Пра развіццё аднаго праекту. «Гісторыя беларускага сэксу», якая жыве і час ад часу квітнее

Як ставіліся нашыя продкі да сэксу і ці ёсць эротыка ў беларускім фальклоры? Дарʼя Гардзейчык ужо некалькі гадоў робіць падкаст «Гісторыя беларускага сэксу», у якім можна знайсці адказы менавіта на такія пытанні. Мы паразмаўлялі з ёй пра тое, што яе натхняе, адкуль бяруцца ідэі і як змяніўся праект у эміграцыі.

Пра развіццё аднаго праекту. «Гісторыя беларускага сэксу», якая жыве і час ад часу квітнее
У калажы выкарыстоўваліся малюнкі з Instagram старонкі падкаста «Гісторыя беларускага сэксу»

Кратко

  • Частка першая, натхняльная. Ідэя, якая зʼявілася ў ложку
  • Частка другая, небяспечная. Вайна і эміграцыя
  • Частка трэцяя, крэатыўная. Трансфармацыя
  • Частка чацвёртая, сумная. Манетызацыя

Частка першая, натхняльная. Ідэя, якая зʼявілася ў ложку

Дар’я Гардзейчык
Дар’я Гардзейчыкпадкастарка

– «Гісторыя беларускага сэксу» – гэта найстарэйшы мой праект, які ўсё яшчэ жыве і нават час ад часу квітнее.

Як мне прыйшла гэтая ідэя: я чытала шмат фальклорных і даследніцкіх тэкстаў для праекту, які тады рабіла – пра гісторыю і культуру Беларусі. І аднойчы мне трапілася кніжка «Беларуский эротический фольклор» пад рэдакцыяй Таццяны Валодзінай. Кніжка напісаная на расійскай мове, але з цытатамі на беларускай. Такі парадокс.

Я была моцна ўражаная, бо ёсць вельмі рамантычнае ўяўленне пра беларускую вёску. Што там усе былі такія цнатлівыя, а мы зараз вельмі разбэшчаныя Захадам.

Але ў беларускім фальклоры эротыка – гэта натуральная частка жыцця.

Як тлумачаць навукоўцы: калі дзяцёнак з малых гадоў назірае, як размнажаюцца птушкі, свінкі, кароўкі і ўсё астатняе, то гэтаму дзіцятку ў галаву не прыходзіць, што гэтыя палавыя стасункі – нешта, чаго трэба саромецца. Былі жартачкі, прымаўкі, казкі, песні – усё, што заўгодна.

Наш праект пра беларускую культуру ўжо набіраў папулярнасць, але чагосьці не хапала, хацелася новага кроку. А каб завесці YouTube – не было рэсурсу. Да страшнавата, бо тое было ўлетку 2021 года, а мы знаходзіліся яшчэ ў Беларусі.

І вось я кладуся спаць, і мяне асяніла: трэба рабіць аўдыёпадкаст. І адразу прыйшла назва: «Гісторыя беларускага сэксу».

Гэта мусіў быць чыста наратыўны падкаст, дзе я пераказваю больш простай мовай усё тое, што прачытала.

Я адразу напісала сваёй каляжанцы і лягла спаць. Як высветлілася, усе ідэі, што прыходзяць падчас сну – самыя лепшыя. Бо потым мы думалі: можа, трэба іншая назва, можа неяк па-іншаму аформіць, можа не падкаст, а серыя пастоў… Але не, мой сонны мозг усё добра прыдумаў.

Частка другая, небяспечная. Вайна і эміграцыя

– Потым я зʼехала ў Літву. Па афіцыйнай версіі – на вучобу, насамрэч ужо было небяспечна заставацца ў Беларусі. Мы з камандай працягвалі працаваць, запісваць падкаст, але ён трансфармаваўся. У нас быў сезон, калі мы запісвалі інтэрвʼю групы беларускіх квір-мастакоў і мастачак. Мы гэта назвалі «Гісторыя беларускага негетэрасэксу».

А потым надышоў 2022 год, было поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну і стала неяк не да вясёлых прыколаў.

У рамках свайго праекту мы расказвалі пра гісторыю Украіны, пра сувязь Украіны і Беларусі. На пачатку 2022 года нам яшчэ было не страшна, што частка каманды застаецца ў Беларусі. Але літаральна праз пару месяцаў гэта стала зусім небяспечным.

І мы спынілі сваю дзейнасць. Падкаст мусіў таксама кануць у Лету. Але я падумала, што не, што такі файны падкаст можна рабіць пад нейкім асобным брэндам, і трэба перафарматавацца.

Частка трэцяя, крэатыўная. Трансфармацыя

– Я знайшла сабе сувядоўцу. Мы запісалі пілотны выпуск, і ён усім зайшоў. Самы папулярны выпуск – той, дзе мы з сяброўкай расказваем пра менструацыю ў жыцці і ў фальклоры. А потым мая сяброўка зʼехала вучыцца ў Тарту, і ўсё магло на гэтым скончыцца.

Але раптам Free Belarus Center рабіў нейкае навучанне для актывістаў і актывістак, журналістаў і журналістак – і я там пазнаёмілася са спадарыняй Данутай Грынь. Яна мае магістарскую ступень па гісторыі, працавала ў Беларускім гістарычным музеі і мае адпаведную адукацыю (бо я па адукацыі маркеталагіца).

Мне вельмі спадабалася, як Дана размаўляе, як распавядае музейныя байкі. Яна вельмі добра расказвала, не мычала, не запіналася, усё лілося бурлівай ракой. І я прапанавала Дануце стаць маёй сувядоўцай.

Данута прынесла ў праект акадэмічнасці. Яна больш унікліва глядзіць за спасылкамі на крыніцы, за якасцю гэтых крыніц – менавіта з навуковага пункту гледжання. І лепш ведае агіўльнаеўрапейскі кантэкст.

Мы пачалі запісваць падкаст ужо ўдваіх і зрабілі для падкасту асобны Instagram. Адбыўся рэбрэндінг, мы змянілі лагатып, зрабілі ўсё такім ружовенькім-прыгожанькім. Прыдбалі сабе дызайнерку, якая спачатку рабіла ўсё абсалютна бескаштоўна. Дана пачала актыўна пісаць пасты, у нас нават зʼявілася рэдактарка, якая ўсё гэта вычытвае, глядзіць, каб усё супадала з правіламі беларускай мовы і агульным здаровым сэнсам.

У нас безадходная вытворчасць: усё, што не ідзе ў падкаст, ідзе ў пасты з файнымі ілюстрацыямі.

Добрая ідэя Даны – запрашаць экспертаў і экспертак. Так, у нас быў спецвыпуск пра гінекалогію. Мы спачатку расказвалі пра наш асабісты досвед, а потым – што там у фальклоры, як нашыя продкі лячылі гінекалагічныя хваробы (спойлер: усё даволі жудасна). І папрасілі нашую экспертку Аляксандру, гінекалагіню, усё гэта пракаментаваць. Уласна тое, што мы перажылі з Данутай у гінекалагічных крэслах, і ці мелі нашыя продкі рацыю лячыцца так, як яны лячыліся. У асноўным, дарэчы, не мелі.

Частка чацвёртая, сумная. Манетызацыя

– Зараз праект «Гісторыя беларускага сэксу» жыве ў трох плоскасцях. Першая – Instagram, другая – гэта сам падкаст, трэцяя – Buy me a coffe, там мы выкладаем усё, што не ўвайшло абсалютна нікуды і розныя матэрыялы, навуковыя працы. Тым, каму няма часу лазіць амаль што ў даркнеце і шукаць артыкулы Алены Ляшкевіч ці якога-небудзь, прасці госпадзі, Марзалюка.

Дарэчы, той самы Ігар Марзалюк напісаў вельмі файны артыкул напачатку двухтысячных пра беларускіх сялян і сувязь хрысціянства і сэксу. Вельмі класны артыкул, лепш бы спадар Марзалюк займаўся гэтым, а не тым, чым зараз.

Перыядычна, як усе нашыя журналісты і журналісткі, я падаюся на нейкія гранты, стыпендыі. Звычайна ідзеш на індывідуальную стыпендыю, а потым піліш гэтыя 800 еўра на пяцярых. Так і жывем.

Праект не кідаю, бо я яго шчыра люблю. Гэта той кантэнт які мне самой было б цікава спажываць. А раз ніхто больш такога не робіць – даводзіцца рабіць самой. І яшчэ шмат якія падпісанты і падпісанткі кажуць, што гэта ўлюблёны падкаст. І мне вельмі прыемна, што я раблю штосьці, што падабаецца людзям – як бы банальна гэта ні гучала.

Падзяліцца:

Прэс-клуб Беларусь

28 чэрвеня 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняПра развіццё аднаго праекту. «Гісторыя беларускага сэксу», якая жыве і час ад часу квітнее

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць