Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Журналісты ўкраінскай рэдакцыі «Дэтэктар медыя» апублікавалі цыкл матэрыялаў пра становішча беларускіх медыя ў выгнанні. Мы распыталі аўтараў – Ірыну Семянюту і Артура Калдамасава, навошта ім пісаць пра беларускіх калег, што найбольш уразіла ў іх працы і чаму могуць навучыцца ўкраінскія журналісты ў нашых.
Ірына: «Ідэя нарадзілася падчас сустрэчы ўкраінскіх і беларускіх журналістаў у Варшаве, якую летась арганізаваў n-ost. Я ўжо тады пачула шмат цікавых рэчаў, якія могуць быць карыснымі для ўкраінскіх журналістаў. Не ведаю, наколькі мы можам быць карыснымі для беларускіх журналістаў, але вы нам – дакладна».
Артур: «Я пісаў калонкі для ўкраінскіх медыя пра сітуацыю з беларускімі медыя яшчэ ў час пратэстаў 2020 года. І я цудоўна памятаю, як нават тады гэтая тэма была адчувальнай для ўкраінскага грамадства. Але ў гэтым і ёсць сіла праекта».
Ірына: «Маім галоўным чаканнем было пачуць ад беларускіх журналістаў, як вы змагаецеся з блакіроўкамі для аўдыторыі, якая знаходзіцца ўнутры Беларусі. Я такі адказ атрымала.
Бо ва Украіне шмат перашкод з доступам да аўдыторыі на акупаваных тэрыторыях. І вашыя інструменты могуць быць карыснымі для нас.
Але, думаю, цяпер і мы зможам быць вам у гэтым карыснымі, бо Расія ўводзіць месенджар Max на нашых акупаваных тэрыторыях. Калі мы знойдзем спосаб, як з ім працаваць, калі ўсе астатнія месенджары будуць заблакаваныя, такі наш досвед будзе карысным і вам. І яшчэ. Я ўбачыла, наколькі па-рознаму мы цяпер працуем, у якіх розных умовах існуем.
Больш за ўсё ўразіў выпадак, калі беларускія журналісты ведалі пра затрыманне чалавека ў Мінску, у чаціках паміж сабой гэта абмяркоўвалі, але даваць на сайты не спяшаліся, чакалі, пакуль будзе якая-небудзь бяспечная крыніца, каб нікому не нашкодзіць.
У медыя ўжо выпрацаваны механізм не нашкодзіць людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі. У нас такое негалоснае правіла «не нашкодзь» таксама ёсць, бо мы ва ўмовах вайны, усе разумеюць, што любым неабдуманым пастом у Тэлеграме адразу ж скарыстаецца наш вораг. Але ўсё ж канкурэнцыя за эксклюзіўнасць і аператыўнасць, на мой суб’ектыўны погляд, па-ранейшаму вельмі моцная».
Артур: «У гэтым праекце мне хацелася праверыць два моманты. Першы — гэта ўплыў польскай палітычнай лакальнай кан’юнктуры на тое, як працуюць беларускія медыя ў Польшчы, у параўнанні з сітуацыяй украінскіх медыя ў гэтай краіне.
Пазіцыя польскіх палітыкаў наконт Украіны і наконт Беларусі трохі розная. Мы ўбачылі, што, паколькі ў адносінах Беларусі і Польшчы няма таго самага гістарычнага трыгера, то працэсы адбываюцца нашмат прасцей.
Важна падкрэсліць, што Польшчы важна захаваць сувязь з апазіцыйнай Беларуссю, бо няма іншай краіны ў рэгіёне, якая магла б узяць на сябе такую ношу. Украінскай аўдыторыі важна ўбачыць, як магло б быць для ўкраінскіх медыя і ўкраінцаў увогуле ў Польшчы без нейкіх трыгерных момантаў. І гэта таксама было важна паказаць.
І другі момант — важна было даць магчымасць украінцам убачыць, што на самай справе беларускія незалежныя медыя не з’яўляюцца саўдзельнікамі або афіляванымі структурамі расейскіх незалежных медыя. Таму што ва Украіне існуе скепсіс праз тое, што ўкраінцы думаюць, што беларускія і расійскія медыя працуюць на адным полі.
А падчас працы над цыклам мы сутыкнуліся з тым, што беларускіх калег проста злуюць пытанні на гэтую тэму. Таму нам было так важна зафіксаваць гэта ў публічным асяроддзі і наўпрост так і запісаць: «Нас крыўдзіць гэтае пытанне, таму што рэальнасць іншая». І тут было ўзнята шмат цікавых тэм. Напрыклад, пра тое, як расійскія СМІ спрабуюць залезці на беларускую аўдыторыю, як яны канкуруюць за грошы і гэтак далей. Стала зразумела, што ў нас, на самой справе, агульны боль у некаторых момантах, але розная спецыфіка працы.
Мне здаецца, што вельмі добра, што праект атрымалася рэалізаваць менавіта ў гэты момант, менавіта ў гэты час, таму што гэта, хутчэй, праца на нейкую доўгатэрміновую перспектыву.
Праз некалькі гадоў, напрыклад, калі ўсё больш-менш урэгулюецца ў плане рэакцыі ўкраінскага грамадства на слова «Беларусь», людзі змогуць потым зайсці на гэтыя матэрыялы і паглядзець на гэты злепак часу 2025 года.
Але, мне здаецца, гэты цыкл важны і беларускім медыя. Гэта дадатковая агалоска. Магчымасць расставіць усе кропкі над «і», расказаць пра сябе».
Ірына: «Інфармацыйная прастора ва Украіне цяпер, канечне, перанасычаная. Беларуская тэма не ў лідарах…»
Артур: «Але ў мяне ёсць навіна пра тое, што наш цыкл дайшоў туды, дзе ён вельмі патрэбны. Прадстаўнікі Donbas Media Forum дзякавалі нам за гэтыя матэрыялы і казалі, наколькі яны важныя цяпер для акупаваных тэрыторый.
Яны сказалі, што тая інфармацыя, якая ёсць там у гэтых тэкстах, надзвычай важная, гэта надзвычай важны досвед. І што падумваюць зрабіць панэль на Форуме сёлета на гэтую тэму. Гэта значыць, што ў прафесійным асяроддзі гатовыя да такой дыскусіі.
Так, трапіць у мэйнстрым з гэтым цыклам было амаль нерэальна. Але падобныя публікацыі, мне здаецца, не для мэйнстрыму. Яны якраз-такі на аўдыторыю, якая або цікавіцца тэмай Беларусі, або шукае нейкія адказы наконт акупаваных тэрыторый для сябе і дзейнасці медыя там. Спадзяюся, цяпер украінскім медыя будзе лягчэй супрацоўнічаць з беларускімі калегамі, пра якіх мы пісалі: ім будзе лягчэй папрасіць каментар у кагосьці з гэтага медыя або зрабіць нейкі агульны матэрыял».
Ірына: «Так, мы крыху прамацалі глебу, паказалі ўкраінскім журналістам, што вось гэтыя медыя ніяк не залежаць ад Расіі, ад расійскай апазіцыі, яны ніяк не залежаць ад беларускай улады. І нашы тэксты выйшлі такімі досыць аб’ёмнымі, таму што ў кожнага медыя была перадгісторыя, таму што мы пастараліся з усіх бакоў падсвяціць пазіцыю беларускіх журналістаў. Каб нашы калегі не цягнулі ў нашу ўкраінскую інфапрастору таго, за каго будзе або сорамна, або давядзецца потым апраўдвацца, або яшчэ штосьці, таму што ў нас не ведаюць персаналій з беларускага боку».
Павел Свердлов: Свобода — це наша білоруська національна ідентичність — Детектор медіа.
Від Гродна до Білостока: як Most став голосом білоруської діаспори у Польщі — Детектор медіа.
Цыкл падрыхтаваны пры падтрымцы n-ost і Фонда Фрыдрыха Наўмана за Свабоду
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт