«Хочаце заставацца ў прафессіі – спыняйцеся. Вы не конь». Як журналістам захаваць сваё псіхічнае здароўе

Пра псіхічнае здароўе журналістаў размаўлялі падчас Lviv Media Forum. Як захаваць сябе і не сысці з прафесіі? Пачытайце пра вопыт украінскіх калег і калежанак, які вельмі падобны да беларускага – з працяглай працай без выходных, з поўнай самаадданасцю, праз траўмы і небяспеку.

«Хочаце заставацца ў прафессіі – спыняйцеся. Вы не конь». Як журналістам захаваць сваё псіхічнае здароўе
Фота: engin akyurt/Unsplash

Хто размаўляе: Дыяна Буцько, украінская журналістка і ваенная карэспандэнтка hromadske.ua, Гэвін Рыз, старшы дарадца па навучанню і інавацыям у Dart Center for Journalism and Trauma, Палін Мофрэ, мэнеджарка ўкраінскай праграмы «Рэпарцёры без межаў». Мадэратарка Зоя Красоўская, Lviv Media Forum.

Кратко

  • Стрэс-фактары ў журналісцкай працы
  • Як усе журналісты сталі ваеннымі
  • Пра эмоцыі і эмпатыю падчас працы
  • Пра падтрымку калег і адпачынак
  • Парады, як сябе падтрымаць
  • Чэкап і чэкаут перад і пасля выезду на рэпартаж/інтэрв’ю
  • Што можа зрабіць рэдакцыя для журналістаў

Стрэс-фактары ў журналісцкай працы

Дыяна Буцько:

– Усё змянілася цягам гэтых двух гадоў. Першы год я называю «адрэналінавай фазай». Шмат чаго адбывалася, у нас было адчуванне, што трэба рухацца, працягваць выпускаць матэрыялы, навіны, і мы былі цалкам адданыя гэтай працы. Мы бачылі мужнасць нашых вайсковых. Яны змагаліся, і мы думалі, што і мы мусім змагацца, працаваць без выхадных і выпускаць больш рэпартажаў.

Прыкладна праз год я пачала адчуваць, што я не магу працягваць працаваць у такім рытме.

Маім першым і найвялікшым эмацыйным выклікам было тое, што я не магла да купы сабраць і з’яднаць тыя два светы, у якіх мы жылі. На пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіне панаваў хаос. А потым я ўбачыла гэты падзел паміж франтавым і цывільным жыццём. Прыязджаеш з Аўдзееўкі, і бачыш тут людзей, якія п’юць каву. Гэта і маё жыццё, але неяк вельмі цяжка было гэта скласці ў галаве. Гэта было для мяне першым фактарам стрэсу.

Фота: Lviv Media Forum

А другі быў, калі міжнародная аўдыторыя пачала адварочвацца ад нас. Спачатку, вядома, усе сачылі за тым, што адбываецца ва Украіне. Але потым увага адцягваецца, а вы працягваеце рабіць рэпартажы, і часам узнікае адчуванне, што іх ніхто не чытае і не глядзіць. Усё яшчэ глядзяць, але не так многа, як на пачатку. Дык з якой мэтай я гэта раблю, калі гэта нікому не цікава, акрамя вайсковых, іх сем’яў і маёй маці? Навошта мне і далей рабіць навіны, штодзень будучы ў небяспецы?

Пасля першага году журналісты адчулі выгаранне. Праца на фронце – гэта ўжо стрэс, яшчэ ёсць іншыя стрэсы. Вельмі цяжка нешта планаваць.

Напрыклад, вы рыхтуеце рэпартаж, у вас ёсць героі, вы размаўляеце, усё плануеце. Але на фронце 90% часу нешта трапляецца, даводзіцца нешта мяняць. Увесь час так працаваць складана. Журналісцкая праца і без таго поўная стрэсу, а тут яшчэ вы нічога не можаце кантраляваць. І ўсё адно трэба рабіць навіны.

Як усе журналісты сталі ваеннымі

Палін Мофрэ:

– Украіна – гэта вельмі асаблівая тэрыторыя. Усяго за адзін дзень усе журналісты сталі ваеннымі карэспандэнтамі. Усім давялося прыстасоўвацца, перастрайвацца, каб распавядаць пра вайну, а таксама жыць у краіне ва ўмовах вайны, сутыкаючыся з небяспекай, з блэкаўтамі ў розных гарадах, робячы рэпартажы з лініі фронту, асвятляючы гуманітарны крызіс і гэтак далей.

Пасля лютага 2022 года мы неўзабаве ўбачылі: каб журналісты мелі магчымасць працягваць працаваць, вельмі патрэбна падтрымка іх псіхічнага здароўя. Бо журналісцкая праца ў цяжкіх умовах трывае тут не 1-2-3 тыдні, а цягам некалькіх месяцаў.

Мы зразумелі па журналістах, з якімі працуем, што некаторыя з іх, насамрэч, не былі гатовыя размаўляць з тымі, хто выжыў, хоць яны самі часам былі з тых, хто выжыў.

Фота: Lviv Media Forum

Праца па асвятленні абстрэлаў і смерцяў людзей моцна ўплывае на ўсіх, незалежна ад узросту і прафесійнага досведу. Не ўсе аказваюцца да гэтага гатовы.

Бывае так, што калі мы працуем з эмоцыямі, гэта можа быць больш стрэсава, чым калі мы думаем, што ўсё ў парадку.

Праз два гады мы заўважылі, што журналісты, якія пастаянна едуць на фронт, хочуць менш гаварыць пра ўплыў на сваё псіхічнае здароўе, каб мець магчымасць працягваць працаваць.

Пра эмоцыі і эмпатыю падчас працы

Гэвін Рыз:

– Мы думаем, кажучы пра псіхічнае здароўе журналіста, што мы маем на ўвазе паход да псіхолага – пасля таго, калі ўжо ўзнікла праблема, а не тое, што трэба ведаць пра тое, як дбаць пра свой псіхічны стан, што трэба ведаць, калі толькі збіраешся браць інтэрв’ю ў ахвяры катаванняў, або перад пераглядам жудасных відэа.

Як інтэрв’юіраваць былых ваеннапалонных. Правілы інтэрв’юіравання чалавека з траўмай  

Каб засярэдзіцца на інтэрв’ю з ахвярай катаванняў або выжыўшым пасля катаванняў, трэба падумаць пра гэты досвед, бо гэта ўплывае на узаемадзеянне з суразмоўцай. Калі мы хочам пачуць сапраўдныя гісторыі людзей, нам патрэбна эмпатыя, здольнасць разумець і бачыць з пазіцыі суразмоўцы.

Калі падчас інтэрв’ю мы «заходзім» у іншы досвед і ўяўляем іх жыццё, гэта вельмі цяжкая псіхалагічная нагрузка. Можна параўнаць з падняццем цяжкай вагі.

І вы можаце адчуваць і віну, і сорам. І таму вельмі важна турбавацца пра сябе і пра свой стан. Мы самі можам змагацца з рознымі пачуццямі, напрыклад, з’яўляецца адчуванне злосці кшталту: «Чаму я ўвогуле слухаю гэтыя скаргі? Вось чалавек скардзіцца на тое, што ў яго згубілася карова ці разбураны дом. А вось чалавек, які перажывае страту дзіцяці. І страта каровы ці дома – гэта ж не так важна, і чаму я павінен пра гэта слухаць? Як гэты чалавек смее размаўляць са мной пра такія рэчы, якія не маюць такога значэння».

Як размаўляць з ахвярамі і пацярпелымі ад ваенных злачынстваў. Дапаможнік для журналістаў

Відавочна, што чалавек, якога інтэрв’юіруеце, не ведае, што перад тым вы бралі інтэрв’ю ў чалавека, які страціў блізкага. І вы не разумееце, чаму той будынак такі важны. А магчыма, гэта дом, дзе чалавек жыў са сваім партнёрам, які загінуў праз вайну. І могуць быць якія заўгодна гісторыі пра тое, чаму дом і рэчы былі такімі эмацыйна значнымі для яго.

Мы працуем пад вялікім ціскам, мы ўсведамляем нашыя пачуцці, мы ведаем, што адбываецца, мы павінны абараняць нашу эмпатыю.

І адна з важных рэчаў для ўсіх тут, гэта тое, што я чуў, што ўсе маюць гэтае пачуццё віны. Мы ўсе адчуваем бездапаможнасць перад абліччам гэтай жорсткай расійскай агрэсіі.

Я не ўкраінец. Я брытанец, але я таксама адчуваю, што павінен зрабіць што-небудзь, каб прадухіліць гвалт. І я не ведаю, чым дапамагчы. Таму мы маем увесь спектр складаных пачуццяў: пачуццё віны, сораму. Але мы мусім працягваць працаваць.

І часам мы думаем, што лепшы спосаб справіцца з гэтым – проста зрабіць выгляд, што мы нічога не адчуваем, і як бы загнаць гэтыя пачуцці ў падполле, што не заўжды дрэнна. Ваша аўдыторыя перасычана негатыўнымі навінамі і прыгнечана, і часам хоча пераключыцца.

Фота: Lviv Media Forum

Вы бераце на сябе так многа інфармацыі пра пакуты іншых людзей, што вам трэба падумаць, як падбаць пра сябе, каб даваць рады сваім выклікам.

Турбота пра сябе – гэта індывідуальная рэч. Ніхто не павінен даваць вам дазвол на тое, каб вы маглі аднавіць сваю энергію. Таму што калі вы не можаце аднавіць энергію, вы не зможаце працягваць журналісцкую працу.

Пуцін і іншыя ваенныя злачынцы вельмі хочуць, каб вы былі знясіленымі, каб вы не ўспрымалі сур’ёзна сваё псіхічнае самаадчуванне, не выконвалі сваю працу належным чынам. Тое, як мы захоўваем сваю энергію для працы, вельмі важна.

Збор і архіваванне доказаў і інфармацыі падчас расследаванняў ваенных злачынстваў. Дапаможнік для журналістаў

Усе людзі маюць нейкі агульна перажыты досвед. Але ніхто ў гэтым пакоі не мае аднолькавага досведу. Люді перажылі розныя сітуацыі, маюць розныя асабістыя гісторыі, розны досвед траўмы, трагедый, яны могуць мець сем’і ў розных кутках Украіны, і гэта ўсё вельмі розны ландшафт.

Няма нічога дрэннага ў тым, што вы адчуваеце злосць. Галоўнае, каб гэтая злосць была абгрунтавана. Але што вы робіце з гэтым злом унутры вас? То-бок я злюся на нейкую сітуацыю, ок. Ці гэта робіць мяне лепшым журналістам? Я пасварыўся з калегам праз якую дробязь, ці, магчыма, на мяне наехаў калега. Гэта дэструктыўная злосць. Уявiце сітуацыю: учора калега працаваў над складаным інтэрв’ю. Верагодна, ён траўмаваны душэўна, і ў ім зараз гучыць траўма, а не фактычны гнеў на вас.

Дзе б я ні працаваў з журналістамі, у якіх бы частках свету не знаходзіўся, яны часта кажуць: «Мае праблемы нават блізка не зраўняюцца з тым, што перажыў іншы чалавек. Таму мае “я” – гэта нешта другаснае, разумееце, мне трэба працаваць». Але гэта няправільна.

Пра падтрымку калег і адпачынак

Дыяна Буцько:

– Нас 50 ва арганізацыі, 20 журналістаў, і 7 з нас працуюць на каналах YouTube. Такім чынам, наша каманда складаецца з 7-10 людзей-рэдактараў. Мы ведаем, што робім, дзе знаходзімся, бо шмат падарожнічаем па Украіне. Гэта перавага, што мы адно аднаго ведаем, падтрымліваем сувязі і дзелімся сваімі праблемамі. Напрыклад, «О, божа, зноў гэты прэс-афіцэр, ён такі душны, ён мяне так напружвае». І мы можам пажаліцца адно аднаму.

Трэба працягваць размаўляць, трымаць кантакт, працягваць пытаць зноў: «Як ты, што робіш, чым займаешся? Як тваё жыццё? Здароўе?»

Мы вельмі цэнім, калі падтрымка ідзе і ад рэдактараў, калі яны думаюць не толькі пра дэдлайны, але і пра наша самаадчуванне.

Я ўжо ўзгадвала, што мы адчувалі гэтае выгаранне пасля першага года паўнамаштабнай вайны, і адно НДА прапанавала нам бескаштоўныя сеансы тэрапіі. Гэта дапамагло і было вельмі зручна, таму што не трэба было некуды ехаць, шукаць тэрапеўта і гэтак далей. І многія з нас скарысталіся гэтай магчымасцю. Дакладна ведаю, што гэта было карысна для ўсіх журналістаў.

І мы не толькі абгаворваем тое, што сталася, а і тое, якія эмоцыі мы перажывалі ў той момант. Таксама мы падтрымліваем адно аднаго, стараемся ездзіць разам у адпачынак, і гэта заахвочваецца правілам: абавязкова трэба ўзяць адпачынак на 12 календарных дзён на год. Яшчэ калі ты працуеш у выхадныя, ты можаш мець выхадны на працягу тыдня.

Калі вы хочаце заставацца ў працы ў доўгатэрміновай перспектыве, вам трэба час ад часу спыняцца. Вы не конь.

Трэба мець водпускі, трэба мець выхадныя. Напрыклад, калі я еду працаваць на фронт, звычайна раз на месяц, я разумею, што мне прыйдзецца працаваць начамі, без выхадных. Але калі я вяртаюся да Кіева, я ведаю, што ў мяне ёсць выхадныя – для сям’і, сяброў, захапленняў.

Мае быць жыццё па-за журналістыкай. Падабаецца гэта ці не, але гэта перш за ўсё праца. Так, усе кажуць, што гэта місія, але гэта праца. Вось што трэба памятаць. У нашай працы ёсць многа цудоўных момантаў, але і па-за межамі журналістыкі шмат цікавага.

Парады, як сябе падтрымаць

Гэвін Рыз

– Напэўна, самае карыснае, што мы зрабілі, гэта дапаможнік глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў пра тое, як расследаваць ваенныя злачынствы. І ў гэтым гайдзе я напісаў раздзел пра псіхалагічную самадапамогу, дзе падсумоўваецца досвед многіх журналістаў.

Важна разумець, што калі вы самі маеце траўму, а потым сутыкаецеся з траўмамі іншых людзей, з гісторыямі пра гвалт, гэта ўсё можа вам нанесці яшчэ большую эмацыйную шкоду. Наша біялагічная рэакцыя на пагрозу: напружанне, адрэналін у целе, настроенасць на пагрозу – гэта дапамагае нам выжыць.

Але таксама карысна мець тэхнікі, якія дапамагаюць дбаць пра сябе – як дбаць пра сябе з фізічнага пункта гледжанная, як расслабляцца, як рэгуляваць гэты біялагічны стрэс. А яшчэ ёсць псіхалагічны складнік.

Ці правільна я раблю? Ці я не заблытаўся? Ці не прычыняю я камусьці боль, задаючы гэтае пытанне ў інтэрв’ю?

Узнікаюць разнастайныя этычныя пытанні. І таму вельмі добра падумаць пра свой маральны інструментарый, і размаўляць пра гэта з калегамі. І абавязкова рабіць штосьці, не звязанае з працай, тое, што дае вам пачуццё трансцэндэнтнасці, адцягвае вас ад думак пра працу. Трэба выйці за рамкі працы і рабіць тое, што не рабілі раней.

Я зусім нядаўна заняўся скульптурай. Заняцце не вельмі мабільнае, але спрабуючы зрабіць рэчы з кавалачкаў гліны, я проста забываюся пра ўсё астатняе. Ну і адпачынак на прыродзе. Я разумею, што гэта гучыць надта проста, але на самой справе, калі я адчуваю моцны стрэс, я лічу вельмі карысным проста пайсці і паглядзець на дрэвы.

І апошняе, што сапраўды важна – гэта сацыяльныя сувязі, і самая простая форма сацыяльнай сувязі – гэта проста быць з людзьмі, якія вам падабаюцца.

Вельмі часта, калі мы ў стане стрэсу, мы адчуваем сябе нібы ў шкляной каробцы, і думаем: «не, я не вельмі хачу выходзіць, і я не ўпэўнены, што мае сябры хочуць мяне бачыць такім дэпрэсіўным». І гэтыя думкі нармальныя. Але часта бывае проста карысна выйсці і пабачыцца з людзьмі, зрабіць штосьці разам, як бы відавочна гэта ні гучала.

Фота: Lviv Media Forum

Адпачынак і паўзы сапраўды важныя, і гэта крыху падобна на аналогію з лыжамі: пакатаўся, усе мышцы баляць, але адпачнеш – і потым зноў атрымаеш асалоду.

У працы журналіста таксама трэба размяркоўваць нагрузку цягам працоўнага дня. Калі маеце шмат складаных інтэрв’ю, не праводзьце іх усе за адзін дзень.

Намагайцеся балансаваць, размежаваць час. Калі ёсць адно складанне інтэрв’ю, зрабіце яго ў той перыяд дня, калі маеце найбольшую энергію ў залежнасці ад таго, жаваранак вы або сава.

Рабіце сабе мікраадпачынкі на працягу дня, бо гэта невялікі шанец аднавіцца і перагрупавацца. У такія моманты важна адсунуцца ад усяго. Гучыць проста, ды калі спрабуеш зрабіць гэта руцінай, можа спачатку быць складна. Таму важна працаваць над гэтым штодня, па 5-10 хвілін.

Чэкап і чэкаут перад і пасля выезду на рэпартаж/інтэрв’ю

Перад тым, як ехаць рабіць рэпартаж, варта задаць сабе пытанні: 

  • Чаму я туды іду?
  • Ці гатовы я туды паехаць? Як я ацэньваю мой псіхічны стан?
  • Як я ацэньваю бяспеку?
  • Якая ў мяне мэта і заданні?
  • Што мне трэба для асвятлення?
  • Ці ёсць у мяне графік і план: што я хачу пабачыць, пачуць і якія навіны распавесці?
  • На выпадак, калі я буду дрэнна пачувацца, ці будзе са мной побач нейкі рэсурсны чалавек, якому я магу давяраць і які можа мне дапамагчы?
  • Кожная палявая місія – індывідуальная, і я мушу запытаць сябе: ці магу я, напрыклад, прыпыніць інтэрв’ю, бо адчуваю сябе знясіленым?
  • Журналістам патрэбна эмпатыя, каб сабраць гісторыю і потым яе данесці. Калі я знясілена, я не магу спачуваць іншым, не магу правесці інтэрв’ю належным чынам, я не змагу дапамагчы чалавеку ў гэтай сітуацыі.
  • Ці змагу я прытрымлівацца сваёй мэты, працуючы ў полі? Ці здолею заставацца сфакусаванай? Ці, магчыма, варта адступіць на крок, каб засярэдзіцца на агульнай сітуацыі, не паглыбляючыся ў дэталі, і ацаніць свае эмоцыі?
  • Ці магу я па-ранейшаму падтрымліваць сувязь са сваёй рэдакцыйнай групай або любымі рэсурсамі, калегамі і гэтак далей?
  • Па вяртанні з місіі яшчэ раз трэба ацаніць свае эмоцыі і паставіць пытанні:
  • Ці магу я зрабіць паўзу, узяць адпачынак?
  • Ці мушу над гэтым працаваць менавіта я, і ці магу? Таму што адпачываць – вельмі важна.
  • Ці магу я давяраць людзям?
  • Ці магу я пабачыцца з сябрамі?

Што можа зрабіць рэдакцыя для журналістаў

Гэвін Рыз:

– Калі ўзяць рэдакцыі па ўсім свеце і вывучыць узровень псіхалагічных траўмаў, то найбольшы прэдыктар псіхалагічнай траўмы – гэта не толькі тое, пра што вы паведамляеце, не тыя траўматычныя падзеі, якія вы асвятляеце, а ступень, у якой журналісты адчуваюць, што іх арганізацыя падтрымлівае іх, шануе іх, што гатова пастаяць за журналіста. 

Бывае смешна, калі мы прадстаўляем, нібы нам патрэбна дарагая каманда суперпсіхолагаў, якая на верталёце прыляціць у рэдакцыю і прамые мазгі кожнаму, пакуль ён не пачне адчуваць сябе належным чынам.

Тое, што насамрэч патрэбна, можа нічога не каштаваць. Кшталту размовы з камандай. Але трэба ўводзіць арганізацыйны падыход: калі мы спрабуем высветліць, каго з нашых калег найбольш закрануў стрэс, ёсць рызыка, што мы выпусцім з-пад увагі больш шырокую карціну, а гэта і есць здароўе ўсёй каманды.

Палін Мофрэ:

– Каб мець магчымасць працаваць эфектыўна і трывала, неабходна дбаць пра сваё псіхічнае здароўе. Журналісты і рэдактары праходзяць спецыяльную падрыхтоўку, бо іх трэба навучыць ацэньваць як свае ўласныя пачуцці і патрэбы, так і ўмець выяўляць патрэбу ў прафесійнай дапамозе ў каманды, у калег і блізкіх.

Сацыяльная падтрымка – аснова, і казаць пра гэта ў журналісцкіх супольнасцях, сярод няўрадавых арганізацый і ўсіх, хто дае нам дапамогу – тыя крокі, якія мы павінны рабіць.

Няма ідэальнага рэцэпту, які спрацуе аднолькава для ўсіх. Кожны журналіст, кожная рэдакцыя ў кожным рэгіёне – унікальныя. Мы гэта ўсведамляем і нам важна адаптавацца пад патрэбы журналістаў. Некаторыя журналісты не гатовыя ад’язджаць ад лініі фронту на тыдзень ці некалькі дзён, таму што будуць адчуваць, што не змогуць туды вярнуцца і працаваць. А некаторым гэта вельмі патрэбна. Некаму патрэбныя групавыя кансультацыі з тэрапеўтам, каб падзяліцца думкамі і эмацыйным станам. Некаторыя хочуць індывідуальную тэрапію.

Нехта хоча, каб іх навучылі, як выяўляць адзнакі такіх праблем у сваіх калег і блізкіх, але яны не гатовыя ісці ў тэрапію. Існуюць розныя варыянты і магчымасці. Важна, каб людзі, якія прайшлі праграму, кансультацыю, групавое абмеркаванне, навучанне, давалі зваротную сувязь.

Аліна Рудзіна спецыяльна для Прэс-клуба Беларусь

Тэкст падрыхтаваны ў межах медыяпартнёрства Press Club Belarus і X LMF. З 2013 года LMF з’яўляецца найбуйнейшай медыяканферэнцыяй  ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Падзею праводзіць ГА «Львоўскі медыяфорум». Больш чытайце тут.

Падзяліцца:

Прэс-клуб Беларусь

12 ліпеня 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухня«Хочаце заставацца ў прафессіі – спыняйцеся. Вы не конь». Як журналістам захаваць сваё псіхічнае здароўе

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць