Андрэя абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім». Суд прызначыў журналісту пакаранне ў выглядзе зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму на тэрмін 6 гадоў.
За некалькі дзён да затрымання Андрэй распавёў сваяму сябру, чаму ён застаўся ў Беларусі, нягледзячы на небяспеку, і папрасіў апублікаваць яго тлумачэнні, калі затрыманне адбудзецца (вытрымку з ліста гл. у канцы матэрыяла).
Чым жыве і што перадае з-за кратаў журналіст – распавядаюць яго сябры, калегі і жонка.
Наша знаёмства, як мне здаецца, – гэта гісторыя пра тое, што калі ты жывеш згодна з сумленнем, робіш тое, да чаго ляжыць душа, часам жыццё дорыць табе дзівосныя падарункі. Беларуская мова і літаратура былі для нас не проста школьнымі прадметамі, а культурным скарбам, адлюстраваннем душы народа. Не дзіўна, што звёў нас менавіта філфак.
Я ведаю па расказах, што Андрэй яшчэ са школы ўяўляў сябе супрацоўнікам медыя. Браў удзел у школьных мерапрыемствах у якасці юнага журналіста, выступаў нават на тэлебачанні. Яшчэ тады прыдумаў сабе радыёстанцыю, назву, музычную застаўку. Жыццё і тэхнічны прагрэс унеслі свае карэктывы, але адчуваў ён сябе на сваім месцы, ведаў, што робіць важную і патрэбную справу.
Не проста ахарактарызаваць некалькімі словамі чалавека, які ўжо паўжыцця для мяне самы блізкі і важны. Зашмат дадзеных, і я не магу іх звесці ў нейкую сістэму. А ён бы змог, думаю. Бо ў яго пра ўсё сваё меркаванне, парадак у галаве і ў доме. Пры ім наша дзіця не стала б трушчыць каціны корм, як у мяне. (Усміхаецца).
Не сустракала ў жыцці людзей больш цэласных, надзейных і верных, чым мой каханы муж. Гэта праяўляецца нават у дробязях. Скажам, у яго гадамі не мяняюцца ўлюбёныя стравы. Думаю, як вернецца, таксама захоча ў першую чаргу дранікаў ці смажанай бульбы.
Яго надзейнасць і грунтоўнасць выяўляюцца яшчэ і ў тым, што ў розных форс-мажорных сітуацыях ён заўсёды мае план Б. Напрыклад, прыехалі на адпачынак, а надворʼе сапсавалася. Адпачывалі калісь у Рыбакоўцы і да нашага берага прыплыла халоднае цячэнне. Купацца было немагчыма, пайшлі гуляць. Да бліжэйшай вёскі было некалькі кіламетраў палявымі сцежкамі, але ў майго запаслівага мужа была мапа мясцовасці, таму мы не заблукалі. Атрымалі задавальненне ад непаўторных украінскіх пейзажаў, іх высокага неба, шырокіх стэпаў, дзівосных раслін і па-майстэрску зваранага піва. Абавязкова вернемся туды зноў.
Апошнім часам ён працаваў з дому. Казаў: «Я на працы», зачыняўся і прасіў не турбаваць. Вечарам зазіраю да яго, пытаюся: «Ты ўжо прыйшоў?» Адказвае: «Не, яшчэ ў дарозе».
Неяк трапілася нам на вочы чарговае «пакаяннае» відэа, якія вядомым чынам выбіваюць з людзей, у тым ліку пагражаючы іх сем’ям. Кажа: «Я ў такой сітуацыі таксама раскажу, што папросяць…» Я: «Беражы здароўе, галоўнае».
Для яго «пабоўтаць нагамі», едучы дахаты на веласіпедзе, – гэта і адпачынак, і перазагрузка. Перад арыштам ён замовіў тое-сёе з экіпіроўкі для зімовага катання, хваляваўся пасля, ці дайшло. Шкада, што сёлета абноўкі не спатрэбіліся.
Цвярозы падыход да жыцця ў Андрэя дзіўным чынам спалучаецца са здольнасцю знаходзіць пазітыўнае ў самых розных сітуацыях, верыць у лепшае. Скардзіцца ў лістах на непрыемныя адчуванні ў цягліцах з-за адсутнасці звыклай нагрузкі і адразу ж піша, што пасля, з вяртаннем да спорту, яны будуць гэтак жа балюча натрэніроўвацца наноў.
З самага пачатку свайго зняволення Андрэй найбольш перажываў за нас, як мы спраўляемся, ці не занадта хвалюемся. Пры кожнай магчымасці перадае нам звесткі, што ён у парадку, са здароўем усё добра.
Часам ён па некалькі тыдняў не атрымлівае маіх лістоў з дзіцячымі фатаграфіямі. Шкадуе пра гэта, але цешыцца, што хоць перадачы прыходзяць і ён ведае, што мы дома. Стараюся разнастаіць звыклы набор прадуктаў нечым прыемным і незвычайным. Нядаўна да яго прыйшла яшчэ адна пасылка ад незнаёмкі. Перадае падзяку за прысмакі і канверты.
Зараз ён таксама захоўвае раўнавагу, падтрымлівае нас. Турбуецца, як там дзеці, што з вучобай у Яніны, як расце Мацвей. Ягоны галоўны клопат і боль, што дзеці зараз без яго, і невядома, калі гэта скончыцца. Паступова рыхтуецца да «пераезду», бо не спадзяецца на хуткае вызваленне. Але пры гэтым не забываецца віншаваць нас са святамі, засыпае кампліментамі і кажа, што найвялікшае шчасце для яго – мець такую сям’ю.
Праз чатыры месяцы расстання, нарэшце, убачылася з каханым мужам. Размова па глухаватай трубцы праз краты і двайное пыльнае шкло стала адным з самых яскравых уражанняў за многія гады і выклікала процьму супярэчлівых эмоцый.
Трымаецца малайцом, наракае на мясцовы «барбер-шоп» і лайдакоў, з-за якіх не кожны дзень атрымоўваецца падыхаць свежым паветрам. Але ў цэлым кампанія, кажа, добрая. Перажывае, каб ніхто нас не крыўдзіў, ды яшчэ што дзеці растуць без бацькі. Не спадзяецца асабліва на справядлівасць і лагічнасць судоў ды прысудаў, але пазіцыі сваёй не мяняе.
Сумленне дазваляе яму спакойна спаць ды адчуваць сябе годным чалавекам. Яшчэ і нас падтрымлівае па магчымасці. Жартуе, дае парады, выслаў нам новы верш. І спадзяецца ў хуткім часе сустрэцца з намі без шкла. Хай сабе і ў калоніі.
Андрэй прыйшоў да нас ужо даволі даўно, спачатку выстаўляў на сайт матэрыялы, пасля стаў рэдактарам. У яго за плячыма – праца ў «Нашай Ніве», «Камсамолцы». Ён вельмі глыбока капае, заўсёды правярае ўсе спасылкі, унікліва ставіцца да крыніц. У добрым сэнсе занудлівы. Ва ўсім, што тычыцца працы, вельмі патрабавальны.
Што здзіўляла заўсёды – малады хлопец, а настолькі прабеларускі, настолькі добра ведае беларускую культуру, літаратуру, бездакорна пісьменны. Яшчэ быў падлеткам, а ўжо сачыў за беларускім рокам, за культурай, шмат чытаў, ведаў модную літаратуру, сучасных пісьменнікаў.
Андрэй родам з Віцебска, прыехаў юнаком паступаць у Ліцэй БДУ [у Мінску], жыў у інтэрнаце на вуліцы Кастрычніцкая, рана стаў самастойным. У яго была мэта – філалагічны факультэт, лінгвістыка. І ён ішоў упарта: пасля ліцэя паступіў на філфак.
Андрэй адстойвае беларускасць: толькі па-беларуску размаўляе. У яго двое дзетак беларускамоўных. Калі Яніна нарадзілася, ён быў так рады, мы святкавалі. Цяпер гэтая дзяўчынка ўжо ў класе другім ці трэцім, ужо ёсць і малы Мацвей, яму амаль тры гады. З жонкай яны таксама на філфаку пазнаёміліся яшчэ студэнтамі. Класная беларуская сям’я. Андрэй такі суровы, сур’ёзны. А Алеся – хахатушка, заўсёды з усмешкай.
Ён заўзяты раварыст. Колькі ён праехаў, я не ведаю, але здаецца – усё. Ён быў у маім раёнчыку і распавядаў: «У вас святлафоры не там, у вас бардзюры няправільныя». Хоць я і сама раварыстка, але ён усё ведаў, што тычыцца роварных справаў, быў актывістам руху, змагаўся, пісаў лісты, каб добраўпарадкавалі.
Я, памятаю, цікавілася: «Дык колькі бардзюраў павінна быць?» А ён казаў: «Нуль. Не павінна іх быць, дзе дарожка». І думаю, ягоная вялікая заслуга, што Мінск стаў прыемны для раварыстаў.
Андрэй не працаваў «ў полі», ён – рэдактар за кампутарам. Таму гэтая справа для мяне загадка. Здавалася, што больш палююць за карэспандэнтамі. Але логікі ў гэтых пераследах няма.
Калі яго затрымалі, у камеры на Акрэсціна ён апынуўся разам са знаёмым. Той потым распавядаў, што спачатку Андрэй быў трохі ашаломлены, спалоханы і падаўлены, а потым ачуняў.
Зараз яго настрой больш-менш. Жонка і маці сустракаліся з Андрэем. Праз шкло.
Піша лісты дзеткам, жонцы. У турме ў Андрэя такі талент адкрыўся: жонка шле чыстыя паштоўкі з дзіцячымі карцінкамі, а ён піша вершыкі на тэму гэтых паштовак, вельмі смешныя – і так кантактуе з дзецьмі.
Пазнаёміліся мы з Андрэем вельмі даўно, у студэнцкія часы. Гэта быў пачатак 2000-х, калі мы разам працавалі ў газеце «Наша Ніва». Тады я ўбачыў Андрэя не як журналіста, а чалавека, які выконваў абавязкі паводле адукацыі, якую ён атрымоўваў на філалагічным факультэце БДУ.
І для мяне гэта было адкрыццё: я бачыў чалавека, які абсалютна пагружаны ў беларушчыну, чалавека, які размаўляе па-беларуску, піша па-беларуску, збірае вакол сябе людзей беларускай культуры, стварае вакол сябе беларускі свет. Больш за тое, Андрэй стаяў на пачатку стварэння артыкулаў у беларускай «Вікіпедыі», напісаў іх велізарную колькасць.
Мы разам здымалі калісьці і пакой, і кватэру, я бачыў, наколькі ён дыпламатычны і гнуткі чалавек. Гэта быў дом на вуліцы Ясеніна, адзін з самых даўжэсных дамоў у Мінску, куды перасялілі некалькі «чарнобыльскіх» вёсак. Неяк Андрэй не мог адчыніць дзверы ў тамбур, а калі змог, аказалася, што п’яны сусед спіць на бульбе. І трэба ведаць Андрэя Кузнечыка, які проста з усмешкай на твары, спакойна паразмаўляў, патлумачыў і не зладзіў скандал. Гэта для мяне – верх дыпламатычнасці і спакою.
Андрэй апантаны роварнай справай. Ён – адзін з пачынальнікаў роварнага руху ў Беларусі: ездзіў, пракладаў маршруты, фатаграфаваў, рабіў відэа, дзе можна праехаць. Андрэй усё сваё жыццё ездзіць на ровары, ніколі не здрадзіў ровару з машынай. Нават ездзіў на радзіму сваёй жонкі па полацкай трасе, у Бягомль. Мог спакойна дзвесце кіламетраў праехаць на ровары ў любое надвор’е.
Для мяне гэта абсалютна рознабаковы чалавек, які яшчэ і любіць беларускую музыку, збірае яе. Напрыклад, першыя папулярныя беларускія песні.
Галоўныя рысы Андрэя – апантанасць, упартасць. А яшчэ ён велізарны рамантык.
Усё, што ён робіць у жыцці, усё ідзе ад сэрца. Па адукацыі ён ледзь не адзіны перакладчык (акрамя ягонага выкладчыка) са славенскай мовы на беларускую. Выбраць мову, якой амаль ніхто не карыстаецца, – гэта каханне, гэта ад сэрца, гэта не прагматызм і не разлік.
Мы пазнаёміліся гадоў пяць таму. Доўга сябравалі віртуальна. А жыўцом пабачыліся, бо ў нас з Андрэем агульнае захапленне – кнігі. Я часам пісаў, што хацеў бы здабыць тую ці іншую кнігу. Так я вельмі доўга шукаў зборнік Анатоля Сыса «Лён», які ўжо стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. Калі я ўжо думаў, што не знайду, Андрэй напісаў: «У мяне ён ёсць адлічбаваны. Давай я табе папяровы прывязу». Здаецца, тады мы і развіртуалізаваліся.
Нас нельга назваць блізкімі сябрамі, але мы заўжды ставіліся адно да аднаго вельмі цёпла. На жаль, усё ніяк не знаходзілі час, каб нават гарбаты разам папіць. Вельмі пра гэта шкадую. Калі я вярнуся дадому, калі Андрэй выйдзе, абавязкова запрашу на гарбату – і ніякія адмовы прымацца ўжо не будуць.
Я заўжды радаваўся, калі Андрэй у мяне нешта каментаваў. Ён вельмі светлы чалавек. Нават калі проста каментар пакідае, становіцца прыемна. Вельмі не хапае гэтага цяпер. Кожным разам думаю: «Вось тут ён бы пракаментаваў, тут цікава было б даведацца ягоную думку».
Андрэй – беларусацэнтрычны. Гэта ці не асноўная ягоная рыса ўвогуле. А яшчэ вельмі добры, шчыры.
Я не ведаю ніводнага выпадку, каб пра Андрэя хтосьці адгукаўся дрэнна, нават нейтральна. Падаецца, яго ўсе любяць. Такое бывае вельмі і вельмі рэдка.
Ужо досыць даўно пісьменніца і рэдактар Ганна Севярынец выдавала кнігу «Тры Анегіны» – тры пераклады «Яўгенія Анегіна» Пушкіна на беларускую мову. Мне вельмі хацелася гэтую кнігу, але замовіць яе можна было толькі з аплатай праз банкаўскую картку, якой у мяне не было. Я звярнуўся да Андрэя: «Дапамажы, а я пасля табе грошы аддам». Кніга выйшла, ён мне яе прывёз, грошаў не ўзяў. Кажа: «Я не магу браць з цябе грошы, калі мае дзеці падрастуць і будуць цікавіцца літаратурай, зможаш аддаць гэтую кнігу ім». Я сказаў, што так і зраблю, і я пра гэта памятаю.
Андрэй шмат у чым для мяне ўзор для пераймання. Я трохі маладзейшы за яго. Бывае, гляджу на Андрэя і паўжартам думаю: «Калі вырасту, хачу быць падобным на Андрэя».
Ён мне напісаў у ноч перад тым днём, калі яго затрымалі. Нібы прадчуваў. У мяне да гэтага разгарэлася спрэчка ў Facebook: я напісаў, што затрымалі актывіста Пашу Батуева, і пачалося. Адны пісалі: «Чаму ён не з’ехаў». Іншыя: «Малайца, што не з’ехаў. Так і трэба».
Андрэй, пачытаўшы гэтыя каменты, напісаў мне: «Я прачытаў усё тое, што пісалі пра Батуева, вырашыўшы неяк пазначыць сваю пазіцыю, пакіну табе гэты ліст».
У лісце ён тлумачыць тое, што беларушчына для яго асноўнае. Ён займаецца беларускай справай з дзяцінства, дзеля гэтага ён вучыўся на філфаку. Хоча выхоўваць сваіх дзяцей выключна ў беларускім асяродку, не хоча з’язджаць, губляць сувязі з Радзімай і выхоўваць на іншых каштоўнасцях, супярэчных беларускім.
Гэта ліст чалавека вельмі цэльнага, ліст чалавека, які вельмі добра разумее, што ён робіць і навошта.
Чаму ён пакінуў гэты ліст? Мы давяраем адзін аднаму. Я не выключаю, што ў такой сітуацыі я б звярнуўся да яго. Таму мяне яго ўчынак не здзівіў моцна.
Улады сёння пераследуюць усіх. Такія людзі, як Андрэй, людзі з трывалай прабеларускай пазіцыяй, для рэжыма страшней за ўсё, як чырвоная ануча для быка. Улады хочуць знішчыць усё наша, усё беларускае. І зразумела, што першы ўдар – па такіх людзях. Мярзотная логіка.
Андрэй з тых людзей, якога немажліва ўявіць за кратамі, бо гэты чалавек у лепшым сэнсе шляхетны. Я не магу ўявіць, што ён там робіць, як ён стасуецца з «вертухаямі». Я не магу ўявіць, як стасуюцца з імі Андрэй, рэдактар «Новага Часу» Аксана Колб, рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына. Я не ўяўляю, як гэтыя сусветы могуць сутыкацца, але ведаю, што гэтыя людзі праходзяць выпрабаванні з годнасцю. Гэта вельмі страшна, што нашы лепшыя людзі праходзяць праз гэта штодзень.
1. «Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за 40, але справа ня ў тым, што позна пачынаць з нуля, справа ў тым, што я не хачу збочваць з сцежкі працы на карысць беларушчыны.
2. У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсці рэпрэсіі).
3. Я лічу, што дзеці, узгадаваўшыся ў небеларускім асяроддзі, стануць носьбітамі каштоўнасцяў гэтага асяроддзя, а Беларусь – адзінае месца на Зямлі, дзе гэтае асяроддзе мы маем, можам ствараць і разлічваць на яго.
4. Я бачу, што суседнія краіны ствараюць свой гістарычны міт на падмурку, часам адрозным і нават супярэчным беларускаму.
5. Я бачу, што перад суседнімі з Беларуссю краінамі стаяць выклікі, якія могуць запатрабаваць ня меншай ахвярнасці, чым цяперашняя сітуацыя патрабуе ад беларусаў сёння».
Условия перепечатки
Мы разрешаем полную или частичную перепечатку наших материалов.
Обязательна активная прямая гиперссылка на страницу-оригинал публикации. Эта ссылка должна размещаться в начале перепечатанного материала, в лиде или первом абзаце.
При перепечатке, полной либо частичной, запрещены любые изменения текстов, заголовков, фотографий (если они авторские).
При перепечатке материалов проекта «Пресса под прессом» мы просим указать, что этот материал взят из проекта Press Club Belarus «Пресса под прессом», где мы собираем свидетельства репрессий против независимых медиа и журналистов в Беларуси.