Алег Груздзіловіч, карэспандэнт «Радыё Свабода»

Алег Груздзіловіч, карэспандэнт «Радыё Свабода»

«Адпомсцiлi за ўсе гады працы»

Read this story in English
Журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча першы раз затрымалі 16 ліпеня 2021 года падчас масавых вобшукаў у незалежных журналістаў у Мінску і іншых гарадах Беларусі. У кватэры правялі ператрус, забралі тэхніку, яго самога арыштавалі. Але праз 10 дзён вызвалілі, пакінуўшы падазраваным у справе.

Людзі ў масках забралі Груздзіловіча з дому ў Мінску 23 снежня 2021 года. Алегу змянілі меру стрымання і ўзялі пад варту. Праз пяць дзён высветлілася, што яму ставяць у віну ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, калі яго як журналіста ўжо пазбавіла акрэдытацыі МЗС Беларусі.

У сакавіку 2022 года Груздзіловіча пакаралі 1,5 гадамі зняволення ў калоніі. Журналіст-палітвязень знаходзіўся ў магілёўскай калоніі № 15. На пачатку ліпеня 2022 «Мінсктранс» выставіў Алегу тры грамадзянскія пазовы – за спыненне транспарту падчас акцый улетку і ўвосень 2020 года на агульную суму больш за 56 тысяч рублёў.

21 верасня 2022 года стала вядома, што Алег Груздзіловіч разам з жонкай Мар’янай знаходзяцца ў Вільні. Ён расказаў сваім калегам з «Радыё Свабода», што напісаў прашэнне аб памілаванні, але віну не прызнаў. Умовай яго вызвалення быў адʼезд з краіны, але Алег паставіў сваю ўмову, што зʼедзе разам з жонкай. Таксама Груздзіловіч дадаў: «І толькі аргументы, што мая адмова можа прывесці да таго, што іншыя мае калегі не выйдуць, пераканалі мяне. І другі аргумент, што затрыманне можа ператварыцца з паўтара года ў большы тэрмін. Гэта падзейнічала, і я ўсё ж прыняў рашэнне пагадзіцца і зʼехаць».

4 лістапада 2022-га Міністэрства ўнутраных спраў унесла журналіста ў спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

Гісторыю Алега Груздзіловіча распавядаюць сябры, калегі і жонка.

«Алег як журналіст — бясстрашны»

Аляксандр Лукашук
Аляксандр Лукашуккіраўнік беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода»

Алег Груздзіловіч у канцы 1980-х – на пачатку 1990-х працаваў у газеце «Знамя юности». Мы былі знаёмыя асабіста, таму што ўсе, хто тады працаваў у розных газетах у «Доме друку», звычайна хаця б раз на тыдзень збіраліся і гулялі ў футбол. Ён быў выдатны футбаліст, вельмі спартовы чалавек, вельмі моцны, актыўны і дасціпны.

Але сапраўднае знаёмства з Алегам адбылося пад час камуністычнага путчу восенню 1991 года. Менавіта тады газета «Знамя юности», дзе ён быў адказным сакратаром, адмовілася друкаваць заяву ГКЧП. Гэта быў адважны палітычны крок. Ён быў разам Аляксандрам Класкоўскім, Алесем Ліпаем, якія занялі такую пазіцыю. З гэтага моманту ягоны партрэт палітычны і чалавечы ў маёй свядомасці цалкам склаўся.

Алег Грудзіловіч на працы, 1996 год

«Алег ішоў у самы гушчар падзеяў»

Па-першае, ён як журналіст – бясстрашны ў прафесійным сэнсе. Ягоная дзялка – праваахоўная сістэма, суды, міліцыя, КДБ, і калі ягоным заданнем было займацца гэтай тэмай, то ён ішоў у самы гушчар падзеяў. Я памятаю відэакадры, калі на акцыях маўклівага пратэсту (дэцэнтралізаваныя акцыі 2011 года, калі ўдзельнікі выходзілі на цэнтральныя плошчы гарадоў. – Прым.) ён падыходзіць да міліцыянера, задае яму пытанне, на яго адразу накідваюцца людзі ў цывільным са страявой выпраўкай. Яны яго валакуць проста падняўшчы ў паветра. А Алег паўтарае ім адну фразу: «Я – журналіст. Я выконваю рэдакцыйнае заданне. Я – журналіст».

Гэта была моцная сцэна.

Яшчэ адна рыса, на якую я звярнуў увагу: ён ішоў да канца ў справе вывучэння матэрыялаў. Мы прызначылі яго галоўным рэпарцёрам у справе выбуху ў мінскім метро. Першай часткай яго працы былі рэпартажы, другой – судовы працэс.

Суд быў адкрыты, і гэта дазволіла быць на ім журналістам. Там прысутнічалі дзясяткі журналістаў, і толькі адзін з іх напісаў кнігу «Хто ўзарваў мінскае метро». Яна пачалася як штодзённыя рэпартажы з суду, але ўключыла ў сябе нашмат больш: размовы з экспертамі з розных краінаў, з Еўропы, з Расіі, са спецыялістамі ў барацьбе з тэрарызмам, з псіхолагамі, са знаёмымі і сябрамі двух абвінавачаных, вельмі ўважлівым выслухоўваннем сведак, з афіцыйным пунктам гледжання.

Гэта была шматбаковая, прафесійна правільная па самым нармальным сучасным заходнім стандартам дакументальнага расследвання зробленая праца. Звярніце ўвагу на назву, ён не сцвярджае, ён дае вельмі журналісцкую назву: «Хто ўзарваў мінскае метро». Уся кніга, увесь досвед ідзе на гэтую тэму. Чаму, здавалася б, адкрыты суд? Вось сведкі гавораць… А ўсё роўна ў гэтай краіне суд не з’яўляецца спосабам пошуку праўды. А журналістыка для Алега такім спосабам з’яўляецца.

Алег Грудзіловіч

«За кратамі, бо журналісты»

Ён трошачкі старэйшы за сярэдні ўзрост нашай рэдакцыі. Але ягоная лёгкасць у зносінах, вялікі досвед, павага да калег заўсёды стварала ўражанне мяккага і паважанага чалавека. Калі мы ўведалі пра яго хобі: стварэнне мадэляў караблёў, праца над рэстаўрацыяй старых мадэляў – яна вельмі прыдалася.

Пасля смерці легендарнага слухача «Свабоды», савецкага палітвязня (быў арыштаваны за спробу падараваць глушылкі ў Мінску) спадара Хаджанкова сям’я перадала нам вялікі прымач «Мінск-55». На ім ён калісьці слухаў Радыё «Свабоду» ў канцы 50-х – пачатку 60-х. Гэты прымач я бачыў у яго кватэры, ён быў ужо цалкам дабіты. Алег узяў прымач дадому і адрэстаўраваў з такой любоўю, што той стаў выглядаць лепш за новы.

Мы паставілі прымач на ганаровае месца ў нашым бюро як напамін пра нашую аўдыторыю, пра нашых слухачоў, тое як да іх трэба ставіцца, з якой памяццю, павагай і пашанай. Гэта было зроблена рукамі Алега. Пасля таго, як наша бюро было разгромлена міліцыяй, нам удалося ўратаваць гэты прымач.

А чаму супраць яго пачалі справу? Увесь спіс журналістаў, супрацоўнікаў беларускіх медыяў, якія знаходзяцца за кратамі, у нас на сайце выстаўлены пад адной рубрыкай. Яна называецца «За кратамі, бо журналісты». Гэта і кароткі, і поўны адказ на гэтае пытанне.

Алег, мы табой ганарымся, ніколі не забываемся ні на цябе, ні на тваю сям’ю. Усе твае калегі і сябры заўсёды з табой ўвесь гэты час. Ты нам дапамагаеш працаваць.

Аўтапартрэт з няволі

«Падчас танцу ён сказаў, што ягоныя пачуцці сур’ёзныя»

Мар'яна Груздзіловіч
Мар'яна Груздзіловічжонка

Мы былыя аднакласнікі. Я нарадзілася ў Расіі і пяць з дзесяці класаў школы скончыла там. З шостага класа мы пераехалі ў Брэст, у Беларусь. Паколькі ў Расіі я хадзіла ў спецшколу па ангельскай мове, і тут мяне маці адправіла ў такую ж: яна была новабудоўлей, з басейнам, па тых часах вельмі крутая.

Я тады звяртала ўвагу на розныя нязвыклыя для мяне беларускія прозвішчы. І вось кажуць адзін раз: «Груздзіловіч», – выходзіць адзін да дошкі, другі раз: «Груздзіловіч», – і іншы. Потым я разабралася, што аказваецца, я вучуся ў класе з братамі-двайнятамі. Гэта былі Алег і ягоны брат Сяргей.

У 9 класе ён мне пачаў падабацца, але я віду не паказвала. Пасля мы высветлілі, што ў дзясятым класе і я яму падабалася, але і ён нічога не казаў. Выпускны ў нас быў 25 чэрвеня, як і па ўсім Савецкім саюзе, а ў Брэсце была традыцыя напярэдадні, 24-га, ладзіць гулянні для выпускнікоў у брэсцкім цэнтральным парку.

Кожнаму выпускніку выдавалі кантрамарку, з якой можна было пакатацца на розных атракцыёнах, адрываючы чатыры вугалка кантрамаркі. Усе, канечне, выкарыстоўвалі тры вугалкі на розныя арэлі-каруселі, а чацвёрты пакідалі на вячэрнюю танцпляцоўку, якую тады чамусьці называлі «пляц».

Спачатку мы класам пайшлі на арэлі «лодачкі», сталі там у чаргу. Я заўважыла, што, згодна чарзе, я пападаю ў пару на арэлі з братам Алега, а сам Алег стаяў на адлегласьці і глядзеў у іншы бок на аўтадром. Я тут жа «змікіціла» гэта і за долі секунды зрабіла, можа, самыя важныя крокі ў сваім жыцці: набралася адвагі і падышла сама да Алега і як мага больш нязмушчаным тонам сказала: «Алежка, а давай з ТАБОЙ разам пойдзем на «лодачкі!»» Ён павярнуўся і сказаў:«Давай!»

І так мы з ім і пайшлі на тую «лодачку». Нам так спадабаліся тыя першыя пяць хвілін, што мы вырашылі выкарыстаць на гэты атракцыён яшчэ адзін вугалок кантрамаркі. Тым часам ўсе аднаклясьнікі пайшлі на іншыя атракцыёны. Так мы ўпершыню аддзяліліся ад класа і потым ужо паўсюль хадзілі ззаду, узяўшыся за рукі. Ну, а ўвечары, канечне, танчылі «медлякі» на «пляцы». А пасля парку, калі пайшлі ўсім класам гуляць па горадзе, то мы ішлі ззаду, і пачаліся нашы першыя «пацалункі».

На наступны дзень быў выпускны, я вельмі хвалявалася, ці сур’ёзна Алег настроены на нашыя стасункі, ці то было толькі на ўчора. Хвалявалася, але загучаў першы павольны танец, і ніхто яшчэ не пачаў танчыць, а Алежка першы прайшоў залю па дыяганалі і навідавоку запрасіў мяне на танец. Падчас танцу ён сказаў, што ягоныя пачуцці сур’ёзныя. Я была шчаслівай. Так і пачалося наша каханне.

«У 25 год у нас было ўжо трое дзяцей»

Алег паступіў на журфак БДУ адразу пасьля школы, а я на наступны год паступіла ў мінскі інстытут замежных моваў (цяпер МДЛУ). У лістападзе 1979 года мы ажаніліся. Калі я была на чацвёртым курсе, а Алег на пятым, мы захацелі дзіцятка. У кастрычніку 1981, у пачатку майго пятага курса, у нас нарадзіўся наш першы сын. Алег тады ўжо працаваў у газеце «Інтэграл».

«Акадэмку» я не брала, Алежка вельмі дапамагаў. Калі здала дзяржіспыты, разумела, што цяжарная ўжо другім дзіцяткам. І ў лютым 1983 у нас нарадзіўся другі сын, а ў верасні 1984 трэці сын. Такім чынам, у 25 год у нас было ўжо трое дзяцей.

Алег быў вельмі добрым бацькам, і дзеці, калі падраслі, заўсёды вельмі чакалі яго з працы. Ён тады працаваў у газеце «Знамя юности» адказным рэдактарам і прыходзіў дадому ў 20-21 гадзіну ўвечары. І, калі ён прыходзіў, дзеці крычалі ў прыхожай: «Тата! Тата прыйшоў!»

«Уступайце ў Народны фронт!»

У пачатку 90-х мы палітызаваліся. Я далёкая была ад гэтага ўсяго. Я памятаю з’явіўся Зянон Пазняк з Беларускім народным фронтам. У Серабранцы быў вялікі мітынг, і я ўпершыню ўбачыла бел-чырвона-белыя сцягі, а Алежка ўжо ведаў гэта ўсё. Памятаю, як мы з трыма дзецьмі пайшлі на той мітынг.

У той час у нас быў папугайчык, і я нават навучыла яго казаць: «Далоў бюракратаў! Уступайце ў Народны фронт!»

Алежка тады быў парламенцкім карэспандэнтам. У той час былі выбары прэзідэнта Беларусі 1994 года, і па тэлебачанню нават паказвалі дэбаты кандыдатаў. Я ўпершыню зацікавілася палітыкай. Алег мне тлумачыў, што трэба галасаваць за Пазняка. З таго часу мы з Алегам сталі аднадумцамі.

Я магу сказаць пра Алега проста як чалавек, як настаўніца, што больш прыстойнага чалавека, чым ён, я ў сваім жыцці ніколі не сустракала. Паколькі я чалавек эмацыйны, то магу часам нервавацца. Але, калі мяне хтосьці альбо штосьці не задавальняе, ён стараецца мне ўсё растлумачыць, мяне супакоіць і ўсіх абараніць. Хаця даволі часта ён са мной згодны і, па вялікаму рахунку, разумее, што я маю рацыю.

Напэўна, гэта таму, што я напалову ўкраінка (напалову расіянка), а ён тыпічны добры талерантны беларус. Алег таксама вельмі харызматычны і, калі трэба, мае свой стрыжань. Я яго за гэта вельмі паважаю. А ён кажа, што яму падабаецца мая эмацыйнасьць – кажа: «Мне з табой цікава і не сумна жыць».

«Журналістыка для яго – гэта жыццё»

Журналістыка адыгрывае самую галоўную ролю ў жыцці Алега. Ён усё жыццё працуе журналістам.

Алег пачынаў у газетах «Знамя юности», «Народная воля», «Свабода» Ігара Герменчука. Пасля ўжо яго Жанна Літвіна запрасіла на беларускае «Радыё Свабода». Там ён працуе ужо 30 гадоў. На «Радыё Свабода» Алег лічыць калектыў сям’ёй. І яго там паважаюць. Журналістыка для яго – гэта жыццё. У яго была ніша – палітвязні, размовы са сваякамі, ён шмат працаваў у судах, вельмі адказна рабіў гэтыя матэрыялы, а калі былі нейкія рэдкія памылкі, моцна перажываў і выбачаўся перад сваякамі.

Ён даволі сціплы чалавек, ніколі не кажа пра свае заслугі. Ён напісаў кнігу «Хто ўзарваў менскае метро». Каб быць у тэме і напісаць больш праўдзіва, ён сядзеў на ўсіх пасяджэннях па справе двух абвінавачаных хлопцаў. А каб лепш зразумець характар і матывы асноўнага абвінавачанага, нават ездзіў у Віцебск у дом, дзе той жыў, пагаварыў з суседзямі і нават наведаў падвал, дзе хлопец зрабіў сваю бомбу.

Алег у сваёй журналісцкай працы заўсёды да ўсяго ставіцца вельмі адказна і ніколі не дапускае хлусні альбо крыўдных для людзей слоў і фраз. Ён заўсёды вельмі тактычны – сапраўдны прафесіянал.

«За ўсё жыццё не пісалі столькі лістоў»

Алег з-за кратаў піша практычна штодня. Раней ён кожны ліст клаў у канверт і дасылаў. Але потым змяніў тактыку ў мэтах эканоміі канвертаў. Піша штодня, але кладзе у адзін канверт лісты адразу за некалькі дзён.

Мы абодва вельмі рады, што і ягоныя лісты, і мае лісты даходзяць адзін да аднаго. Тое ж самае і з лістамі сынам (ад сыноў) і ўнукам (ад унукаў). За ўвесь перыяд, што ён за кратамі, не дайшло да яго альбо да мяне ўсяго па некалькі канвертаў. Я вельмі ўдзячная тым, хто за гэтым сачыць.

Але і мы навучыліся пісаць лісты. Магу сказаць, што ў такіх умовах гэта трэба умець. Думка працуе ўвесь час, як і што напісаць, каб і інфармацыю данесці, і каб ліст прапусцілі. Ні я, ні Алег за ўсё жыццё не пісалі столькі лістоў, і магу сказаць, што напісанне лістоў, ды яшчэ і «такіх», вельмі развівае. Пра сябе магу сказаць, што я вельмі моцна палепшыла сваю беларускую мову, бо пішу цяпер не толькі лісты, а і ўсё, і размаўляю толькі па-беларуску. Як кажуць, няма ліха без дабра.

За перыяд, пакуль Алег знаходзіўся ў СІЗА (тры месяцы на Валадарке і два месяцы ў турме № 4 у Магілёве), у нас адбылося пяць спатканняў. А магло б быць толькі два – пасля двух судоў – асноўнага і апеляцыйнага. Мне ўдалося дабіцца яшчэ трох спатканняў, чаму мы былі вельмі радыя.

Асабліва я ўсцешаная за адно спатканне, якога я дабілася ў гарадскім судзе, дзе па маёй настойлівай просьбе дазволілі сустрэчу са мной, сынам і трыма ўнукамі. Алег ведаў, што будзе спатканне, але думаў, што толькі са мной. А калі з-пад стала выскачылі трое ўнукаў і тварам да яго павярнуўся сын, вось гэта быў сапраўдны сюрпрыз!

З 27 траўня Алег знаходзіцца ў калоніі ў Магілёве. Мы радыя, што ён мае магчымасць тэлефанаваць згодна графіку атрада. Кожны раз гэтыя тры-чатыры хвіліны пралятаюць вельмі хутка, але мы шчаслівыя, што пачулі голас адзін аднаго і змаглі штосьці абмеркаваць альбо распавесці.

Лісты ад Алега Груздзіловіча, ён малюе родных людзей.

«Маўляў, радуйся, яму ж не так шмат далі»

Мне некаторыя пытаюць, чаго я так перажываю, што маўляў Алегу не так шмат далі (іншым на шмат больш даюць). Але такія словы мяне не суцяшаюць, наадварот, крыўдзяць. Я, канечне, перажываю за ўсіх без віны асуджаных і вельмі спачуваю ім, але для нас з Алегам гэта цэлая вечнасць! Мы за ўсё жыццё ніколі надоўга не раставаліся. А зараз у сталым узросце вымушаныя пакутаваць, быць так доўга паасобку, губляць здароўе, не бачыць сваякоў – і ўсё тое, не зрабіўшы нічога дрэннага альбо супрацьпраўнага. Таму ніколі нельга так казаць сваякам, чыя родныя знаходзяцца за кратамі – маўляў, радуйся, яму ж не так шмат далі. Чаму тут радавацца? Мы з Алегам вельмі сумуем адзін па аднаму і вельмі-вельмі чакаем нашай сустрэчы на волі!

Мне з ім у жыцці вельмі пашанцавала. За гэта я вельмі ўдзячная лёсу. Я вельмі даражу гэтым чалавекам, бо Алег вельмі прыстойны чалавек і сапраўдны грамадзянін краіны!

«Алег адзін з першых кінуў дзяржаўную прэсу»

Інеса Студзінская
Інеса Студзінскаяжурналіст «Радыё Свабода»

Я чула пра Алега, яшчэ калі вучылася. Я на пару курсаў старэйшая, але яны былі невялікія, так што ўсе ўсіх ведалі. Потым мяне вельмі ўразіла, бо мае калегі з «Беларускай маладзёжнай» ездзілі ў Спітак… ў 1988 годзе адбыўся землятрус у Спітаку, у Арменіі. І туды паехала вялікая група беларускіх журналістаў (жанчын не бралі, а мы хацелі).

Гэта было вельмі вялікае выпрабаванне. Там практычна ўвесь горад быў разбураны, яны працавалі не толькі як журналісты, але дапамагалі разбіраць завалы. Алег быў у групе гэтых журналістаў у Спітаку. Потым я чытала вельмі шмат ягоных матэрыялаў у «Знамени юности». Раней жа ўсе чыталі газеты, ідзеш на працу, а табе ў скрыню ледзь улазяць газеты.

Аднойчы я па сваіх справах шукала, што пісалі пра першыя маршы на Курапаты, пра такія падзеі. Даўно гэта было, пераязджала «Ленінка» — Нацыянальная бібліятэка ў новы будынак, і я сядзела ў акадэмічнай бібліятэцы, там была зручная газетная зала. Я проста завісла на матэрыялах калег. 1988-1989 гады. Было цікава, што пісалі і як пісалі. І зноў са слязамі на вачах перачытала гэтыя рэпартажы Алега са Спітака, бо вельмі кранальныя яны былі.

І мяне вельмі зачапіла такое «перабудовачнае» інтэрв’ю Алега з цяпер ужо народным артыстам Віктарам Манаевым, тады ён толькі-толькі пачынаў. Размова была вострая, прама агонь. Я парадавалася, як чалавек-профі знаходзіў добрыя пытанні. Класнае інтэрв’ю Алег рабіў.

Потым ён адзін з першых кінуў дзяржаўную прэсу і перайшоў у газету «Свабода» да Ігара Гермянчука. Гэта было вельмі крута, пачэсна. І газета была класная, і Алег тады развітаўся з больш-менш цёплым мястэчкам у «Знамени юности», у дзяржаўнай прэсе, і адзін з першых і сышоў у незалежную журналістыку.

Сям’я Груздзіловічаў

«Уражваюць адносіны ў сям’і: трапятко, далікатна, прыгожа»

Вельмі мяне ўражваюць ягоныя адносіны ў сям’і. У іх настолькі пяшчотныя адносіны з жонкай, гэта школьнае каханне, рана ажаніліся, трое сыноў. Ён яе заўсёды кліча «мамусік». Калі ён працуе, то не любіць, каб нехта адцягваў увагу. Мы ў рэдакцыі гаворым, ён кажа: «цішэй». А з жонкай не мог так сказаць. Ён так далікатна спрабуе патлумачыць: «Мамусік, мне трэба працаваць».

Настолькі не раздражнёна, як бы ён не быў заняты. Настолькі трапятко, далікатна, прыгожа. Унукі яму тэлефануюць, і з такім замілаваннем з імі размаўляе. Настолькі пяшчотнае ў іх чалавечае стаўленне. Жонка Марыяна сённяшнюю сітуацыю перажывае страшэнна, сэрца абліваецца крывёю.

Вельмі мужна ён сядзеў за акцыю пратэсту. Яму ў віну ставілі, што ён не быў акрэдытаваны, хаця ў яго было пасведчанне «Народнай волі». Я пісала яму лісты, а ён сядзеў у Баранавічах. Апісваў страшэнную, пачатку стагоддзя турму, сукамернікаў. Ясна, што ўмовы былі жудасныя. Але ўсё гэта з гумарам. Вельмі-вельмі мужна выпрабаванні ў цяжкіх умовах перажыў.

Двума рэчамі ён вельмі захапляецца. Гісторыяй — ён у такую глыбіню палезе, ён такі адукаваны і ведае гісторыю, проста клас. А яшчэ Алег скупляў запчасткі ў «Саюздруку» і ствараў вялізныя караблі. Не ведаю, колькі там тысячаў дэталяў дробных, маленечкіх. Ён іх збіраў па некалькіх гадоў. Усё ідэальна склеена, падагнана – такая ювелірная праца. Не ведаю, колькі трэба мець цярпення. Ён потым прыносіў гэты карабель у рэдакцыю, сваё віно з вінаграду з лецішча, і мы адзначалі.

Ён вельмі ўпарты. Калі капае, будзе капаць да канца. Калі супрацоўнічалі чыноўнікі, ён іх даставаў сваімі званкамі, умеў дакапацца да сутнасці. У добрым сэнсе прыставучы. З ім цяжка было спрачацца, бо ён эмацыйна даказваў свой пункт гледжання.

Хобі Алега Грудзіловіча патрабуе цярплівасці і майстэрства

«Алегу адпомсцілі за ўсе гады працы»

Мы з ім «падзельнікі». Да нас, да чацвярых, прыйшлі ў ліпені 2021 года: да мяне, Алеся Дашчынскага, Алега Груздзіловіча і Валянціна Жданка. Жданка не было ў хаце, а нас усіх забралі. Па дзесяць сутак мы адсядзелі, потым нас выпусцілі, Груздзіловіча літаральна на паўгадзіны пазней за мяне.

Усё было ціха. Ніводнага допыту, нічога не было. Мы засталіся падазраванымі. Я сама згараю з цікаўнасці, за што нас узялі і што інкрымінуюць. Не скажу, каб мы часта размаўлялі, але быў як раз дзень, 23 снежня, пад вечар. У гэты вечар «Свабоду» адну з апошніх прызналі экстрымісцкай, справу Андрэя Кузнечыка перавялі ў крымінальную.

Я тэлефаную Алегу роўна ў 17.00. «Прывітанне, як справы? Як табе навіны?» Мы размаўляем хвіліну, і я чую грохат, мужчынскія галасы. Алег кажа: «А што адбываецца? А хто вы?» І сувязь абрываецца. На маіх вушах яго завінцілі. Я проста сяджу пяць хвілінаў на канапе, пасля ўзяла рукзачок і ціхенька-ціхенька пайшла і больш у хаце сваёй не была.

Мы прыйшлі суб’ектыўна да такой высновы, што адпомсцілі яму за ўсе гады працы. І Радыё «Свабоды», і яго асабіста, бо ён вёў рэпартажы з судоў, з акцыяў. Мы спадзяваліся хоць на «хімію», ведалі, што так не пакінуць. Ну не было за што. Ён працаваў, калі мы былі акрэдытаваныя, цалкам законна.

«Адзін з самых адважных журналістаў у асвятленні падзеяў 2020 года»

Валер Каліноўскі
Валер Каліноўскіжурналіст «Радыё Свабода»

Алег Груздзіловіч – гэта ветэран «Радыё Свабода». Ён прыйшоў працаваць у 1990-х, раней за мяне. Ведаў я яго і раней, калі ён быў адказным сакратаром «Знамени юности», вельмі папулярнай газеты часоў перабудовы і адраджэння Беларусі. Ён быў адным з тых, хто не захацеў друкаваць знакаміты ў той час рэакцыйны артыкул «Пена на волне перестройки», які давалі прымусам ва ўсе СМІ.

Пачаў працаваць на «Радыё Свабода» як судовы рэпарцёр. За ім былі суды, рэспрэсіі, пераслед, апазіцыйныя акцыі, палітвязні. Пра гэта ён ведаў хіба найбольш за іншых нашых калегаў. Разам з ім і калегамі мы рабілі праект «Адзін дзень палітвязня». Мы, канечне, не чакалі, што Алегу давядзецца тое, што ён апісваў, пераправяраць у турмах на ўласнай скуры. Алег шмат рабіў выдатных рэпартажаў, звязаных з акцыямі. Нейкі час ён быў захоплены відэарэпартажамі, зрабіў нават відэа з аўтазака.

Ён аўтар унікальнай кнігі «Хто ўзарваў менскае метро». Кніга была адной з самых папулярных у серыі «Бібліятэка Свабоды». Ягоны ўнёсак у беларускую дакументалістыку вельмі важны.

Мне давялося з ім працаваць. Гэта было прыемна і камфортна, бо ён прыслухоўвася да парадаў, ветліва з усімі абыходзіўся ў калектыве, прыносіў пазітыўную хвалю.

У яго добрая сям’я, шмат дзяцей і ўнукаў. Мае цікавыя захапленні, якімі ён дзяліўся і з калектывам. Жонка Марыяна заўсёды яго падтрымлівала, яна такіх жа дэмакратычных перакананняў. Яна пацярпела за свае перакананні, яе звольнілі з універсітэта, дзе яна выкладала англійскую мову. Зараз яна максімальна падтрымлівае Алега ў цяжкіх выпрабаваннях. Сыны – годныя людзі, ён выхаваў іх на такіх жа дэмакратычных, нацыянальных прынцыпах, якіх прытрымліваецца.

Складаная праца журналіста ў 2020

«Церпіць за свабоду, за Беларусь, за справядлівасць»

Алег працаваў у 2020 годзе на ўсіх плошчах, пакуль меў акрэдытацыю. Ён быў у самых вострых момантах і сітуацыях. Калі гучалі выбухі, гранаты, а ён вёў рэпартаж, перадаваў па тэлефоне, што здаралася, не хаваючыся, з перадавой. Ён вёў відэастрымы, калі мы маглі гэта рабіць. Быў затрыманы на адным са стрымаў. Магу сказаць, што ён быў адзін з самых паспяховых і адважных журналістаў у асвятленні падзей 2020 года.

Ён быў арыштаваны і адбыў 15 сутак у баранавічскім ізалятары. Цяжка гэта яму далося. Перахварэў там на каранавірус, ляжаў днямі ў турме, не атрымліваў патрэбнага лячэння і вельмі замучаным, стомленым вярнуўся.

Калі нас пазбавілі акрэдытацыі, усё роўна працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай волі». Легальна. Ішоў на гэтыя маршы і іх асвятляў. І гэта стала пазней падставай для завядзення крымінальнай справы супраць Алега і іншых нашых калег.

На акцыях ён быў як журналіст, пакаралі фактычна за журналісцкую працу. Гэта абсалютна надуманая справа, а вырак – несправядлівы і палітычна матываваны. Алег выдатна сказаў у апошнім слове пра ўдушэнне свабоды слова ў Беларусі.

Тое, што ён мае ўсведамленне таго, што церпіць за справядлівасць, за свабоду, за Беларусь – гэта яму дапамагае перажыць выпрабаванні. Паводле лістоў, ён нармальна трымаецца з разуменнем, маральна не зломлены.

Пры нагодзе я перадаю праз жонку словы падтрымкі. А каб сустрэў, то сказаў бы, што ён малайчына.

Алег, ты годна трымаешся, ты церпіш за справядлівасць. Твае ахвяры не будуць марнымі, гэты рэжым у рэшце знікне, несправядлівасць будзе пакараная. А ты беражы сябе, беражы здароўе, бо ты будзеш яшчэ ўдзельнікам тых пазітыўных падзеяў пасля зменаў.

Урывак з апошняга слова Алега Груздзіловіча ў судзе (люты 2022 года)

«Калі падсумаваць тое, што я назіраю зараз, што адбываецца са мной, што адбываецца з іншымі людзьмі (а я на Валадарцы сустракаю шмат калег — журналістаў „Нашай Нівы“, „Нашай гісторыі“, Tut.by, „БелаПАН“, я там бачыў вядомых сацыёлагаў, філосафа Мацкевіча і іншых…), то гэта дазваляе мне зрабіць наступную выснову. Ідзе змаганне не проста са свабодай слова, а ідзе змаганне са свабодай думкі. З магчымасцю людзей думаць свабодна і выказваць свае думкі і погляды. Я з гэтым цалкам не згодны!»

Лiст

Падзяліцца:

Фота ў матэрыяле: асабістыя архівы герояў, RFE/RL

Тытульнае фота: RFE/RL

7 верасня 2022 года

Условия перепечатки

Мы разрешаем полную или частичную перепечатку наших материалов.

Обязательна активная прямая гиперссылка на страницу-оригинал публикации. Эта ссылка должна размещаться в начале перепечатанного материала, в лиде или первом абзаце.

При перепечатке, полной либо частичной, запрещены любые изменения текстов, заголовков, фотографий (если они авторские).

При перепечатке материалов проекта «Пресса под прессом» мы просим указать, что этот материал взят из проекта Press Club Belarus «Пресса под прессом», где мы собираем свидетельства репрессий против независимых медиа и журналистов в Беларуси.

Press Club BelarusПрэса пад прэсамАлег Груздзіловіч, карэспандэнт «Радыё Свабода»

Хроника событий 2020–2023

То, что происходит с беларусскими медиа и журналистами с 9 августа 2020 года и по настоящее время – беспрецедентный кейс по уничтожению независимой журналистики в целой стране, в центре Европы, в XXI веке

Хроника событий 2020–2023 Читать
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць