Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
24 лютага спаўняецца год, як пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне. Беларускія незалежныя медыя з самых першых гадзін пачалі асвятляць падзеі і расказваць беларусам, што адбываецца насамрэч.
Мы спыталі беларускія рэдакцыі, як змянілася іх праца за год вайны, з якімі выклікамі яны сутыкнуліся і як атрымалася іх пераадолець.
Аляксей Дзікавіцкі, намеснік дырэктара «Белсату»
– Віклікаў за гэты год было шмат. Адзін з іх – пашырэнне вяшчання. Літаральна з першага дня вайны замест дзвюх гадзін мы пачалі вяшчаць шаснаццаць – у жывым эфіры. І гэта ўсё рабілі тымі ж сіламі. Людзі ў прамым сэнсе жылі ў рэдакцыі: мы пачыналі а 3-й гадзіне і заканчвалі а 23-й.
Другі вялікі выклік, з якім сутыкнулася рэдакцыя на пачатку вайны, – рэлакацыя журналістаў «Белсату» з Украіны, якіх дагэтуль давялося вывозіць з Беларусі – калі рэжым прызнаў медыя экстрэмісцкім фармаваннем, і частка каманды (амаль 50 чалавек) апынулася пад сур’ёзнай пагрозай.
– Калі пачалася вайна, у нашых журналістаў ва Украіне заблакавалі банкаўскія карткі – многія засталіся літаральна без сродкаў. У некаторых нават не было пашпартоў, бо яны на той момант знаходзіліся ў польскай амбасадзе для атрымання візы. Эвакуацыя каманды тады была вялікім лагістычным выпрабаваннем.
Трэцяй значнай задачай, кажа кіраўнік «Белсату», сталася пашырэнне ўласнай сеткі карэспандэнтаў ва Украіне. І гэта атрымалася станоўча вырашыць.
– Цяпер мы абсалютна перакананыя, што сталі не толькі тэлебачаннем, якое вяшчае выключна для беларусаў. Мы пашырыліся і стварылі міжнародную рэдакцыю, у якую ўваходзяць беларусы, украінцы, расійцы.
Датычна працы на розных платформах, рэдакцыя «Белсату» не адмаўлялася ад якіх-небудзь пляцовак, а, наадварот, узмацніла прысутнасць.
– За гэты час наш рускамоўны YouTube-канал «Вот Так» займеў у тры разы больш падпісантаў – з 300 тысяч да мільёна. Да нас прыйшлі людзі, якія хочуць ведаць праўду пра вайну. І што важна, на гэтым канале каля паловы падпісчыкаў – з расійскімі IP. Украінская аўдыторыя – на трэцім месцы па колькасці. Яшчэ такі істотны момант: украінцы больш актыўна глядзяць «Белсат» у Facebook.
Аляксей Дзікавіцкі адзначае, што частку праграмаў рэдакцыя вырашыла зняць з эфіру, бо жывое вяшчанне на пачатку вайны было ў прыярытэце. Але цяпер гэтыя праграмы вярнуліся ў сетку.
Не абыйшлося і без хвалі крытыкі, што «Белсат» перайшоў на рускую мову.
– Але мы глядзім на сітуацыю з розных бакоў. Мы павінны заставацца на гэтым полі, бо наша роля ў тым, каб даваць людзям сапраўдную інфармацыю, якая адрозніваецца ад той, што прасоўвае расійская прапаганда. Больш за тое, мы вяшчаем не толькі для Расіі, нас таксама глядзяць і ва Ўсходняй Украіне, і ў Малдове.
Што датычыцца беларускай аўдыторыі, кажа Аляксей Дзікавіцкі, рэдакцыя не бачыць сур’ёзнага адтоку – нягледзячы на розныя акалічнасці (і «экстрэмісцкі» статус, і блакіроўка сайту на тэрыторыі Беларусі), людзі застаюцца з «Белсатам».
Настасся Роўда, дырэктарка «Нашай Нівы»
Cамым складаным перыядам, кажа Настасся Роўда, быў пачатак вайны, бо гэта быў шок, не верылася, што ўсё адбываецца насамрэч.
– Мы не вельмі разумелі, як будуць разгортвацца падзеі, уступіць ці не ўступіць беларускае войска ў вайну. Пытанне, якое і дагэтуль актуальнае. Вайна працягваецца, і мы з ёй жывём, чакаючы моманта, калі яна скончыцца. Больш-менш мы адаптаваліся псіхалагічна, выбудавалі працу па-новаму. Тэмы Украіны, вайны, расійска-беларускіх стасункаў – тэмы нумар адзін увесь гэты год.
Пасля пачатку вайны некалькі ўкраінцаў звярнуліся ў рэдакцыю выдання і паведамілі, што ім падабаецца чытаць «Нашу Ніву» і яны лічаць, што такі кантэнт будзе цікавы ўкраінскай аўдыторыі. Рэдакцыя прыслухалася – так з’явіўся Telegram-канал «Наша Ніва українською», які зараз мае больш за 1 900 падпісантаў.
– Нам здаецца, гэта адзін з такіх крокаў насустрач украінцам, спроба паразумецца, знайсці агульную мову, патлумачыць, што адбываецца ў Беларусі, пра што думаюць беларусы і што ім баліць.
Дырэктарка «Нашай Нівы» таксама адзначае, што ў нейкім сэнсе рэдакцыі пашанцавала: не давялося рэлакавацца другі раз, ратаваць каманду з-пад бомбаў (большасць журналістаў выдання не знаходзіліся ва Украіне на момант пачатку поўнамаштабнай вайны), не давялося зноў пачынаць усё з пачатку ў новай краіне.
– Але што датычыцца іншых умоваў, якія паўплывалі на нашую працу, то ў 2022 годзе мы канчаткова адмовіліся ад сэрвісаў «Яндекса», які стаўся інструментам Крэмля ў разгортванні вайны, у тым ліку інфармацыйнай, і які літаральна выкінуў са сваёй платформы ўсе незалежныя беларускія рэсурсы, каб аўдыторыя (у тым ліку беларусы) не магла знаходзіць праўдзівую інфармацыю аб падзеях і вайне. Апроч таго, мы сышлі з «Одноклассников» і «ВКонтакте», бо ёсць пытанні як да іх правілаў мадэрацыі, так і наконт іх стаўлення да непракрэмлёўскага кантэнту.
З іншага боку, гаворыць Настасся Роўда, ёсць складанасці з пошукам аўдыторыі праз Google, бо прамыя спасылкі на сайт выдання ўнутры Беларусі не адкрываюцца (праз блакіроўку на тэрыторыі краіны). У выніку Google апускае сайт у стужцы навінаў, што змяншае колькасць аўдыторыі, якая магла б прыйсці праз гэтую платформу. Апроч усяго гэтага, «Наша Ніва» заблакаваная на тэрыторыі Расіі – за праўдзівае асвятленне вайны.
– Але, як бы гэта дзіўна ні гучала, мы набіраем аўдыторыю і паступова расцём. Гэта сведчыць аб тым, што людзям у Беларусі важна ведаць праўдзівую інфармацыю і нават праз складаныя шляхі ў іх атрымліваецца яе знаходзіць.
Зараз «Наша Ніва» асвойвае відэафарматы, пашырае прысутнасць у YouTube, TikTok.
– Мы шукаем новыя выйсця на беларускую аўдыторыю, каб прысутнічаць там, дзе людзі могуць лёгка і адносна бяспечна знайсці інфармацыю. Але таксама працягваем развіваць нашыя базавыя платформы, у першую чаргу сайт – наш цяжкавагавік, які раздае кантэнт на ўсе іншыя сеткі.
Рэдакцыя «Зеркала»
Для рэдакцыі «Зеркала» усё пачалося 24 лютага – калі прыйшлося экстранна эвакуяваць каманду, бо большая яе частка на момант уварвання расійскіх войскаў знаходзілася ва Украіне.
– Гэта былі тры вельмі цяжкія дні, калі мы рэлакавалі журналістаў і адначасова працягвалі падрабязна расказваць беларусам, што адбываецца. Чарговы пераезд пагоршыў псіхалагічны стан каманды, якая да гэтага ўжо прайшла вымушаны ад’езд з Беларусі. Апроч таго, мы сутыкнуліся з складанасцямі наконт легалізацыі ў новай краіне, з неўпеўненасцю ў будучыні. І, канешне, вельмі шмат болю, які мы ў рэдакцыі прапускалі і прапускаем праз сябе. Гэтага болю хапала і да вайны – рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца і набіраюць моц. Але цяпер і Украіна. Вось нядаўні тэкст, поўны жаху. Цяжка не пускаць гэта ў сваё асабістае жыццё і пакідаць толькі ў прафесійным.
Што датычыцца камунікацыі з суразмоўцамі з даваенных часоў, рэдакцыя выдання адзначае, што «гэта было і засталося складана».
– Пры гэтым мы робім выдатную працу. Узяць хоць бы гісторыю з ракетай, якая ў снежні ўпала ў Беларусі.
Таксама медыя заблакавана ў «ВКонтакте» на тэрыторыі Беларусі.
– Гэтая платформа не была для нас асноўнай, але так ці інакш улады паспрабавалі пазбавіць частку беларусаў доступу да сапраўдных навінаў. «Люстэркі» нашага сайту блакуюцца, але мы маем тэхналагічнае вырашэнне, якое дазваляе максімальна хутка вырашаць праблему. У апошнія месяцы аўдыторыя нашага сайту стала перавышае тры мільёны ўнікальных карыстачоў у месяц. За год вайны мы зрабілі шмат чаго, каб дагрукацца да як мага большай колькасці беларусаў з сапраўднымі навынамі і важнымі гісторыямі.
Як кажа рэдакцыя, яны выкарыстоўваюць адзін з самых дзейных спосабаў – працуюць на платформах з моцнымі рэкамендацыйнымі сістэмамі. Гэта TikTok, YouTube, Reels у Instagram.
– І гэта дае вынікі: за прыкладна чатыры месяцы мэтанакіраванай працы на гэтых пляцоўках мы выйшлі на агульныя паказчыкі ў дзясяткі мільёнаў праглядаў. Мы разумеем, што надалей таксама будзе складана, здарацца праблемы, аб якіх мы і падумаць не маглі. Але нашая каманда прафесійная і вынаходлівая – мы дамо рады і станем лепшымі.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт