Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Адаптацыя, легалізацыя, ПТСР… Як у доўгатэрміновай перспектыве журналіст(к)ам змагацца са стрэсам, заставацца ў прафесіі і быць прадуктыўнымі? Запыталіся ў псіхатэрапеўткі Ірыны Эйгельсан, якая шмат працуе з журналіст(к)амі. Таксама пачытайце, як журналістам захаваць сваё псіхічнае здароўе.
Пачытайце парады ад псіхатэрапеўткі Ірыны Эйгельсан, менавіта для беларускіх журналістаў і журналістак, якія працуюць у розных краінах, калі ёсць складанасці з легалізацыяй, шмат хто можа бачыць родных толькі анлайн, некаторыя прайшлі ўжо некалі рэлакацый. Ёсць журналісты, якія перажылі рэпрэсіі. Журналісты і журналісткі працуюць з няпростымі тэмамі, якія рэтраўматызуюць, а ў той жа час беларуская павестка сыходзіць з сусветнага парадку дня, што цалкам дэматывуе. Акрамя таго, у сферы захоўваецца фінансавая невызначанасць, а значыць, немагчымасць доўгатэрміновага планавання.
– Адаптацыя да новага культурна-моўнага асяроддзя – гэта нейкая крывая з кропкай, у якой усё здаецца дрэнным: нічога не атрымліваецца, моцная туга па радзіме, з мясцовымі цяжка — яны не разумеюць тое, што з вамі адбываецца, могуць зусім не цікавіцца вамі. Калі ў гэтай кропцы чалавек пераязджае ў новую краіну, усё пачынаецца нанава, і трэба прайсці тую ж крывую – больш глыбокую або больш павярхоўную. Але адаптацыя патрабуе часу, патрабуе паступовага занурэння ў новую краіну, паступовага вывучэння мовы.
Як беларускія журналісты і журналісткі вучаць мовы краін, дзе жывуць
Важна даць сабе гэты час, не варта адразу чакаць ад сябе 100 % эфектыўнасці. Хутчэй за ўсё, напачатку гэтага не будзе, таму што трэба даведацца шмат новага – і пра горад, і пра людзей, і пра культуру. Мозг вымушаны хутка апрацоўваць шмат новай інфармацыі. Улічваючы вельмі складаны кантэкст, у якім апынуліся беларускія журналісты і актывісты, гэта няпроста. Але потым, напэўна, стане крыху лягчэй.
Пры ПТСР і іншых псіхалагічных цяжкасцях варта звяртацца да спецыялістаў, якія таксама працуюць анлайн. Ёсць украінскія псіхолагі і псіхатэрапеўты, якія працуюць і з беларусамі, і якім таксама можна давяраць у плане бяспекі.
Просьба аб дапамозе не павінна суправаджацца пачуццём віны, кшталту «там калегі ў турме, а я тут слабак — да нейкага псіхолага хадзіў».
Гэта не дапаможа ні тым, хто знаходзіцца ў турме, ні тым, хто мог бы з падтрымкай спецыяліста стаць больш эфектыўным у сваім жыцці – і, дарэчы, працягваць пісаць пра рэпрэсіі ў Беларусі.
Дбайце пра фізічнае здароўе. Дапаможуць правільнае і часовае харчаванне, трэніроўкі ці фізічныя практыкаванні, ёга або звычайныя прагулкі.
Прыміце свае пачуцці такімі, якія яны ёсць, не спрабуйце адмаўляць сабе ў некаторых эмоцыях. Стаўцеся да сябе без асуджання, з падтрымкай.
Абавязкова знайдзіце і дазвольце сабе мець час на штосьці прыемнае, тое, што прыносіць задавальненне: хадзіце на канцэрты, выязджайце на прыроду, стварайце нешта сваімі рукамі, малюйце, займайцеся творчасцю, купіце сабе той самы букет кветак. Важна звяртаць увагу на свае патрэбы і задавальняць тыя, якія магчымыя і даступныя. Будзьце ўважлівыя да сябе.
Хваліце сябе за дасягнутае. Важна заўсёды адзначаць самыя дробныя рэчы, з якімі вы справіліся, якія пераадолелі. Хай гэта будуць дробязі.
Шукайце сацыяльную падтрымку, і, пажадана, не толькі сярод беларусаў, хоць і сярод сваіх таксама важна мець сваё кола.
Размаўляла Аліна Рудзіна для Прэс-клуба Беларусь
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт