Збор і архіваванне доказаў і інфармацыі падчас расследаванняў ваенных злачынстваў. Дапаможнік для журналістаў

Як атрымаць надзейныя доказы і правесці інтэрв’ю з пацярпелымі, каб потым гэтая інфармацыя стала доказам падчас судовых працэсаў па ваенных злачынствах? Як бяспечна збіраць і захоўваць такія дадзеныя і на што варта загадзя звярнуць увагу? Парады і карысныя спасылкі – у тэксце Мэгі Майкл. Тэкст на англійскай мове можна знайсці на сайце GIJN. 

Збор і архіваванне доказаў і інфармацыі падчас расследаванняў ваенных злачынстваў. Дапаможнік для журналістаў

Заўвага рэдактара: У канцы артыкула знойдзеце спецыяльнае інтэрв’ю Аліўе Альме з галоўным аналітыкам архіўных юрыдычных дадзенных праекта The Reckoning Project Раджы Абдулам Саламам, дасведчаным у зборы доказаў і сведчанняў для выкарыстання ў судовых працэсах па ваенных злачынствах у Сірыі, Іраку, а цяпер і ва Украіне.

Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Змест

  • Атрыманне доказаў і абмен інфармацыяй
  • Аналіз дадзеных і архіваванне доказаў
  • Збор доказаў ваенных злачынстваў, прымальных для судовых органаў. Інтэрв’ю з экспертам
  • Пра метадалогію збора доказаў для выкарыстыння ў судах
  • Этапы працы з інтэрв’ю
  • Збор і перадача лічбавых доказаў

Розныя прадметы зброі, выстаўленыя ў памяшканні Ньямацкай місіянерскай царквы ў Ньямаце, Руанда, 2009 год. У гэтай царкве, цяпер ператворанай у мемарыял, у красавіку 1994 года былі забітыя больш за 10 000 бежанцаў падчас этнічных сутыкненняў паміж плямёнамі хуту і тутсі. Кажуць, што выжылі толькі восем чалавек. Фота: З дазволу Рона Хавіва / VII

Атрыманне доказаў і абмен інфармацыяй

Пераканаўчыя доказы (рэчавыя або лічбавыя) — аснова любога расследавання. Атрыманне надзейных доказаў можа быць самай складанай са шматлікіх задач журналіста, але менавіта гэта адрознівае журналісцкія расследаванні ад асвятлення навін ці «ініцыятыўнай журналістыкі».

Доказы можна здабываць самымі рознымі спосабамі: ад апытання крыніц і сведак і пацвярджэння інфармацыі і друкаваных дакументаў, такіх як судовыя пратаколы, устаноўчыя дакументы кампаній і пасведчанні асобы, да збору звестак у лічбавай форме, напрыклад у выглядзе баз дадзеных «злітых» дакументаў, скрыншотаў анлайн-чатаў, аўдыёзапісаў сведчанняў або відэазапісаў.

Без доказаў сцверджанні журналістаў-расследвальнікаў можна лёгка аспрэчыць і абвергнуць публічнай сферы, у сацыяльных сетках і ў судах.

Атрыманне доказаў — не тое ж самае, што іх публікацыя. У некаторых выпадках журналісты спасылаюцца на доказы, не публікуючы іх, напрыклад, каб абараніць крыніцы або пазбегнуць раскрыцця інфармацыі, што не ўвайшла ў расследаванне. У іншых выпадках журналісты атрымліваюць дазвол на публікацыю ўсіх (або часткі) наяўных доказаў.

Ёсць мноства спосабаў атрымаць доказы. Самае простае — гэта вывучэнне адкрытых лічбавых даных, напрыклад, збор інфармацыі з сацыяльных сетак і інтэрнэт-баз дадзеных. Існуе шмат рэсурсаў і вэб-старонак, з дапамогай якіх журналісты могуць атрымаць доступ да інфармацыі, якая дазваляе выявіць сувязі паміж асобамі, уладальнікамі кампаній, нерухомасцю, яхтамі або геалакацыяй. Гэтыя звесткі можна атрымаць пасля рэгістрацыі на згаданых рэсурсах бясплатна або за невялікую плату. Вось некаторыя з іх: Sayari, ICIJ, GIJN і OCCRP.

Да іншых відаў доказаў доступ абмежаваны, і ў такім выпадку, напрыклад, крыніца можа перадаць журналісту папяровыя ці лічбавыя дакументы. Існуюць розныя спосабы абмену канфідэнцыйнымі дакументамі, такія як сістэмы бяспечнай адпраўкі файлаў, напрыклад SecureDrop, праграмы для абмену зашыфраванымі паведамленнямі, напрыклад Signal, сэрвісы зашыфраванай электроннай пошты, напрыклад, Proton, ці нават звычайная пошта.

Наступны этап збору доказаў — бяспечна падзяліцца імі з групай давераных журналістаў, якія працуюць над матэрыялам. Міжнародны кансорцыум журналістаў-расследавальнікаў (ICIJ) авалодаў майстэрствам збору і фільтравання шматлікіх дакументальных звестак, а таксама іх перадачы вялікай колькасці журналістаў.

Адно з нядаўніх расследаванняў, Pandora Papers, стала адным з найбуйнейшых праектаў калабарацыі журналістаў на сённяшні дзень. У рамках яго праз зашыфраваную платформу больш за 600 журналістаў у 117 краінах атрымалі мільёны дакументаў з мэтай эфектыўнага выкарыстання дадзеных, якія пераканаўча даказвалі ўтойванне грошай у афшорных юрысдыкцыях высокапастаўленымі асобамі ў сусветнай палітыцы.

Аналіз дадзеных і архіваванне доказаў

Пасля абмену інфармацыяй неабходна знайсці спосабы эфектыўнага аналізу і фільтрацыі дадзеных, асабліва калі іх шмат. Бясплатны інструмент Google Pinpoint з дапамогай штучнага інтэлекту дазваляе журналістам сістэматызаваць і кіраваць вялізнымі масівамі дадзеных, вызначаючы імёны людзей, назвы арганізацый і месцаў, якія сустракаюцца ў загружаных дакументах, у тым ліку расшыфроўках аўдыё- і відэафайлаў. Можна таксама выкарыстоўваць табліцы Excel, сэрвісы Datawrapper, OpenRefine і Linkurious.

Наступны крок пасля публікацыі расследавання — архіваванне і захоўванне доказаў у бяспечным, сакрэтным месцы, даступным толькі калегам-журналістам, або публічна на адкрытай платформе. Напрыклад, C4ADS Dubai Property Database — база даных нерухомасці ў Дубаі, створаная амерыканскім Цэнтрам перадавых абаронных даследаванняў (які часткова фінансуецца за кошт грантаў Урада ЗША), назапашвае даныя аб уладальніках нерухомасці і паказвае, як незаконныя сеткі, транснацыянальныя злачынцы, клептакраты, алігархі і іншыя асобы эксплуатуюць рынак нерухомасці ААЭ.

Журналісты часта сутыкаюцца з пытаннямі аб надзейнасці сабраных імі звестак, у тым ліку з боку рэдактараў выданняў. Калі апублікаваны матэрыял прыцягне пільную ўвагу, юрыдычныя аддзелы запатрабуюць ад журналістаў прадаставіць доказы сцверджанняў.

Кроў на сценах бальніцы ў Трыпалі, Лівія, дзе было знойдзена мноства цел людзей, забітых падчас паўстання ў межах «Арабскай вясны», 2011 год. Забойствы былі падобныя да экзекуцыі. Фота: З дазволу Рона Хавіва / VII

Часам журналісты атрымліваюць новую наводку ці інфармацыю, або раптам выходзіць на сувязь інфарматар з прапановай падзяліцца новымі звесткамі, якія праліваюць святло на ўжо асветленыя пытанні ў межах існуючага расследавання. Захоўванне ўсіх дадзеных у арганізаваным, бяспечным і зашыфраваным выглядзе важна для забеспячэння пераканаўчасці расследавання. Наяўнасць ўсіх дадзеных у адным месцы таксама дапамагае журналістам вызначыць, якія новыя аспекты трэба даследаваць, і ці вартыя яны часу і высілкаў.

Bellingcat распавядае пра свае спосабы архівавання лічбавых доказаў, сярод якіх, напрыклад, калабарацыя з Mnemonic, няўрадавай арганізацыяй, якая «займаецца архіваваннем, расследаваннем і мемарыялізацыяй лічбавай інфармацыі, якая дапамагае фіксаваць парушэнні правоў чалавека і міжнародныя злачынствы». Mnemonic супрацоўнічае з Bellingcat і Глабальнай сеткай прававых дзеянняў для захавання базы даных доказаў авіяўдараў у Емене і дакументавання ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва. Аналагічны праект па стварэнні лічбавага архіва для дакументавання зверстваў ва Украіне зараз знаходзіцца ў распрацоўцы. Некамерцыйны праект «Еменскія даныя» (Yemen Data Project) таксама збірае і распаўсюджвае дадзеныя аб авіяўдарах і дзейнасці падчас грамадзянскай вайны ў Емене.

Журналісты таксама карыстаюцца інтэрнэт-архівам Wayback Machine, створаным некамерцыйнай электроннай бібліятэкай Internet Archive, дзе можна знайсці архіўныя старонкі і вэб-сайты, якія ўжо не існуюць. Wayback Machine захоўвае змесціва многіх вэб-сайтаў пасля іх выдалення з Інтэрнэту.

Аднак важна мець на ўвазе, што ньюсрумы і журналісты не абавязаныя прадстаўляць доказы падчас судовых разбораў або супрацоўнічаць са следствам у працэсах па меркаваных ваенных злачынствах.

Гэта залежыць ад асабістых этычных поглядаў канкрэтнага чалавека. Некаторыя прымаюць рашэнне супрацоўнічаць з гэтымі органамі, іншыя адмаўляюцца.

Збор доказаў ваенных злачынстваў, прымальных для судовых органаў. Інтэрв’ю з экспертам

Інтэрв’ю з Раджы Абдулам Саламам падрыхтаваў Аліўе Альме.

Раджы Абдул Салам, галоўны аналітык архіву юрыдычных даных праекта The Reckoning Project. Выява: Скрыншот / The Reckoning Project

Раджы Абдул Салам — галоўны аналітык архіва юрыдычных дадзных у The Reckoning Project, камандзе мультымедыйных журналістаў, рэжысёраў-дакументалістаў, навукоўцаў, юрыстаў і даследчыкаў, якія дакументуюць ваенныя злачынствы ва Украіне. Абдул Салам мае шырокі досвед дакументавання ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці ў Сірыі і Іраку, у тым ліку для судовага пераследу ваенных злачынцаў у рамках універсальнай юрысдыкцыі ў Германіі, Швецыі і Бельгіі.

Ён расказаў GIJN, што збор і падрыхтоўка доказаў для магчымага выкарыстання ў рамках крымінальнага пераследу вымагае прымянення надзвычай строгай метадалогіі.

Пра метадалогію збора доказаў для выкарыстыння ў судах

Паводле Салама, перш за ўсё неабходна пераканацца, што кожны сведка фізічна і псіхічна здаровы, каб даваць паказанні. Адпаведна, інтэрв’юер мусіць прайсці комплексную падрыхтоўку па распазнаванні псіхалагічных траўм і належным абыходжанні з імі.

Пераканаўшыся, што інтерв’ю можна працягваць, журналіст таксама мусіць памятаць, што не належыць задаваць навадныя пытанні.

«Мы проста пытаемся, што адбылося», — тлумачыць Раджы.

Таксама вельмі важна, каб суразмоўцы не паўтаралі завучаны аповед. Журналісту важна пераканацца, што сведчанні крыніцы не сказіліся пад уплывам рэпартажаў СМІ або сеансаў тэрапіі, якія могуць прыўнесці новыя элементы, відавочцамі якіх сведкі насамрэч не былі.

«Працэс праверкі сведчанняў ператвараецца ў сапраўдную пакуту з-за ўсіх гэтых элементаў забруджвання, але гэтую працу неабходна выканаць», — кажа Абдул Салам.

Этапы працы з інтэрв’ю

Інтэрв’ю расшыфроўваюцца ў тры этапы.

Першае. Спачатку запішыце ўсё, што сказаў сведка, нават тыя сцверджанні, што падаюцца фантастычнымі ці падаюцца не ў храналагічным парадку.

Другое. Затым запішыце эмпірычнае сцверджанне у храналагічным парадку, выдаліўшы ўсё лішняе. «Гэта азначае, што трэба пакінуць толькі факты, — кажа Абдул Салам. — Мяне затрымалі тады і тады; у гэты час мне звязалі рукі; у гэты час мяне збівалі; у гэты час мяне вызвалілі; у гэты час у мяне стрэлілі; у гэты час я бачыў, як страляюць у іншых людзей. Факты, факты, факты».

Рэшткі пасведчанняў асобы косаўскіх албанцаў з калоны бежанцаў, якая падверглася нападу сербскіх узброеных сіл у Межы, Косава, 1999 год. Фота: З дазволу Рона Хавіва / VII

Трэцяе. Нарэшце, параўнайце гэта сведчанне з іншымі сабранымі сцверджаннямі, а таксама з рэчавымі доказамі. Гэта вызначае, якім элементам гісторыі можна давяраць, а якім — не.

«Факты маюць быць лагічна паслядоўнымі і ўзаемаўвязанымі, — падкрэслівае Абдул Салам. — Паслядоўнасць дапамагае упэўніцца, што сабраныя вамі сцверджанні гучаць пераканаўча. Не забывайце, што гэтыя людзі мусяць паўстаць перад судом. Любая непаслядоўнасць аслабляе сведчанні, таму іх не прымаюць да ўвагі».

Пасля грунтоўнай падрыхтоўкі кожнага сцверджання, сведкі падпісваюць форму інфармаванай згоды, якая дазваляе камандзе The Reckoning Project захоўваць сабраную інфармацыю і выкарыстоўваць яе пэўным чынам, у тым ліку для публікацыі і перадачы дзяржаўным абвінаваўцам. «Бланк інфармаванай згоды з’яўляецца формай прававой абароны сведак, але не накладае на іх юрыдычных абавязкаў, — тлумачыць Абдул Салам. — Гэта азначае, што сведка мае права ў любы момант адмовіцца ад дачы паказанняў».

Збор і перадача лічбавых доказаў

Раджы папярэджвае – адных паказанняў сведак недастаткова, каб даказаць ваеннае злачынства. «Што тычыцца паспяховага разгляду справы, каб яе адкрыць, патрэбныя паказанні чалавека… але для яё закрыцця неабходна мець важкія доказы, якія пацвярджаюць сведчанні».

Для таго, каб суд прыняў у якасці доказаў відэа, фатаграфіі, дакументы і іншыя дапаможныя сведчанні, іх неабходна праверыць (а гэта вельмі працаёмкі працэс) і старанна зафіксаваць іх шлях ад паходжання да збору, то-бок стварыць «суправаджальную дакументацыю аб парадку перамяшчэння доказу».

Для збору лічбавых доказаў масавых злачынстваў падчас расследаванняў з выкарыстаннем лічбавай інфармацыі з адкрытым зыходным кодам Раджы раіць карыстацца Пратаколам Берклі. «Гэта доўгі і зусім не просты працэс», — папярэджвае ён.

Скончыўшы збор інфармацыі, звярніцеся да праграм аналізу дадзеных, напрыклад, ATLAS.ti або Excel, якія дапамогуць выявіць шаблон паводзін. Паводле эксперта, каб даказаць ваенныя злачынствы або злачынствы супраць чалавечнасці, неабходныя сотні паслядоўных доказаў, таму падобныя інструменты дапамагаюць прасеяць масу дадзеных, каб устанавіць, ці носяць напады метадычны і сістэматычны характар.

Што тычыцца перадачы сваіх знаходак сістэме правасуддзя, помніце пра вялікую загрузку пракурораў. «Яны і без таго перагружаныя колькасцю і складанасцю злачынстваў, якія ім даводзіцца расследаваць», — тлумачыць эксперт.

Таму варта падаваць кароткія заявы, у якіх дакладна выкладзеныя сабраныя сведчанні, любыя доказы, якія іх пацвярджаюць, выяўленыя заканамернасці, выкарыстаная метадалогія і адпаведныя юрыдычныя аргументы.

Пракуроры з большай верагоднасцю звернуць увагу на такое «лёгкастраўнае», прафесійна падрыхтаванае дасье. «Калі вы адправіце ім ненадзейны дакумент, у наступны раз вам не стануць давяраць, — кажа ён. — Справа за справай, крок за крокам, давер да вас будзе вырастаць».

Але як ні старайся, суд заўсёды можа прыйсці да іншай высновы. «Мы не суддзі, мы не пракуроры, мы проста дапамагаем правасуддзю, — нагадвае журналістам Раджы. — Калі яны абапіраюцца на іншыя аргументы або выносяць іншы вердыкт, мы мусім гэта паважаць».

Падзяліцца:

20 сакавіка 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняЗбор і архіваванне доказаў і інфармацыі падчас расследаванняў ваенных злачынстваў. Дапаможнік для журналістаў

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць