Расказваем пра новы падкаст «Іншыя гісторыі»

У лютым з’явіўся новы падкаст «Іншыя гісторыі». Гэта сваеасаблівы працяг праекта «Жывая бібліятэка», які раней рабілі Марына Штрахава і ініцыятыва «ІншыЯ». Аўтарка падкаста Дар’я Гардзейчык распавяла пра актуальнасць «Іншых гісторый», гераіню першага выпуска і пра тое, каго мы можам пачуць у наступных серыях падкаста.

Расказваем пра новы падкаст «Іншыя гісторыі»
Ілюстрацыя прадастаўлена аўтаркай падкаста

Кратко

  • Пра што новы падкаст
  • Пра што першы выпуск
  • Пра што наступныя выпускі

Пра што новы падкаст

Дар’я Гардзейчык
Дар’я Гардзейчыкпадкастарка

– «Жывая бібліятэка» – гэта былі такія афлайн-мерапрыемствы. Але зараз няма магчымасці сабрацца недзе па зразумелых прычынах – ні ў Мінску, ні ў Гародне, ні ў Брэсце, ні ў вёсцы Вялікія Эйсманты.

І мы з Марынай Штрахавай вырашылі, што было б варта замест афлайн-сустрэч зрабіць такі падкаст. У мяне была ідэя менавіта наратыўнага, складанага прадукту, які б распавядаў нейкую гісторыю. Марыне гэта таксама падалося файным. А мяне заўсёды натхняе, калі людзі вераць у падкасты.

Часта падаецца, што людзі, да якіх я прыходжу як нейкі Праметэй з агнём – «Вось! Я прынесла вам падкасты!» – яны больш вераць у гэтую ідэю, чым я сама.

Падкаст «Іншыя гісторыі» – гэта гісторыі людзей, якія апавядаюць самі пра сябе, а я, як аўтарка і сцэнарыстка, дадаю нейкія ілюстратыўныя дэталечкі. І месцамі захоўваецца мая непасрэдная жывая рэакцыя. І каб нешта не было ні для каго траўматычным, я месцамі кажу: «trigger warning!» – гэта значыць, што зараз будзе гісторыя пра гвалт, ці пра залежнасць.

Пра што першы выпуск

– Пра Аксану Дабрыянец, гэта гісторыя Аксаны, якая перажыла амаль увесь магчымы гвалт. Яна нарадзілася ў Столінскім раёне, жыла з маці, бабулей, потым маці выйшла замуж. Бацьку свайго Аксана ў дзяцінстве не памятала, а стасункі з айчымам не ладзіліся, і яна шмат часу бавіла ў кампаніі сваіх сяброў і сябровак. Там у 13 год з ёй здарылася згвалтаванне, потым у яе былі стасункі з хлопцам, які казаў, што яна яму не патрэбная, але для яе гэта была адзіная магчымасць атрымаць увагу і пяшчоту. І вось яна ад гэтага хлопца зацяжарала. І пачалася працяглая гісторыя гінекалагічнага гвалту пятнаццацігадовай дзяўчыны.

Гэта гісторыя і пра булінг, і пра хатні гвалт. А потым – і пра міліцэйскі гвалт, таму што Аксана стала актывісткай. Да таго ж ёй давялося перажыць эміграцыю ва Украіну, потым – у Польшчу. І ў мяне адчуванне, што яна перажыла ўвесь магчымы гвалт і пры гэтым ўмудрылася самазахавацца. Таму яна вялікая малайчына.

У яе біяграфіі, як у кроплі вады, адлюстроўваецца ўсё, што адбываецца ў Беларусі. Я бясконца паўтараю, што яна са Століна, што гэта адбывалася ў Століне. Бо гэта сапраўдная гісторыя пра беларускую правінцыю, пра тое, што за кальцавой.

І гэта рэальнасць шмат якіх людзей. Яны жывуць у рэгіёне, дзе няма перспектыў, і вось ад гэтай безнадзейнасці нейкай і ад татальнай неадукаванасці, ад нармалізаванага гвалту з боку дзяржавы і нармалізаванага гвалту паміж людзьмі – ад усяго гэтага адбываецца тое, што адбываецца.

Нягледзячы на ўсё, для Аксаны, якая ва ўсім гэтым вырасла, аковы цяжкія падаюць. Яна вырываецца. Не ведаю, ці можна казаць, што яна шчаслівая, гэта трэба запытваць у яе, але прынамсі, можна казаць, што чалавек можа цалкам змяніць свае жыццё, нават калі сістэма супраць.

Пра што наступныя выпускі

– Плануецца 8 выпускаў. У наступных выпусках мусяць быць: псіхаактывістка з ментальным расстройствам, чалавек з досведам бяздомнасці, чалавек са спробай суіцыду, чалавек з ВІЧ-пазітыўным статусам. Спадзяюся, усе атрымаецца. Усіх герояў аб’ядноўвае тое, што яны зараз у эміграцыі. Мне было вельмі важна паказаць, што досвед ва ўсіх розны і даволі спецыфічны.

Мне падаецца, што гэта вельмі важны праект для нас усіх зараз. Ён падкрэслівае, якія розныя людзі апынуліся ў вымушанай эміграцыі, і наколькі нам усім няпроста.

І гэта пэўная валідацыя, бо ад часу да часу мы схільныя абясцэньваць тое, што нам цяжка. Маўляў, кватэра ёсць, праца ёсць, ежа ёсць. Насамрэч, вымушаная эміграцыя – гэта вельмі і вельмі цяжка, і падкастам «Іншыя гісторыі» я пра гэта нагадваю – у тым ліку і самой сабе.

Падзяліцца:

Прэс-клуб Беларусь

22 лютага 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняРасказваем пра новы падкаст «Іншыя гісторыі»

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць