў рыхтавацца да заняткаў. Узяць падручнік па гісторыі, па белліту, і падрыхтаваць нешта цікавае для кожнага параграфа.

Не ўсё пайшло ня так. Што дапамагло ў працы

Я веру, што ў любой працы над памылкамі аднолькава важны і аналіз таго, што пайшло добра, што варта захаваць і развіваць. Вось што дапамагло канкрэтна нам:

Адсутнасць грунтоўных ведаў па тэме і павярхоўнае мысленне.

У мяне не было прывязкі да нейкіх асобаў ці ўлюбёных падзеяў, каб я прам гарэла данесці ўсе дэталі па тэме. Я хутка губляла інтарэс, калі пачынаўся пералік нейкіх там датаў ці імёнаў, і хацела залезці ў інсту паглядзець коцікаў. Звычайна я глушу гэтыя схільнасці і імкнуся да разумнасці і адказнасці. А тут вырашыла быць шчырай у сваёй легкадумнасці. Як толькі замест чытаць сцэнар мне пачынала думацца пра коцікаў, я шанавала гэты сігнал – трэба бязлітасна выкрэсліваць сцэнар і шукаць іншых гісторый.

Любоў да карцінак у спалучэнні з адсутнасцю грошаў.

Я была б радая замовіць ілюстрацыі да лекцый у беларускіх ілюстратараў, і вельмі спадзяюся, што некалі змагу гэта сабе дазволіць фінансава. Гэта зусім іншая якасць прадукта. Але зараз прыйшлося выкручвацца – мы актыўна карысталіся штучным інтэлектам для стварэння візуала (midjourney). Шмат часу заняла выпрацоўка агульнага стылю, прыдуманне промтаў (у гэтым таксама можа дапамагчы чат GPT), але калі ўжо зразумелі, што і як, справа пайшла.

Самы праглядальны выпуск у нас – пра Каліноўскага, бо мы выціснулі грошай і заплацілі адмыслоўцу Іллі Бажко. Ён з дапамогай ШІ стварыў відэа пра паўстанне, нібы ўрыўкі фільму. Гэта іншы ўзровень зусім.

Магутны і непаканальны ўнутраны крытык нізкай асабістай культуры.

Зараз модна гнабіць унутраных крытыкаў. І я толькі за. Але ў гэтым праекце я дазволіла свайму разгуляцца і дакалупвацца да кожнага сказа. Але толькі з адным пытаннем – «Чым дакажаш»?

Гэта дазволіла пазбягаць агульных сцвярджэнняў «Ооо, Беларусь такая! Ооо, Беларусь сякая», бо яны ўпіраліся ў жалезабетоннае «Чым дакажаш?» і смачны плявок у экран.

Яшчэ адно добрае пытанне – «Ну і што?». Дапамагае пазбягаць пустой факталогіі – «такі і такі, жылі тады і тады, рабілі тое і сёе». Ок, але ну і што? Людзей цікавіць тое, што мае нейкае значэнне для іхняга жыцця.

Вось якім бокам батлейка да жыцця сённяшняга падлетка?
Ці навошта каму ведаць пра гісторыю беларускай мовы?

Не адразу я прыдумала сабе гэты метад крытыка-гапара, і не заўсёды змагла прымяніць, але агулам – добра працуе, дару.

Пэўнае разуменне сваіх сціплых экранных магчымасцяў.

Я некалькі разоў удзельнічала ў розных відэа праектах, і заўважыла, што камера – вельмі бязлітасна лакмусавая паперка — паказвае ўсё, што не тваё. Раней я вельмі старалася быць падобнай на вядоўцаў, якія захаплялі мяне.

Нехта – сваёй недасяжнай разумнасцю, гэткі чараўнік у астрале. Нехта – сваёй здольнасцю рабіць безапеляцыйныя высновы, рубіць з пляча. Нехта – сваёй здольнасцю выглядаць у камеры шыкоўна, густоўна і прывабна.

Але кожны раз, калі я спрабавала так жа, атрымліваўся трэш. Усе мае спробы паўтарыць «недасяжную разумнасць» выглядалі так, нібы мая прыдуркаватасць не прадстаўляе небяспекі для іншых.

Калі я «рубіла з пляча », выглядала ваяўнічай гістэрычкай. А шыкоўная красуня ў маім выкананні нагадвала дзяўчынку, якая ў вялічэзных ботах на абцасах залезла ў маміну касметычку. Вялікая колькасць правальных здымкаў дазволіла мне зразумець, што маё – прастая і радасная недарэчнасць. Шлях да таго, каб заставацца вернай сабе на камеры, яшчэ доўгі (я ж ўсё яшчэ хачу выглядаць разумнай і шыкоўнай), але адзінаправільны.

Абложка відэа на YouTube

Беларуская гісторыя і культура.

Я пісала вышэй, што мала абазнаная ў нашай гісторыі. Таму проста афігевала ад жыцця кожнай чарговай постаці, і хацела падзяліцца ёй з іншымі.

Столькі ў нас захапляльных герояў і натхняльных гісторый. На асобны Нэтфлікс хопіць. Бяры і рабі.

Перачытала зараз напісанае, і разумею, што ў працы над цыклам мне дапамагла мая эмацыйная і інтэлектуальная няспеласць у спалучэнні з цікаўнасцю і амбітнасцю. Не думаю, што гэта нейкі ўніверсальны рэцэпт. Але ў нашым выпадку – спрацавала.

Кацярына Барушка для Прэс-клуба Беларусь

Перадрук толькі з дазволу рэдакцыі

Падзяліцца:

Кацярына Барушка для Прэс-клуба Беларусь

29 лістапада 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняПра працу з відэа для падлеткаў расказала Каця Барушка. Калонка на Прэс-клубе пра ваш досвед

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць