Пра перажытае ў няволі ён напісаў кнігу «Мае турэмныя муры».
Пра пазнавальнасць у турме і ў Вільні, сапраўды кіношную гісторыю затрымання, умовы ў зняволенні і пра свой настрой, – журналіст расказвае адмыслова для нашага праекта «Прэса пад прэсам».
Будучы студэнтам, я займаўся скалалазаннем, і ў нас былі зачэпкі – гэта такія штукі, якія ты рукой намацваеш і падымаешся. Вось і ў турме ты сябе стараешся забяспечыць чымсьці падобным. Журналісцкі вопыт збольшага быў там, канечне, адной з такіх зачэпак.
Калі я зайшоў у камеру на Валадарцы, павітаўся як трэба, сказаў, што «у меня по жизни всё ровно», убачыў знаёмага, мы пазналі адно аднаго, і мне адразу было прасцей. Па-першае, добра быць з чалавекам, якога ты ведаеш, па-другое, ён ужо даўно сядзеў у той камеры, у яго быў аўтарытэт, і гэта мне таксама дапамагло.
І так потым было пастаянна – мяне пазнавалі паўсюль. А ў гэтай жа камеры на Валадарцы быў чалавек, які ў твар мяне не пазнаў, але, пачуўшы прозвішча, сказаў, што ён мяне памятае яшчэ як журналіста, які працаваў у газеце «Знамя юнасці». У 90-я гады гэта была самая дэмакратычная газета — гэта як TUT.BY таго часу. І гэты мужчына казаў: «Для мяне гэта такі гонар, я потым сваім скажу, што я з вамі ў адной камеры быў, вааааў!». Гэта было вельмі прыемна, канечне.
А ў Магілёўскім СІЗА, дзе я чакаў апеляцыі, са мной у камеры быў хлопец, што сядзеў па наркатычным артыкуле. Ён усё хадзіў, хадзіў, прыглядаўся, але нічога не казаў. А потым прыслала жонка мне ліст з раздрукоўкамі. Там жа якія абмежаванні – фатаздымкаў можа быць толькі два, а раздруковак з інтэрнэта – колькі заўгодна. І вось на адной з раздруковак быў таксама фатаздымак, які часта выкарыстоўваюць у матэрыялах – там я з мікрафонам стаю на вуліцы ўзімку. Я разглядаю гэты фатаздымак, а гэты хлопец убачыў яго ззаду праз плячо і кажа: «Дык вось чаму я вас пазнаю! Я ж вас бачыў!». А я ўжо быў без вусаў, каротка стрыжаны, таму ў твар мяне пазнаць было складаней.
У калоніі таксама была цікавая сітуацыя – я ў атрадзе заходжу ў пакой, дзе лядоўня стаіць, а там сядзіць адмысловы чалавек, які кантралюе нажы і іншае. І ён мне такі: «Ты, кажуць, вядомы журналіст? А як цябе зваць?… А, знаю такога, знаю… А ў такім-та годзе, ты, мо, чуў гісторыю, абрабавалі ювелірную краму, дык я там быў саўдзельнік». Я ж пісаў пра гэтую гісторыю! А цяпер ён мне нажы выдае.
Але пазнавальнасць у калоніі мела і іншы эфект. Маё знаёмства з начальнікам калоніі было такім, што ён адразу крычаў: «А, ты журналіст “Радыё Свабода”? Давай у ШЫЗА! Ты зараз за ўсіх адкажаш».
Праблемы са спіраллю кепскіх думак у мяне ў зняволенні не было. Я быў даўно падрыхтаваны – я ж шмат пісаў пра палітыку, размаўляў з палітыкамі, пра крымінал таксама пісаў. Я асвятляў шмат працэсаў – і палітычных, і карупцыйных, таму ведаў пра розныя этапы, ведаў, што адбываецца ў турмах.
І мой досвед паказваў, што ўсё ідзе да ўзмацнення рэпрэсій, і што калісьці да мяне дабяруцца.
Спачатку мяне ўзялі ў ліпені 2020 разам з Інай Студзінскай і Алесям Дашчынскім. Нас адправілі на Акрэсціна, завялі крымінальную справу, потым адпусцілі на волю, але сама справа працягвалася.
Маральна я быў да гэтага гатовы, таму ў мяне не было нейкіх ваганняў ці самаедства накшталт «навошта ты ў гэта ўвязаўся». Калі ты ўжо не сышоў з гэтай прафесіі, трэба было рыхтавацца. Канечне, быў спадзеў, як ва ўсіх нармальных людзей, што, можа, пранясе.
Літаральна за некалькі дзён да затрымання ў ліпені я зразумеў, што праз вялікую колькасць працы я за лета ні разу не здолеў паплаваць. І вось я знаходжу час, еду на вадасховішча, там вельмі шмат народу. Я плыву, а побач па грудзі ў вадзе стаіць мужчына з жонкай. Яны боўтаюцца на хвалях, і я бачу, што ён усё азіраецца на мяне. Я ў чарговы раз праплываю, а ён кажа: «Гэта вы з “Радыё Свабода”?». Я адказваю, што так, спыняюся і думаю, што зараз будзе размова, як звычайна – ён будзе казаць, што яны з жонкай нас слухаюць, дзякаваць і гэтак далей. А ён такі: «Скажыце, а чаму вас дагэтуль не арыштавалі?».
А сапраўды, нядаўна арыштавалі «Нашу Ніву», БелаПАН, TUT.BY… Ну мы пажартавалі і працягнулі размову. Гаварылі пра тое, што мы ўсё-такі амерыканскае СМІ, і ўлады да апошняга часу не хочуць нас кранаць. І я дагэтуль думаю, што так і было.
Але праз некалькі дзён нас усё ж арыштавалі, праўда, і тады для ўладаў гэта была не апошняя кропка. Апошняя кропка была праз некалькі месяцаў, калі нас прызналі экстрэмістамі. Я, дарэчы, пра тое, што сайт «Свабоды» прызнаны экстрэмісцкім, даведаўся ад міліцыянтаў. Калі мяне арыштавалі 23 снежня і прывезлі на Валадарку, там адзін з міліцыянтаў і расказаў навіну.
Увогуле, я думаю, можна пагадзіцца з тым, што мая пасадка – гэта помста за ўсе гады працы. Мабыць, калі вырашалі, каго з нас траіх пасадзіць, да мяне ва ўладаў было больш прэтэнзій. І я думаю, яны валодалі нейкай інсайдэрскай інфармацыяй і ведалі, што я сапраўды быў шмат на якіх акцыях.
Ці хачу я ім адпомсціць? А што ім помсціць? Яны ўжо самі сабе адпомсцілі. Рана ці позна гэта для іх скончыцца вельмі дрэнна. Гэты фурункул накапліваецца і аднойчы прарвецца. Я думаю, што мы вернемся ў краіну, а вось куды яны будуць вяртацца, я не ведаю.
Увогуле, ў той дзень, 23 снежня 2021 года, мы рыхтаваліся да калядаў, і я займаўся тым, што вешаў дома гірлянды на вокны. Паралельна варыў супчык. У адзін момант я выйшаў з дому, паглядзеў на свае вокны, адышоў літаральна на 50 метраў і ўзгадаў, што забыў выключыць супчык.
І вось я вяртаюся, і акурат тэлефануе Іна Студзінская з пытаннем, ці чутно штосьці па нашай крымінальнай справе. Я адказаў, што ўсё ціха, нармальна, нічога не чутно.
Ведаеце, атрымалася, як у кіно, калі герой кажа, што ўсё добра, а праз пяць хвілін яго збівае машына.
Я падыходжу да пад’езда, там стаіць малады мужчына і прыглядаецца да мяне, як той мужчына ў вадасховішчы. Ён запытваецца, ці я Груздзіловіч, я адказваю, што так, і ён хапае мяне за рукі, пачынаецца нейкая валтузня, потым мы заходзім у пад’езд, а Іна ўсё гэта чуе праз тэлефон і думае, што яны выламалі дзверы мне ў кватэру. Яна чула грукат, але гэта быў гук, як я сам адчыняў дзверы ў пад’езд.
І потым мне яшчэ прад’яўлялі, што вось, хтосьці ўжо піша, што вам узламалі дзверы! Што вы дурасць пішаце, хто вам дзверы ламаў? А мне ж тэлефанавала жонка, калі мы яшчэ былі дома, а яны не далі адказаць. Убачылі, што на экране высвецілася «Марыянна», спыталі, хто гэта, ну і ўсё на гэтым. Дык я ім і сказаў пазней: «Ну вы ж самі не далі пагаварыць! Так бы я сказаў жонцы, што ўсё нармальна. Ну забралі, арыштавалі, але ўсё спакойна».
Але ў іх побач з маім домам стаяла машына з усёй тэхнікай, якая дазволіла б ім уварвацца ў кватэру. Проста так супала, што яны сустрэлі мяне на вуліцы, і ім не спатрэбілася нічога ламаць.
Сама няволя і праўда страшная, але і там ёсць варункі больш нармальныя. Чалавек прыстасоўваецца…
У нас заўжды ёсць кропка адліку. Калі чалавек трапляе ў калонію, ён не параўноўвае ўсё, што там бачыць, з тым, што было на волі. Ён параўноўвае з тым, як ён у ізалятары сядзеў. У калонію ж трапляюць праз паўгады і нават праз год пасля зняволення.
Тое, як было на волі… Ты пра гэта ўжо і не марыш!
Гэта ўмовы, у якіх ты мусіш выжываць. Цяпер кажуць, што ў следчым ізалятары крыху лягчэй, чым у калоніі. Але гледзячы ў якіх аспектах. Адносна ежы лягчэй, бо ты ж там атрымліваеш перадачы, і некаторым іх прыносілі па тры-чатыры разы на тыдзень. Але з пункту гледжання волі, перасоўвання – ты месяцамі не бачыш сонца, не можаш нармальна дыхаць і хадзіць. У маёй камеры было 8 чалавек, і нас маглі засунуць у стакан два на тры метры, і ты там проста топчашся на нагах, і ўсё.
Па начах ты спіш на ложку, дзе няма пружын, а ёсць металічныя палоскі, якія звычайна нейкія пагнутыя. І матрасы абы-якія. Я неяк убачыў на складзе лепшы матрас і хацеў узяць, дык мне сказалі: «Не, не бяры, гэта жаночы». Ну і дастаўся мне такі стары, страшны матрас, на якім я спаць нармальна не мог.
І ўсё гэта накопліваецца – ты ж яшчэ чакаеш выстаўлення абвінавачвання, суду, прысуду… Што табе дадуць? За што дадуць? Потым чакаеш апеляцыю…
Калі пасля гэтага ўсяго я трапіў у калонію, і мяне пасля каранціну вялі ў «лазню», я ішоў па гэтым каланіяльным гарадку, у мяне была такая эйфарыя, быццам я на Мальдзівах. Гэта быў травень – сонца лупіць, людзі ходзяць, у вокнах нехта, будаўнічыя нейкія былі ў нармальнай вопратцы. Міма стадыёну мяне вялі, а там мужыкі ў футбол гуляюць, бы гладыятары, у адных майтках бегаюць.
Спачатку ў калоніі ацэньваюць плюсы, але потым аказваецца, што там і мінусаў шмат у параўнанні з СІЗА. Сур’ёзная пагроза там – гэта ШЫЗА, пасля ШЫЗА пагроза – апынуцца ў ПКТ, атрымаць змену рэжыму, новы артыкул і новы тэрмін.
І ў СІЗА ты сядзіш у камеры, выбудоўваюцца нейкія стасункі паміж людзьмі ў ёй, свой мікраклімат. А ў калоніі цябе кідаюць у атрад, там ужо ўсё размеркавана, і ты адчуваеш сябе, як дзіцёнак.
Начальнік калоніі мне аднойчы сказаў, што хопіць займацца «разведвальніцкай дзейнасцю». І сказаў ён гэта не проста так – незадоўга да гэтага яны знайшлі ў мяне сшытак з нататкамі, дзе я апісваў у тым ліку казарму. І яны зразумелі, што я не проста пішу дамоў, як у мяне справы, а таксама апісваю ў сшытку «20 метраў у даўжыню, 5 – у шырыню».
Мне проста хацелася гэта ўсё ў галаве захаваць, бо я разумеў, што прыйдзецца пісаць пра гэта кнігу. Я адразу сябе так настройваў.
Калі мяне з ШЫЗА перавялі ў атрад, я хадзіў і прыглядаўся, што цікава, а што нецікава, што варта запомніць, а што – не.
Я ў зняволенні яшчэ пачаў шмат маляваць, а калі малюеш, трэба заўважаць шмат дэталяў. І ў Магілёўскім СІЗА я пазнаёміўся з хлопцам, які маляваў някепска, але вельмі павольна. У турме ж гэта як робіцца – табе хтосьці дае фатаздымак жонкі і кажа «на, намалюй», ты сядзіш і малюеш.
Я такія штукі пару разоў рабіў і спраўляўся за гадзіну-дзве. А гэты хлопец рабіў гэта ну вельмі марудна. І аднойчы, пакуль ён маляваў штосьці, я намаляваў яго. Ён уразіўся, што я гэта зрабіў так дакладна і так хутка. Я яму сказаў, што трэба развіваць зрокавую памяць, мы троху пагаварылі пра гэта, ну і ўсё. Праз нейкі час нас павялі на прагулку, і я ў яго потым пытаюся: «Што было у калідоры, што ты запомніў?», а ён нічога не запомніў. «А на лесвічнай клетцы што ты памятаеш?», а ён нічога не памятае.
У выніку ў нас з ім пачаліся трэнінгі. Але, канечне, мы рабілі гэта ўсё схавана. У прынцыпе, я разумею, што калі ты пачынаеш абгаворваць нейкія дэталі турмы, дык звонку могуць падумаць, што ты плануеш пабег. Там жа паўсюль стукачы! Калі стукач скажа оперу, што вось гэтыя два абмярковаюць, колькі дзе прыступак, якога дзе колеру сцены…
Калі я яшчэ на Валадарцы сядзеў, адпраўляў дадому вершы з малюнкамі. І ў нейкі момант яны перасталі даходзіць. І аднойчы мне вяртаецца малюнак, дзе былі намаляваныя дзверы з усімі дэталямі – вочка, стужкі, драпіны… Цэнзар напісаў, каб я не маляваў нічога, што знутры турмы. І праўда, калі я маляваў нешта з прагулак, гэта без праблем даходзіла, бо дворык – гэта ўжо быццам бы не турма.
Потым мне гэта ўсё дапамагло ў напісанні кнігі.
А фатаздымкі «да і пасля», калі чалавек выходзіць з турмы… Я лічу, што нічога неэтычнага ў гэтым няма, а хутчэй наадварот – усе бачаць і разумеюць, што там адбываецца. Людзі ж не проста бачаць, як чалавек цяпер выглядае, а ўзгадваюць, як ён выглядаў да зняволення. Мяне параўноўвалі са старымі здымкамі, са стрымамі, якія я вёў.
Адзінае, балюча бывае чуць, калі хтосьці кажа: «Ох, ну вось цяпер ты ўжо нармальны, а то ж такі быў страшэнны!».
Тым больш, што я фізічна сябе адчуваў нармальна. Калі я выйшаў з калоніі, я 10 разоў падцягваўся, а цяпер я так не змагу.
Ёсць адваротная рэчы – мы часам бачым, што чалавеку далі шмат гадоў, а ілюстрацыя да артыкула старая, і чалавек там добра выглядае і ўсміхаецца. Вось тут ёсць супярэчнасць! Журналісты мусяць выкарыстоўваць здымкі, якія ў іх у архіве, а зараз жа чалавек зусім іншы і ў іншых абставінах: ён ужо не ўсміхаецца, яму вельмі цяжка.
Мы вымушаныя суправаджаць брутальную інфармацыю здымкамі, якія больш не адлюстроўваюць рэчаіснасць, бо свежых здымкаў у нас проста няма і не можа быць.
Мая жонка часта абураецца гэтым, бо пад артыкулам з інфармацыяй, што чалавеку далі 10 гадоў, фатаздымак, дзе гэты чалавек шчаслівы.
Мы бярэм старыя здымкі, бо няма ж магчымасці паставіць сучаснае фота. І я не бачу вырашэння гэтай праблемы. Можа, варта рабіць подпісы, што здымак зроблены ў такі час і пры такіх абставінах.
Условия перепечатки
Мы разрешаем полную или частичную перепечатку наших материалов.
Обязательна активная прямая гиперссылка на страницу-оригинал публикации. Эта ссылка должна размещаться в начале перепечатанного материала, в лиде или первом абзаце.
При перепечатке, полной либо частичной, запрещены любые изменения текстов, заголовков, фотографий (если они авторские).
При перепечатке материалов проекта «Пресса под прессом» мы просим указать, что этот материал взят из проекта Press Club Belarus «Пресса под прессом», где мы собираем свидетельства репрессий против независимых медиа и журналистов в Беларуси.