Анджэй Пачобут: хто ён для палякаў і чаму чакалі яго вызвалення

Анджэй Пачобут: хто ён для палякаў і чаму чакалі яго вызвалення

28 красавіка 2026 Анджэй Пачобут быў вызвалены і вывезены ў Польшчу. Чаму Польшча так упарта дабівалася яго вызвалення і кім ён з’яўляецца для палякаў — пра гэта пагаварылі з Ганнай Кетлінскай – польскай грамадскай актывісткай і старшынёй Падляшскага аддзялення Асацыяцыі «Польская супольнасць» і былым дэпутатам польскага Сейма і абаронцам правоў палякаў Роберт Тышкевіч. 

Пра Анджэя Пачобута: мы самі выбіраем, як будзем жыць у гэтыя часы

Ганна Кетлінская:  Я ведаю Анджэя больш за 20 гадоў. Беласток знаходзіцца усяго ў 80 км ад роднага горада Анджэя – Гродна, і натуральна, што я туды ездзіла і ведала тых, хто быў актыўна ўцягнуты ў дзейнасць на карысць польскай меншасці. Першыя крокі па Гродне я рабіла ў кампаніі Анджэя, ён мяне вадзіў, апавядаў, і ён шмат зрабіў для аднаўлення памяці пра падзеі ваенных і пасляваенных гадоў.

Анджэй неаднаразова выступаў супраць знішчэння польскай мовы ў польскай школе ў Гродне і ў Ваўкавыску, змагаўся за дзіцячы садок на польскай мове. Гэта стварыла такі вобраз чалавека, які з’яўляецца натуральным лідарам, мае павагу сярод палякаў, бо паслядоўна верны сваім перакананням, што польская меншасць на Беларусі мае правы, і трэба іх абараняць і за іх змагацца.

Роберт Тышкевіч: Я ведаю Анджэя з 2005 года, гэта значыць 20 гадоў. Мы сустрэліся ў Гродне, калі ішлі пратэсты Саюза палякаў на Беларусі пасля яго дэлегалізацыі. Тады ў 2005 годзе рэжым дэлегалізаваў саюз, Польскі дом у Гродне быў акупаваны АМАПам і КДБ. Пад домам стаялі пратэстоўцы, і там ужо быў Анджэй. Там я пазнаёміўся з Анджэем.

Ну, а ўжо пасля 2020 года мы ўвайшлі ў зону татальнага тэрору. Так, гэта ўжо зусім новая гісторыя. І з таго часу я ведаў Анджэя як журналіста польскіх СМІ ў Беларусі.

Па-першае, Анджэй вельмі мудры чалавек. Я кажу не пра веды, не пра інтэлігентнасць, а пра мудрасць, пра глыбіню бачання спраў. І ён чалавек прынцыпаў, ён чалавек каштоўнасцей.

У адным з лістоў з турмы дадому ён напісаў сказ, які я ўсім цытую як яго жыццёвы дэвіз: «Мы не выбіраем часы, у якія нам суджана жыць, але выбіраем, як мы будзем жыць у гэтыя часы».

Гэта тое, пра што трэба сведчыць сваім жыццём, а не толькі прапаведаваць, не толькі пра гэта расказваць пра каштоўнасці. І нягледзячы ні на што, ён застаўся на гэтым шляху. І я хацеў бы моцна падкрэсліць, ніколі не быў палітыкам. Ён вельмі сачыў, каб не пераступіць гэтую мяжу ўваходжання ў свет палітыкі. Ніколі не ўдзельнічаў у выбарах. Адзіныя выбары, у якіх ён удзельнічаў, гэта ў Саюзе палякаў на Беларусі на чальца праўлення.

Анджэю было важна расказаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Хоць ён заўсёды быў цесна звязаны з польскім асяроддзем, у сваіх карэспандэнцыях шырока апісваў усю поўную сітуацыю ў Беларусі.

І Анджэй заўсёды лічыў, што не будзе свабоды для польскай меншасці ў Беларусі, калі не будзе свабоды для беларускага грамадства.

Што гэта частка той жа сістэмы, той жа барацьбы, і, як аказалася, меў поўную рацыю.

Пра прэмію Сахарова: гэта не толькі справа Беларусі

16-га снежня 2026 года ў Еўрапарламенце адбылося ўрачыстае ўручэнне прэміі Сахарава. Яе атрымаў Анджэй Пачобут і грузінская журналістка Мзія Амаглобелі. 

Ганна Кетлінская: Мне здаецца, што Прэмія Сахарава агучвае сітуацыю Анджэя. Але мы ўвесь час падкрэсліваем, што агучваецца таксама і сітуацыя іншых палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. Гэта ўзнагарода не з’яўляецца чыста сімвалічным жэстам.

Прэмія Сахарава — гэта выразны пасыл, што становішча незалежных журналістаў у Беларусі — гэта не толькі справа Беларусі, гэта пытанне свабоднага свету, які кіруецца дэмакратычнымі прынцыпамі.

Калі не будзе незалежных свабодных журналістаў, а тое, што яны пішуць, будзе падвяргацца цэнзуры —  мы не можам казаць пра дэмакратыю.

Мы ў Беластоку больш за пяць гадоў арганізуем акцыі салідарнасці з Анджэем і іншымі зняволенымі. Кожны месяц 25-га чысла мы сустракаемся: беларуская дыяспара, знаёмыя, сябры. І гэта такі жэст салідарнасці з увязненымі людзьмі. Нягледзячы на тое, што прайшло пяць гадоў, мы ўвесь час пра іх памятаем.

Галоўнае — не дапусціць, каб мы ўсе прызвычаіліся, што гэта норма, што журналісты за кратамі, а свет не крычыць, што Анджэй увязнены, і ніхто пра яго не пытаецца.

Таму той факт, што Прэмія Сахарава ёсць, і яна агучыла справу, і пра Анджэя пачулі ўсе жыхары Еўропы — гэта неверагодна важна для прарыву цішыні і маўчання.

І яшчэ важная рэч: Алесь Бяляцкі, калі быў вызвалены і апынуўся ў Вільні, сказаў, што Нобелеўская прэмія палегчыла яму жыццё ў беларускай турме. Ён не падвяргаўся фізічным рэпрэсіям, гэта быў такі ахоўны парасон, бо не ўсякая турма ўтрымлівае нобелеўскага лаўрэата.

Роберт Тышкевіч: Я лічу надзвычай важным тое, што ўсе асноўныя польскія палітычныя групы падтрымалі гэтую прапанову, што ёсць гэтая салідарнасць па-над падзеламі польскага палітычнага класа. Мы, як, напэўна, палітыкі ва ўсёй Еўропе, вельмі моцна палярызаваныя. Але ў гэтай справе я ведаю, што сумесна дзейнічалі Анджэй Халіцкі, Малгажата Госе, усе групоўкі, Роберт Бедрань з Левіцы, Renew Europe.

І я проста ўражаны салідарнасцю, бо  гэта не частая з’ява на польскай палітычнай сцэне.

Асоба Анджэя Пачобута, справа падтрымкі польскай меншасці і незалежных журналістаў, рэпрэсаваных у Беларусі — яна усіх аб’яднала.

Удалося выпрацаваць пагадненне па справе Анджэя ва ўсім Еўрапейскім парламенце, а значыць і на ўсёй еўрапейскай палітычнай сцэне. Гэта не проста жэст, гэта не здараецца часта і гэта выраз палітычнай волі.

Я лічу, што гэта добры прагноз, калі наогул гаворка ідзе пра палітыку Еўрапейскага Саюза ў дачыненні да Беларусі. Бо рашэнне аб прысуджэнні Прэміі Сахарава Анджэю Пачобуту — гэта таксама ўшанаванне ўсіх людзей, якія змагаюцца за Вольную Беларусь.

Гэта ўшанаванне ўсіх тых, хто застаецца ў беларускіх турмах і важны сігнал салідарнасці.

Польскае грамадства: ён з’яўляецца абсалютна сімвалічнай фігурай

Ганна Кетлінская: Беласток — сталіца Падляшша, такое асаблівае месца, дзе ва ўсіх  ёсць кантакты з Беларуссю: сямейныя, эканамічныя. І калі межы закрылі, першыя рэакцыі былі вельмі нечаканымі, таму што гэта ўскладняла жыццё. Але мы размаўлялі з людзьмі, якія прыходзілі на акцыі салідарнасці, размаўлялі і ў розных асяроддзях, і людзі прынялі гэта з разуменнем.

Гэта было цяжкае рашэнне, але мы таксама ведалі, што трэба ўжываць рознага кшталту абмежаванні, што трэба рэагаваць на тое, што адбываецца.

З’явілася вельмі выразная аргументацыя, што Польшча зацікаўлена ў вызваленні Анджэя Пачобута, і мы ставім пэўныя ўмовы.

Роберт Тышкевіч: У апошнія гады перад арыштам Анджэй працаваў для Gazety Wyborczej. Гэта самая вялікая інфармацыйная газета ў Польшчы, найбольш прэстыжная, вельмі аўтарытэтная, таму ён быў вельмі вядомы ў польскай грамадскай думцы, і свет польскай палітыкі вельмі добра яго ведаў.

Я думаю, што для ўсіх палякаў ён з’яўляецца абсалютна сімвалічнай фігурай праз гэтую непахісную барацьбу за правы польскай меншасці ў Беларусі. Адначасова ён таксама герой для беларусаў, таму што ён ніколі не прыняў польскага грамадзянства, ён па-ранейшаму з’яўляецца грамадзянінам Беларусі. Ён заўсёды падкрэслівае, што Беларусь — гэта яго месца на зямлі.

Анджэй напісаў такі тэкст, чаму я не пакіну Беларусь, і сказаў, што гэта яго зямля, а Гродзеншчына — наогул самае цудоўнае месца на свеце. І ён лічыць, што Беларусь заслугоўвае таго, каб быць нармальнай краінай, каб мець магчымасць нармальна развівацца, каб людзі там маглі нармальна жыць. І тое, што ён робіць — гэта як бы сімвал яго веры ў тое, што ў Беларусі павінна нарэшце адбыцца змена.

Прэс-клуб Беларусь

Анджэй Пачобут. Фота: sb.by
Падзяліцца:

Прэс-клуб Беларусь

28 красавіка 2026 года

Условия перепечатки

Мы разрешаем полную или частичную перепечатку наших материалов.

Обязательна активная прямая гиперссылка на страницу-оригинал публикации. Эта ссылка должна размещаться в начале перепечатанного материала, в лиде или первом абзаце.

При перепечатке, полной либо частичной, запрещены любые изменения текстов, заголовков, фотографий (если они авторские).

При перепечатке материалов проекта «Пресса под прессом» мы просим указать, что этот материал взят из проекта Press Club Belarus «Пресса под прессом», где мы собираем свидетельства репрессий против независимых медиа и журналистов в Беларуси.

Press Club BelarusПрэса пад прэсамАнджэй Пачобут: хто ён для палякаў і чаму чакалі яго вызвалення

Хроника событий 2020–2024

То, что происходит с беларусскими медиа и журналистами с 9 августа 2020 года и по настоящее время – беспрецедентный кейс по уничтожению независимой журналистики в целой стране, в центре Европы, в XXI веке

Хроника событий 2020–2024 Читать
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць