Для «Прэсы пад прэсам» журналістка расказала пра свой досвед на Акрэсціна, адносіны з дачкой, ПТСР і жаданне сысці з прафесіі. А таксама пра тое, як з’явіўся праект «Палітвязынка» і чаму Жэня застаецца ў прафессіі.
– Дагэтуль вяртаюся думкамі на Акрэсціна. Так здзівіла тое, наколькі чалавек там становіцца нікім. За табой зачыняюцца дзверы, і ўсё, ты ніхто, і ад цябе нічога не залежыць.
У мяне тады прамільгнула думка, што гэта як са згвалтаваннем – за цябе вырашылі, і ты не можаш нічога зрабіць. Мяне тады жахнула гэтае пачуццё і гэтае расчалавечванне. Я абвясціла галадоўку, і гэта было менавіта пра кантроль і пра тое, каб паўплываць на сітуацыю.
Я глядзела на сцены і думала, што калі нічога не зраблю, я тут быццам назаўжды застануся.
Сядзела з іншай дзяўчынай, казала «вертухаям», што вельмі кепска сябе адчуваю, у камеры вельмі халодна, і прасіла перавесці нас у іншую камеру. Прыйшоў супрацоўнік, падобны да купідончыка – у яго была вельмі пяшчотная знешнасць і вельмі злыя і калючыя вочы. Ён стаў запытвацца, чаму я крычу, а я тлумачыла, што тут немагчыма знаходзіцца – так халодна. Прасіла, каб нас перавялі ў іншае месца. Пачула, што так не паложана, і я сказала, што абвяшчаю галадоўку. Ён сказаў, што яму ўсё адно, але я адказала, што іншым не будзе ўсё адно. Памятаю, ён спытаў: «Ты думаеш, нам не ўсё адно, што ты тут здохнеш?». Але ў той момант я адчувала, што хоць так вяртаю сабе кантроль над сваім жыццём.
Мяне ўзялі адразу як журналістку. І калі мяне прывезлі з РАУС на Акрэсціна, яны паміж сабой адразу гаварылі, што прывезлі «гэтую журналістку». Калі сказала пра галадоўку, я чула, як у калідоры адзін спытаўся, хто тут «вы..бывается», а іншы адказаў, што гэта «тая журналістка».
Было відавочна, што праз прафесію да мяне было асаблівае стаўленне, і яно было горшым.
Адзін мне адкрыта сказаў: «А няма чаго пра нас гадасці пісаць. Панапісвала? Вось цяпер атрымай». Было бачна, што там ёсць крыўда.
Да мяне там прыходзілі КДБшнікі і чалавек, дужа падобны да Міхаіла Бедункевіча з ГУБАЗіКа. Ён быў у масцы, але па выразе вачэй і целаскладу я зразумела, што гэта ён. Размаўлялі са мной менавіта пра журналістыку. Запытвалі, сярод іншага, чаму я ў сваім тэлеграме перапошчваю стрымы з «Радыё Свабода». Паводле іх логікі, такі перапост – гэта арганізацыя масавых беспарадкаў. Я тады казала, што перапост – гэта проста перапост, але гэта бессэнсоўна.
Запытваліся, чаму я пішу пра сілавікоў гадасці ў фэйсбуку. Я адказала, што не рабіла такога. Яны паказалі маю публікацыю з фатаздымкамі збітых людзей: «Ну вось, вы ж пішаце». А я тлумачыла, што гэта фотафакт, аб’ектыўнае адлюстраванне рэальнасці. Пастаянна чула, што журналісты «распальваюць нянавісць і даюць няправільную інфармацыю».
У мяне праблемы са шчытавідкай, і яны акурат пачыналіся праз стрэсы. Мая шчытавідка стала павялічвацца, былі моцныя перапады ціску. А на Акрэсціна быў такі стрэс, што мяне проста калаціла, кідала то ў спёку, то ў холад, і кроў з носу проста капала.
Нават кароткі час на Акрэсціна адбіўся на здароўі – тады ад холаду развіўся цысціт і абвастрыўся артрыт, які мучае мяне дагэтуль, а таксама з’явіўся ПТСР. Я кожны дзень бясконца пракручваю ў галаве, як выглядала камера, у якой я сядзела. Хай я і ў тэрапіі была, і шмат працую над сваім станам, і шмат што ўжо магу ўзгадваць з усмешкай, але гэтае пракручванне ў думках усё адно застаецца.
Праз два тыдні пасля Акрэсціна я з’ехала, бо бачыла, што да майго пад’езда ўвесь час прыязжалі міліцыянты. Яны заходзілі ў пад’езд і проста хадзілі там, і я проста вар’яцела ад гэтага. Памятаю, як аднойчы стаяла ў краме насупраць свайго дома, пакавала прадукты, глянула праз вакно і ўбачыла, як зноў нейкія міліцыянты заходзяць у мой пад’езд. Я тады недзе паўгадзіны прачакала ў краме, пакуль яны сышлі, і менавіта тады зразумела, што трэба з’язджаць, бо я так доўга не пратрымаюся.
Я з’язжала праз Берасце, праз афіцыйны памежны пераход. Была ўпэўненая, што еду на месяц, у мяне з сабой была піжама, дзве байкі, двое майткоў, два станікі і дзве пары шкарпэтак, куртка і дзве кніжкі – адна пра Халакост, адна пра канцлагер. Усё!
У Польшчы мне сказалі, што трэба падавацца на ўцякацтва, а я тады нічога пра гэта не ведала. Думала, што забяруць пашпарт, адвязуць у лагер, і буду я там жыць усё жыццё ў гэтым лагеры. І тады я вырашыла паехаць ва Украіну і перачакаць там. Думала, пасля Новага года вярнуся ў Беларусь, але не атрымалася.
Я з’ехала, а дачку мне прывозілі час ад часу, мусілі прывезці ў траўні. Быў квіток, а потым пасадзілі самалёт з Раманам Пратасевічам. Квіткі ануляваліся, і давялося рабіць даведку, што дачка едзе ва Украіну на лячэнне, каб яе прапусцілі праз мяжу. У выніку Сашка ехала да мяне 36 гадзін – на мяжы яе вельмі доўга даглядалі.
Калі я ўжо з’ехала, а дачка яшчэ была ў Беларусі, ёй тэлефанавалі з КДБ і прыходзілі ў школу. Запытваліся, дзе мама, куды яна з’ехала. Ёй было тады восем гадоў.
За яе заступілася толькі адна настаўніца – яна сказала, што размаўляць з дзяўчынкай КДБшнік можа толькі ў прысутнасці бацькоў.
Калі мы з дачкой уз’ядналіся, было дужа цяжка налажваць кантакт: яна была вельмі закрытая і калючая. Ты можаш дзесяць разоў расказваць дзіцяці, што гэтая разлука была праз злых дзядзек і цётак, але яна ўсё адно думае, што яе кінулі. Мы тады паехалі на мора ў Бердзянск, і пасля гэтага паціху сталі станавіцца бліжэй. Больш-менш стасункі наладзіліся, а ў лютым пачалася вайна. І мы паехалі ў Польшчу.
Калі я жыла ва Украіне, у мяне ўвогуле не было думак кінуць журналістыку. Думала, што нельга здавацца, трэба больш і больш працаваць, каб усё хутчэй скончылася. Што трэба на працы забіцца ў хлам.
Тады журналістыка дазваляла мне сысці ад жорсткай рэальнасці. Яна давала мне адчуванне, што вось я зараз раблю такія важныя рэчы, усё хутка будзе добра.
На Reform.by мы рабілі праект «Ліквідацыя» пра знішчэнне НДА ў Беларусі, я займалася расследаваннямі. Для мяне гэта быў, магчыма, самы прадуктыўны перыяд у плане працы. Тады я напісала матэрыялы, якімі цяпер найбольш ганаруся.
Тады ж я прыдумала «Палітвязынку». Я адчувала сябе бездапаможнай, і гэтая ідэя дапамагла спраўляцца з гэтай бездапаможнасцю. Я бачыла, як жаночы спецыфічны вопыт абсцэньваецца.
Аднойчы іншы журналіст сказаў мне, што, раз з’ехала, мушу сядзець і памаўкваць. Але ён жа не ведаў, што мне давялося перажыць, і як я штоноч па некалькі разоў правярала тэлефон, ці няма там паведамлення, што прыйшлі ў Мінску да дачкі.
Жаночы вопыт – ён іншы, і ў турме ён таксама іншы. Я расказвала аднойчы гэта знаёмай украінскай журналістцы Лесі Ганжы (цяпер Леся – аператарка дронаў у ЗСУ– заўвага рэдакцыі), і яна спытала, чаму пра гэта дагэтуль няма ніякага праекта.
Ведаю, што шмат хто, асабліва на самым пачатку, смяяўся са слова «палітвязынка». Само гэтае слова мы прыдумвалі разам з Лесяй Ганжай і Максімам Буткевічам (праваабаронца Максім Буткевіч быў узяты ў палон, асуджаны і цяпер знаходзіцца ў турме ў так званай ЛНР – заўвага рэдакцыі).
Максім шмат працаваў з мовай варожасці і казаў, што мова – гэта такая рэч, якая дужа ўплывае на ўсё. І што абавязкова патрэбны фемінітыў да слова «палітвязень», каб больш выразна можна было паказваць жаночы вопыт.
Я спачатку атрымлівала шмат прэтэнзій, быццам бы я «дзялю» палітзняволеных. Але ж «Палітвязынка» не замінае людзям, якія дапамагаюць палітзняволеным мужчынам!
Мы кажам пра спецыфічны жаночы вопыт, пра жаночыя патрэбы, якіх няма ў мужчын. На тыя грошы, што жанчына траціць на пракладкі, мужчына можа атрымаць дадатковы кавалак сала. Мы ў няроўных умовах, гэта нельга ігнараваць. У нас іншая анатомія, мы часцей сутыкаемся з хваробамі мочапалавой сістэмы. Пра ўсё гэта трэба казаць.
Першапачаткова мы думалі проста рабіць інтэрв’ю з палітвязынкамі пасля вызвалення, з іх роднымі, пісаць лісты ў турмы, рабіць біяграфічныя даведкі. Мы планавалі, што ўкраінскія медыйныя жанчыны будуць расказваць пра нашых палітвязынак. А потым пачалася вайна, усё змянілася. У нас ужо былі партрэты, намаляваныя Ганнай Татур, і мы ўсё ж сталі рабіць праект.
Цяпер гэта, канечне, не проста біяграфічныя даведкі і інтэрв’ю. Мне вельмі важна паказаць, наколькі спецыфічны і ўнікальны жаночы вопыт турэмнага жыцця. Беларускі саюз жанчын любіць казаць пра павагу да жанчын і сазіданне, прапагандысты любяць паказваць, як Лукашэнка любіць жанчын…
А я размаўляю з жанчынамі, якія адсядзелі тэрміны ў беларускай турме, і разумею, што гэтая сістэма нас проста ненавідзіць. Яна ненавідзіць жанчын.
Мне было важна паказаць гэтую закрытую сістэму ў розных дробязях. Я думаю, вельмі важна фіксаваць, што там зараз як уладкавана. Ёсць надзея, што калі сітуацыя зменіцца, гэтыя звесткі можна будзе выкарыстоўваць. Я проста бачу, што сістэма знішчае жанчын і фізічна, і маральна. Ад іх застаецца толькі абалонка.
Зараз я чытаю шмат кніг пра гета, канцлагеры, ГУЛАГ, каб бачыць, як розныя людзі вельмі тонка апісвалі розныя аспекты гвалту. І, канечне, параўноўваю з нашай цяперашняй сістэмай. Я вельмі ўражаная тым, наколькі ў дробязях гэтая сістэма зроблена так, каб знішчаць людзей.
Калі чую расповеды жанчын, то думаю, што жаночая турма ўсё ж больш гарызантальная: там дапамагаюць адна адной пражываць месячныя. У нас жа як? Калі палітзняволеную ўносяць у «спіс тэрарыстак», яе пазбаўляюць грашовых пераводаў і перадач. І для такіх жанчын іншыя робяць тайнікі, куды кладуць некалькі пракладак. Яны шэпчуць адна адной, што ў такі час трэба ў такім месцы ўзяць пракладкі. Некаторыя шыюць сабе пракладкі самі. Так нельга рабіць, але што застаецца?
Я памятаю, як у адным інтэрв’ю журналіст спытаўся ў былога палітзняволенага, як яму ў турме было без сэкса. Я так раззлавалася, бо ведаю, што жанчыны там настолькі загружаныя, што ім, прабачце, няма часу пра такое думаць.
У іх рэальна можа стаяць дылема, схадзіць у прыбіральню ці выпіць гарбату, бо час ёсць толькі на адно дзеянне. Але ў медыя расказваюць пра тое, як мужчыны мастурбуюць у турме, і не расказваюць пра тое, як выжываюць жанчыны з менструацыяй.
Ды там жанчыны радуюцца, калі ў іх знікаюць месячныя! Гэта прызнак праблем са здароўем, але так у іх менш побытавых праблем.
Мой эмацыйны стан змяняецца хвалямі. Часам хочацца выць, і асабліва тады, калі здаецца, што мая праца ўвогуле нікому не патрэбна. Часам мне здаецца, што ўсе забылі пра палітычных і жывуць проста сваімі амбіцыямі.
Каб было прасцей, стараюся весці здаровы лад жыцця і пазбягаю ўсяго, што можа расхістваць мне нервы. Раблю «Палітвязынку» – і адчуваю сябе карыснай, мне так прасцей жыць.
Мне было б цяжка жыць з разуменнем, што я ведаю Насту Лойку і нічога пра яе не кажу і не пішу. Я ж ведаю, што яна хоча, каб пра яе пісалі. Каб пра яе памяталі.
Я лічу, што зараз мы як грамадства вельмі мала робім, каб выцягнуць людзей. Ад пачатку было вялікай памылкай гераізаваць палітзняволеных і ставіцца да іх не як да жывых людзей, а як да да нейкіх сімвалаў барацьбы.
І я вельмі не люблю, калі кажуць, што трэба змірыцца, што палітзняволеныя будуць сядзець да канца, і гэта трэба проста прыняць. Нам трэба выкарыстоўваць больш інструментаў уплыву. Тая ж алімпіяда можа быць нагодай узгадваць пра палітзняволеных – Лукашэнка наўпрост кажа, што хоча, каб яго спартсмены паўсюль выступалі. Дык гэта ж трэба выкарыстоўваць, каб выцягнуць хоць пенсіянерку з анкалогіяй! Я праўда думаю, што мы мала робім. Гэта і да мяне пытанне, і да іншых. Мы вельмі шмат жывем 2020 годам, а рэальнасць такая, што больш не будзе так, як было тады.
Апошні год я штодзень думаю пра тое, каб сысці з журналістыкі. У мяне ёсць пэўныя планы. Вельмі шмат расчаравання ў тым, як працуе нашая журналістыка.
Шмат якія рэдактары патрабуюць, каб мы цалкам аддаваліся працы, кажуць, што гэта місія. А я думаю, што ніхто не павінен аддавацца, і журналістыка – гэта не місія. Ты нейкі час працуеш за капейкі, а потым цябе выкідваюць, калі ты становішся нязручнай.
Яшчэ я вельмі расчаравалася, калі калегі за мяне прагаласавалі на вылучэнне на адну прэмію, але гэта засталося незаўважаным. Я выказалася і атрымала шмат крытыкі, што я ўжо надакучыла і ўвогуле зашмат хвалююся пра прызнанне. А праз два тыдні адзін з такіх крытыкаў сам скардзіўся, што ягоную працу не заўважаюць.
Гэта стала для мяне пэўным пераломным момантам, я зразумела, што трэба больш факусавацца на сабе і сваім дабрабыце. Праўда, пакуль я так і не сышла. Мне крыўдна пакідаць – ужо столькі зроблена! Мяне трымае зацікаўленасць. Я хачу пабачыць, што будзе далей.
Условия перепечатки
Мы разрешаем полную или частичную перепечатку наших материалов.
Обязательна активная прямая гиперссылка на страницу-оригинал публикации. Эта ссылка должна размещаться в начале перепечатанного материала, в лиде или первом абзаце.
При перепечатке, полной либо частичной, запрещены любые изменения текстов, заголовков, фотографий (если они авторские).
При перепечатке материалов проекта «Пресса под прессом» мы просим указать, что этот материал взят из проекта Press Club Belarus «Пресса под прессом», где мы собираем свидетельства репрессий против независимых медиа и журналистов в Беларуси.