Не пра працу 15: Каця Барушка, Віялета Саўчыц, Яўген Шапчыц

Спіс годных, але малавядомых фільмаў, падборка музеяў, у якія варта патрапіць, Instagram, які збірае кніжныя топы ад вядомых беларусаў. Гэтым выпускам мы завяршаем наш цыкл «Не пра працу», спадзяемся, камусьці мы дапамаглі знайсці сваю асабістую хвіліначку супакою. Усе папярэднія выпускі можна знайсці вось тут.

Не пра працу 15: Каця Барушка, Віялета Саўчыц, Яўген Шапчыц
Фота: Chris Chow/Unsplash

Кратко

  • Каця Барушка, журналістка: танцы на кухні і новыя кавярні
  • Віялета Саўчыц, фатографка, журналістка: спіс годных кніг і фотаапарат з дзяцінства
  • Яўген Шапчыц, тэлепрадзюсар, рэжысёр, тэлеканал «Белсат»: незвычайныя вандроўкі і год з Бахарэвічам

Каця Барушка, журналістка: танцы на кухні і новыя кавярні

Каця Барушка адпачынак

Фота з асабістага архіва Каці Барушка

Мяне пужае заходняя тэндэнцыя падкрэсліваць, як кожны крута і доўга адпачывае. Клопат пра сябе гэта зараз новы від крутасці. Але дазволіць яго сабе могуць толькі вельмі прывілеяваныя. А гэта дакладна не я. Таму, калі ўжо не выважу, стараюся проста знаходзіць на працягу дня нейкія якары: гарбата ва ўлюбёным кубку, мемасы паглядзець ці старыя сямейныя фотачкі, музыку на рэпіце паслухаць.

Калі мяне зусім накрывае, іду ў кафэ. Хай тое будзе самая танная талерка супа, але думка, што мяне нехта зараз накорміць, суцяшае і падтрымлівае.

Магу выйсці на паўгадзінны шпацыр і вельмі павольна ісці, шукаць прыгажосць навокал.

Пасля мыцця посуду танчу на кухні з выключаным святлом, бо жыву на першым паверсе, а мае танцы – відовішча не для слабых духам.

Кажуць, ёсць сем відаў адпачынку – фізічны, ментальны, эмацыянальны, сэнсарны, крэатыўны, сацыяльны і духоўны. І важна рабіць свой адпачынак разнастайным. Па шчырасці, часта так задзяўбуся, што хапае сіл толькі на «пазаліпаць» у Instagram (назавем гэта крэатыўным адпачынкам). Але стараюся час ад часу рабіць рознае – спортам займацца, з сябрамі сустракацца, хадзіць на барахолкі, проста сядзець у цішыні.

Каця Барушка вольны час

Фота з асабістага архіва Каці Барушка

Я добра сябе адчуваю ў пэўным раскладзеным у часе працоўным рытме, з невялікімі паўзамі на працягу дня. Хаця па сваёй прыродзе мне больш падабаецца працаваць у рэжыме аўрала – перыяды інтэнсіўнай працы і працяглага аднаўлення. Але я заўважыла, што калі я кіруюся гэтай сваёй прыродай, шмат справаў застаюцца не зробленымі, асабліва тыя, якія не выклікаюць натхнення і не прыносяць асалоды. Таму я звычайна намагаюся працаваць ва ўзважаным роўным тэмпе, тады ўвечары мне дастаткова ўмоўна гарбаткі і кніжачкі.

А вось калі працую ў аўрале, каб выключыць рэжым баявой гатоўнасці, мне трэба некалькі гадзінаў фізічнай актыўнасці і адзінота. І «шахнуць» чырвонага.

Каця Барушка хобі

Фота з асабістага архіва Каці Барушка

На кнігі маю час толькі на выходных, бо люблю пагрузіцца ў працэс хаця б на гадзіну. Але гэта святое, вельмі бараню гэты час ад усялякіх пільных справаў. Прама ламае, калі не пачытаю.

Чытаю ўсё, што зацікавіць, і доўга, бо раблю нататкі. Перачытваю рэдка, але да пэўных думак ці цытат магу вяртацца гадамі.

Звычайна маю дзве кніжкі на палічцы – мастацкую і публіцыстычную. Нядаўна прачытала «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец. Кароткая кніга, чытаецца хутка. І складана. Аж балюча. Але раю ўсім, бо беларусам вельмі важна ведаць вось такую нашую праўду.

Добра зайшлі «Цынкавыя хлопчыкі» Святланы Алексіевіч. Хаця я планавала праглынуць яе за выходныя, чытала ў выніку ледзь не месяц. Але дзеля разумення цяперашняй вайны, чалавечай прыроды на вайне – вельмі дапамагае. Кайфанула ад «Таямнічай гісторыі Біллі Міллігана» Дэніэла Кіза, зараз прадзіраюся праз «Банальнасць Зла» Ханны Арэндт.

Гляджу на свой спіс і разумею, што нейкі ён дэпрэсіўны. Але мяне кранаюць і натхняюць тыя кнігі, дзе сярод безнадзейнасці і жорсткасці чалавечага існавання знаходзіцца месца для міласэрнасці і кахання.

Калі трэба проста ўключыцца ў кнігу без высноваў і роздумаў, чытаю Агату Крысці. Але такое апошні раз здарылася пару гадоў таму.

Серыялы я гляджу, каб адключыць мозг. Вось проста каб паржаць. Гляджу анімацыю – «Вялікі рот», «Саўс Парк». Але часам хапае сілаў толькі на «Сэкс-адукацыю», «Зямлю вачыма Канк» і «Чорнае Люстэрка».

Агулам, для мяне кіно – сацыяльная з’ява, не люблю глядзець у адзіноце, лепш разам перажываць гэты досвед. Нядаўна з дачкой глядзелі анімэ «Сшытак смерці», кайфанулі. Увогуле, люблю са сваімі дзецьмі глядзець мульцікі або серыялы пра прыроду.

Апошні поўнаметражны мой фільм – польскі «Мужыкі» або «Сяляне» па кнізе Нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Ўладзіслава Рэйманта. Проста нейкі эстэтычна-псіхалагічна-творчы аргазм. Во дзе пераключылася, пра ўсе трывогі забылася. Спадзяюся, атрымае «Оскара».

Зараз не да падарожжаў, але раз на пару тыдняў намагаюся выехаць хаця б на тры дні, хоць у суседні горад. Яшчэ з універсітэта заўважыла, што без такіх вандровак мозг і душа касцянеюць.

Нядаўна цалкам адпачыла ў аднадзённай вандроўцы ў Бяла-Падляску. Проста цёгалася па горадзе і назірала за жыццём. Магу атрымаць асалоду ад любога падарожжа, гэта мая супермоц.

Каця Барушка сямейны адпачынак

Фота з асабістага архіва Каці Барушка

Некалі я сабе зрабіла спіс рэчаў, якія мяне радуюць. Спачатку ў ім быў мо дзясятак пунктаў, а зараз іх ледзь не сто. Радуюць паходы на блашыныя рынкі, часам малюю (дрэнна, але ў кайф), люблю танцаваць, гатаваць па новых рэцэптах (калі ёсць час).

Вельмі люблю быць са сваімі дзецьмі і мужам. Але не тады, калі трэба аднаго пакарміць, другога памыць, на мэйл адказаць, ў краму зганяць. А вось такі якасны супольны час: настолкі, маляванне, шпацыры.

Люблю ездзіць на трамваях і на ровары, збіраць восеньскае лісце. Пра сяброў не кажу, для мяне яны – не адпачынак, а падстава існавання.

Вельмі люблю адкрываць новыя кавярні. Адзін знаёмы грэк у сталым узросце, які ледзь выпаўзаў са сваёй кватэры, сказаў, што адмовіцца ад эспрэса ў тавэрне раўно згубіць чалавечае аблічча. Я з ім згодная, вельмі люблю проста пабыць побач з людзьмі, у месцы, створаным людзьмі і для людзей. Адчуваю сябе тады часткай вось усёй гэтай недарэчнай і балючай, апантанай і захапляльнай чалавечай гісторыі.

Віялета Саўчыц, фатографка, журналістка: спіс годных кніг і фотаапарат з дзяцінства

Віялета Саўчыц вольны час

Фота: Яўген Ацецкі

Ужо доўгі час я жыву па прынцыпе «work hard – play hard» Нават на трэнінгу па прафілактыцы выгарання я працавала. Таму можна ўпэўнена сказаць, што пераключацца мне складана.

Сапраўды адключаюся толькі ў паездках, асабліва там, дзе няма мабільнай сувязі і Wi-Fi. За гэта (і не толькі) люблю паходы ў горы. Сёлета ўпершыню патрапіла ў грузінскія горы, і Грузія скарыла маё сэрца. Але з усіх месцаў больш за ўсё хочацца вярнуцца ў Гімалаі.

Віялета Саўчыц адпачынак

Гімалаі. Фота з асабістага архіва Віялеты Саўчыц

Выехаць на тры-чатыры дні кудысьці – ужо перазагрузка. Люблю Балтыйскае мора, лес і сучаснае мастацтва. Езджу на біенале ў Венецыю, а падчас падарожжаў абавязкова заходжу ў галерэі і музеі. Нядаўна ў Парыжы наведала выставу канцэптуальнай французскай мастачкі Сафі Каль і новы музей калекцыі Франсуа Піна ў будынку Біржы (La Bourse de Commerce) – невідавочная галерэя, але вартая.

Віялета Саўчыц хобі

Выстава Сафі Каль. Фота з асабістага архіва Віялеты Саўчыц

У падарожжах я здымаю на стужку. Нядаўна набыла фотаапарат «Агат-18». Яго зрабілі 31 год таму ў Вілейцы на заводзе «Зяніт», непадалёк ад якога я жыла ў дзяцінстве. Гэта такі важны для мяне сімвалізм.

Мая вялікая любоў – кнігі. А ў эміграцыі гэта яшчэ і новая кантрабанда. Цяпер абрастаю новымі кнігамі, набываю шмат папяровых і паабяцала сабе спыніцца, пакуль не прачытаю тое, што назбіралася апошнім часам у маёй бібліятэцы.

У вольны час вяду блог пра «літаратуру падчас апакаліпсісу» «Экслібрыс». Цяпер у мяне ніколі няма думкі «што б пачытаць?», бо рэкамендацый ад цікавых людзей – мора, і спіс рэгулярна папаўняецца.

Апошнім часам чытаю тэксты аўтарак-жанчын у жанры аўтафікшн. Магу парэкамендаваць кнігі леташняй Нобелеўскай лаўрэаткі Ані Эрно («Падзея», «Годы», «Сваё месца», «Памяць дзяўчыны» і іншыя), «Храналогію вады» Лідзіі Юкнавіч, «Замі: як па-новаму пісаць маё імя» Одры Лорд, «Bluets» і «Арганаўты» Мэгі Нэльсан, паэзію Вальжыны Морт і Віславы Шымборскай.

У маім асобным топе – кнігі «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец і «Шэпт» Сяргея Лескеця.

З апошняга прачытанага – «Калапс. Выпадковае падзенне Берлінскай сцяны» Мэры Сарот. Гэты гістарычны трылер амаль штохвілінна расказвае пра ход падзей, якія прывялі да заканчэння Халоднай вайны. І гэтая кніга дае надзею, што змрок навокал калісьці скончыцца.

Яшчэ вельмі падтрымала кніга Віктара Франкла «Сказаць жыццю: “Так!” Псіхолаг у канцлагеры» – у перыяд, калі зусім нічога не чыталася. А цяпер я чытаю «базу» з серыі «хатняй бібліятэкі беларуса» – «Наглядаць і караць. Нараджэнне вязніцы» Мішэля Фуко.

Віялета Саўчыц падарожжа

Фота з асабістага архіва Віялеты Саўчыц

Серыялы амаль не гляджу, бо яны засмоктваюць. За гэты год паглядзела толькі апошні сезон «Sex Education» і пачынаю пераглядаць «Twin Peaks» Лінча – проста таму, што прыгожа. З гульнявога кіно сёлета гляджу і пераглядаю фільмы любімых рэжысёраў: Трыера, Ван Карвая і Джармуша.

Але апошнім часам мне больш падабаецца дакументальнае кіно.

Нядаўна на фестывалі «Паўночнае ззянне» паглядзела выдатны фільм Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча «Радзіма». Гэтая няпростая стужка пра сістэму гвалту і яго падмурак нібыта зрывае скарыначкі ранак, якія яшчэ не загаіліся. Фільм трапіў у спіс намінантаў «еўрапейскага Оскара»

Яшчэ мяне расслабляюць сілавыя трэніроўкі (а дакладней – калі трэніроўка сканчаецца, трапляеш у такі стан, дзеля якога ўсё і робіцца). Добра дапамагае плаванне – гэта ў пэўным сэнсе медытацыя для мяне. У гэты час нельга зазірнуць у тэлефон, таму ты цалкам адключаешся. Калісьці я нават хадзіла ў басейн пяць разоў на тыдзень, але ў Вільні з гэтым складана.

Таксама добра бадзёраць доўгія шпацыры (для ментальнага здароўя). Ну, і, вядома, псіхатэрапія

Яўген Шапчыц, тэлепрадзюсар, рэжысёр, тэлеканал «Белсат»: незвычайныя вандроўкі і год з Бахарэвічам

Яўген Шапчыц хобі

Фота з асабістага архіва Яўгена Шапчыца

Мой працоўны графік з большага раўнамерна размяркоўваецца на ўвесь той час, які я не сплю, а паняцце «выходныя» для мяне досыць умоўнае.

Чытаю апошнім часам няшмат – ужо больш за год чытаю «Сабакі Эўропы» Бахарэвіча, з месяц таму пачаў перавыданне «Мяне няма» Валянціна Акудовіча, падпісаўся на часопіс ад беларускіх папулярызатараў навукі «PAMYŁKA».

Серыялы гляджу спарадычна. З апошніх, якія запомніліся,– два сезоны «Белага лотаса» – крыху левацкая сатыра пра сацыяльную няроўнасць, а таксама фільм на тую ж тэму – «Трохкутнік смутку».

Файны быў «Андор»: народны рух, рэвалюцыя, супраціў таталітарнай сістэме ў сусвеце «Зорных войнаў»! Нарэшце аўтары ўзгадалі, дзеля чаго ўвогуле «Зорныя войны» ствараліся ў свой час.

Яшчэ вельмі люблю дакуменальны камедыяйны серыял «Карысныя парады ад Джона Ўілсана» пра звычайныя акалічнасці жыцця ў шалёным Нью-Йорку.

Яўген Шапчыц вольны час

Фота з асабістага архіва Яўгена Шапчыца

А далей проста мой спіс любімых малавядомых фільмаў:

  • «This is Spinal tap» (1984) – мок’юментары пра неіснуючы хэві-метал гурт.
  • «Лесвіца Якава» (1990) – містычны дэтэктыў/драма/хорар пра посттраўматычны сіндром ветэрана В’етнамскай вайны, якога грае Цім Робінс.
  • «Memento» (2000) – адзін з першых фільмаў Нолана, у якім падзеі ён разгортвае ў адваротным накірунку – ад канца да пачатку.

Усе фільмы напісаныя сцэнарыстам Чарлі Каўфманам (але не рэжысёрскія працы).

Яшчэ я люблю кампутарныя гульні, але ім я часу прысвячаю яшчэ менш, чым Бахарэвічу. Ва «The Outer Worlds» я пачаў гуляць яшчэ да рэвалюцыі – у 2019 годзе, а скончыў толькі пару тыдняў таму. Але часам бывае з сям’ёй «рубімся» на X-box у гульні на кааперацыю.

Яўген Шапчыц сямья

Фота з асабістага архіва Яўгена Шапчыца

Вандроўкі – мая слабасць. Акрамя Еўропы, мы з жонкай пабывалі ў экзатычным Тайландзе, Арабскіх Эміратах, Іярданіі. Летась з сям’ёй пашчасціла амаль год пажыць у адным з самых сонечных і гарачых месцаў на планеце – у штаце Арызона, ЗША, там, дзе Вялікі Каньён і 15-мятровыя кактусы Saguaro. І канешне мы скарысталіся магчымасцю і павандравалі па іншых штатах.

Падзяліцца:

Подготовлено Пресс-клубом Беларусь

8 снежня 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняНе пра працу 15: Каця Барушка, Віялета Саўчыц, Яўген Шапчыц

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць