Як журналісты вучаць мовы. Латышская з Настай Захарэвіч

Беларускіх журналістаў раскідала па свеце, і новыя мовы неабходныя шмат каму з нас. Пачынаем серыю тэкстаў пра тое, як калегі і каляжанкі вучаць мовы краін, дзе зараз жывуць. Гэта першы тэкст, у якім журналістка Наста Захарэвіч распавядае пра свой досвед вывучэння латышскай. Калі вам ёсць што расказаць на лінгвістычную тэму – пішыце на press-club@solidarityby.eu.

Як журналісты вучаць мовы. Латышская з Настай Захарэвіч

Кратко

  • Пачатак: «Трэба было даць сабе часу прыйсці ў сябе»
  • Матывацыя: «Я цяпер тут жыву, трэба вучыць мову»
  • Асаблівасці мовы: «працаваць па-латышску –“стрАдат”»
  • Лайфхакі: «Размаўляйце са мной па-латышску»
  • Рэсурсы і спасылкі, каб прасцей вучыць латышскую мову

Пачатак: «Трэба было даць сабе часу прыйсці ў сябе»

Я прыехала ў Латвію ў снежні, праз месяц заехала ў лагер уцекачоў, і мне сказалі, што ўжо пачаўся курс, прайшло два заняткі, але нічога, я нібыта ўцягнуся. Гэта была памылка. Трошкі трэба было даць сабе часу прыйсці ў сябе. Таму што гэта быў вялікі стрэс, а я вельмі эмацыйны чалавек. А тут яшчэ на цябе звальваецца новая мова. Ты прапусціла занятак пра алфавіт, і ты ўвогуле не разумееш як літары павінны гучаць. Калі б я магла зараз вярнуцца, я б, напэўна, прапусціла той курс. Пайшла б на наступны, праз месяц.

Раней вывучэнне моў давалася мне нашмат лепш. Вельмі проста было вывучаць англійскую ў школе, нямецкую, потым я спрабавала гішпанскую вучыць. Неяк шло лёгка, я лічыла, што ў мяне добрыя схільнасці да моў.

Але калі давялося вучыць латышскую, мой мозг сказаў: «Усё, хопіць, мы больш гэтага не робім». Гэта была катастрофа.

Я не магла запомніць займеннікі, не магла запомніць «ён», «яна», «яны», «яно». Не магла запомніць лічыльнікі, дагэтуль іх блытаю. Напачатку было вельмі цяжка, я натуральна плакала, гэта быў трэш. Потым неяк уцягнулася. Зараз прасцей, але мне здаецца, што ўсё адно вельмі цяжка ідзе. І мова няпростая.

Матывацыя: «Я цяпер тут жыву, трэба вучыць мову»

У мяне няма ілюзій, што калісьці ў жыцці я стану пісаць артыкулы па-латышску, я не веру, што давучу мову да гэтага ўзроўню. Але я тут жыву, таму трэба вучыць. Гіпатэтычна тут можна выжыць без латышскай, але ну такое. Я не ведаю, наколькі тое актуальна для іншых краін, але ў Латвіі есць два медыяполі: рускамоўнае і латышскамоўнае. І вельмі важна бачыць абодва, бо яны вельмі адрозніваюцца.

Я даволі хутка зразумела, што калі я не валодаю латышскай, то выпадаю з вялікага культурнага жыцця, з вялікай часткі навін, нават з мемасікаў мясцовых. І няма ніякіх шанцаў уліцца адэкватна ў грамадства.

Калі ты ніяк не сутыкаешся з латышскай часткай – значыць, будзеш камунікаваць з рускамоўнымі. А мясцовыя рускія – гэта асобны «від мастацтва». Большасць рускамоўных мігрантаў з Расеі, і гэта не тое кола, у якім мне было б камфортна знаходзіцца, вакол якога жадаю будаваць свае жыццё.

Мне здаецца, што ў нашай сітуацыі – журналістаў, журналістак, якія з’ехалі – цяжка знайсці дадатковую матывацыю, таму што працуем мы звычайна ўсё-такі не на мясцовай мове, а на сваёй. Важна маральна проста сябе адштурхнуць ад гэтага, перастаць сябе стоадсоткава ідэнтыфікаваць з беларускай журналістыкай. Я не пра тое, каб сыходзіць з працы, я пра тое, што трэба ўбіць сабе ў галаву: я цяпер тут жыву, і трэба вучыць мову.

Асаблівасці мовы: «працаваць па-латышску –“стрАдат”»

У мяне ёсць любімыя словы ў латышскай мове. Першае, з чаго смяюцца, калі ведаюць рускую, і пачынаюць вучыць латышскую: працаваць па-латышску – «стрАдат». Гэта бясконцая крыніца для жартаў. Я вельмі люблю слова «вЭдэрс» – яно значыць «жывот», і ўяўляю сабе такое вядзёрка для ежы.

Латышская мова – абсалютна іншая, моцна адрозніваецца ад тых, што я ведаю. Яна вельмі павязаная з нямецкай мовай. У мяне няма добрай нямецкай, але я яе трошачку вывучала ў школе, таму нейкія базавыя веды ёсць. Гэта месцамі дапамагае.

То бок латышы разумеюць слова «шуфлядка», нават тыя, хто размаўляе па-руску, таму што мы з адной мовы яго забралі. Калі параўновываць з вывучэннем англійскай, то гэта проста неба і зямля. Таму што ў латышскай ёсць скланенні, безліч канчаткаў у назоўнікаў і прыметнікаў, дзеясловы змяняюцца ва ўсіх часах, у іх шмат выключэнняў, шмат спражэнняў. Гэта капец.

Адзін знаёмы, ён зараз у Эстоніі, смяецца, кажа, што ў эстонскай вучыць аснову, а потым паціхенечку канчаткі. Вось мне здаецца, што у мяне так з латышскай. Канчаткі існуюць асобна.

Лайфхакі: «Размаўляйце са мной па-латышску»

Я не раблю карткі, бо лянуюся, не развешваю па кватэры таблічкі з рознай граматыкай, хоць, напэўна, трэба.

Галоўнае – пастаянства. Апошнія паўгады цяжэй вучыцца, чым звычайна, таму што памер бацька, і кагнітыўныя здольнасці на стрэсе ўкаціліся далёка. І зараз цяжка трымаць гэтую руціну кожны дзень. Раней у мяне было правіла –  быў толькі адзін выходны ад заняткаў латышскай. Два разы на тыдзень звычайна курсы, і кожны дзень хоць паўгадзінкі, але я штосьці рабіла.

Вучыцца мне дапамагае розная банальшчына: слухаць нейкія падкасты, глядзець мульцікі. Сябар параіў глядзець вельмі папулярныя савецкія мульцікі, перакладзеныя на латышскую, як «Трое з Прастаквашына». Абалдзенна карысна, таму што гэта матэрыял, які ты ведаеш напамяць. І вельмі лёгка тады гэтыя словы суадносяцца. І ўвогуле лексіка простая. Карысна глядзець дзіцячыя мульцікі, чытаць дзіцячыя кніжкі.

Я для сабе практыкую «дні латышскай». Гэта калі я бяру кагосьці з латышоў знаёмых, і кажу: давай сёння мы з табой толькі па-латышску. Пад канец дня мне ўжо хочацца рваць і мятаць, бо цяжка. Я вельмі стамляюся. Але гэта дапамагае.

Вельмі дапамагло паляжаць у лякарні дзесяць дзён. Хочаш-не хочаш, будзеш размаўляць. Ясна, што чым больш практыкі, тым лепш, але не заўжды ёсць магчымасць. Калі можна б было кінуць журналісцкую працу і пайсці працаваць туды, дзе ўсе гавораць на мясцовай мове, то штосьці больш эфектыўнае цяжка і прыдумаць. Здацца на лета да каго-небудзь на падсобную гаспадарку на хутар –  вось пра такое думаю часам. Працаваць на хутары і вучыць мову за ежу.

Яшчэ мне цяжка запамінаць як пішуцца словы. Таму я сядала, і проста перапісвала ад рукі тэксты з падручнікаў. Проста, каб набівалася рука. Але гэта ўжо спецыфіка мовы. Тут ёсць такія штукі, называюцца «гарумзімэс» – гэта палачка над некаторымі галоснымі, знак падаўжэння. Часам у яго ёсць логіка, ён бывае граматычным, але бывае і не граматычным, калі гэта проста трэба запомніць. Я сядзела і выпісвала, каб рука запомніла, як пісаць.

Ёсць такі момант у латышоў: калі яны бачаць, што ты не адсюль, але ты хоць штосьці спрабуеш сказаць па-латышску, то ўсё – адразу яны твае лепшыя сябры. Вельмі вялікі сантымент да такога тут – і гэта дапамагае вучыць.

А не дапамагае, калі людзі чуюць акцэнт і пераходзяць на рускую. І тут ёсць мой лайфхак: калі яны пераходзяць, а я не планую, тады раблю строгі твар, і кажу па-латышску, што я вучуся, размаўляйце са мной па-латышску, калі ласка. Яны выбачаюцца, і зноўку пераходзяць на латышскую.

Рэсурсы і спасылкі, каб прасцей вучыць латышскую мову

  • вельмі раю чытаць любыя латышскія акаўнты ў Твітары;
  • слухаць падкасты, напрыклад, Brīvības bulvāris;
  • практыкаванні, тэксты і шмат чего іншага знойдзеце тут;
  • годны tiktok настаўніцы латышскай мовы;
  • а вось тут кнігі, якія можна і чытаць, і слухаць.
Падзяліцца:

Прэс-клуб Беларусь

3 красавіка 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняЯк журналісты вучаць мовы. Латышская з Настай Захарэвіч

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць