Для «Прэсы пад прэсам» журналістка расказала пра тое, як недаацаніла рызыкі працы, пра падтрымку ў СІЗА, ціск на каранціне ў калоніі і пра тое, як вярнулася да журналістыкі і чым плануе займацца далей.
– Я не вельмі хутка зразумела, што ўсё не скончыцца проста суткамі. Надзея была. Мы (з Кацярынай) былі на Акрэсціна, адкуль нас адвезлі ў РАУС і сказалі, што супраць нас заведзена крымінальная справа. Але да апошняга… І нават пакуль нас вазілі на суды, – мы думалі, што не будзе калоніі. Можа, будзе «хімія» ці яшчэ штосьці, але не рэальны тэрмін у калоніі! Была надзея, што на такі крок яны не пойдуць.
Калі я працавала на пратэстах, не думала, што магу так надоўга аказацца ў турме.
Мяне затрымлівалі і дагэтуль – яшчэ да 2020 года. Як усе белсатаўцы, я хадзіла на адміністрацыйныя суды. У 2020 мяне затрымлівалі спачатку ў Магілёве, потым ужо ў Менску, але кожны раз проста адпускалі. Я разумела, што магу сесці на суткі, але што яны так нізка падуць… Не, я не думала пра гэта.
Калі мяне везлі з Акрэсціна ў СІЗА на Жодзіна, я, канечне, ехала і думала, як гэта ўсё будзе выглядаць. Жодзіна – гэта ж турма. Калі мяне вялі па катакомбах, а яны вельмі доўгія, вузкія і нізкія, мне падавалася, што мы ішлі вельмі доўга, што яны ніяк не скончваліся. Гэта было першае ўражанне – дыскамфортнае і страшнае.
Гэта вельмі страшна выглядае. Было ўражанне, што яны цябе зараз паставяць да сценкі і расстраляюць.
Потым мяне вывелі на паверхню, і я ўбачыла ў калідорах гэтыя страшныя металічныя дзверы – таксама было вельмі непрыемна. А калі я зайшла ў камеру, убачыла дым і жанчын у халатах і спартовых касцюмах. Паўсюль дым.
Мне пастаянна трапляліся вельмі класныя людзі. У гэтай, першай маёй камеры ў СІЗА, была Вольга Класкоўская. Яна адразу зразумела, што я па палітыцы, і стала распавядаць, як там жыць і што правільна рабіць. Гэта мяне вельмі супакоіла.
Увогуле, мне цяжка апісаць, які ў мяне тады быў стан. Я не памятаю, што адчувала. Відаць, Вольга на мяне паглядзела і зразумела, што мяне трэба неяк суцешыць, каб я ачуняла.
І кожны раз, у кожнай камеры я сустракала вельмі класных людзей, якія мяне падтрымлівалі і з якімі можна было размаўляць. Я не адчувала сябе ў адзіноце.
Першыя два тыдні ў калоніі былі вельмі складаныя, бо я сядзела на карантыне, і ў нашым памяшканні я была адна палітычная. Я тады ўвогуле ў калоніі была толькі пятая ці шостая з палітыкі.
На каранціне ты ўвесь час знаходзішся ў зачыненым памяшканні. Там было складаней, чым у СІЗА, бо ў камеры СІЗА ў цябе ўжо наладжаны нейкі побыт, а тут ты проста сядзіш і чагосьці чакаеш.
І кожны дзень, пакуль я была на каранціне, да мяне прыходзілі аператыўнікі і супрацоўнікі калоніі на размовы. Мне там было вельмі цяжка – новае памяшканне, новыя людзі (разам сядзела больш за 10 чалавек), гэтыя размовы з «пагонамі». Яны распытваліся, што я збіраюся рабіць, ці збіраюся працаваць, як я буду сябе паводзіць. Хацелі, каб я зразумела, дзе я знаходжуся.
Яны казалі, што я бяспраўная, і спрабавалі да мяне данесці гэта. Усё паўтаралі, што я вінаватая па сваёй крымінальнай справе.
А я ім у твар казала, што нічога супрацьзаконнага не рабіла і ні ў чым не вінаватая. Яны хацелі, каб я напісала прызнанне віны і памілоўку.
Калі мы толькі прыехалі ў калонію, трэба было прайсці па вуліцы ў самой калоніі каля кіламетра. Было цёпла, сонечна, блакітнае неба, ялінкі, трава… Я ішла і ўсё разглядала. Гэта цягнулася 10 хвілін, і потым мяне завялі ў памяшканне, дзе быў каранцін. Там, у параўнанні з СІЗА, было святлей – на вокнах няма кратаў, можна бачыць вуліцу, але ўсё адно ты зноў зачыненая.
Дзесяць хвілін шпацыра, і зноў ты ў памяшканні, зноўку дагляд, зноўку ты галяком.
Потым заводзяць у гэтую нібыта камеру, там 12 чалавек, і табе там зусім няма чаго рабіць: нельга сесці на койку, ты можаш сядзець толькі на зэдліку. У цябе няма нават кніг.
Але былі белыя аркушы і асадкі. І мне падказалі такую псіхалагічную штуку – ты размалёўваеш аркуш проста як рука ідзе, а потым замалёўваеш вострыя вуглы. Гэта дапамагала выплёсківаць эмоцыі. Я малявала, размаўляла з іншымі.
І трэба было вывучыць правілы ўнутранага распарадку. Праз некалькі дзён было штосьці накшталт камісіі, якой мы расказвалі правілы – што можам рабіць, што не можам, якія ў нас правы (смяецца). І, канечне, больш мы распавядалі пра свае абавязкі. І пасля гэтага нам ужо прынеслі па дзве кнігі на чалавека. Дарэчы, кніжкі там былі вельмі кепскія, але я памятаю, што змагла пачытаць Джэка Лондана.
З боку адміністрацыі былі нейкія насмешкі – маглі, напрыклад, спытацца «Ну што, папрацавала?».
А суседкі кепска да мяне не ставіліся. Іншая справа, што былі людзі, якіх адмыслова да мяне падсажвалі. Пра кагосьці я сама разумела, што гэта «засланы казачок», пра кагосьці іншыя падказвалі. Былі такія людзі, якіх усе ведалі, і калі іх прыводзілі, дык ведалі, што не трэба з імі размаўляць. Я нікому не казала нічога такога, што магло б мяне дыскрэдытаваць. Але папярэджваць адна адну пра «засланых» – гэта нармальная практыка.
Першыя лісты, якія мне даходзілі ад маці, пачыналіся пяшчотна: «Ты наша маленечкая, такая пяшчотная, як ты ж там?», а потым маці пераходзіла да «Я ж табе казала, што табе гэта не трэба, я адчувала, што так усё і будзе, што гэтым усё скончыцца!». Я не разумею яе стан у той момант і не хачу ніколі яго зразумець. Я ведаю, што ёй было вельмі цяжка. Яна мне потым расказвала, што адбывалася з маёй сям’ёй, і я не хачу разумець, наколькі маме было складана.
Я разумею, чаму яна мне гэта ўсё пісала, але яе словы былі для мяне вельмі цяжкімі.
Я ёй пісала, што я ўсё разумею, што я твая дачка, ты хвалюешся, табе цяжка і балюча. Але нягледзячы на тое, што я твая дачка, я не ты, не твая рука ці нага. Я асобны чалавек, я магу прымаць нейкія свае рашэнні, і я сама за гэта адказваю.
Праз нейкі час яна нібыта зразумела, што нягледзячы ні на што, я не ўчыніла б інакш. Мне вельмі пашчасціла, што мая маці ў выніку мяне зразумела і прыняла, і цяпер няма аніякага ціску з яе боку.
Думак сыходзіць з прафесіі ў мяне асабліва не было. Аднойчы ў калоніі, месяцы за два да вызвалення, я размаўляла з Машай Каленік і казала, што не ведаю, ці трэба мне гэтая праца.
Але цяпер я разумею, што гэта быў такі стан… Нават не дэпрэсіўны, а трэмарны перад вызваленнем. Гэта была хвілінка слабасці.
Сур’ёзна я не раздумвала над тым, што мне трэба сыходзіць з прафесіі. Я не хацела, каб гэтая пасадка на штосьці сур’ёзна паўплывала.
Я кажу, што тады сышла ў такі кепскі нежаданы адпачынак, а потым вярнулася да працы.
Я выйшла на волю ў верасні, а да працы вярнулася ў снежні. Спачатку я выконвала самыя звычайныя журналісцкія задачы, як усе журналісты, што сядзяць у офісе. Часам выязжала на здымкі, але збольшага была на месцы. Наша праблема ў тым, што мы асвятляем падзеі і ў Беларусі, і ва Украіне, і ў Расіі, але ездзіць мы можам толькі ва Украіну. У Беларусі працаваць немагчыма, у Расіі нас прызналі інаагентамі, самі мы туды паехаць не можам.
Паездку ва Украіну я сама прапанавала рэдакцыі. Мне цяжка сядзець на месцы, я ўсё ж карэспандэнтка. Але былі розныя абставіны, чаму цэлы год мінуў, пакуль я не паехала ў Караматорск. Упершыню я паехала ў мінулым снежні, а потым – у лютым.
У другую паездку я ездзіла «на нуль» як аператарка. Перад паездкай спала добра (смяецца). У першай камандзіроўцы мы ездзілі на стабпункт і бачылі, як прывезлі мужчыну з вельмі цяжкай траўмай, яго пры мне рэзалі і гэтак далей. Але я не вельмі хачу пра гэта гаварыць.
У журналістыцы я застаюся, гэта ўвогуле не пытанне. Я планую працягваюць ездзіць ва Украіну і не толькі туды. Я хачу асвятляць пратэсты, нешта такое. Я разумею, што я гэта ўмею, у мяне гэта атрымліваецца, я сябе ў гэтай працы адчуваю як рыба ў вадзе.
Я размаўляю з Ігарам Ільяшом – мужам Кацярыны Андрэевай. Кантакт з ёй у мяне толькі такі – альбо праз Ігара, альбо людзі, якія выходзяць з калоніі, звязваюцца са мной і распавядаюць, як там Каця. Ведаю, што зараз у яе вельмі пагоршылася здароўе – і алергія, і іншыя праблемы.
Я і сама дагэтуль адчуваю наступствы для здароўя. У мяне пагоршыўся зрок, напрыклад. А калі там хтосьці яшчэ больш часу праводзіць… Гэта страшна, як у людзей усё ляціць.
Псіхалагічны стан зараз шмат у каго вельмі кепскі, і я адчуваю таксама на сабе – паўтары гады прайшло, але ўсе навіны… Ты жывеш у гэтым болю ўвесь час, ты кожны дзень бачыш, як штосьці здараецца – кагосьці затрымалі, камусьці далі прысуд… Псіхалагічны стан вельмі дрэнны. Я хадзіла да розных псіхолагаў, але нешта мне гэта не дапамагала, і цяпер я стараюся неяк спраўляцца сама.
Зараз вось узяла адпачынак, каб троху раскласці ўсё ў сваёй галаве. А да чаго я гэта казала? Пра цяжкі псіхалагічны стан мала хто кажа, але я ведаю, што людзям дрэнна. Я хачу, каб астатнія разумелі, што яны не адны такія, і што шмат хто зараз адчувае тое ж.
Условия перепечатки
Мы разрешаем полную или частичную перепечатку наших материалов.
Обязательна активная прямая гиперссылка на страницу-оригинал публикации. Эта ссылка должна размещаться в начале перепечатанного материала, в лиде или первом абзаце.
При перепечатке, полной либо частичной, запрещены любые изменения текстов, заголовков, фотографий (если они авторские).
При перепечатке материалов проекта «Пресса под прессом» мы просим указать, что этот материал взят из проекта Press Club Belarus «Пресса под прессом», где мы собираем свидетельства репрессий против независимых медиа и журналистов в Беларуси.