Нелегальны гандаль зброяй. Дапаможнік для расследавання арганізаванай злачыннасці

Гэты матэрыял – шостая глава з дапаможніка GIJN па расследаваннях арганізаванай злачыннасці. Тэкст напісала Хадіжа Шарыфе, рэдактарка афрыканскага аддзела Цэнтра па расследаваннях арганізаванай злачыннасці і карупцыі (OCCRP).

Нелегальны гандаль зброяй. Дапаможнік для расследавання арганізаванай злачыннасці
Ілюстрацыя: Прэс-клуб Беларусь
Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Сцісла

  • Глабальны маштаб
  • Прыватны бізнэс
  • Кейсы
  • Інструменты і парады па пошуку

Калі рэжысёр Эндру Нікол пачаў шукаць рэквізіт для здымак фільма «Уладар вайны» (2005 год), ён зразумеў істотную рэч: купіць сапраўдную зброю значна танней і прасцей, чым набыць муляжы. Як Нікол распавядаў падчас прэс-тура, ён папросту купіў сапраўдныя аўтаматы Калашнікава – 3 000 штук – і арандаваў вайсковыя танкі. Але потым гэта яму абышлося шмат даражэй. Каб ніхто не змог пасля карыстацца зброяй, ён знішчыў яе частку ў Паўднёвай Афрыцы. І, нягледзячы на тое, рэшту ўсё ж давялося прадаваць, каб адбіць бюджэт фільма. Аднак мясцовы рынак быў настолькі перапоўнены зброяй, што яе аддавалі ўжо за палову кошту.

Фільм «Уладар вайны» заснаваны на біяграфічных звестках рэальных гандляроў зброяй, такіх, як расіец Вiктар Бут. Кіно пачынаецца з прываблівых і адначасова страшных кадраў: порах, гільзы, кулі едуць па канвеернай стужцы, а потым іх запакоўваюць ў скрыні. У фільме – на прыкладзе ліберыйскага дыктатара Чарльза Тэйлара як пакупніка зброі і Бута як пастаўшчыка – паказана складанае і непразрыстае ўзаемадзеянне паміж урадамі, лабістамі, пастаўшчыкамі зброі, фінансістамі, агентамі выведкі, перавозчыкамі і кур’ерамі зброі. Паказаны шлях зброі: ад скрыняў, транспартавання, дастаўкі тэрарыстам, апалчэнцам, палявым камандзірам – і да забойств з дапамогай гэтай зброі.

У выніку праведзенай спецаперацыі Бут і Тэйлар былі арыштаваныя. Па выраку Гаагскага трыбунала Віктар Бут быў асуджаны да 25 гадоў турмы ў ЗША, а Чарльз Тэйлар – да 50 гадоў за вайсковыя злачынствы. Пасля іх пасадкі сусветныя выдаткі на зброю ўжо выраслі да 2 трыльёнаў долараў у 2020 годзе. Чатыры найбуйнешых пакупніка зброі – ЗША, Кітай, Расія і Вялікабрытанія – у той жа час з’яўляюцца і яе найбуйнейшымі пастаўшчыкамі ў свеце. На сусветным рынку зброі выкарыстоўваюцца гандлёвыя і фінансавыя абмены ў рамках тых самых бізнэс-мадэляў, якія рухаюць транснацыянальную арганізаваную  злачыннасць, спекуляцыі на вайсковых дзеяннях, эканоміку ў краінах з аўтарытарным рэжымам ці з працяглымі ўзброеннымі канфліктамі.

Гэта звязана з тым, што ў розных краінах нацыянальнае заканадаўства, якое рэгулюе гандаль зброяй, – супярэчлівае і мае шмат «шчылін», а таксама на яго можа ўплываць карумпаваны ўрад. Апроч таго, выкрываць гандаль зброяй перашкаджаюць:

  • засакрэчаныя марскія і паветраныя перавозкі зброі;
  • юрыдычныя асобы, з дапамогай якіх прадаўцы і пакупнікі адгароджваюцца ад знешняй увагі;
  • выкарыстанне суседніх краін як пасярэднікаў;
  • бартарны абмен адных нелегальных тавараў (напрыклад, слановай косткі) на іншыя.

Пакуль дакументы знешне выглядаюць нібыта ў парадку, кантрабандныя тавары могуць перавозіцца без прыкрыцця: мытня ці іншыя афіцыйныя органы не будуць праводзіць арышты і ператрусы, не маючы важкіх доказаў для абгрунтавання сваіх дзеянняў.

Як сказаў адзін паўднёваафрыканскі чыноўнік, які працуе ў прыватным аэрапорце: «Мы нічога не зарабляем і нічога не маем… Мы не можам сабе дазволіць ні супрацьстаяць гэтаму, ні нажываць магутных ворагаў».

У адрозненне ад наркагандлю або гандлю людзьмі, якія забароненыя паўсюль, тры іншыя кірункі злачыннай дзейнасці – нелегальныя фінансавыя аперацыі, аперацыі са зброяй, экалагічныя злачынствы (напрыклад, незаконны продаж драўніны або браканьерства) – часта знаходзяць «шчыліны». Усё залежыць ад узроўня сакрэтнасці ў краіне, ад яе прававой, фінансавай і транспартнай сістэм.

Арышт Бута, напрыклад, не спыніў пастаўкі зброі з Судана ў Сірыю праз створаную ім сетку, якая, сярод іншага, складалася з паўднёваафрыканскіх і расійскіх дырэктараў, падстаўных маўрыкійскіх кампаній і парка самалётаў для перавозкі зброі, які створылі па падробленых дазволах на палёты. Кажуць, што некаторыя з гэтых авіяперавозчыкаў дагэтуль працуюць на Маўрыкіі і хваляцца сваімі прыватнымі джэтамі.

Камерцыйныя самалёты, каб стаць нябачнымі для авіядыспетчараў, могуць адключаць у міжнароднай паветранай прасторы свае прыёмаперадатчыкі. А што тычыцца парка самалётаў Бута (асабліва старых мадэляў без убудаваных сістэм GPS) – яны з’яўляюцца практычна незаўважнымі, радары амаль не ў стане іх засекчы, таму яны могуць спакойна лётаць як унутры адной краіны, так і паміж краінамі. У той час урад Маўрыкія не прыняў істотных мер, акрамя заяваў у медыя, у якіх адмаўляў наяўнасць парушэнняў.

Урады краін, якія прадаюць зброю наўпрост або субсідуюць свой прыватны сектар, ствараюць падатковы рай, такую сістэму абароны інфармацыі, што ў адкрытым доступе практычна нічога немагчыма знайсці.

Журналісты-расследавальнікі часта першымі выкрываюць незаконную або карупцыйную дзейнасць з выкарыстаннем зброі, якая часта звязана з бягучым або наспяваючым узброенным канфліктам ці з арганізаванай злачыннасцю, карупцыяй і эксплуатацыяй прыродных рэсурсаў.

Глабальны маштаб

У зброевай індустрыі дзейнічае менш абавязковае для выканання міжнароднае заканадаўства,  чым, напрыклад, у бананавай ці соевай прамысловасці.  Вядучыя эксперты сцвярджаюць, што на сектар зброі прыпадае мінімум 40% ад вядомай сусветнай карупцыі.

Дыяграма 2. Доля паставак зброі найбуйнейшымі краінамі-экспарцёрамі за 2016-2020 гады
Крыніца: База дадзеных па перадачы зброі SIPRI, сакавік 2021 г.

90% усіх сусветных паставак зброі прыходзіцца ўсяго на дзесяць краін. У апошнія гады амаль 40% дакументальна пацверджаных сусветных паставак зброі паступалі з ЗША. Прыкладна палова гэтай зброі з ЗША экспартавалася на Блізкі Ўсход , галоўным чынам – у Саудаўскую Аравію, якая з’яўляецца найбуйнешым у свеце імпарцёрам зброі.

Дзякуючы дыпламатычным сувязям і ціску з боку іншых дзяржаў, адпаведныя краіны штогод даюць справаздачу аб імпарце і экспарце зброі. Так, Дамова аб гандлі зброяй (the Arms Trade Treaty, ATT), прынятая Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, стварае шматбаковую структуру для абмежавання гандлю зброяй і выкарыстання зброі для канфліктаў, парушэнняў правоў чалавека і тэрарызму. І хоць Дамова і была ратыфікавана больш чым 100 краінамі, буйныя краіны-экспарцёры зброі – ЗША і Расія – яе не падпісалі. А некаторыя з краінаў, што ратыфікавалі Дамову (напрыклад, Кітай), не даюць штогадовыя справаздачы.

На практыцы гэтыя справаздачы звычайна не ўключаюць пацвярджаючых дадзеных, у іх  проста пададзены чэкліст сцвярджэнняў, якія немагчыма праверыць ні грамадскасці, ні іншым дзяржавам. Акрамя таго, у некаторых краінах, якія паведамляюць аб гандлі зброяй, уплывовыя асобы або палітыкі могуць садзейнічаць нелегальнай дзейнасці ў рамках прававой базы. А ў заканадаўстве краін, што рэгулююць гандаль зброяй, часам юрыдычныя вызначэнні таго, што такое нелегальная дзейнасць, расплывістыя або супярэчлівыя.

У нібыта законных транзакцыях сустракаюцца памылкі, якія бывае цяжка выявіць:

  • кантракты або пастаўкі ўтрымліваюць больш тавараў, чым пазначана ў спісе;
  • адрозненні ў справаздачнасці, якія не супадаюць па гадах;
  • краіны, якія класіфікуюць зброю па-рознаму.

З-за гэтага бывае цяжка зразумець працэс вытворчасці, распаўсюджвання і легалізацыі зброі, а таксама звязаных з гэтым бартарных пагадненняў і адпаведных абавязкаў і інш.

Як журналісту капнуць глыбей і зрабіць свае расследаванні на 100% дакладнымі, выкарыстоўваючы адкрытыя дадзеныя?

Ілюстрацыя: Эн Кірнан для GIJN

Прыватны бізнэс

Пакуль супраць краіны не ўвялі эмбарга або санкцыі, міжнацыянальны гандаль зброяй з’яўляецца прыватнай непублічнай справай, бізнэсам, дзе практычна няма стрымак і проціваг.

Перад тым як пачаць расследаванне, важна разумець асноўныя працэсы гандлю зброяй.

  1. Краіна-імпарцёр часцей за ўсё абвяшчае тэндары або запытваецца ў пастаўшчыкоў ў прыватным парадку. Бывае наадварот: замежныя кампаніі ці ўрады іншых краін самі лабіююць пагадненні.
  2. Затым краіна-экспарцёр дазваляе продаж зброі, паслуг і тэхналагічных сістэм пакупніку (у кожнай краіне існуюць уласныя ўнутраныя працэдуры ўзгаднення).
  3. Зброю могуць вырабляць і прадаваць прыватныя кампаніі або дзяржаўныя ці падкантрольныя дзяржаве арганізацыі.
  4. Заўвага: пададзеная зброя можа быць вырабленая і прададзеная самім урадам-экспарцёрам (у выглядзе «замежнага ваеннага продажу») або прыватным абаронным сектарам гэтай краіны-экспарцёра («камерцыйнае» пагадненне).

Большасць краін-экспарцёраў субсідуюць і абараняюць свой прыватны абаронны сектар як найважнейшую частку нацыянальнай бяспекі, а таксама як інструмент стварэння геапалітычных звязаў. Сертыфікаты канчатковага карыстальніка – гэта асноўныя дакументы, падпісаныя ўрадам-імпарцёрам,  дзе пералічваюцца набытыя тавары і дэкларуецца, што зброя будзе выкарыстоўвацца толькі ў пэўных мэтах (напрыклад, «навучанне, антытэрарыстычныя аперацыі, аперацыі па забеспячэнні бяспекі і стабільнасці»). Адной з мэтаў сертыфікатаў канчатковых карыстальнікаў з’яўляецца прадухіленне выкарыстання зброі ў зверствах або парушэннях правоў чалавека, а таксама перапродажу або «дарэння» дзяржавам-ізгоям або злачынным арганізацыям.

Аднак на практыцы шмат зброі, асабліва стралковай, прададзенай аднаму пакупніку, можа апынуцца ў руках іншага. Напрыклад, эмбарга ААН на пастаўкі зброі ў Лівію істотна не паўплывала на пастаўкі зброі ў гэтую краіну. Фальшывыя сцягі, карпаратыўная таямніца і дастаўкі праз марскія падатковыя гавані, такія, як Багамы, Ліберыя і Маршалавы Выспы, дазволілі Лівіі імпартаваць зброю, парушаючы эмбарга. А падстаўныя кампаніі дазволілі набыць браняваныя вайсковыя машыны, зброю і бомбы ў пастаўшчыкоў з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ), а таксама ў прыватных расійскіх ахоўных кампаній.

Краіны не заўсёды могуць разлічвацца наяўнымі грашыма. Часта выкарыстоўваюцца іншыя інструменты фінансавання.

У Судане золата экспартавалася ў ААЭ з Джэбель-Аміра, адной з найбуйнейшых у Афрыцы залатых шахт у ахопленым канфліктам Дарфуры. У абмен падстаўныя кампаніі, зарэгістраваныя ў гэтай краіне Персідскага заліва, паставілі бронетранспарцёры і іншыя матэрыялы.

Расследаванні гандлю зброяй падкрэсліваюць, што лёгкі доступ да зброі не толькі падтрымлівае арганізаваную злачыннасць, аўтарытарызм і канфлікты, але і ўзмацняе іх.  У 2020 годзе, калі COVID-19 прывёў да краху эканомікі і адсутнасці грошай, Паўднёвая Афрыка пад ціскам Саудаўскай Аравіі і ААЭ змякчыла свае пратаколы сертыфікатаў канчатковых карыстальнікаў. Цяпер замест спецыяльнай ацэнкі законнасці паставак зброі пагадненні будуць праходзіць праз менш строгія «дыпламатычныя працэдуры».

Тым не менш для журналістаў-расследавальнікаў, якія могуць перасякаць межы краін, існуе дастаткова інфармацыі, каб вызначыць, праверыць і пацвердзіць важныя аспекты. Гэта можна зрабіць, прасачыўшы дзейнасць гандляроў зброяй і тых сістэм, якімі яны карыстаюцца для складання пагадненняў. Нават калі гандляры зброяй спрабуюць парушыць свае мадэлі паводзін, зрабіць іх больш эфектыўнымі альбо сакрэтнымі, яны непазбежна створаць нейкую новую мадэль, бо яны таксама людзі.

Кейсы

Гандляр смерцю 

Расійскі прадпрымальнік Віктар Бут быў найбуйнейшым у свеце нелегальным гандляром зброяй. Яго называлі «самым эфектыўным паштальёнам у свеце» за дастаўку ўсіх відаў грузаў,  асабліва нелегальнай зброі. Спіс яго кліентаў быў велізарным. Яго кампанія часта мяняла назвы і адрасы, пастаўляла зброю такім кліентам, як Ахмед Шах Масуд, лідэр Паўночнага альянсу ў Афганістане, а паралельна прадавала зброю Талібану, ворагу Масуда. Бут прадаваў зброю лідару Анголы, а таксама паўстанцам, што імкнуліся яго зрынуць. Ён адправіў самалёт, каб выратаваць Мабуту Сесе Секо, дэспатычнага кіраўніка Заіра, і адначасова – паўстанцам, якія змагаліся з Секо. Бут таксама працаваў з Рэвалюцыйнымі ўзброенымі сіламі Калумбіі (FARC) і сумна вядомым лівійскім дыктатарам Муамарам Кадафі, і з шмат кім яшчэ.

Бут быў вядомы гандлем нелегальнай зброяй, але ён займаўся і авіяперавозкай легальных грузаў. Яго кампаніі здзейснілі сотні вандровак для ААН і іншых гуманітарных арганізацый. Ён вёў справы з заходнімі краінамі, у тым ліку з Вялікабрытаніяй і ЗША. Пентагон і яго падрадчыкі заплацілі Буту мільёны долараў за падтрымку пасляваеннай рэканструкцыі.

Журналісты-расследавальнікі Дуглас Фара і Стывен Браўн напісалі пра Бута кнігу «Гандляр смерцю: грошы, зброя, самалёты і чалавек, які робіць вайну магчымай». Яна заснавана на інтэрв’ю з дыпламатамі і людзьмі, якія сачылі за дзейнасцю Бута, інтэрв’ю з яго блізкім атачэннем і самім Бутам.

Адсочванне хваставых кодаў самалётаў 

Aвіяцыйныя дадзеныя, у тым ліку хваставыя коды (альбо рэгістрацыйныя нумары) могуць шмат што выкрыць. Возьмем Рэспубліку Конга, якую часам называюць Конга-Бразавіль: больш за тры дзесяцігоддзі краіна не паведамляла аб імпарце ніякай зброі, і паколькі супраць краіны не дзейнічае эмбарга на пастаўкі зброі, яна не абавязана раскрываць свае пагадненні па зброі міжнародным органам (напрыклад, ААН). Тым не менш ёсць доказы таго, што было імпартавана больш за 500 тон зброі з Азербайджана, прычым буйныя пастаўкі часта адбываліся напярэдадні выбараў, напрыклад, у 2016 і 2021 гадах.

Як паказала расследаванне OCCRP, гэтая зброя выкарыстоўвалася пасля выбараў для прыгнечаннянязгодных. Большая частка зброі, у тым ліку мінамёты, ракеты, гранаты і кулямёты вялікай магутнасці, былі вырабленыя або набыты азербайджанскім урадам у Балгарыі і Сербіі.

Згодна з дакументамі, у некаторых пагадненнях у якасці «спонсарскага боку» (гаранту) пазначаны ўрад Саудаўскай Аравіі. Даручальніцтва Саудаўскай Аравіі адбывалася адначасова з уваходжаннем нафтаздабываючай Рэспублікі Конга ў картэль Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты (OPEC), дзе дамінуе Саудаўская Аравія і які кантралюе чатыры пятых сусветнага рынку нафты. І Азербайджан, і Рэспубліка Конга фактычна дзейнічаюць як сямейныя дыктатуры, у той час як Саудаўская Аравія фактычна з’яўляецца сямейнай манархіяй. Адсочванне кодаў самалётаў паказала, што спачатку зброя перавозілася вайскова-паветранымі сіламі Азербайджана, але з 2017 года яе стаў перавозіць прыватны перавозчык Silk Way Airlines. Кампанія Silk Way (якая між іншым шчыльна звязана з кіруючай сям’ёй Азербайджана) хутчэй за ўсё падпадала пад значна меншыя праверкі і атрымлівала менш увагі, чым перавозчыкі з вайсковымі самалётамі.

Пасярэднік з Нігера

У Нігеры, адной з самых бедных краін свету, з 2011 па 2019 гады на зброю быў выдаткаваны амаль 1 мільярд долараў ЗША. Прычым не менш за 137 мільёнаў долараў, верагодна, атрымалі карумпаваныя чыноўнікі ў выніку штучнага завышэння цэнаў на зброю. У 2016 годзе міністэрства абароны Нігера набыла два вайскова-транспартна-штурмавыя верталёты ў расійскага «Рособоронэкспорта» – дзяржаўнай арганізацыі, якая займаецца экспартам вайсковай тэхнікі. Гэты закуп уключаў празмерныя выдаткі на тэхнічнае абслугоўванне і баепрыпасы, і агулам абыйшоўся Нігеру ў 54,8 мільёна долараў. Пераплата з гэтай сумы саставіла 19,7 мільёна долараў  – гэтыя грошы немагчыма ні абгрунтаваць, ні распісаць дэталі. Расійскі бок атрымаў плату праз філіял ВТБ – банка, кантрольны пакет акцый якога належыць ураду Расіі.

Міністэрства абароны выдала адзінаму пасярэдніку пагаднення, Абубакару Хіма, даверанасць з магчымасцю кіраваць кантрактамі праз уласныя падстаўныя кампаніі і маніпуляваць пагадненнямі такім чынам, каб абыходзіць заканадаўства і камітэты па наглядзе. Ён таксама з’яўляўся прадстаўніком расійскіх, украінскіх і нават кітайскіх кампаній па тых жа пагадненнях і фактычна кантраляваў ўсю інфармацыю паміж бакамі. У той час Хіма быў абвешчаны ў вышук у іншай заходнеафрыканскай краіне — Нігерыі, грамадзянінам якой ён з’яўляўся, і ён ужо даваў паказанні ў судзе ЗША, у справах, звязаных з незаконным гандлем зброяй.

Такія крыніцы, як судовыя дакументы, маркетынгавыя брашуры і сайты кампаній, могуць даць інфармацыю аб цэнах на супастаўныя або вядомыя аб’ёмы зброі. Неацэнная падказка можа хавацца нават у IP-адрасах даменавых імёнаў.

Інструменты і парады па пошуку

Як ў кожнай форме продажу тавару, зброя таксама павінна быць замоўлена, выраблена, аформлена дакументальна, набыта, прададзена або абменена і, нарэшце, транспартавана ад адпраўніка да пакупніка.

Дзе і як шукаць інфармацыю

Рэестры зброі. Рэгістр звычайных узбраенняў ААН (UNROCA) быў створаны ў 1991 годзе для дакументавання афіцыйнага гандлю зброяй паміж краінамі шляхам добраахвотнага падавання інфармацыі. Такая інфармацыя агульнадаступная і можа дапамагчы раскрыць сакрэтнасць з боку ўрада, калі ён не паведамляе пра пастаўкі зброі, а другі бок пагаднення, наадварот, падае інфармацыю пра продаж. Рэестр уключае стралковую зброю, кулямёты і ракетныя ўстаноўкі, а таксама асноўныя сістэмы ўзбраення (напрыклад, баявыя браняваныя машыны, ударныя верталёты і ракеты большай далёкасці). Падобным інфармацыйным рэсурсам з’яўляецца Стакгольмскі міжнародны інстытут даследавання праблем міру (SIPRI) , які змяшчае справаздачы па краінах, дадзеныя аб вайсковых выдатках, пастаўках зброі, эмбарга на пастаўкі зброі і нават адсочвае вайсковую дапамогу паміж краінамі.

Крыніцы транспартнай інфармацыі. Авіяцыйныя базы дадзеных (FlightRadar24 і FlightAware) могуць даць інфармацыю аб самалётах, у тым ліку іх бартавыя нумары, краіну рэгістрацыі і нядаўнюю актыўнасць. На авіяцыйных форумах (r/aviation на Reddit або Airliners.net) ёсць унікальная інфармацыя ад пілотаў і тэхнічных экіпажаў па ўсім свеце.

Абавязкова азнаёмцеся з дапаможнікам GIJN па адсочванню самалётаў і трэкінгавай платформай Icarus C4ADS.

Для марскіх перавозак паглядзіце спачатку матэрыял GIJN «Адсочванне караблёў у моры», а пасля пераходзьце да такіх сэрвісаў, як Marine Traffic, Import Genius і Panjiva, каб атрымаць інфармацыю аб маршрутах, прадуктах, адпраўніках, пакупніках, датах і адрасах.

Як і самалёты, караблі павінны быць зарэгістраваныя ў пэўнай краіне і належаць ураду, кампаніі або прыватнай асобе. Асаблівую ўвагу варта надаваць падатковым юрысдыкцыям, якія спецыялізуюцца на захаванні таямніцы марскіх і авіяцыйных перавозак: Маршалавы Выспы, Бермудскія выспы і Ліберыя. Гэтыя краіны юрыдычна абаранілі і камерцыялізавалі такія рэестры.

Карпаратыўныя структуры. Акрамя ўласнікаў і кіраўніцтва кампаній, якіх можна знайсці праз базы дадзеных, шукайце прававыя і фінансавыя надбудовы гульцоў. Сюды ўваходзяць: мэты кампаніі, краіны дзейнасці, падрабязная інфармацыя аб звязаных з ёй або афіляваных кампаніях і дзейнасць арганізацыі. Акрамя таго, вельмі важна параўнаць паходжанне актываў і прыбыткаў, якія падаткі, страты і прыбыткі зарэгістраваныя і дзе, а таксама фінансавую інфраструктуру фірмы і тое, ці вядзецца судовы працэс, дзякуючы якому можна атрымаць дадатковую юрыдычную інфармацыю. Гэта патрабуе вывучэння такіх адкрытых дадзеных, як судовыя і падатковыя рэестры, а таксама неабходна разумець законы пэўнай юрысдыкцыі і яе канкрэтные перавагі.

Але, магчыма, лепшая прылада журналіста — гэта імкненне даведацца, чаму менавіта зброя займае цэнтральнае месца ў несправядлівасці свету вакол нас. Доступ да зброі — гэта механізм падтрымкі аўтарытарных рэжымаў. Доступ да зброі таксама дазваляе арганізаваным злачынным картэлям праз гандаль наркотыкамі, кантрабанду дзікіх жывёл, гандаль людзьмі, падрываць дэмакратыі і трымаць грамадства ў закладніках. Пакуль гэтыя ўзаемасувязі не будуць выкрытыя і прадэманстраваныя з доказамі, а не як абстрактная агітацыя, зброя будзе па-ранейшаму разглядацца ізалявана, а не як сусветная валюта, якая выкарыстоўваецца ў гульне за вырашэнне будучыні планеты.

Падзяліцца:

Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

5 ліпеня 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняНелегальны гандаль зброяй. Дапаможнік для расследавання арганізаванай злачыннасці

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць