Главного редактора «Нашай Нівы» Егора Мартиновича задержали 8 июля 2021 года. Журналиста обвинили в «нанесении имущественного вреда без признаков хищения». Правозащитники признали его политзаключённым.
28 февраля 2022 года начался суд, на котором рассматривали дело против Егора Мартиновича и Андрея Скурко, руководителя отдела рекламы и маркетинга «Нашай Нівы» (также был задержан 8 июля 2021-го). «Нашаніўцаў» судили за оплату коммунальных услуг по тарифам для физических лиц, а не юридических. Ущерб, который якобы нанесён коммунальникам, Мартинович и Скурко компенсировали в полном объёме.
Однако 15 марта 2022-го суд вынес приговор: 2,5 года колонии обоим журналистам.
30 августа 2023 года Егор Мартинович вышел на свободу, полностью отбыв срок.
Чему Егор Мартинович научил «нашаніўцаў», почему не стал спортивным журналистом и чем занимался в детстве – рассказывают его коллеги, друзья, брат и мать.
Историю преследования «Нашай Нівы» и как издание работает сейчас читайте здесь.
Апошні раз я бачыў Ягора Марціновіча на лесвіцы Следчага камітэта 8 ліпеня 2021-га. Мяне вялі наверх, а яго – ўніз. Я яго бачыў, а ён мяне — не, бо глядзеў пад ногі, унурыўшы галаву. «Чего ползёшь? Шевелись!» – крычаў на яго канваір. Ягор адказаў яму: «У мяне галава кружыцца». Сапраўды, ён з цяжкасцю ступаў – як чалавек з траўмай. Канваіры штосьці яшчэ яму грубае адказалі, але я не разабраў.
Я першы раз бачыў Ягора такім – ён заўсёды быў поўны аптымізму і энергіі, а тут ледзь ішоў.
Пасля, ужо на Акрэсціна, да мяне дайшла інфармацыя, што Ягора пры затрыманні білі. Надзелі на галаву баксёрскі шлем – шлем журналіста Арцёма Гарбацэвіча, які хтосьці ў офісе жартам надзеў на бюст Івана Луцкевіча, і ён так на ім і застаўся: такая постмадэрнісцкая камбінацыя спадчыны і сучаснасці, культурнай традыцыі і байцоўскага характару. І вось гэты шлем надзелі Ягору на галаву і білі.
Мяне, Андрэя Скурко і Вольгу Раковіч пры затрыманні і ператрусах не білі, а Ягора білі. Чаму? Можа быць, такія людзі яму патрапіліся, у інтэрнэце ўжо нават назвалі прозвішча таго, хто біў. У гэтым збіцці – доля нашай інтэлігенцыі цяпер. Ёсць фільм «Купала», Ягор там зняўся ў эпізадычнай ролі. Калісьці будзе фільм «Марціновіч», і гэты эпізод – як рэдактару нацыянальнага выдання надзяваюць шлем на галаву і б’юць – будзе там цэнтральным.
* * *
Марціновіч прыйшоў у «Ніву» у 2008 годзе. Мы тады ладзілі конкурс вакансій, быў моцны набор! Атрымалі больш за 50 заявак на два месцы.
Ягор Марціновіч ад пачатку бездакорна пісаў. Ягоныя тэксты не патрабавалі ніякай рэдактуры. Ні слова, ні коскі. І ён ад пачатку браўся за складаныя тэмы – найлепшыя расследаванні былі ягоныя. Журналіст ад Бога.
«Спрабую зразумець, калі адбыўся той момант, які ў выніку і прывёў мяне сюды, – жартуе Ягор у адным з пісем з турмы. – Можа, тое сумоўе ў 2008 годзе? Бо пасля ўсё было так гарманічна, так паступова, фактычна лінейным графікам».
Я страшна ганаруся, што Ягор у іншым лісце з турмы назваў атмасферу ў тагачаснай «Нашай Ніве» фантастычнай – і па беларускасці, і па свабодзе творчасці, і па сумленнасці. Калі ён так тое запомніў, то значыць, я не дарма жыў і мучыўся.
* * *
Ягор – прыроджаны лідар. Той выпадак, калі ўсё сышлося. І ўменне пісаць, і здольнасць аналізаваць інфармацыю, і дар да авалодвання новымі тэхналогіямі, і харызма, і жыццялюбства, і рэалізм, і ўменне казаць «не». Усім стала ясна, што ён найлепшы, што ён павінен узначаліць «Ніву». Мы проста расступіліся перад ім. І як рэдактар і дырэктар ён аказаўся такім жа выдатным як рэпарцёр.
Ён прывёў «Нашу Ніву» на вяршыню прафесіяналізму. Ніколі да яго выданне не было такім запатрабаваным. Але гэтая папулярнасць і стала прычынай удару. Гэта драма журналістыкі пры дыктатуры. Калі ты найлепшы, па табе будуць біць. І не дай бог ты недастаткова моцны, каб вытрымаць удары.
Упершыню з Ягорам мы пабачыліся на «Вольным слове» (конкурс Белорусской ассоциации журналистов. – Ред.). Я, праўда, была яшчэ тады зусім «зялёная», атрымлівала ўзнагароду ў намінацыі «Дэбют». А Ягор быў дасведчаным аўтарам, яго ўзнагародзілі за журналісцкія расследаванні.
Па-сапраўднаму мы пазнаёміліся, калі я прыйшла ў «Нашу Ніву» – летам 2016-га. Ягор тады яшчэ не быў галоўным рэдактарам. Я вучылася на чацвёртым курсе журфаку, працавала ў «Рэгіянальнай газеце» (независимое издание в Молодечно, основано в 1995 году, вынужденно прекратило печататься в июле 2021-го. – Ред.). Для мяне гэта быў такі абсалютна новы ўзровень, новы досвед і вопыт. Ягор быў акурат тым правадніком, які вучыў мяне сур’ёзнай, сапраўднай журналістыцы.
Я заўсёды садзілася побач з Ягорам, калі ён рэдагаваў мае тэксты. Яго страшна раз’юшвала, што я прасіла тлумачыць, што менавіта ён выпраўляе – каб больш такіх памылак не рабіць. Для яго гэта было вельмі дзіўна, бо здавалася: «Божа мой, што тут можна не ведаць? Што ты тут сядзіш?» Але ён цярпеў, мужна трываў мае пытанні і даставанні.
Ягор навучыў мяне пісаць загалоўкі. У яго ўнікальная кампетэнцыя апроч усіх іншых: пісаць вострыя, яскравыя, удалыя загалоўкі. Гэта ягоная суперсіла, якая робіць адметнай «Нашу Ніву». Спадзяюся, ён перадаў свой досвед. Зараз ён у турме, калі-нікалі да яго трапляюць нашы матэрыялы і загалоўкі. Пакуль што прэтэнзіяў адносна нашай працы не выказваў.
Калі Ягор стаў галоўным рэдактарам, для нас гэта было незвычайна ў тым сэнсе, што ў беларускіх СМІ увогуле не вельмі прынята, каб маладыя людзі ўзначальвалі рэдакцыі. Ягору тады было 28 гадоў, калі не памыляюся, і гэта было суперпрагрэсіўна, што яго назначылі галоўным рэдактарам. Мы вельмі за яго радаваліся, і для нас гэта было абсалютна зразумелым. У Ягора вельмі шмат унікальных кампетэнцыяў, якія ўтвараюць моцнае комба і дазволілі зрабіць «Нашай Ніве» магутны рывок у анлайне, хуткасці і падачы.
Тое, што «Наша Ніва» змагла захаваць сучаснасць, быць у трэндзе, быць у часе побач са сваім чытачом – гэта таксама дзякуючы таму, што Ягор кіраваў нашым выданнем.
Ягор – не толькі наш начальнік, гэта чалавек, які для нас усіх сябар. У рэдакцыі былі заўсёды вельмі добрыя стасункі. Мы працавалі як адна каманда, у нас вельмі моцныя гарызантальныя сувязі. Таксама ўсе разам хадзілі гуляць у настолкі, падарожнічалі. Заўсёды стараліся падтрымліваць наш камандны дух.
Ягор нас усіх зараджаў сваёй энергіяй і аптымізмам. Ён заўсёды быў на пазітыве, не стамляўся, паспяваў усё на свеце: пагуляць у футбол, быць на сувязі з рэдакцыяй і вырашаць праблемы днём, ўначы і на выходных, падарожнічаць і быць са сваёй сям’ёй.
Ягор для нас – супергерой, якога нам вельмі не хапае.
Ягор, дзякуй за тое, што ты усіх нас падрыхтваў сваім прыкладам, моццу, смеласцю, даў зарад рухацца далей, нягледзячы на ўсе складанасці. Дзякуючы табе і дзеля цябе мы працягваем справу, якую ты рабіў. Чакаем цябе хутчэй на волі.
Ягор звязаны з журналістыкай без перабольшвання з дзяцінства. Нашы бацькі пазнаёміліся, калі працавалі ў газеце «Літаратура і мастацтва». Гэта адбылося ў 1980-х. Тады, у часы перабудовы, гэта газета была вельмі папулярнай. Знакаміты артыкул Зянона Пазняка пра Курапаты быў апублікаваны менавіта ў ЛіМу.
У дзяцінстве ў нас заўсёды было нешта пра СМІ, пра журналістыку, пра газеты, пра часопісы. Мы з Ягорам нават гулялі ў маркі і даволі арыгінальна. Шмат якія маркі, прысвечаныя нейкім людзям – Касцюшку, Каліноўскаму. Гэтыя людзі для нас былі нібыта жывыя, яны стваралі свае ўрады, кіравалі палітычнымі партыямі, яны ўзначальвалі тэлеканалы і кіравалі газетамі. У нашым уяўленні была даволі вялікая сістэма незалежных СМІ.
Мы з Ягорам выпускалі свае рукапісныя часопісы, кожны – свой. Часопіс Ягора спачатку называўся «Мир», пасля ён беларусізаваўся, перайшоў на беларускую мову і змяніў назву на «Свет». Першыя нумары брат пісаў ад рукі, а апошнія ўжо набіраў на кампутары.
У нас вельмі гуманітарная сям’я. Бабуля – аўтар школьных падручнікаў па літаратуры. Яе муж – член-карэспандэнт Акадэміі навук, знакаміты тэкстолаг, які займаўся вывучэннем творчасці Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і іншых пісьменнікаў, пад ягоным кіраўніцтвам выходзілі зборы твораў. Нашыя бацька і маці – не толькі журналісты, а таксама пісьменнікі.
Калі былі школьнікамі, пачалі супрацоўнічаць з беларускамоўнай газетай «Раніца». Гэта быў 1999 год. Мне было 13 гадоў, Ягору – 11. Дастаткова шмат публікаваліся, а пасля пачалі супрацоўнічаць з рускамоўнай газетай «Переходный возраст».
Першы тэкст быў сумесным – падпісаны двума аўтарамі. Пасля частка тэкстаў была сумеснай, частку пісалі паасобку. Першыя публікацыі былі прысвечаныя спорту, самая першая – футбольная віктарына. Ягор ужо тады вельмі любіў спорт, я думаў, што ён будзе спартыўным журналістам. Зараз ён па-ранейшаму любіць гэтую тэму, разбіраецца ў ёй і пры жаданні мог бы быць добрым футбольным аналітыкам – але ён не хоча. І цяпер гэта хутчэй хобі.
Пасля сканчэння ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта брат паступіў на факультэт журналістыкі. На той момант ён ужо меў нейкі досвед публікацыяў, хоць гэта і не была дарослая журналістыка. Было досыць шмат публікацыяў па-беларуску, і гэта не дзіва: нашыя бацькі пісалі і пішуць па-беларуску, дома безліч беларускіх кніжак. Таму ў Ягора ніколі не было цяжкасці з беларускай мовай.
* * *
Прыход Ягора у «Нашу Ніву» – гэта свядомая пазіцыя. Ён разумеў, куды ішоў. Спачатку брат пісаў выключна пра эканоміку, потым стаў намеснікам галоўнага рэдактара, праз пэўны час Андрэй Дынько перадаў яму пасаду галоўнага рэдактара.
Ягор больш любіць аналітычную працу ў журналістыцы, пошук звестак, дадзеных. Ягоныя неаднаразовыя перамогі на конкурсе «Вольнае слова» – сведчанне таго, што тэксты былі запатрабаваныя.
Брат – не толькі добры журналіст, ён добры рэдактар. Я параўноўваў матэрыялы ў розных выданнях і бачыў, што ў «Нашай Ніве» – іншыя акцэнты, часам больш удала сфармуляваны загаловак. Ягор як рэдактар вельмі шмат зрабіў, каб ягонае выданне было папулярным. Ён зрабіў свядомы выбар, што «Нашу Ніву» мусяць чытаць усе, яна мусіць быць цікавай усім. Выданне да таго, як страціла дамен nn.by, стабільна расло і было ў топе беларускай журналістыкі. Я лічу, што ў гэтым заслуга Ягора вельмі вялікая.
* * *
Ягор – самы практычны у нашай сям’і. Калі ў нас з’явіўся кампутар, брат вельмі хутка разабраўся, што як. Я спытаў, як у яго атрымалася. Ён адказаў: «Я раскруціў і потым скруціў». Ён – гэта рухавік прагрэсу ў нашай сям’і. Безліч нейкіх тэхнічных дэталяў, па якіх можна было заўсёды да яго звяртацца, і ён заўжды дапамагаў, хаця ў яго былі свае справы і ён быў заняты.
Брат вельмі адкрыты да ўсяго новага. Любіць падарожнічаць, адкрываць свет для сябе і для іншых. Калі б не Ягор, не ягоныя імпэт і інтуіцыя, думаю, мы б яшчэ доўга сядзелі ў чатырох сценах і павольна выбіраліся ў лепшым выпадку ў суседнія краіны.
Гэта зараз вельмі папулярныя лоўкосты, і такое ўражанне, што не вандраваў толькі лянівы. Калі Ягор пачынаў ездзіць, гэта ўсё падавалася такой таямніцай, падарожжы каштавалі дорага, замежную мову ў нашай сям’і мала хто ведаў. А ён падштурхоўваў, казаў, што трэба ездзіць. У яго ёсць здольнасць знаходзіць неверагодна танныя маршруты. Дзякуючы Ягору ў 2010-я ўся наша сям’я вельмі актыўна падарожнічала па Еўропе.
Такое адчуванне, што ў падарожжах ён вадзіў за руку. Пакуль я не асвоіўся і не пачаў ездзіць сам, брат заўсёды мне паказваў па карце: «Ты прылятаеш туды, паварочваеш туды, сядаеш на той аўтобус». Гэтаксама ён дапамагаў маме.
Калі не памыляюся, Ягор наведаў усе краіны Еўропы, акрамя, здаецца, Іспаніі. Тое ж – з раёнамі Беларусі. Апошні год ён не мог выязджаць з Беларусі, бо яму забаранілі, таму падарожнічаў па радзіме. Са 118 раёнаў яму засталося наведаць яшчэ прыкладна пяць. У нас было сваеасаблівае спаборніцтва. Мы тэлефанавалі адзін аднаму, распавядалі, якія раёны наведалі, што там бачылі.
Наша сям’я – гэта аднадумцы. Мы ганарыліся, ганарымся і будзем ганарыцца Ягорам. Для мяне ён не проста брат, ён мой лепшы сябра.
* * *
Брат не хоча з’язджаць і не будзе з’язджаць з Беларусі – гэта яго прынцыповая пазіцыя. У яго цэльны характар, выразная сістэма каштоўнасцяў.
Шок выклікала ягонае затрыманне і як яго затрымлівалі. Яго збівалі. А сама сітуацыя… Ягор цудоўна разумеў – мы з ім кантактавалі штодзённа – што раней ці пазней такая сітуацыя можа здарыцца.
Лісты, якія прыходзяць ад Ягора з турмы, яны бадзёрыя. Ён мужна трымаецца. Ён аптыміст па жыцці і верыць, што ўсё будзе добра, што гэта хутка скончыцца, і ён будзе на свабодзе. Ён упэўнены, што ні ў чым не вінаваты.
Мы пазнаёміліся, калі Ягор падаў рэзюме ў «Нашу Ніву». На той момант ён яшчэ з’яўляўся студэнтам журфаку БДУ, гэта было прыкладна ў 2008-2009-м. Памятаю да гэтага часу, што адной з першых ягоных нататак было міні-інтэрв’ю з сынам Якуба Коласа. Пасля ён прыжыўся ў рэдакцыі, стаў адным з вядучых аўтараў, доўга вёў рубрыку «Эканоміка» (у нас рубрыка называлася «Гаспадарка», 4-я старонка ў газеце). Апроч таго, пісаў шмат рэпартажаў, шмат падарожнічаў.
У Ягора быў цыкл рэпартажаў, калі ён ездзіў на радзіму чыноўнікаў, размаўляў з суседзямі, сваякамі. Славу як журналісту яму прынесла публікацыя матэрыялаў пра маёмасць чыноўнікаў. Ягор быў фактычна першым з Беларусі, хто гэта зрабіў. У яго былі свае метады дзейнасці ў гэтым плане, ён нікому іх не раскрываў. Вельмі добрыя матэрыялы зрабіў і пра Дразды, і пра іншыя мікрараёны, дзе чыноўнікі забудоўваліся.
І не толькі пра чыноўнікаў, а, напрыклад, пра тое, хто жыве ў «доме Чыжа».
Шмат гадоў Ягор перамагаў на «Вольным слове» ў намінацыі «Журналісцкае раследванне». У рэшце рэшт, відаць, арганізатарам конкурсу надакучыла, што перамагае ўвесь час Ягор, і яго запрасілі ў журы.
Мы працавалі разам з Ягорам больш за 10 гадоў. Ён вельмі чулы чалавек. Не зацыклюецца, што «я начальнік, а вы ўсе мае падначаленыя». Усіх супрацоўнікаў Ягор заклікаў звяртацца «на ты». З ім можна было абмеркаваць не толькі працоўныя пытанні, а таксама асабістыя ці проста паразмаўляць.
Ягор умее бачыць нестандартныя тэмы, матэрыялы. «Наша Ніва» пры Марціновічы славілася тым, што ў нас было вельмі шмат дробных эксклюзіваў. Гэта адрознівала нас ад іншых СМІ і гэта было ў вялікай ступені дзякуючы Ягору.
Ягор шмат вандраваў. Гэта ягонае асноўнае вялікае захапленне. Ён аб’ездзіў багата краінаў Еўропы. Адзіная краіна, дзе ён не быў, – Іспанія. Ён адкладаў яе на апошняе, на салодкае. А тут каранавірус грымнуў, ніяк не атрымлівалася. Пасля ён стаў кожны тыдзень, калі было цёплае надвор’е, ездзіць па Беларусі.
Ён хацеў аб’ездзіць усе раёны ў Беларусі. Не пабываў, здаецца, толькі ў Дубровенскім, Буда-Кашалёўскім, Гарадоцкім і Чэрыкаўскім.
У самую апошнюю вандроўку мы адправіліся разам на Магілёўшчыну, самую ўсходнюю яе частку – Хоцімск, Мсціслаў, Крычаў. Мы начавалі ў Хоцімску, там гатэль быў проста «прыўкрасны». Спрабавалі глядзець 1/8 чэмпіяната Еўропы па футболе, дык давялося як у 90-я круціць антэну.
Але самая цікавае – як мы там спрабавалі патрапіць у вёску Саматэвічы Касцюковіцкага раёну. Калісьці гэта была вялізная вёска на пару тысяч чалавек, але пасля Чарнобылю яна аказалася ў зоне адсялення. Там засталася велічная царква ў руска-візантыйскім стылі, яна стаіць цяпер пасярод лесу. Мы паехалі туды.
Я не ведаю, ці ёсць у Беларусі больш цяжкадаступныя славутасці, чым гэтыя Саматэвічы. Мы знайшлі на карце адну дарогу, здавалася, там 700 метраў усяго па ёй. А гэта было лета, мы – ў шортах і майках, выйшлі… З усіх бакоў нас абляплялі камары, авадні, сляпні – проста полчышчы. Мы, адбіваючыся ад іх, неяк паспрабавалі прайсці. Нічога не атрымлівалася.
Я б, магчыма, развярнуўся і паехаў назад. Але Ягор сказаў: «Не». Ён знайшоў іншую дарогу, яна была паўзаросшай. Спрабавалі на машыне прабірацца, бамперы там паклацалі – вельмі цяжкая была дарога. Прарваліся. І паглядзелі, сфоткалі.
Назад ехалі: машына ўся ў брудзе, я на сябе знайшоў мінімум чатырох кляшчоў. Але Ягор быў страшна задаволены, што ўсё ж такі дабраўся.
З Ягорам заўсёды цікава, ён шмат ведае. Па лістах, якія людзям даходзяць, я бачу, што ён чытае сапраўдныя лекцыі ў камеры, расказвае пра нейкія гарады, пра гісторыю, пра што заўгодна.
Ягор усё зробіць абсалютна правільна. Я ўпэўнены ў ім, як і ў Андрэі Скурко, што яны ў такіх экстрэмальных сітуацыях паводзяць і будуць сябе паводзіць абсалютна годна.
Многім мамам уласціва хваліць дзяцей, захапляцца, нават калі гэтыя памкненні не маюць дачынення да рэальнасці. Але я паспрабую згадаць факты, якія пераконваюць болей, чым эмоцыі.
Калі Ягор збіраўся ў першы клас, ён свабодна чытаў, пісаў, друкаваў на машынцы. Калі панеслі здаваць дакументы ў школу, прыйшлі з аркушамі паперы, дзе акуратна ў слупок былі надрукаваныя па тэмах сталіцы, гарады, вядомыя футбалісты, ваенначальнікі. Настаўніца, якая прымала дакументы, паглядзела і сказала: «А што яму рабіць у першым класе? Ідзіце адразу ў другі».
У школе Ягор вучыўся, не прыкладаючы ніякіх намаганняў, гуляючы. Дастаткова моцна паўплываў на яго ліцэй БДУ. Ён трапіў у інтэлектуальнае асяроддзе, дзе сабраліся лепшыя.
Што датычыць журналістыцы, ён пачаў дастаткова рана ёй займацца. У іх з братам была цякучая энергія, яе трэба было скіраваць у нейкая рэчышча. Яшчэ падлеткамі яны пачалі супрацоўніцтва з газетай «Раніца», дзе галоўным рэдактарам быў Міхась Хамец. Ён вельмі добразычліва да іх ставіўся. Пасля была газета «Переходный возраст». Сёлета Ягору 33 гады, фактычна ён друкуецца больш за 20 гадоў.
Ён незвычайны чалавек – вельмі энергічны, у яго нейкі ўнутраны тэмп руху, мыслення. Ягор не схільны да рэкламы і самарэкламы. Ягоны прынцып: «зрабіў і пайшоў далей». Маці мая, калі яшчэ была жывая, распавяла неяк: «А Ягор табе распавёў, што ён прыехаў да нас, усе кампутары наладзіў?» Я кажу: «Не, не ведаю». Такім чынам, я даведвалася, што дзе цікавае ці карыснае мой сын зрабіў.
На фармаванне асобы Ягора паўплывалі вельмі многія людзі ў сям’і. Мы заўсёды абмяркоўвалі літаратурныя, тэатральныя падзеі. Моцна паўплывала бабуля, мая маці, якая была аўтарам падручнікаў для школы, па якіх уся краіна вучыцца. Дзед, які быў доктарам навук і прафесарам. Гэта прывучае да нейкага не прыватнага ўспрымання рэчаіснасці, грамадскага. У нас заўсёды была багатая бібліятэка, можна было чытаць і абіраць. Заўсёды была перавага інтэлектуальных зацікаўленасцяў, беларускамоўных.
Сайт «Нашай Нівы», якую ён узначаліў, быў адным з самых папулярных і вядомых. Гэта легендарнае выданне, заснаванае больш за 100 гадоў таму, сярод першых супрацоўнікаў быў Янка Купала. Гэта брэнд, неацэнны набытак. Таму я разумею, калі ў 2017 годзе ён стаў рэдактарам, гэта, з аднаго боку, быў гонар, з другога – можа, нейкая небяспека, засцярога. Стаўленне да беларускай мовы ў нас вядома якое. Калі ты паслядоўна абараняеш беларускія каштоўнасці, стаўленне да цябе можа быць рознае.
Часам я шкадавала, што сын не ў больш спакойнай абстаноўцы працуе. У кожнай маці ёсць адчуванне, як у вершы: «Забирайся под крыло, тут и тихо, и тепло».
Але Ягор – чалавек з вельмі цвёрдым характарам, паслядоўны, яго нельга як цеста зляпіць. У малым узросце бацькі маюць уплыў, а ён зараз – чалавек абсалютна дарослы, з пабудаванай сістэмай каштоўнасцяў.
Калі вылучыць у характары Ягора тры галоўныя рысы, то гэта – унутраны спакой, уменне не рабіць усіх вакол вінавытымі, калі нешта не атрымліваецца, і добразычлівая цвёрдасць, калі чалавек кажа праўду і пры гэтым не крыўдзіць ёй.
Мы вельмі радуемся, што ад сына прыходзяць лісты. Мы прызвычаіліся да электроннай пошты, што гэта імгненна, да месенджараў. А тут ліст ідзе тыдзень, або дзесяць дзён і назад столькі ж. У XXI стагоддзі гэта неяк смешна і недарэчна. Але некаму лісты ўвогуле не даходзяць, таму радуемся таму, што ёсць.
Сын – аптыміст па сваёй прыродзе. Не драматызуе гэтую сітуацыю, успрымае гэта як нейкі вопыт – знаёмства з людзьмі, з якімі ён бы, можа, ніколі б не кантактаваў і не бачыўся. Вядома, хочацца, каб гэты абсурд хутчэй скончыўся. Зразумела, што калі за 3,5 тысячы рублёў «камуналкі» людзей трымаюць на Валадарцы, гэта і абсурдна, і недарэчна. Ёсць гэтая запазычанасць – давайце ў два разы больш заплацяць, і яны выйдуць.
Самае каштоўнае – гэта жыццё чалавека, кожны месяц, кожны дзень. Тыя, хто зараз вымушана сядзіць за кратамі… Хто ім верне гэты час іх адзінага жыцця? Як кампенсуе? Можна дыхаць свежым паветрам, а можна – у камеры. Можна есці тое, што ты хочаш, а можна тое, што табе там прынеслі. На свабодзе ты абіраеш, што табе рабіць, з кім кантактаваць, як дзень пабудаваць, а там павінен прыстасоўвацца да дзіўных нейкіх умоваў. Я свайго сына гадавала, каб ён у адной камеры з наркаманамі сядзеў? Гэта ненармальна, тэатр абсурду. Калі людзей з невінаватых робяць вінаватымі. Для чаго? Каб адвесці ўвагу грамадства ад таго, хто сапраўды вінаваты.
Ягорка, мы цябе любім, чакаем і жадаем, каб ты хутчэй быў з намі.
Условия перепечатки
Мы разрешаем полную или частичную перепечатку наших материалов.
Обязательна активная прямая гиперссылка на страницу-оригинал публикации. Эта ссылка должна размещаться в начале перепечатанного материала, в лиде или первом абзаце.
При перепечатке, полной либо частичной, запрещены любые изменения текстов, заголовков, фотографий (если они авторские).
При перепечатке материалов проекта «Пресса под прессом» мы просим указать, что этот материал взят из проекта Press Club Belarus «Пресса под прессом», где мы собираем свидетельства репрессий против независимых медиа и журналистов в Беларуси.