Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Праект Sojka зрабіў падборку беларускага YouTube, якім хочацца падзяліцца! Што мы з задавальненнем і робім. Штосьці стала ўжо класікай, але ёсць і новыя праекты, вартыя вашай увагі.
Што глядзець замест Дудзя і Каца? Вядома ж, сваё. Гэты гід — частка трохтомніка, прысвечанага беларускім медыям. Чаму і каму неабходны каталог беларускіх медыящ? Адказ: беларусам, якія патрабуюць незалежнай, праверанай інфармацыі, а таксама адукацыі ды годнай забавы. А яшчэ беларусам, якія працуюць у медыях і якіх пасля 2020-га адкінула быццам на стагоддзе назад. Пасадкі, экстрэмісцкія статусы, эміграцыя рэдакцыяў і чытачоў, блакаванне родных сайтаў і іншыя вынаходкі свабоды слова па-беларуску зрабілі нашыя шляхі адно да аднога больш пакручастымі. Пачынаем наш трохтомнік з беларускага ютубу.
Увага! У тэксце ёсць назвы «экстрэмісцкіх» медыя і спасылкі на іх. Мы не заклікаем абмяжоўваць спажыванне інфармацыі (нашыя калегі працуюць напоўніцу пад самымі непрывабнымі статусамі і патрабуюць вас, як ніколі). Аднак інфармацыйная гігіена сама сябе не прытрымаецца.
Канал быў створаны ў далёкім 2014 годзе і з тых часоў здолеў забрацца на першы радок самых папулярных у Беларусі. Нягледзечы на «экстрэмісцкі» статус, NEXTA Live мае 843 тысячы падпісантаў, а аўтары апісваюць яго змесціва як «інфармацыйна-аналітычныя ролікі з інсайдамі і здаровай доляй іроніі». Канал вяшчае па-расейску, у цэнтры ўвагі падзеі ў Беларусі, Украіне і Расеі.
Па сутнасці, у нас толькі адзін тэлеканал ў поўным сэнсе гэтага слова, і гэта польскі паводле паходжання «Белсат». Ён існуе ўжо 14 гадоў. На ютуб-канале можна глядзець штодзённыя навіновыя эфіры па-беларуску (або прадукцыю рускамоўнага дзецішча «Белсату» — канала «Вот так»), а таксама інтэрв’ю і студыйныя праграмы пра палітыку, эканоміку і іншае надзённае. У тэлеканала шмат дадатковай відэапрапановы — сатырычны, забаўляльны і проста публіцыстычны кантэнт можна даследваць на канале Belsat Life.
Беларускіх журналістаў гэтага медыя ўлады не любяць з асаблівай жорсткасцю: за сваю працу менскія журналісткі «Белсату» Ірына Слаўнікава і Кацярына Андрэева атрымалі вялізныя тэрміны зняволення (аператарка Дар’я Чульцова, ужо выйшла на волю, адседзеўшы 2 гады); асуджаны ды адбывае пакаранне і вядомы філосаф, шматгадовы аўтар тэлеканалу Уладзімір Мацкевіч.
Беларусь головного мозга / YouTube
Ютуб-версія вядомага тэлеграм-канала, заснаванага блогерам Ігарам Лосікам (асуджаны да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за распальванне варожасці ды арганізацыю беспарадкаў, а фактычна — за паспяховае асвятленне перадвыбарчых працэсаў у Беларусі). Ролікі не даюць поўнай інфармацыі пра навіны, але бяруць самыя яскравыя эпізоды і ілюструюць іх з дапамогай відэа, знойдзенага ў адкрытых крыніцах. Вядоўца Каця падкрэслівае, што з’яўляецца ўкраінкай ды не цураецца сэксі-аўтфітаў.
Адносна свежы праект, які пачаў асабліва хутка раскручвацца пасля падзеяў 2020-га года. Стварыў канал палітык і заснавальнік платформы «Зубр» Павел Марыніч, пазней да праекту далучыліся вядомая журналістка Кацярына Пытлева і рэдактарка Кацярына Ерусалімская. Сёння канал можа прапанаваць штодзённыя навіны, інтэрв’ю і дакументальныя фільмы. Амаль усё — па-расейску.
Блог Сяргея Ціханоўскага, які стаў адным з рухавікоў беларускага пратэсту ў 2020-м. Сам Сяргей атрымаў 15 гадоў калоніі, ягоная жонка з хатняй гаспадыні перарадзілася ў дэмакратычнага лідара, а блог з прыватных заўвагаў пра тое, як жыве сапраўдная Беларусь, стаў буйным медыя — сёння над праектам працуе каманда прафесіяналаў, а відэа на канале паглядзелі больш за 80 мільёнаў разоў.
Канал створаны ў 2017 годзе, каб «уздымаць вострыя сацыяльныя тэмы ў грамадстве». Асноўны герой, ці антыгерой, — Аляксандр Лукашэнка. Ён пазірае на гледача амаль з кожнага прэв’ю на канале. Між тым, больш за 300 тысячаў падпісантаў падбадзёрваюць заснавальніка канала Арцёма Шапарава працягваць у тым жа кірунку і надалей асвятляць сацыяльныя і палітычныя праблемы беларусаў простай мовай.
Канал, на якім да гэтага часу можна паглядзець частку тутбаеўскіх відэа з 2020-га — бел-чырвона-белыя сцягі на будынках, выбары, пратэсты, затрыманні. З новага на сайце — рэгулярныя ролікі з тлумачэннем бягучай палітычнай павесткі ды адказамі на самыя актуальныя пытанні. Адказы даюць па чарзе загадкавы закадравы голас і палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
Канал расследвальніцкіх відэа пра «гэтых нікчэмных людзей» — беларускіх міліцыянтаў, пракурораў, поп-зорак і іншых служак рэжыму. На канале «зрываюць маскі» з «ворагаў беларускага народу», расказваюць пра іхныя злачынствы ды невядомыя біяграфічныя факты. Параўнальна з лютым, канал істотна змяніўся: вядоўца Яніна заўважна падрасла прафесійна, да таго ж загаварыла па-беларуску.
Зусім малады канал, які, тым не менш, імкліва набірае папулярнасць — можа быць, да поспеху спрычынілася і гэткая глабальная ды ўсеабдымная па сваёй сутнасці назва. «Прывітаннечка, гэта “Беларускае”!» — паведамляе энергічны вядоўца напачатку, аднак гэта адзіная фраза, якую на канале гавораць на роднай мове. Фармат ролікаў тут усё той жа — аповед пра надзённыя падзеі ў Беларусі і суседніх краінах, аздоблены відэа, знойдзеным на прасторах інтэрнэту. Вядоўца, дарэчы, шукае сабе пару, каб хорам крычаць «Прывітаннечка!». Ну, або чытаць навіны па чарзе.
Блогер сцвярджае, што пачаў рыхтаваць беларускую вызваленчую рэвалюцыю яшчэ ў 2015 годзе. Праз пераслед вымушаны быў пакінуць Беларусь, але сёння блогер актыўна каментуе беларускія справы, унутраныя скандалы, разборкі дзеячоў апазіцыйнага руху, а таксама сітуацыю на фронце і ва ўкраінскіх гарадах, якія апынуліся ў эпіцэнтры ваенных дзеянняў.
Аўтар і вядоўца блога Аляксандр Рыкаў вельмі падобны да Сяргея Ціханоўскага — мужчына ў самым росквіце, просты і канкрэтны, пры гэтым займаецца бізнэсам, а не спіць у шапку, кляйміць беларускія і расейскія ўлады, і вельмі папулярны сярод беларускіх гледачоў — стала уваходзіць у топ-25 беларускага ютуба. Пры гэтым Аляксандр Рыкаў не меў да Беларусі ніякага дачынення, бо жыве ва Украіне. Між тым, падзеі 2020 года ўзрушылі блогера, і з тых часоў ён не пакідае беларускай тэмы, а беларускія гледачы плацяць яму ўдзячнасцю і праглядамі.
Блогер Марат Мінскі пачаў заваёўваць аўдыторыю недзе год назад і на сёння мае каля 250 тысяч падпісантаў. Як і іншыя найпапулярнейшыя каналы ў Беларусі, MINSKI прысвечаны палітычным падзеям і іх аналізу на досыць простым узроўні, з іроніяй, а часам і з жорсткасцю і бескампраміснасцю.
Экономика здравого смысла / YouTube
Эканаміст, палітык, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Яраслаў Раманчук вядзе бадай што самы папулярны блог пра эканоміку. Аўтар запісвае кароткія нататкі-рэфлексіі ў адказ на тое, што адбываецца з эканомікай Беларусі, Украіны і Расеі. Пасля падзеяў 2020 года аўтар быў вымушаны пакінуць краіну і свае ролікі запісвае ў Кіеве без перапынкаў нават у ваенны час.
Эфіры беларускага аналітыка, эканамічнага аглядальніка, які без праблемаў пераключаецца і на палітычную павестку. Ролікі Сяргея Чалага — як доўгія паўнаметражкі — па дзве з паловай гадзіны, але глядзець на аналітыка не абавязкова, можна слухаць як падкасты, у якіх трапна, дасціпна, а часам і нечакана аналізуюцца апошнія падзеі, якія закранаюць Беларусь і беларусаў. Блог не абнаўляўся ўжо два месяцы, спадзяемся, ён захавае свой статус LIVE.
Свои/Чужие Андрей Стрижак / YouTube
Канал Андрэя Стрыжака — праваабаронцы, экс-дзеяча прафсаюзнага руху, дырэктара фонда BYSOL. Стрыжак лічыцца адной з самых спрэчных асобаў беларускага руху: нехта не верыць у шчырасць працы з вялікімі ахвяраваннямі, а нехта, дзякуючы дзейнасці фонда BYSOL, змог уратавацца ад беларускіх сілавікоў і атрымаць падтрымку. Яшчэ аўтар канала з’яўляецца адной з любімых ахвяраў беларускіх прапагандыстаў. У сваіх відэа ён расказвае пра дзейнасць фонда, палітычнае закуліссе і жорстка крытыкуе ўлады.
Вясёлы і нефармальны канал пра беларускі ды сусветны спорт. Канал пачынаў журналіст Аляксандр Івулін. Сёння ён за кратамі, але паплечнікі з tribuna.com працягваюць ягоную справу.
Рудабельская паказуха / YouTube
Канал Андрэя Павука прываблівае гледачоў тым, што аўтар рэгулярна выходзіць за межы, якія б яго аўдыторыя акрэсліла як зона камфорту. У сваіх відэа Павук тэлефануе прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі, вайскоўцам, міліцыянтам, чыноўнікам і даносчыкам, каб задаць ім нязручныя пытанні. Атрымліваецца нечакана, часам смешна, а часам сумна. Але арыгінальна ў любым выпадку.
Margarita Levchuk. Soprano / YouTube
Уладарства спеваў і музыкі, якім кіруе оперная спявачка Маргарыта Ляўчук. Найбольшую папулярнасць маюць відэа з суаўтарстве з блогерам Андрэем Павуком — сатырычныя ці лірычныя, якія адмысловым чынам рэагуюць на актуальную палітычную павестку.
Свой відэаблог святар праваслаўнай царквы Аляксандр Кухта пачаў весці ў 2015 годзе. Аўтар прызнаецца, што ён не ставіў сабе за мэту прыцягнуць новых вернікаў у храм. Хутчэй, жадаў разбурыць міфы пра царкву і зрабіць яе больш адкрытай і зразумелай для ўсіх. Дзякуючы шчыраму падыходу, яго канал набраў досыць вялікую для Беларусі аўдыторыю. Сёння Batushku глядзяць амаль 50 тысячаў падпісчыкаў.
Мне тоже не нравится / YouTube
Ток-шоў галоўнай рэдактаркі «The Village Беларусь» Яўгеніі Сугак мела б стаць сапраўды папулярным праз модныя складнікі: злёгку снобская назва, вядоўца з лёгкім эфектам непрысутнасці, гарачыя тэмы, вядомыя твары, аднак пакуль што на канале зусім няшмат падпісантаў. Але шоў маладое, таму запасемся цярплівасцю і поп-корнам.
Новае дзецішча вядомых журналістаў. Ютуб-шоў стварылі былыя вядоўцы радыё Unistar Канстанцін Каверын і Людміла Міласлаўская. Знаёмыя менскія галасы цяпер вяшчаюць з Варшавы, відэа таксама выглядае як радыёэфір — двое вядоўцаў зачытваюць навіны з камп’ютара і абмяркоўваюць іх паміж сабой ды з гасцямі. Шоў пакуль не шалёна папулярнае, але ж яшчэ не вечар.
Канал яшчэ аднаго беларускага медыя. Тут няма навінаў ды аглядаў, але ёсць разняволеная балбатня журналістаў — тут варожаць на беларускую будучыню ды смяюцца з прэтэнзіяў да беларусаў. Шалёна папулярным канал не назавеш, а ў каментах журналістаў лаюць за несвоечасовае абмяркоўванне ўбораў беларускіх палітыкаў на фоне мабілізацыі ў Расеі ды знаходжання расейскіх войскаў у Беларусі.
Канал беларускага мастацтвазнаўцы і папулярызатара культуры Мікіты Моніча з’явіўся трохі больш за год таму, але змог стаць адным з самых папулярных блогаў пра мастацтва ў Беларусі. Гледачам падабаецца лёгкая манера аўтара, інтэлігентны гумар і разнастайнасць тэмаў, якія мастацтвазнаўца закранае ў сваіх відэа.
Асветніцкі праект «Добрага канала». Стварылі канал напрыканцы 2020 года былыя журналісты дзяржаўных СМІ, якія сышлі з ранейшых працаў і вырашылі рабіць сваё, новае медыя. На старонцы «Каранёў і вытокаў» рэгулярна абнаўляецца рубрыка з вандроўкамі па Беларусі і вывучэннем роднай мовы.
ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ / YouTube
Блог пра сусветную ды беларускую літаратуру аднаго з найярчэйшых беларускіх паэтаў — Андрэя Хадановіча. Аўтар вырашыў цалкам пакласціся на харызму: уся драматургія ролікаў пабудаваная на аратарскім таленце Хадановіча, які, зрэшты, знаходзіць адданых прыхільнікаў (пра што можна пачытаць у каментарах). Тэмы выпускаў надзённыя: літаратура з-за кратаў, чума, жаночыя пратэсты супраць вайны.
Беларускамоўны канал экскурсавода-турагента паводле адукацыі Усяслава Пашкевіча. Відэа падыдзе тым, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, але можа і закахаць у яе тых, хто ў школе прасачкаваў гэты прадмет. Падаюцца гістарычныя веды не банальна і разнастайна, відавочна, кантэнт спадабаецца маладым людзям.
Ютуб-канал грамадскай кампаніі «Годна», створанай яшчэ ў гэтак званыя «траваядныя» часы, каб падтрымліваць беларускія культурніцкія праекты. Пасля пэўнага зацішша канал ізноў аднавіў працу, цяпер тут з’яўляюцца ролікі блогеркі Лізы Ветравай на тэму вывучэння беларускай мовы.
Персанальны і суб’ектыўны аповед пра рэчаіснасць праз прызму маскультуры вядомага беларускага журналіста ды культуролага Максіма Жбанкова. Метафар, гульні словаў ды сэнсаў у гэтым аповедзе густа — каб улоўліваць ход думак аўтара, трэба ўвесь час заставацца ўключаным, балазе ў роліках ёсць шмат перабівак у выглядзе выразак з кіно, каб троху зняць сэнсавае напружанне. У каментарах аўтару шмат дзякуюць за расплюшчаныя вочы, а Сойка просіць Макса ўзгадаць і пра беларускамоўную аўдыторыю.
Журналіст Мікіта Мелказёраў стаў, бадай, самым вядомым блогерам-інтэрв’юерам у беларускім ютуб-космасе. Больш за 100 тысячаў падпісчыкаў — не самая грандыёзная лічба, але кожнае інтэрв’ю разбіраецца на цытаты і ў пэўным сэнсе робіцца падзеяй. Нейкі час таму Мікіта перайшоў на беларускую мову, і гэта толькі палепшыла ягоны кантэнт. Канал адназначна зацікавіць тых, хто ведае беларускіх ньюсмэйкераў у твар (ці хоча даведацца, хто яны такія).
Аўтарскія размовы дыназаўра беларускай музычнай ды культурнай журналістыкі, стваральніка Тузін FM, сотняў культурных праектаў ды музычных шоў, а цяпер — кіраўніка Беларускай рады культуры Сяргея Будкіна. Нягледзячы на дыназаўрысты статус, Сяргей — малады ды сціплы інтэрв’юер, на сваім канале разгаворвае гістарычна важных персанажаў. Цяпер «Тэлебудка» на паўзе, але на канале заўжды можна паглядзець ранейшыя гутаркі ды пасігналіць Сяргею ў дырэкт, каб здымаў новае.
Забаўляльны, навучальны, развіццёвы кантэнт для малых. На канале можна глядзець нешта накшталт вечаровых праграмаў для дзяцей, таксама тут робяць мультвершы з твораў шматгадовага супрацоўніка ды рэдактара «Нашай нівы» Андрэя Скурко, якія ён дасылае з-за кратаў сыну. Тут жа можна глядзець «Казкі з Маляванычам».
Гаварун — мультфільмы па беларуску / YouTube
На «Фіксіках» свет клінам не сышоўся — можаце гэтак і паведаміць сваім сябрам, якія ўсё яшчэ напампоўваюць дзяцей расейскім прадуктам. Стваральнікі канала «Гаварун» размясцілі ўжо немалую колькасць сусветных мультсерыялаў для дзяцей у беларускай агучцы. Тут ёсць і пра Фіндуса з Пэтсанам, малое каралеўства Бэна ды Холі, а таксама цудоўныя светы Міядзакі. Вельмі раім.
Кантэнт для беларускіх дзяцей ды бацькоў, створаны ў межах грамадскай кампаніі «Годна». Даўнавата не абнаўляўся, але, мяркуючы па тым, што праект ізноў ажыў, новыя ролікі могуць з’явіцца і тут. А пакуль можна пазнаёміцца са змешчанымі раней.
Бадай, самы вядомы беларускі комік-стэндапер, які цяпер жыве і выступае ў Польшчы, а нядаўна выдаў свой першы стэндап па-беларуску (на канале можна яго паглядзець).
Гэты матэрыял такі ж дынамічны, як і ролікі на YouTube. З клопатам і любоўю рэдакцыя Сойкі адабрала самыя рэйтынгавыя каналы, або каналы, якія Сойка лічыць вартымі ўвагі. Аднак ютуб, як зямля, ніколі не спыняецца, і аўтары запрашаюць усіх актыўных гледачоў і стваральнікаў беларускіх відэа пісаць на sojka.editors@gmail.com або ў тэлеграм @sojkaio і дапаўняць гэты даведнік.
Калаж на вокладцы: Караліна Палякова
Праз TikTok ды Instagram. Натхняльныя паблікі для вывучэння беларускай мовы
Slodky Stony, GUTARKA, VORONA і яшчэ 17 праектаў беларускіх журналістаў
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт