Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Вызначыць асобу ўласніка пэўнага ўчастка зямлі бывае вельмі складана. Нягледзячы на тое, што сістэмы рэгістрацыі зямельнай уласнасці існуюць амаль ва ўсіх краінах, якасць і даступнасць інфармацыі вельмі розная.
Гэты тэкст на англійскай мове можна знайсці на сайце GIJN.
Паводле экспертаў Сусветнага банка толькі 30% сусветнага насельніцтва маюць юрыдычна зарэгістраваныя правы ўласнасці на сваю зямлю. Хоць гэта лічба шырока цытуецца, аднак прадстаўнікі банка падкрэсліваюць, што яна з’яўляецца толькі прыблізнай ацэнкай.
Больш за тое, інфармацыя аб уласнасці часта бывае няпоўнай або недакладнай.
«Менш за палову краін свету (і толькі 13% у Афрыцы) зарэгістравалі або нанеслі на карту прыватную зямлю ў сваёй сталіцы, не кажучы ўжо пра яе межы, а дзяржаўная зямля часта ўвогуле не рэгіструецца», – рэзюмаваў эксперт Сусветнага банка па зямлі Клаўс Дайнінгер у 2018 годзе. Адсутнасць кантролю над дадзенымі азначае, што ў аднаго і таго ж участка могуць быць некалькі ўладальнікаў, сказаў іншы прадстаўнік Сусветнага банка.
Тым не менш, у многіх развітых краінах, у тым ліку ў ЗША, Вялікабрытаніі і Ганконгу, каштоўныя дадзеныя можна атрымаць з дзяржаўных зямельных кадастраў. Часта рэестры вядуцца на лакальным узроўні, могуць адсутнічаць у нацыянальным рэестры, а таксама ў інтэрнэце. Менш за траціну краін вядуць рэестры ў лічбавым фармаце, па словах Дайнінгера.
Складанасць і ў тым, што заканадаўства аб абароне асабістых дадзеных часта не дазваляе раскрываць імёны ўладальнікаў уласнасці. Гэта адбываецца як у краінах, якія развіваюцца, так і ў развітых краінах.
GIJN дапаможа знайсці доступ да зямельных кадастараў. Ніжэй прыведзены спасылкі і апісанні міжнародных, рэгіянальных і нацыянальных рэсурсаў.
Нерухомасць з’яўляецца прывабным і шырока распаўсюджаным сродкам для адмывання грошай і карупцыі, і выяўленне права ўласнасці адыграла пэўную ролю ў расследаваннях. Запісы маёмасці выкарыстоўваліся пры:
GIJN сабрала некалькі дзясяткаў расследаванняў, заснаваных на зямельных дакументах, вось гэтыя цікавыя прыклады.
Адсутнасць дакладных дакументаў аб уласнасці на зямлю – гэта ўжо сама па сабе гісторыя, якая патрабуе большай увагі. Вось рэсурсы, якія дапамогуць паведамляць пра такія гісторыі на нацыянальным узроўні.
Расследаванне зямельных здзелак было прадметам адной панэлі на канферэнцыі GIJN 2019 у Гамбургу. Том Джонсан з Gecko Project прапанаваў наступную табліцу з парадамі.
У справаздачы ад The Sentry за ліпень 2020 года гаворыцца, што «афрыканскія клептакраты, асабліва ў разбураных вайной краінах, усё часцей аддаюць перавагу нерухомасці ў афрыканскіх гарадах як сродку адмывання даходаў ад карупцыі».
Паляванне на зямельныя запісы патрабуе разумення асноўнай нацыянальнай прававой сістэмы.
Такое базавае разуменне з’яўляецца ключом да пошуку па рэестры нерухомасці. Патэнцыйнымі крыніцамі інфармацыі могуць быць мясцовыя чыноўнікі, брокеры па нерухомасці і юрысты. Таксама глядзіце іншыя рэсурсы, пералічаныя ніжэй.
Веданне мясцовых умоў вельмі важна, паколькі ў свеце існуе мноства законаў аб валоданні і кіраванні нерухомасцю. Так, эксперту з досведам працы ў ЗША і Еўропе настойліва рэкамендуецца знайсці мясцовага эксперта, які дапамог бы разабрацца ў запісах рэестра ў іншых рэгіёнах.
У многіх краінах «правы ўласнасці» на зямлю з’яўляюцца афіцыйнымі запісамі аб уласнасці, якія захоўваюцца ў зямельных «рэестрах». Межы і месцазнаходжанне зямлі апісваюцца ў «кадастравых» запісах. Гэтыя сістэмы запісаў могуць быць аб’яднаны ці падзелены. Запісы аб кошце зямлі, падатках і землекарыстанні і інфармацыя аб пабудовах часта знаходзяцца ў розных месцах.
Існуюць істотныя адрозненні ў тым, як апрацоўваюцца дакументы аб уласнасці на зямлю.
У некаторых краінах папулярная доўгатэрміновая арэнда зямлі. Так, напрыклад, у Нігерыі ці Беларусі сертыфікаты на права карыстання даюць права займаць зямлю на працягу пэўнага перыяду часу. У В’етнаме няма прыватнай уласнасці, але замест гэтага ёсць «пасведчанні аб праве землекарыстання». У Японіі зямля і пабудовы на ёй разглядаюцца як асобныя паняцці.
У Бразіліі ў цэнтралізаваным нацыянальным зямельным рэестры і кадастры даступная толькі інфармацыя аб правах уласнасці на сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Тады як штаты і муніцыпалітэты распараджаюцца гарадскімі зямельнымі рэсурсамі.
У Злучаных Штатах правы ўласнасці на зямлю рэгіструюцца, і адпаведныя запісы захоўваюцца на мясцовым узроўні, звычайна у акруговым органе рэгістрацыі ці ў падатковай інспекцыі.
Акрамя таго, у многіх краінах, асабліва ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары, толькі невялікі працэнт зямельных рэсурсаў афіцыйна зарэгістраваны або мае канкрэтнага ўласніка. Большая частка зямлі, у асноўным сельскагаспадарчага прызначэння, знаходзіцца ў сумесным валоданні на аснове традыцыйных дамоўленасцей. Такія тэрыторыі часта стаюць прадметам спрэчкі пры спробах устанавіць кантроль над імі з боку карпарацый і дзяржаўных органаў. Каб атрымаць уяўленне аб плошчы зямельных участкаў, якія знаходзяцца ў сумесным валоданні ў сілу мясцовых традыцый і звычаяў, глядзіце карту ад няўрадавай арганізацыяй Landmark.
Нягледзячы на ўсе адрозненні і складанасці, запісы ў рэестрах уяўляюць сабой багатую крыніцу інфармацыі.
З іх можна даведацца:
Каб атрымаць больш падрабязнасцей, наведайце сайт Cadasta Foundation.
У многіх краінах заканадаўства аб абароне асабістых дадзеных абмяжоўвае доступ да імя землеўладальніка. Нягледзячы на відавочнае парушэнне прынцыпу празрыстасці, некаторыя ўласнікі бачаць у іх дадатковую ступень абароны.
Канфідэцыйнасць існуе не толькі ў многіх афрыканскіх і азіяцкіх краінах, але і ў некаторых еўрапейскіх краінах, напрыклад, у Германіі, Бельгіі і Іспаніі. Тады як Нідэрланды і Эстонія, наадварот, падтрымліваюць высокую ступень празрыстасці з дапамогай вядзення анлайн-рэестраў зямельных участкаў.
Нават пры наяўнасці інфармацыі аб праве ўласнасці на зямлю могуць існаваць фінансавыя бар’еры і абмежаванні доступу. Некаторыя краіны (Ямайка, Вялікабрытанія) спаганяюць немалыя зборы за падаванне інфармацыі. У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга запыты павінны быць зроблены асабіста, што само па сабе можа быць дастаткова рызыкоўным крокам.
Акрамя таго, рэестры могуць быць уразлівыя для карупцыйных дзеянняў або скажэння, таму за іх дакладнасць і якасць не заўсёды можна ручацца. Сапраўдны ўласнік маёмасці можа быць схаваны, магчыма, пад імем сваяка або падстаўной ці фіктыўнай кампаніі. Тады давядзецца папрацаваць з тым, каб вызначыць рэальнага ўладальніка.
Толькі ў некаторых краінах агенты па нерухомасці абавязаны паведамляць аб падазроных паводзінах. Публікацыя Даследчай службы Еўрапейскага Парламента за люты 2019 год «Як адмываюць грошы з дапамогай здзелак з нерухомасцю» дае добры агляд праблем у гэтай сферы, адзначаючы пры гэтым, што «справаздачы аб падазроных транзакцыях з нерухомасцю рэдкія, таму дадзеная сфера патрабуе ўдасканалення».
Экспертаў смяшыць сама ідэя аб магчымасці існавання адзінага цэнтралізаванага спісу дзяржаўных зямельных рэестраў. Бо яго не існуе.
Але GIJN знайшла некалькі выдатных адпраўных кропак. Інфармацыя аб нерухомасці па сваёй сутнасці з’яўляецца нацыянальнай, таму лепш за ўсё пачынаць шукаць у мясцовых базах дадзеных. Але дзе шукаць? Ніжэй знойдзеце інфармацыю аб афіцыйных нацыянальных крыніцах. Гэтыя рэсурсы падзеленыя па рэгіёнах, таму можаце перайсці адразу да цікавай для вас геаграфічнай вобласці.
Адразу пасля рэгіянальнай інфармацыі мы пералічваем некаторыя карысныя «міжнародныя крыніцы». Адзін з іх – рэйтынг Сусветнага банка аб спрыяльнасці ўмоў вядзення бізнесу – змяшчае вычарпальную інфармацыю аб нацыянальных рэестрах, а таксама законах і нарматыўных актах, якія рэгулююць правы ўласнасці ў 190 краінах. Мы падкажам вам, як знайсці тое, што трэба.
Іншыя пералічаныя міжнародныя крыніцы з’яўляюцца менш поўнымі, аднак даюць інфармацыю аб прававых рамках і рэжымах землекарыстання ў асобных краінах.
Еўрапейскі партал e-Justice: гэтая база дадзеных Еўрапейскай камісіі спасылаецца на падстаронкі, якія апісваюць нацыянальныя зямельныя кадастры (якія адрозніваюцца па якасці) і спасылкі на іх.
Eurographics: шмат інфармацыі ёсць на старонцы «Members» гэтай некамерцыйнай асацыяцыі, якая прадстаўляе еўрапейскія нацыянальныя органы картаграфіі, кадастру і зямельнага рэгістра. У тым ліку там ёсць EuroGlobalMap з выкарыстаннем адкрытых дадзеных з афіцыйных нацыянальных крыніц.
Еўрапейская асацыяцыя зямельных кадастраў: тут апублікаваныя вынікі апытання дзяржаўных чыноўнікаў аб нацыянальных сістэмах рэгістрацыі ўласнасці ў 2018 годзе. Публікацыю можна знайсці тут, але ў ёй адсутнічаюць спасылкі. Спіс кантактаў сябраў асацыяцыі паказвае нацыянальны рэгулюючы орган па зямельных пытаннях у кожнай краіне.
Эканамічная камісія ААН для краін Еўропы: гэтае агенцтва ААН працуе ў многіх сферах, у тым ліку ў сферы кіравання зямлёй і будаўніцтва жылля. Некалькі яго справаздач актуальныя, хоць там і трохі састарэлая інфармацыя.
Адна з такіх справаздач – «Агляд сістэм землеўпарадкавання» ад 2014 года, другая – «Інвентарызацыя сістэм землеўпарадкавання ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы» ад 2005 года. Паглыбцеся ў дадатак да справаздачы за 2014 год, каб атрымаць надзвычайныя падрабязнасці аб сістэмах дакументацыі ў 25 краінах, якія ўдзельнічалі ў даследаванні: Арменія, Аўстрыя, Беларусь, Бельгія, Балгарыя, Харватыя, Кіпр, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Грузія, Германія, Ірландыя, Ізраіль, Італія, Кыргызстан, Латвія, Літва, Мальта, Нідэрланды, Румынія, Сербія, Іспанія, Швецыя і Вялікабрытанія (Англія і Уэльс).
Для інфармацыі па Расіі можна паглядзець справаздачу Сусветнага банка «Вядзенне бізнесу» і публікацыю «Глабальны індэкс адкрытых дадзеных», апісаныя ў міжнародным раздзеле.
Дзяржаўныя паслугі на мапе (PDOK) – гэта бясплатная платформа, якая прадастаўляе наборы геададзеных, і працуе пры падтрымцы ўладаў Нідэрландаў.
Інфармацыя аб дакументах на правы ўласнасці ў асноўным захоўваецца на ўзроўні акругі і муніцыпалітэта. Падатковыя інспекцыі вядуць улік маёмасці, якая была ацэнена для мэтаў падаткаабкладання. Многія запісы знаходзяцца ў інтэрнэце (паводле адной з ацэнак – у 1 400 юрысдыкцыях), хоць магчымасці пошуку могуць адрознівацца. Прыйдзецца зарэгістравацца, каб атрымаць ці пашукаць інфармацыю. Звычайна прадугледжаны пошук па імені, адрасе або нумары зямельнага ўчастку. Часам ёсць мапы. Дзесьці пошук па імені ўладальніка можа быць забаронены.
Вось некалькі камерцыйных сайтаў, якія прадаюць пошукавыя паслугі і могуць даць інфармацыю аб тым, дзе захоўваюцца афіцыйныя дакументы аб зямельнай маёмасці:
Выкарыстанне камерцыйнага пастаўшчыка для вывучэння зямельных дакументаў можа быць добрай інвестыцыяй для журналіста-расследавальніка, асабліва калі няма дакладнага ўяўлення аб пэўнай мясцовасці.
LexisNexis забяспечвае доступ да 5,6 мільярдаў запісаў аб асабістай маёмасці, у тым ліку да іпатэчных дакументаў і ацэнак кошту маёмасці. Іншыя сэрвісы: US Title Records, ProtitleUSA .
Рэсурсы, якія займаюцца продажам нерухомасці, таксама прадастаўляюць добрую інфармацыю. Звычайна яна з’яўляецца афіцыйнай і яе можна атрымаць бясплатна. Паглядзіце сайты: Zillow, Trulia або Realtor.com. Камерцыйную нерухомасць глядзіце на Loopnet.com.
У Канадзе ўлік нерухомасці вядзецца на ўзроўні правінцый, і ва ўсіх 10 правінцыях ёсць анлайнавыя сістэмы. Тут некаторыя спасылкі: Брытанская Калумбія, Альберта, Саскачэван, Антарыё, Нью-Брансўік, Новая Шатландыя, Квебек, Востраў Прынца Эдуарда і Ньюфаўндленд.
Каб атрымаць інфармацыю, звычайна трэба зарэгістравацца і заплаціць, что часам бывае даволі нятанна. Ёсць шмат камерцыйных сэрвісаў, якія таксама будуць радыя забяспечыць вас інфармацыяй. Сюды ўваходзяць Title Searchers, EasyPPSA і SpeedySearch. Некаторыя з правінцый даюць спісы рэгіянальных экспертаў па нерухомасці.
Спіс кадастравых агенцый ад цэнтра «Новая Амерыка»: гэты ўнікальны спіс, прадастаўлены для GIJN, быў падрыхтаваны ў 2018 годзе амерыканскім аналітычным цэнтрам «Новая Амерыка». Ён уключае назвы і адрасы адпаведных агенцтваў у 50 краінах Афрыкі. Сярод іншага, «Новая Амерыка» праводзіць праграму пад назвай «Правы на ўласнасць у будычыні».
Інфармацыяйныя рэсурсы аб зямлі ў Паўночнай Афрыцы і іх інстытуцыйны кантэкст – гэта справаздача 2020 года Савета па навуковых і прамысловых даследаваннях (CSIR) у Паўднёвай Афрыцы. Пазней быў апублікаваны яшчэ адзін даклад: «Стан зямельнай інфармацыі ў Паўднёвай Афрыцы».
Праект Africa Check зрабіў зводныя даклады аб зямельных законах і запісах у Нігерыі і Сенегале (на французскай мове).
Trimble’s Land Administration Solutions прапануе мапы здабычы карысных выкапняў і іншых канцэсій для 15 афрыканскіх краін.
Урад Дэмакратычнай Рэспублікі Конга размясціў усе свае канцэсіі на лесанарыхтоўку ў інтэрнэце. Рэспубліка Конга, як і Камерун, публікуе некаторыя кантракты ў папяровым выглядзе ў сваім афіцыйным часопісе, хоць і не сістэматычна. Ліберыя таксама публікуе свае кантракты па лесанарыхтоўкам, а Сьера-Леонэ ўзяла на сябе абавязацельства раскрываць большасць сваіх сельскагаспадарчых кантрактаў.
Паглядзіце таксама рэйтынг Сусветнага банка аб спрыяльнасці ўмоў вядзення бізнесу і Глабальны індэкс адкрытых дадзеных у міжнародным раздзеле.
У Індыі ёсць нацыянальны партал са спасылкамі на дзяржаўныя рэестры ў інтэрнэце. У кожным штаце – свая сістэма вядзення зямельнага ўліку/рэгістрацыйнай інфармацыі. Але алічбоўка зямельных дакументаў не скончана, таму давядзецца глядзець друкаваныя копіі дакументаў.
Land Conflict Watch публікуе мапы зямельных спрэчак у Індыі, прадастаўляючы агульную карціну і дэталі кожнага выпадку.
«Сачыце за дазволамі: як выявіць карупцыю у зямельных здзелках у Інданэзіі» – сумесная публікацыя Gecko Project і Mongabay 2019 года, якая апісвае метады атрымання інфармацыі аб карпаратыўнай уласнасці і дазволаў на выкарыстанне зямлі. Нягледзячы на тое, што метадалогія сканцэнтравана на Інданезіі, яна мае больш шырокае прымяненне.
Кадастравая інфармацыя Кітая ў тэорыі з’яўляецца агульнадаступнай, але насамрэч яна даступная толькі самім уласнікам і ўпаўнаважаным асобам. У Кітаі няма прыватнай ўласнасці на зямлю, але прыватная асоба можа атрымаць права карыстання зямлёй. Вывучаючы Шанхайскую сістэму, Сусветны банк апублікаваў URL-адрас анлайн-рэестра, але адзначыў, што доступ абмежаваны: «толькі для пасярэднікаў і зацікаўленых бакоў».
Аналагічнае абмежаванне на доступ да кадастравай інфармацыі ў Джакарце, Інданезіі. Паглядзіце фрагмент з рэйтынгу Сусветнага банка аб спрыяльнасці ўмоў вядзення бізнесу.
На гэтым фоне рэестр Ганконга з’яўляецца даступным.
Для атрымання інфармацыі пра Сінгапур наведайце гэты афіцыйны сайт.
У справаздачы цэнтра «Новая Амерыка» за ліпень 2018 года апісваюцца кошты алічбоўкі зямельных дакументаў у правінцыі Пенджаб у Пакістане. Справаздача распавядае пра праведзеныя рэформы, у тым ліку доступ да зямельнай інфармацыі ў інтэрнэце.
Практыка па вядзенні кадастравай інфармацыі большасці азіяцкіх краін падрабязна апісана ў рэйтынгу Сусветнага банка аб спрыяльнасці ўмоў вядзення бізнесу і Глабальным індэксе адкрытых дадзеных.
Для інфармацыі па Аўстраліі глядзіце спіс сайтаў па штатах і тэрыторыях, пералічаных тут.
У Бразіліі няма адзінага нацыянальнага рэестра. На дзяржаўным і муніцыпальным узроўні любая асоба можа запытаць інфармацыю і атрымаць электронныя незавераныя копіі дакументаў у шматлікіх аддзелах рэгістрацыі нерухомасці. Глядзіце апісанне сістэмы Сан-Паўлу ў справаздачы Сусветнага банка.
Калумбія. Можна атрымаць інфармацыю аб папярэдніх уласніках і пасведчанне аб адсутнасці залогу (Certificado de tradición y libertad) у Натарыяльнай інспекцыі. Любы чалавек можа запытаць выдачу гэтага сертыфіката (за асобную плату) праз сайт інспекцыі, дзе ёсць юрыдычная інфармацыя аб нерухомасці па ўсёй краіне.
Aргентына. Зайдзіце на сайт Registro de la Propiedad Inmueble
Сальвадор, Гватэмала, Гандурас, Панама і Нікарагуа. Падрабязную інфармацыю пра рэестры ў гэтых пяці краінах глядзіце ў справаздачы Сусветнай харчовай арганізацыі за 2007 год.
Для атрымання падрабязнай інфармацыі аб практыцы землекарыстання ў большасці краін Лацінскай Амерыкі глядзіце рэйтынг Сусветнага банка аб спрыяльнасці ўмоў вядзення бізнесу і іншыя міжнародныя рэсурсы вышэй.
Рэйтынг Сусветнага банка аб спрыяльнасці ўмоў вядзення бізнесу. У гэтым маштабным аглядзе перашкод для вядзення бізнесу ў 190 краінах – шмат дадзеных аб кадастравых дакументах. Часцей за ўсё тут ёсць спасылкі на сайты, і для многіх краін – агенцтвы, якія займаюцца вядзеннем кадастравай інфармацыі. Каб знайсці спасылкі, націсніце «Рэйтынг», затым абярыце краіну і наведайце раздзел «Рэгістрацыя ўласнасці». Абярыце краіну. У ніжняй частцы старонкі кожнай краіны ёсць два раздзелы «Падрабязнасці». Адзін называецца «Падрабязнасці … Час і кошт працэдуры», а другі – «Падрабязнасці … Вымярэнне якасці».
Першы раздзел апісвае нацыянальную сістэму рэгістрацыі ўласнасці, а другі больш тычыцца доступу да гэтай інфармацыі. У некаторых выпадках гаворка ідзе пра празрыстасць зямельных сістэм у самым буйным горадзе краіны. Такім чынам, інфармацыя пра горад можа быць аб’ёмнай, уключаючы спасылкі на інтэрнэт-базы дадзеных, калі такія існуюць. Толькі калі горад ахоплены нацыянальнай сістэмай рэестра, нацыянальны рэестр уключаецца ў спіс. Таксама ёсць сур’ёзная даведачная інфармацыя, таму існуе вялікі шанец здабыць якасную інфармацыю.
Іншы праект Банка – «Сістэма ацэнкі кіравання зямельнымі рэсурсамі» – з’яўляецца дыягнастычным інструментам, які забяспечвае аб’ектыўную ацэнку кіравання зямельнымі рэсурсамі больш чым у 40 краінах. Адзін з паказчыкаў – «4.4. Прадастаўленне дзяржаўнай інфармацыі аб зямлі».
Сусветная харчовая арганізацыя (FAO). FAO мае базу дадзеных нацыянальных законаў FAOLEX. Асабліва варта зазірнуць у раздзел «Зямля і глеба». Асобна FAO вядзе базу дадзеных па гендэрных і зямельных правах (GLRD), якая даследуе гендэрную няроўнасць, замацаваную ў зямельных правах, з профілямі краін, гендэрнай і зямельнай статыстыкай і нядаўна распрацаваным інструментам прававой ацэнкі (LAT).
Спасылкі па зямельных пытаннях ад USAID. Тут не толькі апісваецца дапамога ЗША іншым краінам у зямельных пытаннях, але таксама ёсць інфармацыя пра амаль 70 краін. Абярыце краіну, затым выберыце «Зямля». У раздзеле «Землекарыстанне» ёсць рубрыка пад назвай «Прававая база» з падрабязнай інфармацыяй аб заканадаўстве ў сферы правоў уласнасці. Вы таксама знойдзеце архіў інфармацыі па землекарыстанню і тое, як людзі забяспечвалі раней правы на зямлю. USAID дае ўласную крытыку кожнай нацыянальнай сістэмы і спасылаецца на іншыя.
Land Portal. На сайце гэтай няўрадавай арганізацыі ёсць раздзел «Краіна», які змяшчае інфармацыю аб каля 67 краінах, галоўным чынам тых, якія знаходзяцца ў Афрыцы (на поўдзень ад Сахары), Лацінскай Амерыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі. Там глыбокі кантэкст адносна практыкі кіравання зямельнымі рэсурсамі і землекарыстання. Раздзел «Дадзеныя» спасылаецца на 37 баз дадзеных па розных пытаннях землеўладання і больш чым на 650 «паказчыкаў» па канкрэтных зямельных пытаннях. Глядзіце таксама старонку «Праблемы землеўпарадкавання ў кантэксце». Таксама можна падпісацца на рассылку з навінамі землекарыстання па ўсім свеце.
Глабальны індэкс адкрытых дадзеных. Гэты рэсурс ад Open Knowledge Network ацэньвае каля 100 краін па адкрытасці паводле 15 тыпаў дзяржаўных дадзеных. Тут можна знайсці некаторую карысную нацыянальную інфармацыю адносна землекарыстання. Націсніце на «Месцы» уверсе старонкі, а затым абярыце краіну. У «Разбіўцы» для кожнай краіны выберыце «Права ўласнасці на зямлю», а затым – «Метададзеныя» і/ці «Падрабязнасці».
Land Matrix – Сусветная мапа інвестыцый. Гэтая інтэрактыўная мапа аб’ядноўвае дадзеныя аб буйных здзелках куплі-продажу зямлі, арганізаваных як інвестарамі, так і краінамі. Тут ёсць агляд інвестараў (у тым ліку публікуецца назва кампаніі і краіна паходжання), памер інвестыцый і статус праекта. Інфармацыя стала абнаўляецца, але аўтары прызнаюць, што яна няпоўная, таму што «здзелкі з зямлёй, як вядома, непразрыстыя».
LandMark – глабальная платформа карэнных і грамадскіх зямель, створаная гэтай няўрадавай арганізацыяй, адлюстроўвае інфармацыю з геаграфічнай прывязкай аб землях, якія знаходзяцца ў калектыўнай уласнасці і якія выкарыстоўваюцца ва ўсім свеце. Праект аб’ядноўвае шматлікія мясцовыя, нацыянальныя і рэгіянальныя намаганні па дакументацыі зямель карэннага насельніцтва і суполак у рамках адзінай глабальнай платформы.
Investigative Dashboard. Гэты рэсурс створаны OCCRP. Ён змяшчае спіс некалькіх зямельных кадастраў. Тут можна пашукаць дакументы (націсніце «Пошук» для пашыраных параметраў пошуку).
Cadastral Template. Таксама цікавы сайт з карыснай інфармацыяй, на якім увесь час павялічваецца колькасць краін. Эксперты (імёны і іх кантактная інфармацыя ёсць на сайце) напісалі справаздачы аб 57 краінах, праўда, некаторыя з іх неактуальныя, таму праверце дату. Яны даюць падрабязную інфармацыю аб гісторыі функцыянавання рэжымаў рэгістрацыі зямлі і картаграфавання, а таксама назвы адпаведных прафесійных арганізацый і прапановы па рэформах.
Вывучэнне запісаў у зямельным ці кадастравым рэестры – не адзіны спосаб выявіць уласніка зямлі.
Пратаколы судовых паседжанняў у справах аб маёмасных спрэчках, разводах, падаткаабкладанні і банкруцтвах таксама могуць даць карысную інфармацыю.
У Злучаных Штатах камерцыйныя сэрвісы – LexisNexis, напрыклад – могуць быць выкарыстаны для комплекснага даследавання не толькі дакументаў аб уласнасці ЗША, але і судовых працэсаў.
Расследавальнікам шчасціла знаходзіць інфармацыю ў афіцыйных газетах і дзяржаўных публікацыях. Там сустракаюцца запыты на змену землекарыстання і дазволы на будаўніцтва.
Таксама могуць існаваць запісы аб розных відах правоў на зямлю. Напрыклад, у Танзаніі існуе партал, які адлюстроўвае ў выглядзе мапы размеркаванне правоў на распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў.
Можа быць карыснай інфармацыя аб выплатах субсідый сельскагаспадарчым арганізацыям. Што тычыцца Еўрапейскага Звязу – праверце FarmSubsidy.org, які ў пачатку 2019 года знаходзіўся ў працэсе аднаўлення функцыі поўнага пошуку. Архіў дадзеных знаходзіцца тут, а тут можна знайсці іншыя архівы.
Для інфармацыі па ЗША паглядзіце Базу дадзеных субсідый EWG.
Акрамя дзяржаўных дакументаў расследавальнікі прапануюць правяраць справаздачы кампаній і іх сайты, публікацыі ў медыя, рэкламу і сацыяльныя сеткі.
Аэрафотаздымкі могуць быць таксама дапамагчы. Напрыклад, некамерцыйная арганізацыя Sentry для справаздачы War Crimes Shouldn’t Pay выкарыстала агульнадаступныя спадарожнікавыя здымкі з Google Earth Pro, каб выявіць нерухомасць у Паўднёвым Судане, якая належыць дзяржаўным чыноўнікам.
Таксама скарыстайцеся Спісам рэсурсаў для пошуку спадарожнікавых здымкаў, які быў складзены GIJN.
З развіццём так званага руху proptech (укараненне новых тэхналогій для здзелак з нерухомасцю) у інтернэце можна свабодна знайсці спісы аб’ектаў нерухомасці ва ўсё большай колькасці краін. Цяпер сайты новага тыпу інфармуюць аб спосабах пакупкі, арэнды, продажу, праектавання, будаўніцтва і кіравання жылой і камерцыйнай нерухомасцю.
Некаторыя з гэтых хутка растучых анлайн-сэрвісаў па нерухомасці могуць спаганяць плату за інфармацыю, але гэта таго варта. У Злучаных Штатах прынамсі тузін кампаній займаюцца зборам і дадаткам дадзеных на дзяржаўным і мясцовым узроўнях.
Зайдзіце на нацыянальныя сайты, такія як Zillow або Loopnet.com, каб пашукаць інфармацыю па камерцыйнай нерухомасці ў ЗША. Таксама Windeed – у Паўднёвай Афрыцы, Lianjia – для Кітаю, Magic Bricks – для Індыі і іншыя.
Апроч таго, існуюць міжнародныя сайты з аб’ектамі нерухомасці ў розных краінах, хоць у асноўным яны спецыялізуюцца на прэзентацыі элітных асабнякоў, напрыклад, Mansion Global ад Dow Jones. Таксама зазірніце на Global Listings з мільёнамі аб’ектаў нерухомасці з больш чым 100 краін.
Глабальны індэкс празрыстасці нерухомасці, які раз у два гады ацэньвае 100 краін і 158 гарадоў, паказвае «стабільнае паляпшэнне, але не паспявае за хутка растучымі чаканнямі», гаворыцца ў справаздачы за 2018 год. Рэйтынг складае чыкагская кампанія Jones Lang LaSalle на аснове ацэнак мясцовых экспертаў па 186 фактарах. У тым ліку ацэньваецца інфармацыя з кадастравага рэестра (але разбіўка па кожным пытанні недаступная). У цэлым Вялікабрытанія займае першае месца ў рэйтынгу празрыстасці, а Венесуэла – апошняе.
Хто мае доступ да сістэмы і можа валодаць інфармацыяй аб нерухомай уласнасці?
Агенты па нерухомасці, банкі, страхавыя кампаніі і іншыя асобы, зацікаўленыя ў тым, каб ведаць, хто купляе і прадае.
Патэнцыйныя крыніцы могуць вар’іравацца ў залежнасці ад мясцовых умоў. У некаторых краінах юрысты і эксперты праводзяць пошук па рэестры і афармленні правоў на зямлю. Геадэзісты могуць выдаваць інфармацыю.
Грамадскія арганізацыі, якія займаюцца пытаннямі правоў на зямлю, таксама могуць быць карыснымі. Так, фонд Cadasta фінансаваў праекты ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Малайзіі і іншых краінах, часам выкарыстоўваючы метады картаграфавання і спадарожнікавыя здымкі для стварэння паралельных (або неафіцыйных) рэестраў. У Нью-Ёрку група па абароне правоў арандатараў стварыла сайт, які дазваляе выявіць не толькі уласнікаў канкрэтных аб’ектаў нерухомасці, але і даведацца, што яшчэ ім належыць.
Калі ёсць магчымасць, то наведайце асабіста аб’екты – гэта можа прынесці нечаканыя плады. Што вы бачыце?
І ўвогуле, заўсёды можна пагутарыць з не ў меру цікаўнымі суседзямі.
Гэты дапаможнік быў складзены Тобі Макінтошам, былым дырэктарам рэсурснага цэнтра GIJN. Ён 39 гадоў працаваў рэпарцёрам і рэдактарам Bloomberg BNA у Вашынгтоне, а таксама рэдактарам некамерцыйнага сайта FreedomInfo.org. Ён вядзе блог eyeonglobaltransparency.net.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт