Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Главу дапаможніка GIJN, прысвечаную мафіёзным і карумпаваным дзяржавам, напісаў Дру Саліван, сузаснавальнік і выдавец праекта Organized Crime and Corruption Reporting Project (OCCRP), сусветнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў, якія выкрываюць злачыннасць і карупцыю, каб грамадскасць мела магчымасць кантраляваць уладу і прыцягваць яе да адказнасці.
Калі мы кажам «мафіёзная дзяржава», то маем на ўвазе ўрад, які сам па сабе з’яўляецца злачыннай арганізацыяй. Людзі, якія кіруюць дзяржавай, маюць дачыненне да ўсяго, а свой кантроль падмацоўваюць гвалтам — усё гэта характэрна менавіта для мафіі.
Важна адрозніваць мафіёзныя дзяржавы ад клептакратый. Менавіта мафіёзныя дзяржавы у чыстым выглядзе сустракаюцца даволі рэдка. А вось калі кажам пра клептакратыю – то карумпаваны ўрад, які займаецца крадзяжом, – сустракаецца якраз даволі часта. Большасць дзяржаў, якія развіваюцца, маюць прызнакі клептакратыі. А мафіёзных дзяржаў, то бок якія маюць менавіта мафіяпадобную арганізацыю, – толькі шэсць ці сем.
Да мафіёзных дзяржаў адносяцца Косава і Чарнагорыя. Можна сцвярждаць, што Расія – гэта мафіёзная дзяржава, хаця гэта краіна, верагодна, адносіцца ўвогуле да асобнай катэгорыі. Як і Экватарыяльная Гвінея. Венесуэла з’яўляецца мафіёзнай дзяржавай ў значнай ступені, бо там чыноўнікі не зацікаўленыя кіраваннем краінай. Палітычная эліта і вайскоўцы трацяць высілкі не на паляпшэнне бяспекі і адукацыі, а на стварэнне афшорных рахункаў і кантрабанду наркотыкаў. Да іншых кандыдатаў на ролю мафіёзных дзяржаў можам аднесці Мальту і Мексіку.
Клептакратыі можна пабачыць у краінах, дзе слаба развіта дэмакратыя, то бок у большай частцы свету. Напрыклад, у большасці краінаў Афрыкі – аўтакратыі. На выбарах маніпулююць галасамі і падкупаюць людзей. Паўсюль квітнее кумаўство і знаёмствы. Азербайджан – гэта клептакратыя, карумпаваны і аўтакратычны ўрад. Там рэпрэсуюць людзей, большая частка скрадзенных грошай ідзе на кантроль іншых, каб ніхто не пагражаў кіруючай сям’і. Яны крадуць усё, але не таму, што трэба больш маёмасці. Яны проста не хочуць, каб у некага іншага з’явілася шмат грошай, бо гэта – магчымасць ім супрацьстаяць.
Праблемай з’яўляецца захоп улады ў дзяржаве. Галоўнае пытанне для праверкі: ці ёсць у грамадства магчымасць выкінуць дзеючы ўрад, адмовіцца ад яго? Калі не, то, па сутнасці, у вас адбыўся захоп улады, і краіна, верагодна, блізкая да аўтакратыі і клептакратыі. Нават калі ў краіне існуюць дэмакратычныя інстытуты – напрыклад, у Польшчы ці Чэхіі – усё можа вельмі хутка пайсці ў кепскі бок.
Ключ да разумення дзейнасці мафіёзных дзяржаў, а таксама да іх выкрыцця – сачыць за грашыма і рэсурсамі.
Прыродныя рэсурсы краіны – каштоўныя: карысныя выкапні ці драўніна – маюць пэўны кошт. Адпаведна, варта пільна разглядаць любую галіну з любым відам прыродных рэсурсаў, таму што гэта, як правіла, адзінае, што аўтакраты або мафіёзныя дзяржавы добра манетызуюць.
Як расследаваць адмыванне грошай і фінансавыя злачынствы. Дапаможнік GIJN
Расследаваць мафіёзную дзяржаву лягчэй, чым злачынны картэль. Таму што ў вас ёсць наступная інфармацыя: дзяржаўныя справаздачы, дакументы, тэндары, кампаніі. Дзяржава з’яўляецца больш празрыстай, чым арганізаваная злачынная групоўка. Трэба збіраць у адно ўсе часткі іерархіі арганізацыі, пачынаючы з верхавіны – гэтак жа, як і са злачыннай групоўкай. Дарэчы, часта ў такіх дзяржавах існуюць нефармальныя структуры, больш важныя за афіцыйныя. Таму трэба адразу вызначаць найбольш уплывовых людзей. Паглядзіце, хто багацее, у каго самы раскошны дом, хто жыве па суседству з прэзідэнтам у шыкоўным новым прыгарадзе.
Вельмі важна рэгулярна і рупліва збіраць інфармацыю, якую вы толькі можаце знайсці. Мы выкарыстоўваем сістэму кіравання ведамі для палучэння ўсіх дадзеных, якая ўзаемадзейнічае з іншым праграмным забеспячэннем. А далей варта выкарыстоўваць традыцыйны прынцып сачэння за грашыма.
На працягу апошніх 20 гадоў з’яўляюцца дакладныя звесткі пра тое, што Паўночная Карэя дзейнічае як злачынны картэль.
Чарнагорыя
Чарнагорыя з’яўляецца класічным прыкладам мафіёзнай дзяржавы. Гэта невялікая краіна, усяго 600 тысяч жыхароў. Чарнагорыяй кіраваў чалавек, у якога першая ў жыцці праца была якраз праца прэм’ер-міністрам. Праз свайго брата ён меў цесныя сувязі з арганізаванай злачыннасцю, з-за чаго урад актыўна ўдзельнічаў у нелегальным гандлю тытунём. З часам мы выявілі новыя механізмы, якія ён стварыў для ўмацавання карупцыі. Так, ён прыватызаваў банк для сваёй сям’і і пачаў укладаць у яго вялізныя дзяржаўныя грошы, а потым з’явіліся правілы, якія прымушалі іншых людзей праводзіць любыя здзелкі абавязкова праз гэты банк. Затым прэм’ер стаў выдаваць крэдыты сабе, сваім сябрам і прадстаўнікам арганізаванай злачыннасці. А калі банк абанкроціўся, ён выкупіў яго – за грошы падаткаплатнікаў.
Венесуэла
Працэс захопа улады Венесуэлы крымінальным урадам сёння ужо добра задакументаваны. Абвінаваўчыя акты міністэрства юстыцыі ЗША, расследаванні ў СМІ і навуковыя даследаванні паказваюць – ўрад зросся з арганізаванай злачыннасцю на самым высокім узроўні. Больш за 100 венесуэльскіх чыноўнікаў, у тым ліку кіраўніцтва рэжыму Нікаласа Мадура, былі замешаныя ў такіх крымінальных справах, як кантрабанда паліва, продаж прадуктаў харчавання і лекаў на чорным рынку і кантрабанда какаіна. InsightCrime піша, што дзяржаўны бюджэт «разрабаваны ў прамысловых масштабах». Калі сюды дадаць дзяржаўны кантроль над узброенымі фармаваннямі і злачыннымі групоўкамі, а таксама вялікую колькасць пазасудовых забойстваў, — пабачым ідэальны прыклад крымінальнай дзяржавы.
Паўночная Карэя
Іншы відавочны прыклад – Паўночная Карэя. Ужо больш за 20 гадоў паступаюць дакладныя звесткі пра тое, што краіна дзейнічае як злачынны картэль. Чыноўнікі Паўночнай Карэі былі датычныя да гандлю наркотыкамі, да фальшываманецтва, кіберзлачынстваў, кантрабанды тытуню, выкрадання людзей і не толькі. Звычайна, калі мы бачым, як мафія захоплівае ўладу, то гэта шлях знізу ўгару. Але Паўночная Карэя цалкам дзейнічае наадварот, зверху ўніз: тут рэкет арганізаваны дзяржаўнымі чыноўнікамі, ад вышэйшага кіраўніцтва і да дапламатаў на месцах. Вялікая праблема ў тым, што краіне патрэбны абмен валюты. Але яны нічога не прадаюць, яны – міжнародныя ізгоі. Таму яны папросту падрабляюць даляры ЗША, прадаюць наркотыкі і займаюцца іншай злачыннай дзейнасцю, каб зарабіць цвёрдую валюту.
Чытайце кантракты. Арганізаваная злачыннасць звычайна зарабляе на незаконным гандлю, напрыклад, наркотыкамі. А ў карумпаваным урадзе нелегальны прыбытак ідзе з дзяржаўных кантрактаў. Хто атрымлівае права здабываць нафту? Хто мае права высякаць дрэвы? Каму належыць тэлекамунікацыйная кампанія? І адразу відавочна – хто з’яўляецца фаварытам і ўваходзіць у блізкае кола ў мафіёзнай дзяржаве.
Шукайце актывы. Наступны крок – вызначыць актывы. Адсочвайце, калі, дзе, як купілі актыў — і тады вы зможаце супаставіць гэта з тым момантам, калі былі заробленыя грошы на дзяржкантрактах. У кожнага чалавека ёсць невялікае кола сваіх людзей, якія выступаюць фармальнымі трымальнікамі такіх актываў. Трэба высветліць, хто іх падстаўныя кіраўнікі, хто адвакаты, а хто іхныя сваякі і кумы — і шукаць актывы на іх імёны.
Дзе шукаць дадзеныя аб актывах (+ прыклады, як выкрывалі актывы беларускіх чыноўнікаў і бізнесоўцаў)
Аналізуйце публічныя рэестры. Каб адсачыць пераход актываў, трэба вывучыць цэлы шэраг дзяржаўных рэестраў: рэестр юрыдычных асоб, нерухомасці, кадастры. Францыя нядаўна выклала анлайн усе маёмасныя рэестры – і мы ўжо знаходзім там шмат вельмі цікавых імёнаў.
Праверце ўцечкі. Вельмі шмат банкаўскіх дадзеных апынуліся ва ўцечках: так можна ўбачыць, у каго ёсць грошы, і дзе яны ляжаць. Трэба звязацца з сяброўскімі арганізацыямі GIJN (ICIJ і OCCRP), а таксама звярнуцца да іншых арганізацый, якія звялі разам базу дадзеных такіх уцечак. Нават калі дадзеным ужо 10 ці 15 гадоў, яны могуць быць каштоўнымі. Магчыма, новая фірма-пракладка раптам усплыве ў старых базах. Зараз уцечак інфармацыі стала настолькі шмат, што такія дадзеныя складаюць значную частку журналісцкіх матэрыялаў. Аднак шмат часу даводзіцца надаваць супастаўленню інфармацыі з розных баз дадзеных уцечак, каб адсачыць грошы.
Інфармацыя становіцца публічнай не толькі праз уцечкі, часам дадзеныя выцякаюць падчас хакерскіх нападаў, з дапамогай праграм-вымагальнікаў ці проста праз вэб-скрэйпінг. Журналісты рэгулярна скрэйпяць сотні баз дадзеных. Цяпер для людзей важная інфармацыя з’яўляецца пабочным прадуктам узлому праз праграмы-вымагальнікі, таму што многія кампаніі не плацяць выкуп за тое, каб іх інфармацыя не публікавалася – і так дадзеныя з’яўляюцца ў адкрытым доступе.
Выкарыстоўвайце традыцыйныя прыёмы. Журналістыка расследаванняў не змянілася кардынальна. Не ўсё можна зрабіць анлайн. Але шмат маладых журналістаў не так добра ведаюць старыя, правераныя часам прыёмамі журналістыкі. Але па-ранейшаму трэба распрацоўваць крыніцы, па-ранейшаму трэба хутка запытваць дадзеныя з публічных рэестраў. Адны журналісты асабліва добра працуюць «нагамі», іншыя – лепшыя ў анлайн-працы. Аднак лепш спалучаць абодва спосабы. У апошнія гады актыўна развіваецца аналіз адкрытых крыніц. Дзіўная колькасць важных расследаванняў з’явілася таму, што нейкая дзяўчына запосціла ў свой Instagram фота падарожжа на яхце.
Выкарыстоўвайце базы дадзеных, картаграфуйце сеткі. Aleph – важны бесплатны журналісцкі інструмент, які OCCRP распрацаваў самастойна. Усе нашыя дадзеныя мы загрузілі ў яго. Aleph падключаны да Linkurious, які можна выкарыстоўваць для стварэння сеткавых мапаў на аснове зыходных дадзеных. Ён таксама мае графік часу, так што вы можаце стварыць храналогію падзей. Таксама існуе магчымасць праставіць перакрыжаваныя спасылкі, так што вы можаце параўноўваць базы дадзеных паміж сабой. Вы можаце выкарыстоўваць такія інструменты, як i2, але яны дарагія, таму журналісты мала імі карыстаюцца. Акрамя таго, ёсць шэраг інструментаў аналізу сацыяльных сетак, некаторыя з іх – бясплатныя. Але для іх трэба валодаць тэхнічнымі навыкамі.
Супрацоўнічайце. Усе буйныя расследаванні пра карупцыю і арганізаваную злачыннасць зараз сталі трансгранічнымі праектамі. Сёння, як ніколі раней, стала важна мець каманду экспертаў з розным досведам. Патрэбныя лакальныя рэпарцёры на месцах, эксперты па кібербяспецы, аналітыкі і эксперты па сацыяльных сетках. Таксама патрэбныя спецялісты па дадзеным, якія могуць працаваць з ўцечкамі інфармацыі.
OCCRP – гэта сетка журналістаў, і мы выкарыстоўваем яе для ўзаемадапамогі, прымянення нашых навыкаў. Менавіта таму мы можам так хутка выпускаць шмат расследаванняў. Калі ў вас няма сувязяў з іншымі арганізацыямі ў сваёй краіне і за мяжой, трэба выбудоўваць гэтыя ўзаемаадносіны, напрыклад, з дапамогай GIJN. Мы выкарыстоўваем Wiki-сістэму для абмену інфармацыяй і сумеснай працы над расследаваннямі. Для бяспечнай камунікацыі выкарыстоўваем Signal. Усё даволі проста! Магчыма, для такой працы існуюць і лепшыя інструменты, але мы каардыніруем усе нашы праекты пры дапамозе Signal, Wiki і Aleph – і ўсе гэтыя інструменты даступныя любому журналісту.
Будзьце этычнымі. Кантралюйце, ці вашыя тэмы цікавыя, ці закранаюць грамадскі інтарэс. Я думаю, што гэта асноўнае ў нашай працы. Мы ўвесь час спрачаемся паміж сабой наконт тэмы: а ці трэба грамадству тое ведаць? І стараемся пераканацца, што ўсё, што мы робім, выкрывае карупцыю ці схемы працы ўрадаў, карпарацый або арганізаванай злачыннасці, каб грамадскасць магла прымаць узважанныя рашэнні аб тым, што з гэтым рабіць.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт