Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Смол-токі з таксістамі, назвы ежы і вуліц, дзіцячыя казкі і простыя сказы. Такія розныя гісторыі ў нашай серыі пра вывучэнне моў у эміграцыі. Тэкст пра літоўскую з рэдактаркай і журналісткай Ірынай Новік – яшчэ і пра тое, як мы прымаем новае ў жыцці. Парады і карысныя спасылкі таксама для вас сабралі. А калі і вы асвойваеце новую мову – напішыце нам на press-club@solidarityby.eu.
– Мовы я люблю. Нават калі была маленькая, мы з сяброўкай хадзілі па невялічкім гарадку, дзе можна было хадзіць наўпрост пасярэдзіне шашы, і выдумлялі сваю мову. Кшталту: «Давай, дамовімся, што “каля-маля” гэта будзе “прывітанне”, а “маля-каля” гэта будзе “да пабачэння”». І, канешне, потым гэта ўсё забывалі і перапытвалі адна ў адной на зразумелай мове. Нават у дзяцінстве я гуляла ў мову. Мая мара, якая не спраўдзілася, – быць перакладчыцай.
А калі я прыехала пасля інстытута ў Гродна, аказалася, што я чамусьці не разумею гарадзенцаў. І потым да мяне дайшло, што яны гавораць моўнымі канструкцыямі – з польскай.
Напрыклад, кажуць «дождж падае», а не «ідзе». А замест «ці ты пойдзеш» гарадзенцы кажуць «ілі ты пойдзеш». І тады я пайшла вучыць польскую мову. Польская мне заходзіла як вада ў пясок, а я адчувала задавальненне, ад таго, што нарэшце пачынаю разумець гарадзенцаў.
Я вучыла польскую мову па фільмах, па кніжках – і яна вельмі хутка адбудоўвалася. На беларускую зверху – не было складанасцяў. Я літаральна за год і гаварыла, і чытала, і спявала па-польску.
З літоўскай усё больш складана. Я амаль тры гады ў Літве – і толькі зараз пачала вучыць. У мяне стаяў такі каменны блок на гэта вывучэнне, што я проста не магла яго прабіць.
Немецкий с Ульяной Бобоед: «Здесь никто с тобой не будет разговаривать как учитель».
Я спрабавала, пачынала – і сыходзіла з другога занятку. Мне не хацелася, не вучылася, усё не падабалася, настаўнікі не падабаліся, блізка – не падабалася, далёка – не падабалася. Анлайн – не падабалася. Карацей я бубніла на ўсё і сыходзіла проста каб не псаваць адносіны з людзьмі: у іх атрымліваецца, у мяне не – дык чаго я ім буду замінаць.
Але апошнім часам у мяне былі трагічныя падзеі – і трэба было адбудоўваць свае жыццё. Трэба было пакінуць у мінулым усё, што засталося ў мінулым, азірнуцца, ацаніць, супакоіцца, з псіхолагам папрацаваць. І вось неяк адпусціўшы і думкі, і ўсё астатняе, зʼявілася свабоднае месца.
Я ці то дазволіла, ці то прымусіла сябе пабачыць рэальны свет навокал. І ў гэтым свеце ёсць рэальная мова і патрэба яе вучыць.
Не таму, што легалізацыя, не таму, што прымус, а проста таму, што ты ў новым свеце, і ў гэтым свеце – новая мова.
У літоўскай мове «не» з дзеясловамі пішацца разам. Гэта мяне настолькі цешыць і смяшыць – нават не магу перадаць. У гэтай мове іншая логіка, у гэтым жыцці эмігранцкім – таксама іншая логіка. Усё не так, як было раней.
Калі я ўжо супакоілася і цвярозым дарослым позіркам паглядзела на свет вакол мяне, пачала кожны дзень рабіць адкрыцці. Тры гады тут жыву – і раптам адкрыцці. І ў гэтым сэнсе заняткі літоўскай мне вельмі заходзяць. Бо я стала як дзіця ў гэтым новым свеце.
Я стала ўспамінаць, як мы ў школе вучылі мовы. Як англійскую вучыла – там хвосцік -ing быў, і я малявала зайчыка з гэтым хвосцікам. Go – going.
І зараз заняткі мовай у мяне таксама выклікаюць вельмі дзіцячыя эмоцыі. Я з сябе трохі пасміхаюся, але гэта вельмі светлыя перажыванні, калі можна здзіўляцца, радавацца дробязям.
У літоўскай вельмі незразумелыя націскі, яна ўся як танец. Няма такога, як у польскай: перадапошні склад – націск. Ці як у беларускай: вывучыў дзе націск, і – усё. А тут націск плыве, і мова – як песня, як ручаёчак пераліваецца. Я амаль ніколі не адгадваю, дзе ставіць націск, калі чытаю незнаёмыя словы. Кожны раз – дзіцячае здзіўленне – нічога сабе!
Але я ўжо магу расказаць пра сябе і сваю сямʼю. Магу сказаць, што ў мяне ёсць дзве дачкі. Што мой дом ля парку, што я люблю хадзіць на шпацыры і слухаць аўдыякнігі. Я вельмі старанна вучу гэтыя словы, старанна вымаўляю іх і сама сабе дзіўлюся.
Узгадваюцца нейкія інстытуцкія смешныя выпадкі. На першым курсе быў хлопец, у яго была вялікая сям’я, а першая тэма на замежнай мове – гэта менавіта «мая сям’я». І яму трэба было сказаць, што ў яго і брат, і сястра, і бабулі, і цёткі. І ён мяне прасіў: «Ты напішы рускімі літарамі, каб я ўсё гэта вывучыў». І мы з ім усё гэта пішам і пішам, і раптам ён кажа: «Можа, давай, каб было карацей, напішам, што я сірата». Зараз я гэта ўзгадваю, і думаю: «Я ж не сірата, у мяне ёсць і такія сваякі, і такія сваякі, і ўсіх трэба ўзгадаць».
А потым мы вывучалі прыметнікі, і трэба было расказаць, хто ў нас бландзінка, хто ў нас шатэнка, хто высокі, а хто не. Я даўно такімі простымі сказамі, простымі яснымі рэчамі не аперыравала.
Калі б раней я пра сваіх сваячак сказала: інтэлектуальная, разумная, хітрая, хваткая, то зараз пра яе кажу вельмі простыя рэчы: яна высокая і сімпатычная; ён – нізкі і лысы. Былі людзі такія складаныя, а зараз – усё проста. Высокі – нізкі, светлы – цёмны. Новы свет.
І мне ў гэтым свеце вельмі камфортна, намнога прасцей стала. Я яго па-дзіцячаму, па цаглінках выбудоўваю.
Канешне, мінімальны слоўнік, нейкія вітальныя словы – гэта ўсё даўно было. Але класна тое, што літоўцы – дастаткова стрыманыя, не шматслоўныя. Таму калі садзішся ў таксоўку, кажаш: «Sveiki!» (прывітанне) ці «Laba diena!» (добры дзень). А калі ты па кантэксту разумееш, што таксіст пытае, ці тут спыніцца – адказваеш «Gerai» (добра). І на развітанне сказаць «Viso gero» (да пабачэння) – і ўсё, ужо цябе прымуць за літоўку, бо літоўцы шмат словаў не кажуць.
Карацей, калі зрабіць покерфейс і трапна выкарыстоўваць словы, то ўсё будзе супер.
Яшчэ здзівіла тое, што літоўцы з аднаго боку вельмі радуюцца, калі ты гаворыш на іх мове, з другога – калі бачаць, што ты мучаешся, лёгка пераходзяць на зразумелую табе мову. Часам здаецца: «Ну, ёлкі-палкі, я так стараюся, ну падтрымайце мяне!». А яны думаюць, што падтрымаць – гэта якраз перайсці на зразумелую мову – рускую ці ангельскую. Таму моўнай праблемы тут няма. Мне нават здаецца, што пасля пачатку вайны, калі прыехала шмат украінцаў, руская мова стала больш распаўсюджанай, бо людзі хочуць падтрымаць украінцаў.
Са словаў у літоўскай мне падабаецца šaltibarščiai – проста слова-пароль, гэта такі халаднік на кефіры, страва, якая ёсць круглы год. Яшчэ мне падабаецца, што «кава» па-беларуску, а па-літоўску kavos – вельмі падобна. Juoda kava (чорная кава), kava su pienu (кава з малаком) – гэта я ўжо ўмею прасіць па-літоўску. А як будзе булачка ці круасан я заўжды забываюся. І дзякуй богу, бо булачкі і круасаны лепш не купляць.
Шмат словаў падобныя на беларускія: pomidoras, agurkas, kefyras. А тыя, што не падобныя – проста чытаеш, што напісана. На хлебе напісана duona – запамінаеш слова «хлеб». А яблыкі падпісаны obuoliai – значыцца, так яны тут называюцца. Але памыліцца лёгка – думала, што купляю ёгурт, а там аказалася аўсяная каша. Сюрпрыз.
Вучыць словы дапамагаюць назвы. У нас у кожным горадзе ёсць вуліца Леніна, а ў Літве ў кожным горадзе есць вуліца Taikos – гэта вуліца міра. А яшчэ заўсёды ёсць вуліца Laisvė – свабоды. І яшчэ шмат вуліц з назвай Savanoriu – дабравольцаў, валанцёраў – мне гэта вельмі адклікаецца.
А самыя смачныя цукеркі вырабляе фабрыка Sostinės – гэта «сталіца», а самі цукеркі – Pergalė – «перамога». Вось так, праз тапаніміку, праз ежу мова таксама вучыцца.
Я займаюся мовай анлайн і працую па большай частцы з дому, дома запісваю падкаст «Цёця Іра» – таму мне патрэбныя чыстыя сцены, ніякіх стыкераў я не клею, мяне гэта падбешвае. У мяне ўсё ў галаве і ў кніжцы.
Калі трэба нейкія тэмы вучыць – я іх проста раздрукоўваю і кладу каля ложка. Перад сном заўсёды раблю план на заўтра і прачытваю гэтыя раздрукаваныя лісцікі – што мне бліжэйшым часам трэба будзе расказваць на занятках.
Падручнік быў у электронным выглядзе, але я яго раздрукавала. Мне на паперы лягчэй арыентавацца. Бо калі і заняткі з экрана, і падручнік з экрана – гэта напружвае. З паперай мне трошкі лягчэй.
Латышская з Настай Захарэвіч: «Працаваць па-латышску – «стрАдат»»
А лайфхакаў ніякіх няма, я проста атрымліваю дзіцячае задавальненне ад працэса вывучэння літоўскай. Гэта мой самы галоўны лайфхак.
Ні Youtube-каналаў, ні праграм па-літоўску пакуль не гляджу, мне не хочацца. Але думаю – можа куплю дзіцячыя казкі, паглядаю на літоўскія дзіцячыя кніжкі, яны тут вельмі прыгожыя. Бо звычайную кніжку браць – трэба будзе ў слоўнік за кожным словам лезці. Можна, канешне, з экрана чытаць, але там ёсць спакуса капіпаст у перакладчык уставіць – і тады галава не ўключаецца.
Дачка паставіла мне аплікацыю, каб вучыць словы, але я ёй не карыстаюся, бо на працы стамляюся ад тэхналогій.
Ад людзей мне вучыць цікавей. Бывае, нешта мімалётам зловіш у горадзе: нейкую фразу, абʼяву на вакзале зразумееш, ці калі табе рэшту даюць – і ты нарэшце чуеш, што табе сказалі: «дваццаць цэнтаў». І ты такі: «Ваў! Я зразумеў!».
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт