Як адсочваць самалёты па ўсім свеце. Абноўлены дапаможнік ад GIJN

У 2019 годзе Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў (GIJN) выпусціла дапаможнік па трэкінгу палётаў па ўсім свеце. Пасля поўнамаштабнага вайсковага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, якое прывяло да вялікай міграцыі алігархаў і іх актываў, а таксама пасля таго, як Ілан Маск намагаўся заблакаваць адсочванне палётаў у рэальным часе ў Twitter, дапаможнік аднавілі з улікам апошніх падзей. GIJN выказвае падзяку журналісту-фрылансеру і кіраўніку Dictator Alert за экспертны ўнёсак у аднаўленне дапаможніка.

Як адсочваць самалёты па ўсім свеце. Абноўлены дапаможнік ад GIJN
Ілюстрацыя: Прэс-клуб Беларусь
Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Сцісла

  • Першасныя крыніцы інфармацыі аб палётах
  • Асновы трэкінгу
  • Крыніцы пошуку рэгістрацыйнай інфармацыі
  • Як выкарыстоўваць праграмаванне для пошуку палётаў
  • Як шукаць дадзеныя ва ўмовах заканадаўства ЗША па захаванню канфідэнцыяльнасці
  • Трэкінг радыёпаведамленняў – ACARS
  • Даступныя запісы па авіяцыйнай бяспецы
  • Як «хаваюцца» уласнікі самалётаў

Сачэнне за самалётамі з’яўляецца неацэннай прыладай для журналістаў-расследавальнікаў. Яны выкарыстоўвалі інфармацыю аб перасоўваннях самалётаў для выкрыцця карупцыйных схемаў, адсочвання войнаў, назірання за чыноўнікамі і аналізу ўзроўня выкідаў парніковых газаў.

Усе самалёты маюць унікальныя ідэнтыфікацыйныя нумары, якія можна выкарыстоўваць для трэкінгу палётаў і ідэнтыфікацыі ўладальнікаў самалётаў. Праўда, незаўсёды.

Інфармацыя аб палётах робіцца дасяжнай дзякуючы камерцыйным і некамерцыйным арганізацыям, якія збіраюць і публікуюць вялікую колькасць дадзеных. Гэта дазваляе сачыць за пэўнымі самалётамі, пэўнымі лакацыямі, знаходзіць заканамернасці і іншае.

Шмат людзей захапляюцца трэкінгам самалётаў на аматарскім узроўні. З’явілася нават адмысловая суполка, якая з’яўляецца патэнцыйным рэсурсам для рэпарцёраў.

Адсочванне палётаў магчыма дзякуючы сістэмам ідэнтыфікацыі месцазнаходжання. Адной з асноўных тэхналогій з’яўляецца ADS-B, што расшыфроўваецца як Automatic Dependent Surveillance-Broadcast (аўтаматычнае залежнае назіранне-трансляцыя). Сігналы ADS-B з’яўляюцца агульнадаступнымі, і за імі могуць сачыць аматары з дапамогай недарагіх станцый сачэння ADS-B (10-200 долараў ЗША).

Маршруты палётаў публікуюцца на шмат якіх сайтах, гэта робіць сачэнне за палётамі даволі простым. Аднак больш цікавую інфармацыю можна атрымаць, калі прааналізаваць сырыя дадзеныя і знайсці заканамернасці.

Існуюць шматлікія перашкоды ў трэкінгу. Напрыклад, пілоты могуць адключаць сігналы сачэння. У залежнасці ад нацыянальных законаў некаторым самалётам не трэба паведамляць каардынаты палёту ў пэўных раёнах. Акрамя таго, адсочваць вайсковыя самалёты даволі цяжка (але гэта не з’ўляецца немагчымым). У ЗША нарматыўныя правілы дазваляюць ананімныя палёты, калі гаворка вядзецца пра прыватныя джэты. Да таго ж, у многіх частках свету недастаткова прыёмных станцый, таму пакрыццё ADS-B не поўнае.

Шмат аматараў цікавяцца сачэннем за самалётамі. Такіх людзей яшчэ называюць «авіяспотэрамі» ці «авіяцыйнымі гікамі». Існуе нават адмысловае кам’юніці, якое з’яўляецца патэнцыйным рэсурсам для рэпарцёраў. Некаторыя спотэры шукаюць месцы побач з аэрапортамі, каб зрабіць фота і відэа незвычайных самалётаў. З’явіўся нават адмысловы сайт Airport Spotting, на якім змяшчаецца інфармацыя пра зручныя месцы для фота- і відэаздымак каля розных аэрапортаў.

Другая катэгорыя спотэраў сядзіць за сваімі кампутарамі і сочыць анлайн за селебрыці, бізнесоўцамі і палітыкамі. Некаторыя спотэры пільна назіраюць за палётамі ў зонах вайсковых дзеянняў.

Праца аднаго спотэра нават трапіла ў СМІ, таму што ён раздражніў міліярдэра Ілана Маска. Джэк Суіні, студэнт-другакурснік Універсітэта Цэнтральнай Фларыды, стварыў акаўнт у Twitter, каб публікаваць інфармацыю пра месцазнаходжанне галоўнага самалёта Маска (N628TS). Адным з першых крокаў Маска ў якасці новага ўладальніка Twitter было выдаленне пастоў Суіні, а таксама пастоў іншых спотэраў і арганізацыі, якая прадастаўляла ім такія дадзеныя.

Суіні стварыў новы акаўнт у іншай сацыяльнай сетцы reddit (r/ElonJetTracker) і пасля — яшчэ адзін акаўнт у Twitter (@elonjetnextday). На гэтай старонцы ў Twitter публікуюцца дадзеныя аб палётах Маска з 24-гадзіннай затрымкай у адпаведнасці з новым правілам Twitter, якое забараняе публікаваць інфармацыю аб месцазнаходжанні ў рэжыме рэальнага часу.

У пачатку лютага Twitter стварыў яшчэ адну перашкоду, абвясціўшы, што будзе браць плату за карыстанне яго API (application program interface). Многія спотэры публікуюць інфармацыю для задавальнення і не зарабляюць на гэтым, таму чакаецца, што падобны крок Twitter істотна знізіць іх актыўнасць у гэтай сацыяльнай сетцы.

Фота: westpalmjets / Pixabay

Першасныя крыніцы інфармацыі аб палётах

Інфармацыя аб палётах у рэжыме рэальнага часу з’яўляецца шырока даступнай, большая частка дадзеных яшчэ і бясплатная.

Сайты па адсочванню палётаў адрозніваюцца па сваіх функцыях. Напрыклад, для атрымання архіўных дадзеных часта патрабуецца падпіска і/або плата. Тым не менш, плата за асноўную інфармацыю звычайна невялікая (5-10 долараў ЗША ў месяц), аднак больш дэталёвая інфармацыя будзе каштаваць больш.

Гэтыя сайты з большага атрымліваюць інфармацыю ад энтузіястаў, якія ўсталявалі антэны па ўсім свеце. Тыя, хто «корміць» сайты інфармацыяй са сваіх антэн, атрымліваюць бясплатны доступ да самых дарагіх падпісак.

Некаторыя сайты прапануюць бясплатную дапамогу журналістам. Таму не лішнім будзе запытацца. Акрамя таго, асобныя сайты маюць форумы і блогі з рэкамендацыямі.

Асноўныя сайты для трэкінгу палётаў

ADS-B Exchange – гэты сайт змяшчае інфармацыю аб большай колькасці палётаў, чым іншыя сэрвісы, таму што ён не адфільтроўвае дадзеныя аб амерыканскіх самалётах, уласнікі якіх запатрабавалі ў адпаведнасці з заканадаўствам ЗША захаваць канфедыцыйнасць іх палётаў. (Падрабязней пра гэта глядзіце ніжэй). Можна бясплатна паглядзець архіўныя дадзеныя аб палётах любога самалёта. Для гэтага на мапе націсніце на пэўны самалёт і на панэлі злева націсніце на кнопку «гісторыя». Каб атрымаць неапрацаваныя дадзеныя, трэба дадаткова заплаціць. Тут знаходзяцца некаторыя парады па тым, як наладзіць інтэрфейс мапы на сайце. У студзені 2023 года ADS-B Exchange быў выкуплены кампаніяй JetNet, што крыху занепакоіла карыстальнікаў, хоць JetNet і паабяцаў працягнуць працу сэрвіса.

Тры карысныя для журналістаў сайты

Icarus Flights – гэты інструмент па трэкінгу палётаў быў створаны некамерцыйнай арганізацыяй «Цэнтр абаронных даследванняў» (C4ADS). Тут выкарыстоўваюцца дадзеныя ад ADS-B Exchange, а таксама ёсць дадатковыя функцыі. Апроч іншага, карыстальнікі могуць маніторыць пэўныя тэрыторыі, адсочваць палёты самалётаў, якія знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі, і атрымліваць дадзеныя пра ўласніка самалёта. Icarus Flights агульнадаступны, але журналісты-расследавальнікі, зацікаўленыя ў яго выкарыстанні, мусяць звязацца з C4ADS, каб атрымаць доступ да бясплатнага сэрвісу.

The OpenSky Network – некамерцыйная асацыяцыя, якая знаходзіцца ў Швейцарыі. Асацыяцыя сцвярждае, што мае найбуйнейшую базу дадзеных паветранага руху. «Мы захоўваем кожнае паведамленне, якое калі-небудзь атрымліваем з самалёта», — запэўнівае адзін з валанцёраў. У базе дадзеных з дапамогай пошуку па хваставому нумару можна знайсці рэгістрацыйную інфармацыю самалёта, нядаўнюю гісторыю палётаў і тое, ці знаходзіцца ён цяпер у паветры. Функцыя Explorer пакажа самалёты, якія цяпер знаходзяцца ў паветры. Сэрвіс захоўвае на працягу 30 дзён вашу гісторыю пошуку. Яшчэ ёсць функцыя стварэння спісу экстранных абвестак.

Рэсурс OpenSky арыентаваны на навукоўцаў і некамерцыйныя арганізацыі, якія займаюцца даследаваннямі, але асацыяцыя дапамагае і журналістам, калі ад іх паступае пэўны запыт. Акрамя таго, яны аб’ядноўваліся з медыямі для візуалізацыі дадзеных і для «іншых рэчаў, якія прыносяць нам карысць дзякуючы шырэйшаму асвятленню».

Пасля таго, як JetNet набыў ADS-B Exchange, з’явіліся два новыя сайты, абодва са значна меньшай колькасцю інфарматараў і таму са значна меньшым ахопам (прынамсі на пачатак лютага 2023 года):

Theairtraffic.com – сайт, створаны Джэкам Суіні «і сябрамі Ground Control Discord Server» з абяцаннем «заўсёды быць адкрытым і публікаваць неадфільтраваныя дадзеныя».

Adsb.fi – «кіраваны супольнасцю трэкер палётаў з больш чым 500 актыўнымі інфарматарамі па ўсім свеце», які абяцае «адкрыты і нефільтраваны доступ да дадзеных сусветнага паветранага руху».

Іншыя трэкінгавыя крыніцы

Многія сэрвісы па сачэнню за самалётамі прапануюць мапы ў рэжыме рэальнага часу і бясплатна паказваюць апошнія палёты і многае іншае.

Аднак некаторыя сайты могуць выдаліць інфармацыю аб любым самалёце, калі яго ўласнік пра гэта папросіць. Тым не менш, у некаторых частках свету (напрыклад, у Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы) іх пакрыццё значна лепшае, чым ADS-B Exchange.

Некаторыя опцыі (напрыклад, апавяшчэнне аб узлёце самалёта і доступ да архіўных дадзеных аб палёце) з’яўляюцца платнымі.

Іншыя трэкінгавыя сэрвісы: Airfleets, AVDelphi, Flight Stats, Flight Board, FlightView, Freedar, Plane Mapper, Planeplotter і SkyScanWorld.

Існуюць таксама іншыя сайты па сачэнню за камерцыйнымі палётамі.

Акрамя таго, ёсць некалькі карысных спецыялізаваных сайтаў. Да іх адносяцца:

  • Dictator Alert – праект, які адсочвае самалёты палітыкаў з аўтарытарных краін па ўсім свеце і вядзе некалькі ботаў у Twitter, якія публікуюць інфармацыю, калі гэтыя самалёты садзяцца ў Парыжы, Лондане, Жэневе альбо ў аэрапорце Базель-Мюлхаўз-Фрайбург.
  • Bellingcat – адкрытая база дадзеных для трэкінгу «вартых увагі рэйсаў у/з аэрапортаў Казахстана, каб лепш разумець апошнія падзеі ў краіне».
  • Advisory Circular Bots – сайт, які публікуе інфармацыю пра тое, як самалёты лётаюць па крузе над гарадамі па ўсім свеце, у тым ліку ў такіх гарадах, як Лос-Анджэлес, Балтымор, Портленд, Мінеапаліс і Лондан.

У сацыяльных сетках таксама шмат спотэраў, якія паведамляюць пра свае знаходкі. Сачыце за наступнымі хэштэгамі ў Twitter: #aviation, #avgeek, #planespotting, #flight, #MilAvGeek.

Некаторыя карысныя акаўнты ў Twitter: Evergreen Intel @vcdgf555, Gerjon @Gerjon, Aircraft Spots @AircraftSpots, SkyScanWorld @scan_sky, and Avi Scharf @avischarf.

Таксама зірніце канал Bellingcat у Discord пра караблі і самалёты.

Асновы трэкінгу

Трэкінгавыя сайты паказваюць гэту інфармацыю для ідэнтыфікацыі самалёта.

Адзін з ідэнтыфікацыйных нумароў называецца «hex код» (часам яго яшчэ называюць S-mode ці ICAO). Гэтая серыя з шасці ці сямі літар і лічбаў, якая атрымана з 24-бітных адрасоў, прызначаных краінам Міжнароднай арганізацыяй грамадзянскай авіяцыі (ICAO). Такім чынам, па коду можна даведацца ў якой краіне зарэгістраваны самалёт. Звычайна hex код самалёта не змяняецца, пакуль яго не прададуць. Агулам гэта ўнікальны ідэнтыфікатар самалёта і яго інфармацыі, якую атрымліваюць трэкінгавыя антэны.

Па-другое, усе самалёты маюць (або павінны мець) фізічныя маркіроўкі або «хваставыя нумары», якiя знаходзяцца на задняй частцы самалёта. Яны надрукаваныя памерам 12 дюймаў (каля 30 сантыметраў). Гэты нумар складаецца з літар і лічбаў і пачынаецца з літараў, якія паказваюць краіну рэгістрацыі самалёта (N для ЗША, D для Нямеччыны і г. д.). У Вікіпедыі ёсць зручны спіс прэфіксаў рэгістрацыі самалётаў. Пасля гэтых літар ідуць некалькі лічбаў і/або літар, характэрных для пэўнага самалёта. Вайсковыя самалёты выкарыстоўваюць іншыя сістэмы ідэнтыфікацыі.

Таксама варта звярнуць увагу на «пазыўныя». Гэта тыя літары, якія пілот вырашыў увесці для гэтага палёту. На камерцыйных рэйсах пазыўным будзе нумар рэйса, напрыклад DAL307, для рэйса Delta Airlines 307 з Ганалулу ў Мінеапаліс.

Ключавымі для пошуку інфармацыі аб уласніку самалёта з’яўляюцца «hex коды» і рэгістрацыйныя нумары. У Францыі пазыўныя прыватных самалётаў супадаюць з рэгістрацыйным нумарам. Для высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў часам змяняюцца пазыўныя: напрыклад, CMR001 для прэзідэнта Камеруна, або COTAM001–  для французскага.

Цяжкасці ў атрыманні інфармацыі аб уласніку самалёта

Знайсці, каму належыць самалёт, магчыма, але часам цяжка.

Большасць краін не публікуюць свае нацыянальныя «рэестры» уласнікаў. Многія самалёты зарэгістраваныя ў краінах, якія гарантуюць канфедыцыйнасць, напрыклад, у Арубе (пра гэта ніжэй). Уласнік не абавязаны жыць у краіне, дзе зарэгістраваў самалёт.

Каля 60 краін публікуюць некаторую інфармацыю аб уласнасці. Частка такіх нацыянальных базаў дадзеных з’яўляецца  даволі зручнай для карыстальнікаў, там можна  шукаць і спампоўваць дадзеныя. Некаторыя краіны, як Вялікабрытанія і ЗША, даюць падрабязную інфармацыю аб уладальніках самалёта і нават аб любых фізічных зменах самога самалёта.

Аднак часта бывае так, што нават калі інфармацыя даступная, то яе недастаткова: публікуецца толькі тып самалёта і імя ўладальніка. Акрамя таго, некаторыя рэестры абнаўляюцца штодня, іншыя могуць аднаўляцца толькі штомесяц або нават раз на год.

Інфармацыя пра тое,  каму належыць самалёт, можа быць схавана. У шматлікіх выпадках зарэгістраваным уладальнікам з’яўляецца падстаўная карпарацыя або кампанія па кіраванню самалётамі. Таму даводзіцца шукаць далей, каму насамрэч належыць самалёт. У Злучаных Штатах урад дазваляе замежным уладальнікам перадаваць правы ўласнасці даверанай асобе –  грамадзяніну ЗША.

Некаторыя трэкінгавыя сайты ўтрымліваюць інфармацыю аб уласніку самалёта, аднак крыніцы звычайна не прыводзяцца. Акрамя таго, за такую інфармацыю магчыма трэба будзе дадаткова заплаціць.

Іншыя важныя дэталі

Уласнік самалёта не заўсёды знаходзіцца на борце. Часам самалёты здаюцца ў арэнду або накіроўваюцца на месцы тэхнічнага абслугоўвання. Той факт, што ўзлятае самалёт Ілана Маска, не азначае, што ён на ім. Спісы пасажыраў не знаходзяцца ў адкрытым доступе, таму бывае складана вызначыць людзей, якія знаходзяцца на борце.  Для гэтага звычайна трэба глядзець сацыяльныя сеткі ці выкарыстоўваць олдскульную журналістыку. Напрыклад, можна паназіраць за аэрапортам альбо паразмаўляць з яго супрацоўнікамі. Таксама самі пасажыры могуць пахваліцца фотаздымкамі ў Instagram.

Крыніцы пошуку рэгістрацыйнай інфармацыі

Ніжэй – некаторыя рэсурсы з інфармацыяй аб уласніках самалёта. Яна прадастаўляецца бясплатна альбо па падпісцы.

Спасылкі на некаторыя нацыянальныя рэестры з магчымасцю пошуку:

Некаторыя іншыя рэсурсы:

Адмысловыя сайты для адсочвання вайсковых палётаў

На пералічаных вышэй сайтах ёсць магчымасць шукаць вайсковыя палёты. На ADS-B Exchange ёсць фільтр, які дазваляе шукаць выключна вайсковыя самалёты.

Далей – некаторыя іншыя сайты для трэкінгу вайсковых паветраных суднаў:

ADS-B.NL – гэта сайт, заснаваны на дадзеных у рэжыме рэальнага часу ад ADS-B Exchange, які спецыялізуецца на адсочванні ваенных самалётаў па ўсім свеце.

Radarbox дазваляе бясплатна шукаць і ствараць уласны віджэт, каб мець магчымасць адсочваць палёты ў прамым эфіры. Аднак сайт не паказвае некаторую інфармацыю з прычын бяспекі вайсковых дзеянняў альбо каб захаваць канфідэнцыйнасць асобных прыватных самалётаў.

Scramble мае базы дадзеных розных самалётаў вайскова-паветраных сілаў Еўрапейскіх краін, ЗША і Канады, а таксама некаторыя базы дадзеных ВПС Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі і Азіі. Сайт створаны Нідэрландскай авіяцыйнай асацыяцыяй і мае актыўны форум. Scramble таксама мае Базу дадзеных савецкага транспарту.

Planeflightracker спецыялізуецца на вайсковых самалётах НАТА і РФ.

Пошук па серыйнаму нумару самалёта дазваляе паглядзець вайсковыя самалёты ЗША. Сайт зроблены экспертам Джо Баўгерам, «фрыкам на серыйных нумарах самалётаў». На яго сайце ёсць таксама неверагодная калекцыя спасылак на іншыя авіяцыйныя сайты.

Фотаздымкі

Два сайты з вялікім архівам фотаздымкаў самалётаў:

Многія спотэры часта здымаюць фота і відэа і распаўсюджваюць іх у сацыяльных сетках. Таксама шмат якія сайты па адсочванні палётаў самі публікуюць фотаздымкі.

Такія сайты як Plansespotters.net і Jetphotos.com прапануюць шырокі спектр выяваў прыватных, камерцыйных і вайсковых самалётаў. Скрыншот: Planespotters.net

Як разумець сістэмы трэкінгу палётаў

Як толькі самалёт узлятае ў паветра, ён адсочваецца некалькімі спосабамі. Найноўшая сістэма, прынятая на міжнародным узроўні, — гэта ADS-B, аўтаматычнае залежнае назіранне-транслыцыя (Automatic Dependent Surveillance-Broadcast). Іх сайт публікуе найбольш поўную інфармацыю.

Вось кароткі агляд сістэм на аснове радараў, якія выкарыстоўваліся дзесяцігоддзямі:

«Першасны» радар выяўляе і вымярае прыблізнае месцазнаходжанне самалёта з дапамогай радыёсігналаў. «Другасны» назіральны радар абапіраецца на працэс, у якім інфармацыя перадаецца назад з кожнага самалёта, калі ён атрымлівае радыёсігнал. Такі адказ самалёта ўтрымлівае ідэнтыфікацыйную інфармацыю (hex код ICAO) і вышыню знаходжання самалёта, але не дае інфармацыі аб месцазнаходжанні. Аднак лакацыю можна вызначыць, калі перадачы прымаюцца ў некалькіх месцах. Дадзеныя аб’ядноўваюцца праз працэс, які называецца мультылатэрацыя (MLAT), каб вызначыць месцазнаходжанне самалёта (тут больш падрабязнае тлумачэнне з графікай).

ADS-B забяспечвае значна большыя часціню, дакладнасць і ахоп пры меншым кошце. Пры ADS-B бартавое абсталяванне вызначае месцазнаходжанне самалёта з дапамогай спадарожнікавай навігацыі і кожныя паўсекунды перадае гэтую GPS-інфармацыю разам з інфармацыяй пра вышыню, хуткасць і курс, а таксама ідэнтыфікацыйны код. Гэты працэс называецца «ADS-B Out». Узлёт або пасадку можна вызначыць на аснове інфармацыі аб хуткасці, вышыні і месцазнаходжанні.

Аднак інфармацыя ад ADS-B незаўсёды поўная. Існуюць мёртвыя зоны, дзе няма прымачоў, напрыклад, пустэчы, акіяны і палярныя шапкі. Таксама пакрыццё няпоўнае на большай частцы Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

Асаблівасцю ADS-B з’яўляецца тое, што сігналы можна лавіць з дапамогай абсталявання коштам усяго 20 долараў ЗША. Незашыфраваныя сігналы, якія перадаюцца на часціні 1090 МГц, можна прымаць у радыусе каля 200 міляў (320 кіламетраў), пакуль самалёт знаходзіцца ў зоне прамой бачнасці антэны. Цяпер існуюць тысячы такіх прымачоў, якімі з большага кіруюць авіяаматары. Яны перасылаюць сігналы камерцыйным і некамерцыйным сайтам па трэкінгу палётаў, часам за сціплую плату.

ADS-C – гэта спадарожнікавы трэкінг, і ён выкарыстоўваецца толькі некаторымі буйнымі камерцыйнымі самалётамі. Важна ведаць аб гэтай крыніцы дадзеных, праглядаючы мапы пакрыцця трэкінгавых сайтаў, таму што дадзеныя з самалётаў з ADS-C могуць скласці ўражанне, быццам бы пакрыццё лепшае, чым насамрэч.

Некаторыя трэкінгавыя сайты могуць аплачваць усталяванне станцый ADS-B. Такім чынам, магчыма атрымліваць бясплатныя дадзеныя.

Як выкарыстоўваць праграмаванне для пошуку палётаў

Можна сабраць шмат інфармацыі, выкарыстоўваючы базавыя інструменты трэкінгавых сайтаў.

Аднак больш амбіцыйныя праекты патрабуюць навыкаў праграмавання. Як адзначалася раней, атрымаць дадзеныя з буйных трэкінгавых сервісаў магчыма за дадатковую плату. Многія сайты прапануюць інтэрфейсы прыкладнога праграмавання (API), каб палегчыць выкарыстанне інфармацыі.

Каб працаваць з вялікім аб’ёмам інфармацыі аб палётах, а таксама каб аналізаваць яе, патрэбныя кампетэнцыі ў праграмаванні на мовах R ці Python. Часам карысна выкарыстоўваць Google Earth.

Вось тут інструкцыя ад Geodose адносна таго, як стварыць простую сістэму адсочвання палётаў з дапамогай Python. А таксама – адноўленая публікацыя пра тое, як «зрабіць гэту сістэму больш прыгожай з больш прасунутым падыходам з выкарыстаннем бібліятэк Pandas-Bokeh». А гэта дапаможнік па напісанню праграмы для аўтаматычнага збору дадзеных аб бліжэйшых самалётах з дапамогай OpenSkyNetwork API.

Адным з экспертаў па выкарыстанні палётных дадзеных з’яўляецца Пітэр Олдхаўз, які раней працаваў для сайта BuzzFeed. У сваім раследаванні ён выкарыстаў дадзеныя з Flightradar24. У 2016 годзе Олдхаўз напісаў матэрыял «Шпіёны ў нябёсах», дзе паказаў, як самалёты ФБР і Міністэрства нацыянальнай бяспекі (Department of Homeland Security, DHS) рэгулярна кружаць над большасцю буйных гарадоў ЗША. Пазней журналіст выкрыў іншыя шпіёнскія самалёты з дапамогай машыннага навучання, дзе ён навучыў алгарытм знаходзіць новыя самалёты, якія кружаць над гарадамі (больш падрабязна глядзіце гэтае тлумачэнне).

Журналіст BuzzFeed Пітэр Олдхаўз паведаміў пра самалёт ФБР, які кружыў над гарадамі, выкарыстоўваючы пра гэтым дадзеныя Flightradar24. Скрыншот: BuzzFeed

Часам вы можаце знайсці гатовыя праграмы на GitHub, якія могуць дапамагчы вам прааналізаваць дадзеныя, але хутчэй за ўсё вам усё роўна спатрэбяцца навыкі праграмавання.

У дадатак тут некаторыя практычныя парады ад спотэра пра тое, як лепш выкарыстоўваць ADS-B Exchange:

«Я групую некалькі hex кодаў адначасова, выкарыстоўваючы функцыю, якая называецца “multiple airframes” і захоўваю іх URL у закладках браўзера, каб яны былі пад рукой. Я не думаю, што існуе абмежаванне на тое, колькі нумароў можна сгрупаваць адначасова, аднак аперацыйная сістэма вашага кампутара верагодна не пацягне, калі вы зробіце больш за, скажам, 500 адначасова.

Гэта функцыя эканоміць мне велізарную колькасць часу. Бо такім чынам, сістэма ловіць hex коды на працягу дня, а яны могуць быць бачныя толькі некалькі секунд з-за кепскага пакрыцця. Гэта вельмі важна для раёнаў, дзе няма такой надзейнай сеткі прымачоў (Усходняя Расія, Афрыка і г. д.)».

Як шукаць дадзеныя ва ўмовах заканадаўства ЗША па захаванню канфідэнцыяльнасці

У ўрада Злучаных Штатаў ёсць дзве праграмы, якія дазваляюць ананімныя палёты на прыватных самалётах у паветранай прасторы ЗША. Аднак такая абарона дадзеных не з’яўляецца непераадольнай.

Лягчэй за ўсё абыйсці праграму Абмежавання паказвання палётных дадзеных (Limiting Aircraft Data Displayed, LADD). LADD дазваляе амерыканскім уладальнікам самалётаў выдаліць дадзеныя аб сваіх палётах з дадзеных, якія распаўсюджваюцца Федэральнай авіяцыйнай адміністрацыяй (FAA). Аднак ADS-B Exchange бачыць усе палёты LADD, паколькі не выкарыстоўвае дадзеныя FAA. Акрамя таго, тут ёсць неафіцыйны спіс LADD, які заснаваны на інфармацыі ад FAA.

Другая праграма стартавала пасля таго, як уладальнікі прыватных самалётаў пралабіявалі больш бяспечную сістэму. Згодна з праграмай Канфідэнцыяльнасці ICAO кодаў (PIA), уладальнікі могуць звярнуцца ў FAA, каб ім прызначылі часовы hex код, які не звязаны з іх хваставым нумарам. Код дзейнічае 60 дзён і кожныя 20 дзён яго можна мяняць.

Праграма PIA ўрада ЗША стварае некаторыя перашкоды для спотэраў, але тыя распрацавалі мноства абыходных шляхоў. Нягледзячы на тое, што не так шмат уладальнікаў скарысталіся праграмай, іх імкненне да ананімнасці прыцягнула ўвагу. Ёсць нават адмысловая старонка ў Facebook PIA Busters.

Як даведацца, што самалёт выкарыстоўвае код PIA? ADS-B Exchange мае фільтр «PIA». Націсніце на яго і ўбачыце рэйс PIA. Звычайна такіх рэйсаў некалькі.

Ведаючы PIA-код, спецыялісты прапануюць некалькі спосабаў высветліць, што гэта за самалёт. Большасць з іх заснаваная не столькі на тэхнічным аналізе, колькі на аналізе паводзін.

  • Сачыце за палётамі розных самалётаў з кодам PIA і шукайце знаёмыя маршруты і пункты прызначэння. Збярыце іх у электронную табліцу.
  • Выкарыстоўвайце падказкі з сацыяльных сетак або навін, каб суаднесці рух самалёта з магчымым чалавекам.
  • Абапірайцеся на візуальныя назіранні на зямлі (і праз вэб-камеры ў аэрапортах), якія адпавядаюць рухам самалёта PIA, каб ідэнтыфікаваць самалёт. Памятайце, што нумар на борце не змяняецца.
    Праверце паведамленні ACARS, якія могуць даць ідэнтыфікацыйную інфармацыю (больш падрабязна пра ACARS ніжэй).
  • Увядзіце нумар PIA на іншых пошукавых сайтах, таму што з-за паломак ці тэхнічных збояў самалёта часам раскрываецца карысная інфармацыя.

Аднак існуе магчымасць увядзення дадатковых міжнародных абмежаванняў. Напрыклад, Саудаўская Аравія ў канцы 2022 года ўнесла ў ICAO прапанову, «каб пашырыць меры па захаванні канфедынцыйнасці палётаў». Па стане на пачатак 2023 года ніякіх мер па гэтым пытанні не прымалася.

Выкарыстоўванне FOIA ў ЗША для атрымання палётных дадзеных

Іншы спосаб атрымаць дадзеныя аб пералётах ў Злучаных Штатах — падаць у Федэральную авіяцыйную адміністрацыю адпаведны запыт згодна з Законам аб свабодзе інфармацыі. Запыты можна адпраўляць на адрас электроннай пошты: 7-awa-arc-foia@faa.gov

Таксама можна зрабіць запыт у «сховішча палётных запісаў TFMS для самалётаў з хваставым нумарам». TFMS — гэта сховішча сістэмы кіравання трафікам. Варта пазначыць хваставы нумар і часовыя рамкі: напрыклад, «з 1 студзеня 2023 г. да даты выканання гэтага запыту». Папрасіце даць адказ на запыт у электронным фармаце. Рэпрэзентаваныя дадзеныя складаюцца з інфармацыі аб палёце, якую немагчыма атрымаць праз службы адсочвання палётаў, калі ўладальнік выкарыстаў магчымасць блакіроўкі.

Тут вы можаце пабачыць прыклад таго, якую інфармацыю можна атрымаць. У дадзеным выпадку журналіст выдання ProPublica Джасцін Эліот выкарыстаў дадзеныя ад FAA для матэрыяла «Bыкарыстанне Стывам Бенанам прыватнага самалёта, які асацыюецца з кітайскім бізнесоўцам, можа парушаць заканадаўства аб фінансаванні палітычных кампаній».

Трэкінг радыёпаведамленняў – ACARS

Яшчэ адзін спосаб сачыць за самалётамі — сачыць за кароткімі тэкставымі паведамленнямі паміж самалётам і службай кіравання паветраным рухам (aircraft and air traffic control, ATC). Сістэма перадачы радыёпаведамленняў называецца ACARS (глядзіце падрабязнае відэаапісанне альбо відэа з меншай колькасцю тэхнічных тлумачэнняў).

Незашыфраваныя паведамленні ў асноўным апісваюць планы палёту, але могуць датычыцца і механічных праблем. Многія актыўна назіралі за вывадам войскаў ЗША з Кабула ў 2021 годзе па паведамленнях ACARS.

Аднак інтэрпрэтаваць паведамленні даволі цяжка, таму што там выкарыстоўваецца шмат спецыялізаваных абрэвіятур. Тут тлумачацца некаторыя скарачэнні: напрыклад, «ATB: Air Turn Back» – калі камандзір вырашае вярнуцца ў аэрапорт вылету замест таго, каб ляцець да месца прызначэння. Тут яшчэ адзін aртыкул з прыкладамі абрэвіятур, якімі карыстаюцца ў паведамленнях ACARS. Аднак, каб расшыфраваць больш доўгія размовы, вам хутчэй за ўсё спатрэбіцца эксперт.

Паведамленні ACARS прымаюцца наземнымі ці спадарожнікавымі прымачамі. Праект Airframes.IO і яго акаўнты у твітары @thebaldgeek і @AirframesIO публікуюць паведамленні ў рэжыме рэальнага часу. Яны знаходзяцца на старонцы «Паведамленні», але іх можна таксама пашукаць.

Яшчэ адзін сайт LiveATC.net публікуе радыёкамунікацыю паветраных судоў з усяго свету. На сайце з’яўляюцца як радыёпаведамленні ў рэжыме рэальнага часу, так і архіўныя запісы з магчымасцю пошуку.

Даступныя запісы па авіяцыйнай бяспецы

Дадатковую інфармацыю аб уласніку самалёта можна атрымаць таксама са справаздачаў аб паломках ці няшчасных выпадках. Нацыянальныя агенцтвы, адказныя за бяспеку палётаў, могуць публікаваць падобныя справаздачы аварый і праверак.

Ініцыятыва па авіябяспецы (Aviation Safety Network, ASN) — гэта прыватная незалежная ініцыятыва, якая вядзе анлайн-базу дадзеных аб аварыях і пытаннях бяспекі авіялайнераў, вайскова-транспартных самалётаў і карпаратыўных самалётаў. ASN публікуе спіс камісій, якія займаюцца расследаваннем аварый у залежнасці ад краіны.

Сайт The Aviation Herald паведамляе пра розныя віды інцыдэнтаў і аварый у розных краінах свету.

У ЗША расследаваннем інцыдэнтаў займаецца Нацыянальнае ўпраўленне транспартнай бяспекі.

Іншыя апублікаваныя дадзеныя амерыканскіх агенцтваў (напрыклад, справаздачы аб пакупках і кантрактах) могуць быць патэнцыяльнымі крыніцамі інфармацыі аб урадавых самалётах. Рэгістрацыйныя дакументы FAA паказваюць змены, унесеныя ў самалёты, у тым ліку, напрыклад, усталяванне камер начнога бачання.

Як «хаваюцца» уласнікі самалётаў

У Злучаных Штатах журналісты-расследавальнікі выявілі, што некаторыя ўладальнікі рэгістравалі свае самалёты праз банкі або трэсты, каб схаваць факт валодання паветраным суднам.

Амерыканскі ўрад дазваляе замежным уладальнікам перадаваць права ўласнасці даверанай асобе — грамадзяніну ЗША – і гэткая сістэма гатовая для злоўжыванняў. Так, больш за 1000 самалётаў маюць адрасы трэстаў ў Aircraft Guaranty Corp., і ўсе яны ў горадзе без аэрапорта – у Аналасцы, штат Тэхас (інфармацыя тэлеканала Даласа WFAA).

Газета The Boston Globe раскрыла схему замаскіраваных рэгістрацый самалёта ў серыі публікацый «Сакрэты ў небе». Іх група расследавальнікаў выявіла, што, дзякуючы слабаму нагляду з боку FAA, наркагандляры, карумпаваныя палітыкі і нават тыя, хто мае сувязі з тэрарызмам, могуць рэгістраваць прыватныя самалёты і хаваць сваю асобу. Паводле выдання, шостая частка ўласнікаў самалётаў у ЗША схаваныя так, што іх немагчыма ідэнтыфікаваць.

Газета The New York Times паведамляла пра тое, як шчыліны ў заканадаўстве аб рэгістрацыі самалётаў згулялі на карысць расійскага алігарха. Паглядзіце таксама артыкул у выданні Business Jet Traveler, які, наадварот, абараняе амерыканскую практыку рэгістрацыі самалётаў.

Перашкоды, якія стварае лізінг

Калі самалёты арэндуюцца, здаюцца ў лізінг, што з’яўляецца звычайнай практыкай, то амаль немагчыма даведацца, хто плаціць за канкрэтны рэйс.

Такім быў досвед журналісткі Эрдэлі Каталін з венгерскага сайта расследаванняў Átlátszó, калі яна пачала задаваць пытанні аб выкарыстанні прыватнага самалёта прэм’ер-міністрам Віктарам Орбанам. Яе расследаванне паказала, што самалёт быў зарэгістраваны ў Аўстрыі. Аднак невядома, хто аплачваў пералёты. Самалётам кіруе аўстрыйская кампанія International Jet Management GmbH, якая спецыялізуецца на эксплуатацыі бізнес-джэтаў.

GIJN публікавала артыкул рэпарцёраў Átlátszó, які апісваў іх расследаванне «Як яны гэта зрабілі: прыватная яхта, раскошны самалёт і венгерская палітычная эліта».

Віктар Орбан спускаецца з самалёта OE-LEM у аэрапорце Будапешта 25 ліпеня, 2018. Фота: Daniel Nemeth / Atlatszo

Упадабаныя краіны для рэгістрацыі

Рэгістрацыю неабавязкова праводзіць па месцы пражывання ўладальніка самалёта. І самалёты можна перарэгістраваць (часам са зменай ID-нумара).

Праект CorporateJetInvestor у сваім Афіцыйным дапаможніку па рэгістрацыі самалёта 2023 апісвае нацыянальныя правілы рэгістрацыі самалётаў, а на сайце сабраныя навіны авіяцыйнага бізнесу. Простасць рэгістрацыі, канфідэнцыйнасць і падатковыя льготы з’яўляюцца ключавымі фактарамі, на якія звяртаюць увагу аўтары.

Згодна са справаздачай Міжнароднага кансорцыума журналістаў-расследавальнікаў, востраў Мэн з’яўляецца адной з папулярных юрысдыкцый для рэгістрацыі самалётаў, гэта дазваляе пазбегнуць падаткаў у ЕЗ.

Іншыя папулярныя месцы для рэгістрацыі: Аруба, Бермудскія выспы і Кайманавы выспы.

Арыгінал матэрыялу на англійскай мове: Planespotting: An Updated Guide to Tracking Aircraft Around the World.

Падзяліцца:

Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

28 чэрвеня 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняЯк адсочваць самалёты па ўсім свеце. Абноўлены дапаможнік ад GIJN

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць