Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Якім стаў мінулы год для беларускіх падкастараў і падкастарак? Якія тэндэнцыі развіцця нашага падкастынгу? Разам з журналісткай Дар’яй Гардзейчык паглядзелі таксама і на навінкі 2023 года.
— Для Belarus Podcast Hub (каталог беларускіх падкастаў) 2023 год прайшоў прадуктыўна. Мы шмат пісалі пра тое, як рабіць падкасты, як іх паляпшаць, рабілі падборкі падкастаў – беларускіх і замежных. У нашым Instagram выходзіць штотыднёвы дайджест падкастаў, мы пішам пра новыя выпускі і трымаем аўдыторыю ў курсе таго, што адбываецца ў беларускім падкастынгу. У Вільні мы зрабілі афлайн-курс па падкастынгу.
У 2023 годзе было сацыялагічнае даследаванне, якое высветліла, што каля 40% беларусаў і беларусак з’яўляюцца слухачамі падкастаў. Гэта вельмі высокі паказчык, ён блізкі да лічбаў у ЗША.
А беларускіе падкасты – ці на беларускай мове, ці пра беларускі кантэкст і пра беларускую тэматыку – слухачам падаюцца нібыта занадта складанымі, нуднымі. Там усё пра гісторыю і пра палітыку, а людзі стаміліся ад гэтага. Для мяне гэта было адкрыццём.
Ці слухаюць беларусы падкасты? Вынікі даследавання Belarus Podcast Hub
Але, нягледзячы на гэта, я заўважаю павольны рост колькасці падкастаў і рост цікавасці да іх. Людзі пачынаюць разумець, што падкаст — гэта нашмат танней і хутчэй, чым рабіць відэа, і пры гэтым можна данесці эмоцыі.
Таксама мне грэе душу, што людзі, якія па-ранейшаму знаходзяцца ў Беларусі, працягваюць весці падкасты на беларускай мове. Мяне вельмі радуе, што ў беларускіх падкастаў брэнды пачалі купляць рэкламу. І таксама цешыць, што людзі, якія былі вымушаны рэлакавацца, працягваюць рабіць тыя падкасты, якія пачыналі ў Беларусі. А мае ўлюблёныя падкасты жывуць, людзі не выгараюць, не сыходзяць – і гэта файна.
Карысны падкаст «Надо пробовать»
Падкаст «Надо пробовать» – пра сацыяльна карысныя ініцыятывы. Аўтары даюць парады тым, у каго ёсць ідэя, але няма дастаткова ведаў, каб ажыццявіць нейкую мару. Напрыклад, раюць, як сабраць добрую каманду пад праект, як размаўляць на важныя тэмы ў інстаграм і тыкток, як правесці анлайн-мерапрыемства ці як зрабіць так, каб пра цябе пісалі медыя.
Археалагічны падкаст «Байкі ля вогнішча»
Дэвіз праекта: «Адкапаем Беларусь разам!». Падкаст «Байкі ля вогнішча» робіць археалагіня Вікторыя Тарасевіч, якая ўжо пяты год вядзе інстаграм пра раскопкі, валанцёрства ды гісторыю «Крывіцкі край». У новым праекце пад гукі вогнішча аўтарка чытае ўспаміны тых, хто ўдзельнічаў у археалагічных раскопках па Беларусі ў мінулым стагоддзі.
Забаўляльны падкаст «Вось, што я знайшоў у Вікіпэдыі»
Вядоўца Ўладзь Кароткі разам са сваімі сябрамі ў вельмі нефармальным стылі абмяркоўваюць усё цікавае, што знайшлі ў інтэрнэце. Сярод тэм, на якія звяртае ўвагу падкаст «Вось, што я знайшоў у Вікіпэдыі»: ерэтыкі паўднёвай Францыі, генерал Булак-Булаховіч, ідэальны савецкі беларус і феміністкі сярэднявечча.
Музычны падкаст Plato Newsroom
Падкаст пра навіны беларускай музыкі ад каманды Radio Plato. Plato Newsroom – гэта магчымасць паслухаць усё тое, што робіцца зараз беларускімі музыкамі ў самых розных жанрах.
Навінавы падкаст «Теперь понятно»
Беларускія журналісты Глеб Лепейка і Таццяна Ашуркевіч расказваюць пра складаныя міравыя падзеі так, каб не трэба было лезці ў Вікіпедію за дадатковай інфармацыяй. «Теперь понятно» не марнуе ваш час і тлумачыць заблытаныя пытанні не больш, чым за пятнаццаць хвілін – менавіта такі хранаметраж бальшасці выпускаў.
Інтымны падкаст «Усё складана»
Шчыры і правакацыйны падкаст Дар’і Гардзейчык і Марні Вішнеўскай пра асабістыя стасункі. У выпусках падкаста «Усё складана» ёсць сэкс, фемінізм, БДСМ, разбор стужкі «Масква слязам не верыць» і развагі пра тое, чаму мы не верым пацярпелым. Там увогуле пра тое, што робіць стасункі складанымі.
Жыццёвы падкаст «Радыё CityDog»
Аўдыяверсіі самых цікавых артыкулаў часопіса CityDog.io. Пра Мінск, Беларусь і беларусаў ва ўсім свеце. А таксама на «Радыё CityDog» знойдзеце аудыёверсіі выпускаў з Youtube-канала CityDog.
Калі вы хочаце расказаць пра ваш падкаст, напішыце на press-club@solidarityby.eu. Дзякуем Дар’і Гардзейчык за агляд.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт