Як размаўляць з ахвярамі і пацярпелымі ад ваенных злачынстваў. Дапаможнік для журналістаў

Рызыка рэтраўматызацыі суразмоўцы, досвед журналіста, асаблівасці працы чалавечай памяці, магчымы эмацыйны зрыў – што трэба ўлічваць перад тым, як праводзіць складанае інтэрв’ю? У гэтым тэксце – вельмі шмат парадаў, а таксама пакрокавы план падрыхтоўкі да размовы з траўмаваным чалавекам. Пачытайце, каб структураваць інтэрв’ю з ахвярай і ведаць, як вы можаце дапамагчы чалавеку расказаць пра ягоны цяжкі досвед, а таксама – што рабіць, калі суразмоўца страчвае кантроль. Тэкст Гэвіна Рыза на англійскай мове можна знайсці на сайце GIJN.

Як размаўляць з ахвярамі і пацярпелымі ад ваенных злачынстваў. Дапаможнік для журналістаў

Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Аўтар тэкста Гэвін Рыс / Фотаздымкі Рона Хавіва

Змест

  • Што важна ведаць
  • Пра рэтраўматызацыю і тое, чаго пазбягаць падчас інтэрв’ю
  • Падрыхтоўка да інтэрв’ю
  • Як спланаваць інтэрв'ю. Дзесяць важных пунктаў
  • Саступайце кантроль – дзе гэта толькі магчыма
  • Будзьце добрым мадэратарам свайго інтэрв’ю
  • Будзьце добразычлівымі

Што важна ведаць

Працуючы журналістам-расследавальнікам, які апытвае сведак магчымых ваенных злачынстваў, вы сутыкнецеся з нязменнай праблемай: давядзецца шмат размаўляць з псіхалагічна траўмаванымі людзьмі. Такія журналісты рэгулярна сутыкаюцца з гісторыямі смерці, калецтваў, сэксуальнага гвалту або пагрозы яго прымянення.

Адны суразмоўцы журналіста будуць знешнімі сведкамі гвалту, іншых наўпрост закранаюць ваенныя дзеянні, а некаторыя маглі сутыкнуцца з лютасцю асобных людзей, якая праявілася ў катаваннях, сэксуальным гвалце або ўтрыманні ў бесчалавечных умовах. Чым больш непасрэдна асоба ўцягнута ў траўмуючыя падзеі, тым больш уздзеяння яны аказываюць.

Суданскія дзяўчаты, Дарфур, Судан, 2005 год. 12-гадовая дзяўчынка, апранутая ў паласаты шалік (на першым плане), распавядае, як яе разлучылі з дзвюма сяброўкамі і згвалтавалі салдаты дзяржаўнага войска Судана. Фота: З дазволу Рона Хавіва / VII

Аднак кожны, каго вы сустрэнеце ў зоне канфлікту, мусіць прыстасоўвацца да жыцця ва ўмовах усюдыіснай пагрозы, разбурэнняў і бязмежнай нявызначанасці. У гэтым артыкуле вы здойдзеце парады для правядзення эфэктыўнага і далікатнага інтэрв’ю ў такіх кантэкстах.

Пра рэтраўматызацыю і тое, чаго пазбягаць падчас інтэрв’ю

Журналістаў часта непакоіць тое, што аповед пра балючыя перажыванні можа паўторна траўміраваць асобу, што дае інтэрв’ю. Аднак многія спецыялісты па псіхалагічнай траўме лічаць, што паняцце «рэтраўматызацыя» хутчэй бянтэжыць, чым дапамагае зразумець магчымыя рызыкі.

Калі людзі распавядаюць пра мінулыя балючыя падзеі, цалкам верагодна, што яны будуць адчуваць стрэс, які выяўляецца ў парушэннях канцэнтрацыі ўвагі, падвышанай эмацыйнасці, здранцвенні і іншых станах. Калі журналісты адказна падыходзяць да працы, гэтыя станы будуць натуральным пабочным прадуктам мінулых (або бягучых) падзей, а не новай траўматызацыяй.

Прымяняючы гвалт ва ўмовах ваеннага канфлікту, злачынцы ставяцца да сваіх ахвяр як да аб’ектаў, сродкаў дасягнення мэты, а не як да асоб, якія заслугоўваюць годнасці і павагі.

Галоўнае — пазбягаць любых паводзін, якія нагадваюць пра перажыты гвалт і ўзмацняюць пачуццё бяссілля суразмоўцы.

Прыклады паводзін, якіх варта пазбягаць: 

  • шматкротнае правядзенне інтэрв’ю з крыніцай шэрагам журналістаў;
  • прымус чалавека да непажаданага абмеркавання падрабязнасцей;
  • адмова ўспрымаць ўсур’ёз або ігнараванне эмацыйнага стану крыніцы;
  • адсутнасць празрыстасці ў дачыненні да таго, як будуць выкарыстоўвацца сабраныя звесткі.

Далей прыводзяцца больш канкрэтныя прапановы, якія дапамогуць зладзіць бяспечнае інтэрв’ю, надзяліўшы суразмоўцу пачуццём кантролю і выбару. Такі падыход таксама падвысіць вашыя шанцы атрымаць дакладны і глыбокі аповед.

Не забывайце, што пацярпелыя і сведкі часта вельмі шануюць магчымасць расказаць сваю гісторыю.

Сям’я з партрэтам сваёй 16-гадовай дачкі, забітай падчас службы ў паўстанцкай арміі «Тыгры вызвалення Таміл-Ілама», Шры-Ланка, 2007 год. Фота: З дазволу Рона Хавіва / VII

Падрыхтоўка да інтэрв’ю

Чым больш вы маеце ўнутранага разумення, асабліва наконт вашых межаў як журналіста, тым лепш вы будзеце падрыхтаваныя да інтэрв’ю.

Маўклівая мантра, прапанавая ніжэй, можа здавацца відавочнай, але яе надзвычай лёгка выпусціць з-пад увагі падчас размовы з чалавекам, які трапіў у бяду. Перш чым прыступіць да размовы карысна нагадаць сабе:

Я магу дапамагчы асобе данесці найбольш важную інфармацыю, якой яна ў стане падзяліцца, — і ў мяне гэта добра атрымліваецца — але я не магу пазбавіць яе ад болю або выправіць сітуацыю.

Сутыкаючыся з жахлівымі сітуацыямі, журналісты часта адчуваюць сябе вымушанымі даваць абяцанні, якія яны не ў стане выканаць, напрыклад, аказваць далейшую эмацыйную падтрымку, дапамагаць супольнасці ці паспрыяць працэсу правасуддзя. Гэта можа скончыцца тым, што суразмоўца пачуе сябе ашуканым, а інтэрв’юер будзе лічыць сябе ненадзейным з маральнага пункту гледжання.

Як спланаваць інтэрв’ю. Дзесяць важных пунктаў

  1. Выдзеліце дастаткова часу.
    Людзям трэба больш прасторы, каб расказаць пра складаныя эмацыйныя перажыванні, не варта іх прыспешваць. Калі доўга размаўляць небяспечна, загадзя адзначце гэта і засяродзьце размову на павярхоўных фактах.
  2. Будзьце гатовыя адчуць пакуты суразмоўцы, а таксама эмоцыі, якія яны выклічуць у вас.
    Гатоўнасць да таго, што размова можа ўзрушыць і суразмоўцу, і вас, дапаможа справіцца з сітуацыяй. Падобна таму, як мы бярэм дажджавік на выпадак дрэннага надвор’я, варта прысвяціць некалькі хвілін абдумванню такога сцэнарыя і сваіх дзеянняў. Часам можа пайсці дождж, але гэта нармальна.
  3. Вывучыце кантэкст.
    Людзі розных культур маюць рознае стаўленне да кантакта вачыма, фізічнай блізкасці, гендэрных узаемаадносін і г. д. Калі вы не тутэйшы, паспрабуйце даведацца больш. Абмеркаванне гэтых пытанняў з перакладчыкам дапаможа пераадолець культурныя адрозненні падчас атрымання згоды на размову ад вашых герояў. І, канешне, азнаёмцеся з базавым гістарычным і культурным кантэкстам, а таксама апошнімі палітычнымі падзеямі.
  4. Разглядайце кожную гісторыю як унікальную.
    Калі бярэш шмат амаль ідэнтычных інтэрв’ю, міжволі пачынаеш лічыць, што дакладна ведаеш, што скажа наступны суразмоўца. У гэту пастку лёгка папасці, але яна вельмі небяспечная і можа сапсаваць эфектыўнае ўзаемадзеянне.
  5. Шукайце чалавека пасярод лютасці.
    Апісанні жахлівых падзей моцна зацягваюць і адначасова перашкаджаюць убачыць больш пазітыўны аспект жыцця. Намагайцеся не бачыць чалавека выключна праз прызму бяды, якая з ім здарылася. Не забывайце, што людзі хутчэй за ўсё прачытаюць тое, што вы пра іх напішаце.
    На гэтым рэсурсе пералічваюцца вашыя абавязкі падчас апісання зверстваў і маляўнічых падрабязнасцей злачынстваў.
  6. Старайцеся не змешваць свой досвед з досведам суразмоўцы.
    Праз падобны асабісты досвед або псіхалагічную траўму журналіст можа атрымаць каштоўныя спасціжэнні, але варта асцерагацца контрпрадуктыўных праекцый. Асноўную ўвагу ў размове трэба засяродзіць у першую чаргу на суразмоўцы — таму дзяліцеся асабістым досведам умерана і толькі калі гэта дарэчы.
  7. Разумейце ролю псіхалагічнай траўмы ў функцыянаванні памяці.
    Кадаванне памяці
    (працэс стварэння ўспамінаў мозгам) адбываецца па-іншаму падчас напружаных, небяспечных для жыцця падзей. Пасля такіх сітуацый людзі могуць ненаўмысна змяніць паслядоўнасць падзей, пераблытаць, хто і што рабіў, або сутыкнуцца з прабеламі ў памяці. Неадпаведнасці самі па сабе не з’яўляюцца сведчаннем падману.Неабходна звярнуцца да некалькіх крыніц для пабудовы адпаведнай храналогіі падзей і далікатнай праверкі фактаў такім чынам, каб не здавалася, што вы падвяргаеце сумневу аповед суразмоўцы. Майце на ўвазе, што можа быць недарэчна чакаць ад суразмоўцы тлумачэння пэўных падрабязнасцей.
  8. Падумайце, як крыніцы могуць паўдзельнічаць ў выбары ілюстрацый іх жыцця.
    Пацярпелыя часта выказваюць незадаволенасць тым, што журналісты без дазволу бяруць фотаздымкі саміх пацярпелых або іх сваякоў з сацыяльных сетак. Гэта ўспрымаецца як парушэнне прыватнасці, а выбраныя выявы могуць супярэчыць уяўленню пацярпелага аб тым, якімі мелі запомніцца яго блізкія.
    Здымка і выкарыстанне фота- і відэаматэрыялаў — уразлівая зона, і гэта лепш планаваць загадзя і па магчымасці атрымліваць згоду на любыя дзеянні.
    Чым больш вы ведаеце пра псіхалагічныя траўмы, тым больш інавацыйных і дзейсных спосабаў асвятлення падобных гісторый вы можаце знайсці. Пачытаць, як вырашалі такія задачы іншыя журналісты, можна на сайце Dart Center.
  9. Складзіце план забеспячэння фізічнай бяспекі суразмоўцы.
    У крызісных зонах вы несяце адказнасць за ацэнку рызыкі фізічнай бяспекі — сваёй і сваіх суразмоўцаў. Задайце сабе некалькі ключавых пытанняў:Ці можа інтэрв’ю падвергнуць вашу крыніцу дадатковай небяспецы?Ці існуе мажлівасць негатыўнай рэакцыі з боку супольнасці?Ці варта захаваць ананімнасць?Каго не павінна быць у памяшканні?Як можна пазбегнуць падслухоўвання размовы?У гэтым дапаможніку па асвятленні сэксуальнага гвалту ва ўмовах ваеннага канфлікту (у прыватнасці, у другім і восьмым раздзелах) прыводзяцца падрабязныя кантрольныя спісы пытанняў для абмеркавання з вашымі рэдактарамі.
  10. Будзьце ўважлівыя пры атрыманні згоды.
    Ваш суразмоўца мусіць дакладна разумець, на што згаджаецца, размаўляючы з журналістам, — гэта можа быць для яго невідавочна. Таму падрабязна патлумачце, што прадугледжвае гэты працэс і як будзе выкарыстоўвацца яго аповед, у тым ліку як вы плануеце запісваць, рабіць здымкі і рэдагаваць выявы і гук.

Ахвяра можа быць непрыемна шакаваная, даведаўшыся, што канчатковы матэрыял таксама змяшчае аповеды меркаваных злачынцаў.

Пытанне аб тым, што ваш суразмоўца чакае атрымаць ад вашай размовы, дапаможа падсвяціць непрагавораныя дапушчэнні. Напрыклад, важна выразна давесці, што вы не можаце гарантаваць, што ваша размова дапаможа прыцягнуць злачынцаў да адказнасці.

Трэба таксама апавясціць крыніцу, што дзякуючы інтэрнэту (або пірацкім трансляцыям) усё апублікаванае аказваецца даступным любой асобе, у тым ліку членам супольнасці пацярпелага. Магчыма, варта паказаць суразмоўцы прыклады падобных матэрыялаў і папярэдзіць, што яны могуць выклікаць напады інтэрнэт-троляў.

Калі нейкія асаблівасці дачы інтэрв’ю могуць ускладніць пацярпелым магчымасць далейшага звароту па прававую абарону, растлумачце і гэта. Асноўныя рызыкі датычацца парушэння парадку захоўвання і перамяшчэння рэчавых доказаў, задання навадных пытанняў, якія могуць сказіць адказы, і добраахвотнай дачы крыніцай шматлікіх інтэрв’ю розным журналістам, якія змяшчаюць відавочныя неадпаведнасці.

Разглядайце размову пра інфармаваную згоду як праслухоўванне. Калі існуе верагоднасць, што суразмоўца або крыніца адмовяцца ад удзелу, карысна даведацца пра гэта загадзя, асабліва калі гаворка пра фільмы і праекты, якія прадугледжваюць значныя выдаткі часу.

Саступайце кантроль – дзе гэта толькі магчыма

Псіхалагічная траўма звычайна зніжае пачуццё кантролю. Таму пашукайце спосабы пашырыць агентнасць вашага суразмоўцы. Нават невялікія жэсты могуць мець істотнае значэнне.

  • Прыцягвайце людзей да прыняцця рашэння аб тым, дзе будзе праходзіць інтэрв’ю і ці хочуць яны прыйсці з кімсьці са знаёмых.
  • Прызнайце, што распавядаць пра свой досвед можа быць цяжка, і растлумачце, што няма неабходнасці закранаць занадта ўразлівыя тэмы. Загадзя спытайце, ці ёсць нейкія забароненыя тэмы.
  • Падчас самой размовы пераправярайце згоду, час ад часу пытаючыся: «Ці можна спытаць пра…?»
  • Старайцеся не выводзіць чалавека на эмоцыі. Класічнае клішэ «Як вы сябе адчувалі?» можа вывесці людзей з раўнавагі.
  • Майце на ўвазе, што пытанні «чаму» і нечаканыя просьбы ўдакладніць дэталі выкарыстоўваюць галоўным чынам следчыя. Пастаноўка пытання, напрыклад: «Чаму вы так зрабілі?» можа ўспрымацца, нібы вы лічыце, што чалавек здзейсніў памылку, а гэта толькі ўзмацняе віну.
  • Сутыкнуўшыся з супрацівам, не намагайцеся прабіць абарону. Знайдзіце іншы шлях атрымаць патрэбную інфармацыю.

Памятайце, што стандартныя стратэгіі інтэрв’юіравання, якія журналісты выкарыстоўваюць для размоў з уплывовымі фігурамі, напрыклад, бізнесменамі і палітыкамі, часта накіраваныя на тое, каб захапіць кантроль над працэсам і аказаць ціск на суразмоўцу, каб вывудзіць больш інфармацыі, чым яны хочуць даць. Інфармацыя вам, канешне, патрэбная, але лепш адмовіцца ад такіх рэфлексаў падчас размоў з ахвярамі ці сведкамі зверстваў.

Будзьце добрым мадэратарам свайго інтэрв’ю

Істотна мець план апытання нават падчас размовы з пацярпелымі і ахвярамі. Чым лепш структураванае такое інтэрв’ю, і чым больш выразная яго мэта, тым больш якаснай атрымліваецца размова.

Актыўна слухайце. Нішто так не мацуе пачуццё, што вы ў надзейных руках, як адчуванне, што вас слухаюць. Калі журналіст поўнасцю занураны ў размову, суразмоўца звычайна не зважае на неабходнасць рабіць нататкі або правяраць гук.

Паспрабуйце падзяліць размову на тры часткі: так, каб самыя складаныя падзеі аказаліся ў сярэдзіне, бо такім чынам можна зменшыць небяспеку таго, што ваш суразмоўца выйдзе з сустрэчы, працягваючы круціць у галаве жудасныя падрабязнасці свайго досведу.

Пачніце з адносна бяспечных або нейтральных тэм. Гэта таксама ўмацоўвае паразуменне. Затым пераходзьце да ключавых падзей, якія вам неабходна вывучыць. У канцы паспрабуйце вярнуць размову ў больш бяспечнае рэчышча.

Не існуе дакладнага алгарытму, як гэта зрабіць. Калі ваенны канфлікт ужо завяршыўся, можна спытаць пра жыццё пасля вайны. Калі ж ваенныя дзеянні яшчэ ідуць, або ледзьве скончыліся, знайсці менш эмацыйную тэму, якой можна было б скончыць інтэрв’ю, нашмат цяжэй. Можна спытаць пра планы пасля інтэрв’ю, у гэты ж дзень або пазней цягам тыдня.

Аддавайце перавагу простым пытанням, якія дапускаюць мноства адказаў. Пачаць размову з аповеду пра больш шырокі кантэкст (напрыклад, «Што вы можаце расказаць пра той дзень, калі прыехалі салдаты?») прасцей, чым адказваць на больш канкрэтныя пытанні. Агульнае пытанне дае людзям магчымасць выбраць, пра што ім больш камфортна гаварыць. Пасля складання карты асноўных звестак журналіст можа вярнуцца да вузейшых і больш канкрэтных пытанняў.

Як гаварылася вышэй, траўматычная памяць часта фрагментаваная і менш лінейная. Чалавеку можа быць на здзіўленне цяжка адказаць на пытанне «Што адбылося далей?». А вось задаўшы пытанне «Што яшчэ можаце сказаць пра X?», можна атрымаць больш карысны адказ.

Сачыце за часам. Размовы аб псіхалагічнай траўме вельмі стамляюць, і чалавек можа забыцца пра ўласныя патрэбы праз жаданне быць карысным. З самага пачатку нагадайце суразмоўцу, што ён можа ў любы момант папрасіць перапынак, а падчас гутаркі сачыце за прыкметамі незвычайнай стомленасці. Можна прапанаваць скончыць інтэрв’ю ў іншы дзень.

Уважліва завяршайце размову. Прадумайце, як будзеце далей падтрымліваць кантакт з суразмоўцам, і заўсёды выконвайце ўсе дадзеныя абяцанні. Можаце зачытаць цытаты, якія збіраецеся выкарыстоўваць, как суразмоўца ведаў, чаго чакаць ад публікацыі.

Як ужо гаварылася вышэй, вы не спецыяліст па псіхалагічнай траўме, таму не варта даваць нейкіх няпрошаных парад.

Але калі чалавек выказвае зацікаўленасць у атрыманні дадатковай падтрымкі, можна накіраваць яго да адпаведных мясцовых арганізацый і структур дапамогі.

Будзьце добразычлівымі

Прызнавайце цяжкасць сітуацыі, у якой апынуўся чалавек. У залежнасці ад таго, што дарэчна ў канкрэтнай сітуацыі, можна сказаць: «Мне вельмі шкада, што гэта здарылася з вамі» ці «Напэўна, гэта было неверагодна цяжка».

Такія моцныя эмоцыі, як сорам, віна, гнеў, страх і бездапаможнасць, — нібы нябачныя плыні, што запускаюць метэасістэму вайны. Людзі часта вінавацяць сябе за тое, над чым не мелі кантролю. А ў выпадках катаванняў і сэксуальнага гвалту ў некаторых супольнасцях можа захоўвацца ўстойлівае асуджэнне.

Калі хтосьці распавядае падрабязнасці, якія вас жахаюць, не выдавайце сваіх пачуццяў грымасамі на твары або іншымі рухамі і паводзінамі, якія могуць выклікаць пачуццё сораму ў суразмоўцы.

Плач вельмі часта суправаджае такія інтэрв’ю. На самой справе, гэта часта адбываецца, калі людзі бяспечна пачуваюцца падчас размовы. Зноў-такі, будзьце адкрытымі. Можна даць чалавеку час, каб супакоіцца, а затым спытаць, ці патрабуе ён кароткага перапынку, або хоча працягнуць.

Часам людзі могуць зноўку перажываць праявы таго болю, які яны адчувалі непасрэдна падчас нападу. Суразмоўца можа праяўляць дысацыяцыю (адключыццца) або гіпертрывожнасць, нібыта ён зноў апынуўся ў той небяспецы.

У такія моманты трэба быць вельмі ўважлівымі, бо гэта можа быць прыкметай таго, што чалавек пачынае страчваць кантроль за сваімі эмоцыямі.

Пажылая баснійка сядзіць і паліць цыгарэту на абочыне дарогі ў Біхачскай кішэні, Боснія, 1995 год. Яе выгналі з роднага горада, і яна патрапіла ў вёску, толькі што вычышчаную ад сербаў, адкуль давялося бегчы праз некалькі дзён, калі сербскія войскі зноў захапілі вёску. Падчас вайны ў Босніі ўсе сілы намагаліся ачысціць тэрыторыі ад іншых этнічных груп. Фота: З дазволу Рона Хавіва / VII

Калі хтосьці спатыкаецца аб непрыемныя ўспаміны, не капайце глыбей, гэта можа яшчэ больш дэзарыентаваць чалавека і скасаваць яго спробы паклапацціца пра сваё ментальнае здароўе. Падобным чынам, старайцеся не датыкацца да суразмоўцы: ён можна палічыць гэта парушэннем меж.

Замест гэтага праявіце спакой і змяніце размову, дапамагаючы чалавеку вярнуцца ў рэчаіснасць — то-бок, у памяшканне, дзе вядзецца інтэрв’ю, — а не да перажыванняў аб здарэнні.

У гэтым дапаможніку выкладзеныя падрабязныя парады па гэтым пытанні.

Калі суразмоўца пачынае злавацца, выказваць меркаванні, якія вам цяжка слухаць (або якія вы лічыце маральна недапушчальнымі), ці жаліцца на асабістыя страты, якія падаюцца дробязнымі ў параўнанні з іншымі людзьмі, якіх вы нядаўна апытвалі, дайце яму пражыць і выказаць гэтыя пачуцці. Аспрэчваць іх падчас інтэрв’ю — не лепшая ідэя.

Але не забывайцеся пра бяспеку: калі чалавек пачынае вам пагражаць, паспрабуйце знізіць напружанне і як мага хутчэй спыніце размову.

Падзяліцца:

13 сакавіка 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняЯк размаўляць з ахвярамі і пацярпелымі ад ваенных злачынстваў. Дапаможнік для журналістаў

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць