Як журналісты вучаць мовы. Ангельская з Настай Роўда

Што не так з ангельскай у беларускіх школах і чаму карысна «лупіць на трасянцы» па-ангельску? Пра асабісты досвед вывучэння мовы распавяла дырэктарка «Нашай Нівы» Наста Роўда.

Як журналісты вучаць мовы. Ангельская з Настай Роўда

Кратко

  • Школа: «Ландан із зэ кэпітал оф грейт Брітан»
  • Эміграцыя: матывацыя ўзрастае ў сто разоў
  • Лайфхакі: у першым моманце гэта раз’юшвае
  • Памылкі: «лупі на трасянцы»
  • Рэсурсы для вывучэння ангельскай ад Насты Роўда

Школа: «Ландан із зэ кэпітал оф грейт Брітан»

У школе ў мяне з мовай было вельмі складана. Мне здаецца, у Беларусі ўвогуле ўсё даволі дрэнна з вывучэннем замежных моў. Былі класы з паглыбленай ангельскай, дзе быў больш прафесійны падыход, больш матываваная група, і вось ім удавалася зрабіць так, каб пасля школы ўсе вучні размаўлялі па-ангельску.

А я была музыкай, ангельскую мову мы вывучалі пяць гадзін на тыдзень – і нічога не ведалі.

Мы проста завучвалі «Ландан із зэ кэпітал оф грейт Брітан», і на гэтым узровень ангельскай скончыўся. Нейкае тупое завучванне асобных тэмаў і тэкстаў. І ты не разумееш сэнсу і сутнасці мовы, што галоўнае – зразумець і патлумачыць. Гэтаму нас, на жаль, не вучылі.

Не было асяроддзя, не было магчымасці падарожнічаць, а значыць – і разумення, для чаго, для каго гэта трэба. Ангельская не патрэбна была ў прафесіі, бо дзесяць гадоў таму ў галаву не прыходзіла, што будзем недзе за мяжой працаваць.

Эміграцыя: матывацыя ўзрастае ў сто разоў

Пяць гадоў пасля школы я ўвогуле нідзе не карысталася ангельскай мовай. І, калі апынулася ў замежжы, было вельмі складана, бо без ангельскай тут нельга сябе адчуваць нармальна.

У Літве, напрыклад, акрамя літоўскай, людзі ведаюць альбо рускую, альбо ангельскую, моладзь рускай мовы не ведае ўвогуле. То бок, калі ты прыйдзеш да доктара і трапіш на маладзейшага спецыяліста, ён ці яна проста не будуць цябе разумець. Не кажучы пра тое, што тут праца звязана з ангельскай мовай: размовы з партнёрамі, з замежнымі медыямі, паездкі, камандзіроўкі – усё ўпіраецца ў неабходнасць валодаць ангельскай.

Матывацыя твая ўзрастае ў сто разоў. Таму што раней для цябе гэта было «класна ведаць, напэўна». А зараз мова – твой інструмент, з ёй ты працуеш кожны дзень.

І калі ёй не валодаеш, то ты мала запатрабаваны на рынку працы. Нейкі час табе можа дапамагаць Google Translate, але калі ты штодзённа павінен сустракацца, размаўляць, слухаць і разумець – ты не можаш не надаваць гэтаму ўвагі.

Калі мая калега пайшла на курс ангельскай мовы, яна ў нейкі момант прапанавала і мне далучыцца, я падумала, што гэта добры момант, каб пачаць. Бо вельмі цяжка вучыць мову самастойна, калі ў цябе няма самадысцыпліны. Але калі я ўпісваюся ў нешта, я тады вельмі адказная: іду, вучу, раблю хатнія заданні.

Думаю, што вельмі ў многіх людзей ёсць такое, менавіта таму папулярныя заняткі з трэнерамі – гэта дысцыплінуе цябе.

Калі ёсць разуменне, што два разы на тыдзень вы сустракаецеся і трэба знайсці паўтары гадзіны на заняткі, а таксама рыхтавацца да гэтага яшчэ чатыры гадзіны на тыдзень, – ты пачынаеш так ці інакш дысцыплінаваць самога сябе. І твой узровень пачынае расці.

Калі два гады таму я прыйшла на заняткі, мела ўзровень А2. Дзесьці год мы займаліся ў групе па тры-чатыры чалавекі, і праз год атрымалася падняцца да В1. В1-В2 – гэта тое, што ў мяне цяпер. З такім узроўнем можна жыць вельмі доўга, бо ты усё разумееш і можаш бясконца ўдасканальваць сваё маўленне, узбагачаць лексіку і гэтак далей.

Лайфхакі: у першым моманце гэта раз’юшвае

Я стварыла сабе моўнае асяроддзе: перавяла ўсе гаджэты і праграмы на ангельскую. Каб кожны дзень, кожную секунду сутыкацца з ангельскай і запамінаць нейкія словы, нават калі гэта нязручна. Каб пашыраўся слоўнікавы запас і каб мозг прызвычайваўся да таго, што ангельская цяпер – гэта частка цябе.

У першым моманце гэта раз’юшвае: вось толькі што ты можаш нешта вельмі лёгка знайсці, а зараз ты тупіш, не можаш узгадаць, як тое, што ты шукаеш, будзе па-ангельску.

Аднак праз некаторы час становіцца прасцей, і далей лепш ідзе працэс прызвычайвання да замежнай мовы.

Потым я стала глядзець фільмы з ангельскімі субтытрамі. Цяпер ужо не памятаю, калі я глядзела Netflix па-руску. Netflix увогуле вельмі добрая рэч – ты можаш рабіць тое, што табе падабаецца, паралельна вывучаючы замежную мову. У першы момант, праўда, будзе здавацца, што гэта не адпачынак, бо ты мусіш напружваць свой мозг. Не можаш расслабіцца, цябе гэта раздражняе, ты спыняеш фільм, каб нешта перакласці.

Але калі ты пераадолееш такі першы этап, далей для цябе гэта становіцца натуральным. Я ўжо не хаджу на курсы, але я зараз больш чытаю, больш дакументаў спажываю па-ангельску, працягваю глядзець фільмы і серыялы на ангельскай мове, і гэта бясконцы працэс.

Яшчэ я набыла падпіску Lingualeo. Гэта дапамагае стартануць. Калі ты стаіш у чарзе, едзеш кудысьці ў падарожжа ці проста хочацца «забіць» час – у лёгкай гульнявой форме можна вывучаць лексіку. Упэўнена, што ёсць шмат іншых прылад, якія дапамагаюць вучыць: знайдзі слова, перакладзі, зрабі пераклады на хуткасць. То бок нейкія такія штукі дапамагаюць узбагачаць лексіку і трымаць мозг у тонусе. Ты нагадваеш сабе: ага, я вось гэта і вось гэта ведаю. І на падкорцы збіраецца слоўнікавы запас, які пасля дапамагае.

Памылкі: «лупі на трасянцы»

Кожны асвойвае мову па-рознаму. Хтосьці гаворыць з вялікімі памылкамі, а хтосьці добра ведае граматыку, але нічога не ўспрымае на слых. Любы перакос – кепскі, але выпраўляльны. Проста трэба разумець, дзе тваё слабое месца, і працаваць над ім. Маё слабое месца – граматыка, то бок я магу гаварыць, але гаварыць буду абы як.

Замежнікі памылкі не заўважаюць, ім галоўнае – проста цябе зразумець, для іх гэта цалкам окей.

З-за таго, што ангельская мова глабальная і ва ўсіх ёсць свае ўласныя акцэнты, то людзі англамоўныя, калі сустракаюцца з людзьмі не сваёй краіны, яны настолькі прызвычаеныя да памылак, што для іх гэта не мае значэння. Таму трэба расслабіцца і перастаць думаць пра тое, што пра цябе думаюць, і проста пачаць гаварыць.

Як Алег Трусаў казаў пра беларускую: «лупі на трасянцы», так у нейкі момант трэба сказаць сабе пра ангельскую. Ніхто не будзе з цябе смяяцца.

Тое, што памылкі будуць, – гэта нармальна, галоўнае – пераадолець моўны барʼер. Часам, калі ты размаўляеш з носьбітамі мовы і яны пачынаюць вельмі хутка гаварыць, ты ні халеры рэальна не разумееш, але робіш выгляд. Такія сітуацыі здараюцца, і гэта нармальна: ты падтрымліваеш размову, разумеючы з гэтага працэнтаў дзесяць.

А бывае і так, што расказваюць нейкія жарты, з якіх усе пачынаюць смяяцца, а ты не ведаеш – чаму. Калі я ў такую сітуацыю трапляю – прама так і кажу: «патлумачце мне яшчэ раз, я не зразумела». І гэта цалкам нармальна.

Рэсурсы для вывучэння ангельскай ад Насты Роўда

  1. Lingualeo – прылада, якая дапамагае стартануць, у лёгкай гульнявой форме можна вывучаць лексіку;
  2. Netflix –  ты можаш рабіць тое, што табе падабаецца, паралельна вывучаючы замежную мову.
Падзяліцца:

5 ліпеня 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняЯк журналісты вучаць мовы. Ангельская з Настай Роўда

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць