Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Працягваем серыю гісторый у праекце «Прэса пад прэсам». Вызваленныя журналісты і журналісткі, якія засталіся ў прафесіі, распавядаюць пра свой досвед у няволі.
Алег Груздзіловіч расказаў пра сваю пазнавальнасць у турме, кіношную гісторыю затрымання, умовы і свой настрой «там», пра малюнкі і фота «да і пасля». Журналіст правёў за кратамі 9 месяцаў, пасля чаго вярнуўся ў прафесію. Пра перажытае ў няволі ён напісаў кнігу «Мае турэмныя муры».
Начальнік калоніі мне аднойчы сказаў, што хопіць займацца «разведвальніцкай дзейнасцю». І сказаў ён гэта не проста так – незадоўга да гэтага яны знайшлі ў мяне сшытак з нататкамі, дзе я апісваў у тым ліку казарму. І яны зразумелі, што я не проста пішу дамоў, як у мяне справы, а таксама апісваю ў сшытку «20 метраў у даўжыню, 5 – у шырыню».
Мне проста хацелася гэта ўсё ў галаве захаваць, бо я разумеў, што прыйдзецца пісаць пра гэта кнігу. Я адразу сябе так настройваў.
Я ў зняволенні яшчэ пачаў шмат маляваць, а калі малюеш, трэба заўважаць шмат дэталяў. І ў Магілёўскім СІЗА я пазнаёміўся з хлопцам, які маляваў някепска, але вельмі павольна. У турме ж гэта як робіцца – табе хтосьці дае фатаздымак жонкі і кажа «на, намалюй», ты сядзіш і малюеш.
Я такія штукі пару разоў рабіў і спраўляўся за гадзіну-дзве. А гэты хлопец рабіў гэта ну вельмі марудна. І аднойчы, пакуль ён маляваў штосьці, я намаляваў яго. Ён уразіўся, што я гэта зрабіў так дакладна і так хутка. Я яму сказаў, што трэба развіваць зрокавую памяць, мы троху пагаварылі пра гэта, ну і ўсё. Праз нейкі час нас павялі на прагулку, і я ў яго потым пытаюся: «Што было у калідоры, што ты запомніў?», а ён нічога не запомніў. «А на лесвічнай клетцы што ты памятаеш?», а ён нічога не памятае. У выніку ў нас з ім пачаліся трэнінгі. Але, канечне, мы рабілі гэта ўсё схавана.
У прынцыпе, я разумею, што калі ты пачынаеш абгаворваць нейкія дэталі турмы, дык звонку могуць падумаць, што ты плануеш пабег.
Там жа паўсюль стукачы! Калі стукач скажа оперу, што вось гэтыя два абмярковаюць, колькі дзе прыступак, якога дзе колеру сцены…
Калі я яшчэ на Валадарцы сядзеў, адпраўляў дадому вершы з малюнкамі. І ў нейкі момант яны перасталі даходзіць. І аднойчы мне вяртаецца малюнак, дзе былі намаляваныя дзверы з усімі дэталямі – вочка, стужкі, драпіны… Цэнзар напісаў, каб я не маляваў нічога, што знутры турмы. І праўда, калі я маляваў нешта з прагулак, гэта без праблем даходзіла, бо дворык – гэта ўжо быццам бы не турма.
Потым мне гэта ўсё дапамагло ў напісанні кнігі.
Алег Груздзіловіч пра свае зняволенне: «Я разумеў, што прыйдзецца пісаць пра гэта кнігу»
А фатаздымкі «да і пасля», калі чалавек выходзіць з турмы… Я лічу, што нічога неэтычнага ў гэтым няма, а хутчэй наадварот – усе бачаць і разумеюць, што там адбываецца. Людзі ж не проста бачаць, як чалавек цяпер выглядае, а ўзгадваюць, як ён выглядаў да зняволення. Мяне параўноўвалі са старымі здымкамі, са стрымамі, якія я вёў.
Адзінае, балюча бывае чуць, калі хтосьці кажа: «Ох, ну вось цяпер ты ўжо нармальны, а то ж такі быў страшэнны!». Тым больш, што я фізічна сябе адчуваў нармальна. Калі я выйшаў з калоніі, я 10 разоў падцягваўся, а цяпер я так не змагу.
Ёсць адваротная рэчы – мы часам бачым, што чалавеку далі шмат гадоў, а ілюстрацыя да артыкула старая, і чалавек там добра выглядае і ўсміхаецца.
Вось тут ёсць супярэчнасць! Журналісты мусяць выкарыстоўваць здымкі, якія ў іх у архіве, а зараз жа чалавек зусім іншы і ў іншых абставінах: ён ужо не ўсміхаецца, яму вельмі цяжка.
Мы вымушаныя суправаджаць брутальную інфармацыю здымкамі, якія больш не адлюстроўваюць рэчаіснасць, бо свежых здымкаў у нас проста няма і не можа быць. Мая жонка часта абураецца гэтым, бо пад артыкулам з інфармацыяй, што чалавеку далі 10 гадоў, фатаздымак, дзе гэты чалавек шчаслівы.
Мы бярэм старыя здымкі, бо няма ж магчымасці паставіць сучаснае фота. І я не бачу вырашэння гэтай праблемы. Можа, варта рабіць подпісы, што здымак зроблены ў такі час і пры такіх абставінах.
Аповед Алега Груздзіловіча пачытаць цалкам можна тут
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт