Робіце трансгранічнае расследаванне? Вам патрэбны «Мемарандум аб разуменні»

«Трансгранічныя праекты прадугледжваюць працу з вялікай колькасцю канфідэнцыяльнай інфармацыі і давер адно да аднаго» – сцвяржае Ана Тудэла, заснавальніца іспанскага расследавальніцкага медыя DATADISTA. Якое значэнне ў такіх праектах мае мемарандум аб разуменні і што трэба ўпісваць у такі дакумент? Пра гэта Ана Тудэла распавяла на варкшопе, арганізаваным Transitions and Journalismfund Europe. Запісалі для вас ключавыя моманты.

Робіце трансгранічнае расследаванне? Вам патрэбны «Мемарандум аб разуменні»
Photo by Helena Lopes on Unsplash

Кратко

  • Бэкграўнд
  • Мэта і маштаб
  • Этыка
  • Адказнасць чальцоў каманды
  • Храналогія падзей
  • Працоўны працэс і камунікацыі
  • Юрыдычныя пытанні
  • Аўтарства
  • Узнагароды

Найлепшыя і найдаўжэйшыя стасункі пачынаюцца са словаў: «Гэта Мемарандум аб разуменні і Пагадненне аб нераскрыцці для (назва расследавання), трансгранічнага і міжпольнага праекта, які расследуе (апісанне праблемы)».

А далей – спіс пытанняў, якія павінны быць прапісаны ў гэтым Мемарандуме.

Бэкграўнд

Што вы будзеце расследаваць? Удакладніце тэму праекта, прапішыце гіпотэзы, з якімі вы збіраецеся працаваць.

Якія ў гэтага расследавання будуць элементы? Сховішча дадзеных, мапы, лэндзінг, які вы плануеце стварыць, і іншае. Гэты пункт тычыцца не зместу расследавання, а апісвае яго форму.

Хто чым будзе займацца для агульнай часткі расследавання? Падзяліце сферы адказнасці і зрабіце гэта дэталёва. Калі вам падаецца, што гэта лішні фармалізм, – паверце дасведчаным калегам: чым больш дамоўленасцяў дэталізаваныя ад самага пачатку, тым прасцей потым працаваць, асабліва калі нешта ідзе не так.

Чым будуць займацца людзі, што не працуюць над агульнай часткай? Магчыма, у вас будуць «дачэрнія» праекты альбо хтосьці будзе працаваць выключна над прасоўваннем матэрыяла.

Карысныя дапаможнікі для журналістаў-расследавальнікаў

Мэта і маштаб

Адкуль вы пачынаеце? Гэты пункт пераклікаецца з пунктам «Што вы будзеце расследаваць?», але тут важна больш падрабязна прапісаць зыходныя дадзеныя. Што вы ведаеце перад пачаткам расследавання, чаму гэта важна, што менавіта выклікае найбольшую заклапочанасць?

Што вы хочаце паказаць у выніку і чаму трансгранічны падыход пасуе гэтаму найлепш? Апішыце свае гіпотэзы падрабязней і абгрунтуйце, чаму для іх доказаў вам трэба супрацоўніцтва з журналісткамі і журналістамі з іншых краін.

Якія метады вы будзеце выкарыстоўваць у расследаванні? Апішыце, ці плануеце вы рабіць запыты ў розныя краіны, працаваць «у полі», выкарыстоўваць базы дадзеных, мапы і іншае. Гэта ў тым ліку дапаможа падрабязней вызначыць зоны адказнасці.

Хто удзельнічае ў праекце і падпісвае Мемарандум? Прапішыце, хто будзе працаваць у камандзе, на якіх умовах у яе змогуць далучацца іншыя людзі ў працэсе, калі будзе такая неабходнасць.

Этыка

Якіх базавых правілаў вы хочаце прытрымлівацца? Калі нешта вам здаецца абсалютна відавочным, гэта трэба запісаць у першую чаргу.

Раз нейкі пункт для вас відавочны, значыць, ён для вас істотны настолькі, што вам цяжка ўявіць ягонае парушэнне. Але гэта толькі вашая пазіцыя, ў іншых людзей яна можа быць зусім іншай.

Каб падчас працы не ўзнікала светапоглядных крызісаў, лепш загадзя разабрацца з базавым разуменнем (не)этычнасці тых ці іншых рашэнняў.

Як вы будзеце вырашаць праблемы? Таксама загадзя прадумайце, як будзеце спраўляцца з новымі дылемамі ці з тым, што хтосьці парушыць дамоўленасці. Сплануйце працэдуру выключэння чалавека з каманды і максімальна ясна прапішыце, у якіх выпадках вы гатовыя ісці на такую меру.

Адказнасць чальцоў каманды

Якія ў каго абавязкі па распаўсюдзе? Хто, чым і з кім будзе дзяліцца? Прадумайце, якімі зыходнымі дадзенымі вы дзеліцеся ў камандзе, а што застаецца ў асабістым архіве асобных чальцоў.

Прагаварыце, каму і якія матэрыялы можна будзе паказаць па-за камандай на стадыі падрыхтоўкі расследавання (напрыклад, медычныя даведкі – незалежнаму доктару для ацэнкі, мапу – графічнаму дызайнеру і г. д.)

Якія ў каманды абавязкі па публікацыі расследавання? Прапішыце, калі праект мусіць быць апублікаваны, у якім медыя, хто адказны за перамовы з гэтым медыя і дамоўленасці.

На якіх умовах можна выйсці з праекта? Па розных прычынах любы чалавек з каманды можа пажадаць спыніць супрацу, і лепей вырашыць «на беразе», як гэта фармалізаваць і якія правы і абавязкі застаюцца ў чалавека, які сыходзіць.

Напрыклад, адзін з падпунктаў можа выглядаць так: «Чальцы каманды, якія сыходзяць з расследавання, не могуць публікаваць інфармацыю, атрыманую падчас працы над гэтым расследаваннем. Сабраныя імі матэрыялы могуць быць выкарыстаныя камандай».

Як можна памяняць ранейшыя дамоўленасці? Прадумайце, як вы будзеце дамаўляцца пра перанос даты публікацыі, пошук новага медыя і іншае. Гэта важныя пункты, па якіх у вас мусіць быць дамоўленасць ад пачатку, але ў жыцці здараецца рознае.

Храналогія падзей

Які ў вас агульны таймлайн? Прадумайце асноўныя этапы расследавання, прапішыце, калі мусіць скончвацца кожны з іх. З больш падрабязнымі дэдлайнамі камандзе прасцей кантраляваць увесь працэс.

Ці можна публікаваць штосьці ў працэсе? Адны каманды хочуць падаграваць зацікаўленасць публікі невялічкімі матэрыяламі, інтрыгаваць усіх да выхаду вялікага расследавання. Іншыя ўвогуле нікому не кажуць, што займаюцца гэтай канкрэтнай тэмай.

Дакладна прапішыце ў мемарандуме, ці дазваляюцца папярэднія публікацыі, і калі так, дык што друкаваць можна, а што – не.

Працоўны працэс і камунікацыі

Дзе вы будзеце камунікаваць? Абярыце платформу, якая вам найбольш пасуе, дамоўцеся пра налады прыватнасці. Апішыце, як і дзе вы будзеце дзяліцца сэнсітыўнай інфармацыяй.

Як часта вы будзеце ладзіць сазвоны? Прадумайце графік будучых сустрэч – гэта дапаможа ўсё камандзе эфектыўней планаваць сваю працу.

Юрыдычныя пытанні

Журналісты-расследавальнікі сутыкаюцца са шматлікімі рызыкамі, і гэта таксама варта прапісаць. Вось якія фармулёўкі прапануе Ана Тудэла:

  • «Чальцы каманды ўсведамляюць рызыкі A, B, C».
  • «Яны адказныя за магчымыя A, B, C сітуацыі».
  • «Праект (не) прадастаўляе юрыдычную, асабістую, псіхалагічную, медычную, A, B, C падтрымку».
  • «Пагрозы і рызыкі распаўсюджваюцца на ўсіх чальцоў каманды».

Аўтарства

Прадумайце загадзя, як будзе пазначана аўтарства праекта, як вы плануеце пазначаць, пры чыёй грантавай падтрымцы ён рэалізаваны.

Узнагароды

Прагаварыце і прапішыце, як вы будзеце прымаць будучыя ўзнагароды (хто гатовы паказваць свой твар і г. д.) і як будзеце дзяліць фінансавую частку прэмій.

І хай гэта можа падацца занадта амбіцыйнымі і адарванымі ад рэальнасці размовамі, якія рана весці тады, калі ўласна расследавання яшчэ няма, лепей рабіць гэта менавіта загадзя.

Бо калі пасля атрымання прэміі выявіцца, што хтосьці хоча падзяліць грошы пароўну, а хтосьці – аддаць іх усе на дабрачыннасць, можа атрымацца канфлікт, якога можна было пазбегнуць.

Прэс-клуб Беларусь

Падзяліцца:

Прэс-клуб Беларусь

2 кастрычніка 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняРобіце трансгранічнае расследаванне? Вам патрэбны «Мемарандум аб разуменні»

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць