Андрэя затрымалі 8 ліпеня 2021 года разам з галоўным рэдактарам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам. Спачатку Андрэй быў у статусе падазронага па справе пра групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак. Але неўзабаве з’явілася новае абвінавачванне – прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры (ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса).
Іншымі словамі, «нашаніўцаў» судзілі за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб.
28 лютага 2022 года пачаўся суд, на якім разглядалі справу супраць «нашаніўцаў». «Мінскэнерга» адклікала іск і прэтэнзій больш не мела. Шкоду, нібыта нанесеную камунальнікам, Марціновіч і Скурко кампенсавалі ў поўным аб’ёме.
Але 15 сакавіка 2022-га «нашаніўцам» прысудзілі 2,5 гады калоніі.
Андрэй хварэе на дыябет першага тыпу. Чатыры разы на дзень яму трэба рабіць ін’екцыі інсуліну.
18 жніўня 2023 года Андрэй Скурко выйшаў на волю, цалкам адбыўшы прызначаны яму тэрмін.
Гісторыю Андрэя распавядаюць яго родныя і калегі.
Андрэй – сціплы і вясёлы, прыгожы і разумны. А пра яго як прафесіянала, напэўна, найлепей кажа тое, што пры ягоным непасрэдным удзеле «Наша Ніва» стала самым чытаным выданнем на беларускай мове. Думаю, што гэта аб’ектыўны паказчык.
Журналістыка займае вельмі значнае месца ў жыцці Андрэя. Гэта ягоная адзіная работа. Ён прыйшоў у «Нашу Ніву» яшчэ калі вучыўся ва ўніверсітэце і больш адтуль не сыходзіў. Усё ягонае працоўнае жыццё – гэта праца ў «Нашай Ніве» журналістам, рэдактарам.
Ён выдзяляе на гэта вельмі шмат часу, калі трэба дарабіць працу – гэта заўсёды для Андрэя першаснае. Мы вячэраем, і ён дарабляе. Альбо ўстае раніцай, калі мы яшчэ спім, і дарабляе. То і ў дзень затрымання Андрэй устаў рана і яшчэ паспеў здаць вялікі падарожны тэкст пра Косава. Лёг пасля падрамаць, а далей ужо вядома, што было: пабеглі па нашым газоне людзі ў масках.
Зараз такі перыяд, што Андрэю найбольш цікава разбірацца ў гістарычных тэкстах і рабіць біяграфіі. Яны ў яго вельмі добра атрымліваюцца. Для часопіса «Наша гісторыя» і у тым ліку для «Нашай Нівы». Ён проста ідзе ў бібліятэку на некалькі дзён, размаўляе з людзьмі, якія могуць нешта распавесці пра гэтага чалавека – і ўсё. Андрэй пасля сінтэзуе прачытанае і пачутае, атрымліваецца арыгінальны погляд.
Я ведала, што Андрэй – чалавек надзейны і спакойны ва ўсіх сэнсах, але турма паказала, што ён вельмі надзейны і вельмі спакойна сустракае цяжкасці. Праз ягоныя лісты гэта таксама бачна. Сем месяцаў мы з ім перапісваемся. Надзвычай спакойныя лісты. Першы раз нас гэта ўражвала, а пасля прывыклі. Гэты спакой мы адзін аднаму перадаём.
«Усё гэта можа нагрувашчвацца, а можа развеяцца ў адзін момант. Няма сэнсу лішняе перажываць за тое, у чым няма ніякай віны ці недагляду. Галоўнае, каб усё было добра ў вас. Трэба захоўваць спакой і берагчы здароўе, каб максімальна захавацца для будучыні. Важна трымаць размераны рытм жыцця, а не жыць дня ад дня з апошніх сілаў. Гэта ўсё мінецца, а мы застанемся», – напісаў мне Андрэй.
Яшчэ з лістоў Андрэя: «Нечакана добра зайшоў Віктар Франкл [аўстрыйскі псіхіатр, псіхолаг, які перажыў Халакост і канцлагер]. Да многіх ягоных ідэяў мы і самі дайшлі інтуітыўна. Але ён добра фармулюе ўсё. Спадабалася думка: «Няправільнае пытанне, чаго ты чакаеш ад жыцця. Правільнае – чаго жыццё чакае ад цябе». То бок, не зацыклівацца на шкадаванні сябе, а кожны дзень рэалізоўваць унікальныя патрабаванні ўласнага жыцця – у каханні, у працы, у гартаванні душы і цела. Яшчэ з Франкла: «У каго ёсць навошта, той вытрымае любое як»».
«Будзем пераадольваць перашкоды паслядоўна. Без панікі, крок за крокам. Мы ўвесь час усе разам. Не перажывайце за мяне. Некалі ўсё будзе добра, нечакана ці ў запланаваным парадку, ужо зусім скора, ці трошкі пачакаўшы».
Мы з Андрэем абмяркоўвалі раман «Свабода» Франзена. Мне ён вельмі падабаецца, і я агітавала Адрэя яго ўзяць. І нарэшце, праз паўгода замоваў у Валадарцы, яму кнігу прынеслі. Ён піша: «Там добра паказана, якія нечаканыя глыбіні могуць адкрывацца ў людзях, а таксама да чаго даводзіць чалавека дух спаборніцтва. Для мяне гэта нешта абсалютна чужое. Не ведаю, чаму. Калі нейкае спаборніцтва ў любой сферы пачынаецца, мне прасцей не браць у ім удзелу. Бо гэта таксама нейкае абмежаванне свабоды. Мы ўсе розныя і нам трэба рознае. Навошта лічыцца ў нечым лепшым за іншага. Самае цікавае, хто гэта мусіць вызначаць, і ці важнае іх меркаванне насамрэч».
«Успомніў адзін выпадак. Мне было гадоў дванаццаць. Мы з мамай паехалі на роварах некуды пад чыгунку на поле, каб нарэзаць казе галінак на корм. Мы іх рэзалі, і я нечакана падумаў пра вялікіх князёў літоўскіх, і навошта гэта ўсё было: інтрыгі, заваяванні, ахвяры – калі ў канцы ўсё роўна смерць. І з ёй гэтае зямное робіцца абыякавым. Помню, мяне гэтая думка ўразіла і неяк супакоіла, нібы з плячэй упала адказнасць за лёс сусвету. Другая палова гэтай думкі прыйшла куды пазней. Лепш за любую зорную кар’еру быць са сваімі роднымі і дарыць ім усё цяпло, якое ёсць. Гэта для мяне так».
«Калі ласка, не перажывайце за мяне. Я ў спакойным, канструктыўным настроі. Чакаю, калі ж ужо будзе вызначанасць у нашай сітуацыі. А там новы этап, які мы таксама абавязкова перажывём. Спакойна, па-сялянску. Галоўнае, каб мы, наш малыш і нашы бацькі былі здаровыя. А гэта ўсё мінецца. Усё будзе добра».
Не хачу думаць пра суд.
З Андрэем Скурко я пазнаёмілася, калі ўладкавалася на працу ў «Нашу Ніву». Гэта была летам 2016 года. Тады яшчэ выходзіла і друкаваная версія выдання. Андрэй быў дырэктарам і галоўным рэдактарам.
Для мяне Андрэй – заўжды прыклад суперпрафесіяналізму. Ён вельмі інтэлігентны, дасведчаны чалавек, філосаф. Па жыцці з ім заўсёды цікава разважаць пра што заўгодна. Андрэй, можна сказаць, стаў маёй інтэлектуальнай школай. Што адбываецца ў Беларусі, у суседзяў – я слухала Андрэя з вялікім задавальненнем. Гэта заўсёды былі цікавыя, нетыповыя і цвярозыя думкі, якія развіваюць ва ўсіх сэнсах.
Сумленнасць, цвярозасць, спакой, упэўненасць, ураўнаважанасць – гэта таксама пра Андрэя. Ён як скала. Заўжды ўсё трымае пад кантролем.
Яшчэ яго адметная рыса, якой мы заўсёды захапляемся,– гэта яго веданне беларускай гісторыі. Ён, напэўна, самы паспяховы і самы выбітны гісторык у нашай краіне, таму што ўмее так цікава і так захапляльна падаць і перадаць свае веды. Мне здаецца, гэта ўнікальнае спалучэнне, якое рэдка ў каго ёсць.
Любы расповяд Андрэя пра беларускую гісторыю – па ім можна здымаць серыял. Тыя тэксты, якія ён пісаў, яны вельмі глыбокія і асаблівыя. Калі мы запусцілі часопіс «Наша гісторыя», Андрэй стаў ягоным самым яркім аўтарам і рэдактарам. Самыя лепшыя тэксты вельмі часта былі яго аўтарства, паколькі гісторыя для Андрэя – частка яго жыцця.
Досвед, які ён перажывае зараз, выкрышталізаваў – як гэта ні незвычайна гучыць – самае лепшае, што ў яго ёсць. Для нас гэта неверагодна, што Андрэй, знаходзячыся ў жудасных умовах, захоўвае абсалютны спакой, сканцэнтраванасць. Думкі, якія ён перадае ў сваіх лістах, вельмі глыбокія. Андрэй па-філасофску глядзіць на тое, што адбываецца з ім, з Беларуссю і глабальна ў гісторыі. Для нас захапляльна назіраць, як ён годна спраўляецца з выпрабаваннямі, якія выпадаюць на ягоную долю.
У «Нашай Ніве» Андрэй шмат гадоў. Ён – частка нашай рэдакцыі, усяго, што з намі адбывалася. Мы заўсёды захапляліся яго смеласцю, таму што нашае выданне трапляе ў складаныя, апальныя часы не першы раз. Заўжды Андрэй таксама трымаў абарону. Мы з гонарам глядзелі, як ён спраўляецца з выклікамі.
Андрэй чытае неімаверную колькасць кнігаў – інтэлектуальных, складаных і часам для нас незразумелых. Знаходзіць нешта новае і цікавае, збірае па крупіцах дыяменты, якія пасля складаюць матэрыялы для «Нашай гісторыі», цікавосткі ў лістах сябрам і блізкім.
Для нас усіх захапленне і адкрыццё – ягоныя дзіцячыя вершы. Мы паняцця не мелі, што Андрэй можа пісаць такую таленавітую паэзію. Гэта быў схаваны ад нас талент, які адкрыўся ў такой неспрыяльнай, цяжкай сітуацыі. Вось гэтая бязмерная любоў да свайго сына, жонкі, якая праяўляецца, крышталізуецца ў жорсткіх умовах ізаляцыі ад сям’і, блізкіх, калег. Гэта, магчыма, стала для Андрэя глытком свабоды, нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца ў турме. Па ўсім бачна, што ён адчувае сябе свабодным чалавекам і годна праходзіць гэтае выпрабаванне.
Знаходзячыся ў турме, ён працягваў па памяці пісаць артыкулы для «Нашай гісторыі». Ён перадаваў і дасылаў у лістах тое, што ведаў. Я заўсёды захаплялался ў ім гэтай якасцю: трымаць у галаве столькі інфармацыі, у любы момант мець магчымасць дастаць і ўпакаваць ў суперцікавы тэкст. Гэтая ягоная здольнасць захавалася і там.
Мы чакалі такой атакі на «Нашу Ніву» і чакалі, што ў першую чаргу будуць біць па менеджарах выдання, людзях, якія даўно там працуюць і з’яўляюцца тварам рэдакцыі. Задача ўладаў – адсекчы галаву выданняў, забраць рэдактараў, на якіх трымаюцца медыя. І Андрэй Дынько, і Андрэй Скурко, і Ягор Марціновіч былі маральна гатовыя да пераследу. Але мы не прадбачылі, у які дзень гэта адбудзецца і на колькі зацягнецца.
Справа супраць Андрэя і Ягора – абсалютна палітычная. Як і ўсіх іншых беларускіх журналістаў, іх трымаюць не за нейкія сапраўдныя злачынствы, а таму што ў Беларусі сёння пакрокава, паслядоўна знішчаецца свабода слова. Таму гэта цалкам кладзецца ў канцэпцыю ўладаў – знішчыць любыя праявы гэтай свабоды.
Самая вялікая катастрофа – гэта ліставанне. Мы ведаем, што Андрэю шмат хто піша, але мала што даходзіць. Таму я з ім камунікавала больш праз сваякоў і адвакатаў, перадавала вестачкі. Але я бачыла лісты, якія ён піша жонцы Паўліне, – гэта проста асобная кніга, іх асабістая, якая застанецца ў іх назаўжды.
Каб я пачабыла Андрэя, сказала б, што захапляюся ім бязмерна. Падумаць не магла, што ён насамрэч такі ўдумлівы філосаф, што ён здолеў так праявіцца і так раскрыцца для ўсіх нас. Я заўжды ведала, што ён унікальны і таленавіты чалавек, цяпер ведаю, што ён яшчэ філосаф і паэт. Я б сказала яму, што ён вельмі годна прайшоў гэтыя выпрабаванні.
Андрэя я ведаю дастаткова шмат гадоў, можа, дзесяць-пятнаццаць. Пазнаёміліся мы ў «Нашай Ніве», але я пра яго ведаў і раней. Таму што нашы, ягоныя і мае, бацькі калісьці вучыліся разам на філалагічным факультэце. Такое завочнае знаёмства было.
З «Нашай Нівай» я цесна стаў супрацоўнічаць, калі стаў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Наша гісторыя». Тады я сышоўся з Андрэем куды бліжэй, бо і ў самой рэдакцыі стаў часцей бываць. Андрэй быў адзін з топавых аўтараў «Нашай гісторыі», ягоныя артыкулы заўсёды выклікалі найбольшую цікаўнасць, часта ён пісаў пра тых людзей, якія станавіліся тварамі вокладкі.
Андрэй – вельмі рознабаковы чалавек. Ён можа пісаць журналісцкія матэрыялы, гістарычныя, пісаць вершы для дзяцей, казкі, апавяданні. Я лічу, што Андрэй – адзін з вельмі знакавых у Беларусі людзей, вельмі таленавіты. Усё ў яго атрымліваецца на высокім узроўні. Ён таксама вельмі інтэлігентны, начытаны, цэльны, неардынарны. Тыя лісты, якія ён піша сваякам і жонцы, паказваюць, што нават і там ён шмат чытае і аналізуе.
Важныя рысы Андрэя – стараннасць, абавязковасць і патрабавальнасць да сябе. Ягоныя тэксты – прынамсі тыя, з якімі мне даводзілася сустракацца – ніколі не сыходзілі «недапечанымі», яны былі максімальна даведзеныя да ладу і паступалі своечасова.
У яго ёсць маральны і ідэйны стрыжань. Пісаў толькі тое, што яму было цікава, што не канфліктуе з ягонымі поглядамі.
Андрэй сканцэнтраваны, пастаянна працуе над сабой і нават у найскладанейшых умовах, у якіх многія знясільваюць, зняверваюць, працягвае сваю лінію, захоўвае творчы імпэт.
Пры сустрэчы выказаў бы сваю павагу і захапленне ягонымі паводзінамі, нязломнасцю, творчай формай, якую ён змог утрымаць. Андрэй павёў сябе за кратамі як неардынарны чалавек без усялякіх перабольшванняў.
Пазнаёміўся я з Андрэем перад тым, як ён паступаў на філфак у БДУ. Потым мы разам з ім некалькі гадоў пражылі ў інтэрнаце на вуліцы Кастрычніцкай [у Мінску] у адным блоку. Я жыў у адным пакоі, а ў другім – Андрэй Скурко і Андрэй Кузнечык, які зараз таксама за кратамі [Андрэй Кузнечык затрыманы 25 лістапада 2021-га, прызнаны палітвязнем].
Андрэй – вельмі адказны чалавек, мае шмат абавязкаў і іх выконвае. З такім, як кажуць, у разведку можна пайсці. Ён таленавіты, умее шмат усяго: піша навукова-папулярныя, гістарычныя матэрыялы, вершы для дзяцей, прыдумляе коміксы для падлеткаў і для дарослых, якія ён рабіў у часопісе «Наша гісторыя» ці «Асцярожна: дзеці».
Андрэй – цудоўны рэдактар і выдатны менеджар. Больш за тое, ён не толькі мае творчыя і менеджарскія здольнасці, але ўмее працаваць рукамі: выдатна робіць мэблю. Зрабіў вялізны драўляны стол, за якім мы збіраліся, калі прыдумлялі сцэнары для коміксаў.
Была такая гісторыя. Мы доўга сядзелі ўсе разам: я, Андрэй Дынько, Наталка Бабіна, Андрэй Скурко – думалі, вырашалі, як назваць новы часопіс для дзяцей. Доўга не маглі прыдумаць назву. У асноўным нешта прапаноўвалі Наталка, Андрэй Дынько ці я. Андрэй Скурко сядзеў, сядзеў, а потым кажа: «А давайце назавем «Асцярожна: дзеці»». І мы ўсе зразумелі, што гэта тая назва, якая была патрэбная.
Вось такі Андрэй: вельмі спакойны, маўклівы, але калі скажа, то заўсёды ў кропку.
Я быў на судзе. Ён быў у клетцы, нас аддзялялі сантыметраў сорак. Калі абвясцілі перапынак, я сказаў: «Мы за цябе молімся». Я ведаю, што яму патрэбная гэтая падтрымка, у тым ліку духоўная. Разуменне, што ёсць людзі, якія за яго перажываюць. Ёсць Бог, які клапоціцца пра яго.
Помню гісторыю знаёмства Андрэя і Паўліны, калі яны, як гаварыцца, запалі адзін на аднаго. На дзень нараджэння майго малодшага сына ён прыйшоў да нас, прынёс нейкія дакументы. А ў нас было ў гэты час свята, Андрэй граў на гітары, і я заўважыла, як яны з Поляй прыглядаюцца. Тады, здаецца, пачаліся такія ўзаемаадносіны.
Праз нейкі час, здаецца, яны сустракаліся гады паўтары, дайшла справа да вяселля. Вырашылі, што маладыя будуць у вышыванках. Памятаю, як вышывалі сукенку для Полі і кашулю для Андрэя.
Андрэй на трынаццаць гадоў старэйшы за Полю і, шчыра кажучы, я не зусім разумела, як яны будуць паміж сабой ладзіць. Андрэй суровы, рэзкі, моцны, а Поля – мяккая, такая ўся кахаючая. І вось атрымалася ідэальная пара.
Як прафесіянал Андрэй – цвёрды, патрабавальны. Ад людзей, з якімі працаваў, заўсёды чакаў высокага прафесіяналізму.
Калі Андрэй трапіў у турму, Поля пачала кожны дзень яму пісаць. Я ўжо, бывае, сваруся на яе, таму што ёсць малыш, трэба з ім займацца, а яшчэ і бытавыя справы. Але яна сына пакладзе і гэтыя лісты піша. Цёмна ўжо ў пакоі, бо малыш спіць, і толькі свеціцца экран яе кампутара. А яна яму піша пра сваё каханне, пра тое, што адбылося, вельмі падрабязна піша пра малыша, што ён сёння сказаў, што рабіў.
У гэтай сітуацыі, якая складаецца, я словаў не маю, каб яе пракаментаваць. Толькі магу дапамагаць. Андрэй перажывае сваё жыццё, Поля, ягоная жонка, мая дачка, наш маленькі Тамашык, які яшчэ не разумее і ведае толькі, што бацька ў замку.
Яны перажываюць сваё жыццё, жывуць, пакутуюць за нас усіх, такое ім выпала. У Андрэя сустракаецца такое меркаванне, што праз гэта трэба прайсці. Я думаю, што так. Для Беларусі гэта вельмі важна, надзвычайна важна, што тысячы людзей праходзяць праз такую сітуацыю, як мы: маці ці бацька ў турме, яго чакаюць у сям’і, сябры, гэта ўсё абмяркоўваецца, шкадуецца, спадзяюся, выльецца ў нешта.
Андрэй вельмі любіць сваіх бацькоў. Ён кожны дзень званіў сваёй маме, распавядаў, як прайшоў дзень. Пасля таго як яго затрымалі, цяпер у вызначаны час яго бацькам тэлефануе Паўлінка.
Я заўважаю, як пастарэлі бацькі Андрэя. Асабліва бацька. Маці, як кожная жанчына, больш стойкая. Мы, жанчыны, не ведаю, за кошт чаго, але можам неяк гэта ўсё ператрываць. А тата ягоны нават узростам стаў меншы. Вельмі востра гэта перажывае, але адчувае, што трэба трымацца, што гэта ўсё не пустое, што на гэтым будзе будавацца нейкі фундамент будучыні.
Андрэй, мне падаецца, – адзін з прыкладаў таго, што тыя людзі, якія ў турме, уплываюць не толькі на свой лёс, але і на лёс краіны.
У яго за спінай вялікі бэкграўнд. Як аказваецца, ягоных прадзедаў высылалі ў Казахстан. Яны там змаглі вытрываць, вярнуліся назад. Яны былі вельмі працавітыя людзі, мелі свой кавалак зямлі. Гэта ўсё неяк на Андрэю адбілася. Тое, што ён зараз выносіць, і мы разам з ім, гэта тое, праз што трэба прайсці.
Калі быў дзень нараджэння Максіма Танка, я напісала Андрэю тэлеграму: «Сёння быў дзень нараджэння Максіма Танка. Ты Скурко, і ён Скурко. Ён сядзеў, і ты сядзіш. Ён выйшаў, і ты выйдзеш. Ён стаў класікам, і ты станеш класікам».
Условия перепечатки
Мы разрешаем полную или частичную перепечатку наших материалов.
Обязательна активная прямая гиперссылка на страницу-оригинал публикации. Эта ссылка должна размещаться в начале перепечатанного материала, в лиде или первом абзаце.
При перепечатке, полной либо частичной, запрещены любые изменения текстов, заголовков, фотографий (если они авторские).
При перепечатке материалов проекта «Пресса под прессом» мы просим указать, что этот материал взят из проекта Press Club Belarus «Пресса под прессом», где мы собираем свидетельства репрессий против независимых медиа и журналистов в Беларуси.