Расследаванне ваенных злачынстваў: камбатанты і іншыя ўдзельнікі баявых дзеянняў. Дапаможнік для журналістаў

Хто лічыцца камбатантам, а хто не і якія існуюць крытэрыі? Як інтэрв’юіраваць былых ваеннапалонных, і хто, акрамя саміх пацярпелых, можа стаць карыснай крыніцай інфармацыі? Знойдзеце правілы інтэрв’юіравання чалавека з траўмай, а таксама гучныя прыклады працы расследавальнікаў. Тэкст на англійскай мове можна знайсці на сайце GIJN.
Расследаванне ваенных злачынстваў: камбатанты і іншыя ўдзельнікі баявых дзеянняў. Дапаможнік для журналістаў
Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Заўвага рэдактара: Гэты артыкул змяшчае графічныя падрабязнасці сэксуальнага гвалту і іншых зверстваў падчас вайны.

Змест

  • Чаму важна працаваць з гэтай тэмай
  • Хто лічыцца камбатантам? Тры крытэрыі
  • Хто не можа лічыцца камбатантам
  • Пра асаблівасці асвятлення ваенных злачынстваў
  • Як збіраць сведчанні ваенных злачынстваў
  • Правілы працы журналістаў з пацярпелымі
  • Што ўлічваць пры пошуку крыніц
  • Непаўналетнія салдаты
  • Якія ёсць яскравыя расследаванні на гэтую тэму

Чаму важна працаваць з гэтай тэмай

Каля дзесяці гадоў таму, падчас працы над серыяй дакументальных фільмаў, прысвечаных сэксуальнаму гвалту ў ваенныя часы, мне давялося правесці найцяжэйшае інтэрв’ю ў сваім жыцці.

Маёй задачай быў пошук былых салдат, якія падвяргаліся сэксуальнаму гвалту ў зняволенні падчас вайны 1992–1995 гадоў у Босніі і Герцагавіне. Цэлымі тыднямі я сядзеў у архівах судовых працэсаў над ваеннымі злачынцамі і вывучаў дакументы, датычныя месцаў утрымання палонных, каб знайсці ахвяр катаванняў і ўзяць у іх інтэрв’ю. Нарэшце ў мяне атрымалася выйсці на адну з такіх ахвяр.

Баснійскія і харвацкія ваеннапалонныя ў лагеры для ваеннапалонных «Маняча», Боснія, 1992 год. Усе бакі баснійскага канфлікту стварылі лагеры для ваеннапалонных, у якіх загінула мноства людзей, а некалькіх камандзіраў пазней абвінавацілі ў ваенных злачынствах. Фота: З дазволу Рона Хавіва / VII

У пачатку вайны гэты чалавек далучыўся да вясковай варты, а пазней быў арыштаваны сербскімі добраахвотнікамі. Яго пасадзілі ў мясцовы ізалятар для зняволеных на паўночным захадзе Босніі. Члены ваенізаванага падраздзялення «Жоўтыя восы» часта наведвалі гэтыя месцы і катавалі арыштантаў. Удзельнікі гэтага фарміравання прастрэлілі яму ступні, а потым прымусілі заняцца аральным сэксам з іншым зняволеным. Потым адзін з салдат фарміравання адламаў ножку крэсла і згвалтаваў ёй аднаго са зняволеных.

Я дагэтуль жыва памятаю гэтае інтэрв’ю. Мужчыну было каля 50 гадоў. Статны, але гарбаваты, ён нібыта нёс нейкі нябачны груз.

Я правёў дзясяткі інтэрв’ю з псіхалагічна траўмаванымі людзьмі, але ўпершыню не чуўся пэўным, ці магу распытваць яго далей, не прычыніўшы яшчэ большай шкоды. Я амаль не задаваў пытанняў пра падрабязнасці інцыдэнту і галоўным чынам імкнуўся пераканацца, што я правільна зразумеў усю яго перадгісторыю і што ўсе названыя даты супадаюць.

У канцы інтэрв’ю мы доўга гаварылі пра яго цяперашняе жыццё — я хацеў пераканацца, што пакідаю яго ў «сучаснасці», а не ў пастцы ўспамінаў. У наступныя тыдні я часта тэлефанаваў яму. Напэўна, гэтыя размовы былі патрэбныя і мне.

Калі мы апублікавалі дакументальны фільм, я адправіў яму спасылку. Ён адказаў праз некалькі дзён, падзякаваў і напісаў, што цешыцца тым, што нехта прысвяціў свой час і знайшоў столькі людзей, якія перажылі такое ж цяжкае выпрабаванне. Ён, як і многія іншыя ахвяры катаванняў, адчуваў сябе пакінутым.

Хто лічыцца камбатантам? Тры крытэрыі

Хоць часта лічыцца, што ваенныя злачынствы — гэта дзеянні, якія здзяйсняюцца супраць грамадзянскіх асоб, некаторыя ваенныя злачынствы таксама могуць здзяйсняцца ў адносінах да ўдзельнікаў баявых дзеянняў, у тым ліку ваеннапалонных. Гэтыя ваенныя злачынствы (і супраць камбатантаў, і супраць грамадзянскага насельніцтва) уяўляюць сабой найсур’ёзнейныя парушэнні міжнароднага гуманітарнага права, што найбольш выразна апісаныя ў Рымскім статуце Міжнароднага крымінальнага суда.

Паводле міжнароднага гуманітарнага права, выкладзенага ў такіх міжнародных дагаворах, як чатыры Жэнеўскія канвенцыі 1949 года, камбатантамі прызнаюцца асобы, упаўнаважаныя ўжываць сілу ў ходзе канфлікту. Звычайна гэта салдаты ўзброеных сіл, але часам да іх адносяць іншыя афіцыйныя арганізаваныя групы, напрыклад, падраздзяленні паліцыі. Паняцце «статус камбатанта» можа выкарыстоўвацца для вызначэння прынцыпу адрознення (камбатанты могуць быць аб’ектам законнага нападу), але яно таксама істотнае для вызначэння таго, хто мае права на статус ваеннапалоннага.

У міжнародным гуманітарным праве існуе адрозненне паміж камбатантамі ў рамках міжнароднага і неміжнароднага канфлікту. Гэта важнае адрозненне, бо яно рэгулюе з прававога пункту гледжання, калі пэўныя групы лічацца камбатантамі, а калі — грамадзянскімі асобамі, якія прымаюць удзел у ваенных дзеяннях.

У рамках міжнароднага ўзброенага канфлікту камбатантамі называюць тых, хто адпавядае аднаму з трох наступных крытэрыяў:

  • вайскоўцы ўзброеных сіл, за выключэннем медыцынскіх работнікаў або афіцэраў ваенна-рэлігійнай службы;
  • члены добраахвотніцкіх, ваенізаваных і іншых фарміраванняў, якія маюць камандную структуру, выразныя знакі адрознення, адкрыта носяць зброю і прытрымліваюцца законаў і звычаяў вайны;
  • асобы, якія самавольна далучаюцца да ўзброенай барацьбы, і вайскоўцы ўзброеных сіл, якія знаходзяцца пад камандаваннем структуры, не прызнанай іншым бокам у канфлікце.

Хто не можа лічыцца камбатантам

Падчас унутранага ўзброенага канфлікту або грамадзянскай вайны міжнароднае гуманітарнае права звычайна не надзяляе статусам камбатантаў асоб, якія не ўваходзяць у склад афіцыйных узброеных сіл. Камбатанты, захопленыя ў палон падчас міжнароднага ўзброенага канфлікту, звычайна маюць права на статус ваеннапалоннага і, адпаведна, на пэўную абарону, падрабязна апісаную ў Жэнеўскіх канвенцыях. Да неміжнародных узброеных канфліктаў статус ваеннапалоннага не прымяняецца, але існуе абавязак гуманна абыходзіцца з усімі асобамі, пазбаўленымі волі, пры любых абставінах.

Важна ўлічваць гэтыя крытэрыі, паколькі некаторыя групы або асобы, якія актыўна ўдзельнічаюць у канфлікце, напрыклад, найміты, не маюць права на статус камбатанта і сродкі абароны ваеннапалонных у адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам.

Так званыя баевікі-тэрарысты, якія адкрыта не носяць зброю або знакі адрознення, таксама не маюць права на статус камбатанта, што з’яўляецца спрэчным пытаннем. Напрыклад, у ЗША на працягу многіх гадоў гэта выкарыстоўвалася для апраўдання меркаваных катаванняў у турме Гуантанама. Тым ня менш, усе асобы, што ўтрымліваюцца пад вартай у дзяржаўных сіл, заўсёды маюць права на пэўную мінімальную абарону, у тым ліку ад катаванняў і жорсткага, прыніжальнага і зневажальнага абыходжання, а таксама пэўныя гарантыі справядлівага судовага разбору.

Узброены серб з жонкай абараняюць свой дом ад харвацкіх войскаў у вёсцы Акучані, Харватыя, 1991 год. Цягам шасці месяцаў вайны за незалежнасць Харватыі загінулі больш за 10 000 чалавек, а дзясяткі тысяч сталі ўцекачамі. Фота: З дазволу Рона Хавіва / VII

Пра асаблівасці асвятлення ваенных злачынстваў

У канфліктах, як унутраных і неміжнародных, так і міжнародных, камбатанты выступаюць законнай ваеннай цэллю, таму ваенныя злачынствы ў адносінах да іх звычайна здзяйсняюцца толькі пасля таго, як яны трапляюць у палон, або «выбываюць са строю» (напрыклад, атрымліваюца раненне або здаюцца ў палон).

Выкарыстанне пэўных метадаў вядзення вайны (ужыванне некаторых відаў забароненай зброі або акт вераломства, напрыклад, наўмысны падман або невыкананне ўмоў капітуляцыі) таксама можа лічыцца ваенным злачынствам, нават супраць камбатантаў.

Асвятляючы ваенныя злачынствы ў адносінах да палонных камбатантаў журналісты павінны разумець, што для даказвання факта ваеннага злачынства супраць ваеннапалонных, пракурору неабходна ўстанавіць, што меў месца ўзброены канфлікт, падчас якога злачынец здзейсніў адно з наступных злачынстваў:

  • забойства;
  • катаванні або бесчалавечнае абыходжанне;
  • біялагічныя эксперыменты;
  • нанясенне цяжкіх траўм;
  • прымусовы прызыў на ваенную службу;
  • адмова ў справядлівым судовым разглядзе.

Як збіраць сведчанні ваенных злачынстваў

Збор доказаў і асвятленне ваенных злачынстваў у адносінах да ваеннапалонных часта аказваецца складанай задачай, незалежна ад часу расследавання магчымых зверстваў: падчас іх здзяйснення, адразу пасля падзей ці шмат гадоў пазней. Паколькі злачынствы супраць ваеннапалонных сапраўды караюцца па законе, злачынцы маюць сур’ёзны стымул іх скрываць, што, у сваю чаргу, часта патрабуе творчага падыходу да асвятлення гэтых тэм.

Збярыце як мага больш сведчанняў пацярпелых, як для расследавання патэнцыйных ваенных злачынстваў, так і для пацверджання фактаў. У бягучых канфліктах можна выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі ў якасці спосабу сабраць сведчанні, але асцярожна стаўцеся да старонак афіцыйных крыніц, такіх як урадавыя міністэрствы і ўзброеныя сілы, паколькі яны часта прасоўваюць прапаганду і неправераныя сцверджанні.

Правядзенне журналісцкіх расследаванняў аб ваенных злачынствах прадугледжвае збор мноства сцверджанняў, таму абавязкова стварыце сістэму ўліку.

Лепшы спосаб — гэта захоўваць расшыфроўкі размоў пад назвай, якая ўтрымлівае імя суразмоўцы, дату і месца інтерв’ю (напрыклад: Дэніс.Джыдзіч.01.02.2023.Сараева.docx), і маркіраваць колерам або ключавымі словамі важныя часткі тэксту, што апісваюць месцы, злачынствы, асоб, падраздзяленні.

Журналісцкія і нават крымінальныя расследаванні, звязаныя са злачынствамі ў адносінах да ваеннапалонных, амаль заўсёды грунтуюцца на сведчаннях і апавяданнях відавочцаў. Гэта значыць, што пошук і апытанне пацярпелых — сярод найбольш эфектыўных спосабаў правядзення расследавання. Апытваючы былых зняволеных лагераў для ваеннапалонных, майце на ўвазе, што яны часта псіхалагічна траўміраваныя, таму трэба да іх ставіцца адпаведным чынам.

Правілы працы журналістаў з пацярпелымі

Падчас інтэрв’ю абавязкова прытрымвайцеся наступных правіл:

  • Праводзьце інтэрв’ю ў месцы, дзе асоба пачуваецца бяспечна.
  • Заўсёды праводзьце падрыхтоўчае інтэрв’ю (або некалькі).
  • Паклапаціцеся аб тым, каб не нанесці пацярпеламу паўторную псіхалагічную траўму.
  • Растлумачце пацярпеламу ролю інтэрв’ю для вашага расследавання.
  • Глядзіце ў вочы суразмоўцы і будзьце ўважлівыя падчас размовы.
  • Захоўвайце спакой, калі суразмоўца губляе кантроль над эмоцыямі або рухамі.

Што ўлічваць пры пошуку крыніц

Пры даследаванні гэтых тэм эфектыўнай стратэгіяй пошуку крыніц можа быць наладжванне кантактаў з асацыяцыямі ветэранаў і былых зняволеных лагераў (або з прафсаюзамі салдат, калі расследаванне датычыцца бягучага або нядаўняга канфлікта). Гэтыя групы часта ствараюць з мэтай прымусіць адпаведныя органы ўлады забяспечыць членаў такіх асацыяцый пэўнымі правамі і льготамі (пенсіямі, медыцынскімі і псіхалагічнымі паслугамі і інш.). У сувязі з гэтым яны часта матываваныя дапамагаць журналістам, якія хочуць сабраць інфармацыю.

У 2022 годзе на прэс-канферэнцыі ўкраінскага ўрада паказалі мужчын, прадстаўленых як расійскія ваеннапалонныя. Тыя заявілі, што ўдзельнічаюць у мерапрыемстве па ўласнай волі, а Жэнеўская канвенцыя выразна прадпісвае, што з ваеннапалоннымі належыць гуманна абыходзіцца пры любых абставінах. Фота: З дазволу Рона Хавіва / VII

Салдаты могуць быць каштоўнымі крыніцамі інфармацыі аб магчымых злачынствах, у тым ліку тыя, хто пацярпеў будучы ваеннапалонным, а таксама вайскоўцы, якія маглі быць сведкамі здзяйснення зверстваў, удзельнічалі або былі вымушаныя ў іх удзельнічаць.

Пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе выйшла некалькі расследаванняў, заснаваных на паказаннях інсайдараў, якія распавялі пра ваенныя злачынствы, учыненыя іх саслужыўцамі. Важна даваць былым інсайдарам магчымасць выказвацца ананімна (натуральна, правяраючы іх сцверджанні з дапамогай некалькіх іншых крыніц), але адначасова трэба з асцярогай падыходзіць да правядзення інтэрв’ю, паколькі яны таксама могуць быць псіхалагічна траўмаваныя.

Журналістам таксама варта памятаць, што ў адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам, яны могуць несці пэўныя абавязкі, у тым ліку абараняць гонар і годнасць ваеннапалонных і не падвяргаць іх абразам, знявагам або публічным кпінам.

Акрамя размоў з непасрэднымі пацярпелымі падумайце пра зварот у розныя гуманітарныя арганізацыі, такія як «Урачы без межаў». Майце на ўвазе, што некаторыя арганізацыі адмаўляюцца дзяліцца доказамі, нават калі маюць унікальны доступ або інфармацыю. Найбольш вядомы сярод іх — Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, які сцвярджае, што валодае прынятым у судовай практыцы прывілеем невыдавання, таму ён не даваў канфідэнцыйную інфармацыю для трыбунала па Руандзе, трыбунала па былой Югаславіі, а таксама ўскосна для трыбунала па Сьера-Леонэ і іншых справах, прысвечаных ваенным злачынствам. Гэта незалежныя арганізацыі, і іх сведчанні могуць даць каштоўную інфармацыю аб умовах утрымання, асобах зняволеных і іншых істотных дэталях. Да іх можна звярнуцца як да крыніцы або каб праверыць звесткі, прадстаўленыя пацярпелымі.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, як і незалежныя арганізацыі, таксама рыхтуе справаздачы аб месцах утрымання пад вартай, да якіх атрымлівае доступ. Гэта практыка ўжо распаўсюджваецца ва Украіне. Гэтая дакументацыя не можа замяніць асабістых сведчанняў, але можа стаць крыніцай шматлікіх дапаможных звестак, якія палягчаюць расследаванне.

Хоць злачынствы супраць ваеннапалонных могуць выступаць як асобныя інцыдэнты і не вымагаюць даказвання сістэмных парушэнняў (як у выпадку генацыду і злачынстваў супраць чалавечнасці), важна ўлічваць, што большасць такіх злачынстваў здзяйсняецца ў месцах утрымання пад вартай, турмах або канцэнтрацыйных лагерах.

Звычайна існуе нейкая адміністрацыйная сістэма, а гэта значыць, што застаецца папяровы след, які можна выкарыстаць для збору доказаў.

Такім чынам, кола людзей, да якіх можна звярнуцца як да крыніц у расследаваннях, хутчэй за ўсё, значна большае, чым можа падавацца на першы погляд.

Напрыклад, калі ёсць лагер, значыць, існуе (ці існаваў) спіс ахоўнікаў і наглядчыкаў. Паколькі зняволеныя маюць патрэбу ў вадзе і ежы, у лагеры таксама працуюць кухары і санітарныя работнікі. Звычайна зняволеным дазволена перыядычна наведваць ваенных або пазаштатных лекараў. У ваенны час ваеннапалонных часта выкарыстоўваюць для прымусовай працы, таму, верагодна, існуюць кіроўцы і сведкі з ліку грамадзянскіх асоб, якія бачылі зняволеных падчас працы. Калі ў вас атрымаецца дамовіцца з пацярпелым, абавязкова знайдзіце час для інтэрв’ю і распытайце аб магчымых нітачках, за якія можна ўхапіцца і пазней выкарыстаць для праверкі фактаў або збору дадатковай інфармацыі.

Пры расследаванні злачынстваў супраць ваеннапалонных істотнымі крыніцамі інфармацыі могуць быць афіцыйныя абвінаваўчыя заключэнні, стэнаграмы судовых працэсаў па ваенных злачынствах і прысуды.

Большасці высокапастаўленых чыноўнікаў прад’яўляюцца абвінавачванні ў сістэмных злачынствах, і часта яны датычацца шэрагу лагераў і цэлага спектру злачынстваў. Важна вывучыць устаноўленыя судом факты і пашукаць імёны іншых датычных асоб, не прыцягнутых да адказнасці, або агульную інфармацыю аб розных месцах здзяйснення цяжкіх злачынстваў.

Маніторынг судовых працэсаў і разуменне міжнароднага гуманітарнага права і юрысдыкцый аказаліся вельмі істотнымі для асвятлення канфліктаў у мінулым, напрыклад, у краінах былой Югаславіі ці Сірыі, а з нядаўніх часоў — ва Украіне. У Еўропе гучаць прапановы стварэння спецыялізаванага трыбунала па расследванні расійскай агрэсіі. У артыкуле «Генацыд і злачынствы супраць чалавечнасці» падрабязна пералічваюцца карысныя рэсурсы для вывучэння судовых працэсаў і спосабы іх выкарыстання ў рамках правядзення расследаванняў.

Непаўналетнія салдаты Вызваленчай арміі Судана ў Паўночным Дарфуры, Судан, 2005 год. Фота: З дазволу Рона Хавіва / VII

Непаўналетнія салдаты

Акт вярбоўкі і выкарыстання дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў ва ўзброеным канфлікце з’яўляецца ваенным злачынствам. Тым не менш, пасля далучэння да ўзброеных сіл, такія салдаты-падлеткі юрыдычна лічацца «камбатантамі» ў мэтах устанаўлення адрозненняў і статусу ваеннапалоннага. На жаль, выкарыстанне салдат-падлеткаў па-ранейшаму шырока распаўсюджана, але існуе паспяховая практыка пераследу за гэта ваеннае злачынства Міжнародным крымінальным судом.

Нават у Еўропе падчас баснійскага канфлікту ў 1990-х гадах плячо ў плячо з дасведчанымі салдатамі ваявалі, паводле некаторых ацэнак, 2000 дзяцей.

Парыжскія прынцыпы, скіраваныя на барацьбу з гвалтоўным уцягваннем дзяцей у баявыя дзеянні, хоць і не маюць абавязковай сілы, але з’яўляюцца важным міжнародным дакументам, прысвечаным вярбоўцы і выкарыстанню дзяцей у ваенных мэтах.

Асвятленне праблемы салдат-падлеткаў і злачынстваў, здзейсненых імі або ў адносінах да іх, — вельмі далікатная тэма як з пункту гледжання іх псіхалагічных траўмаў, так і праблем, звязаных з іх рэінтэграцыяй у грамадства. Аднак вельмі важна паказаць грамадскасці, як гвалтоўныя арганізацыі, такія як «Бока Харам» і Вілаят Ісламскай дзяржавы «Заходняя Афрыка», выкарыстоўваюць салдат-падлеткаў у баявых дзеяннях і для здзяйснення зверстваў.

Перш чым даследаваць гэтыя тэмы, належыць азнаёміцца з наяўнай літаратурай і апошнімі тэндэнцыямі, прынятымі ў МКЧК, Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, ЮНІСЕФ і Міжнароднай амністыі. Гэты невялічкі дапаможнік МКЧК прапануе кароткі агляд заканадаўства і пытанняў, звязаных з правамі чалавека і знаходжаннем дзяцей ў зняволенні.

Якія ёсць яскравыя расследаванні на гэтую тэму

Расійскія вайскоўцы ва Украіне

Адно з найлепшых расследаванняў, апублікаваных у першы год расійскага ўварвання ва Украіну, выпусціла BBC. Яно называецца ««Я не маю маральнага права прасіць ва ўкраінцаў прабачэння». Аповед расійскага афіцэра, які не жадаў ваяваць». Гэта выкрыццё з’яўляецца выдатным прыкладам сур’ёзнага падыходу да асвятлення ваенных злачынстваў, які паказывае, як выкарыстоўваць сведчанні асобы і пацвярджаць іх з дапамогай афіцыйных крыніц (у гэтым выпадку ваенных дакументаў), сведчанняў мясцовых жыхароў для праверкі месцаў і часу здзяйснення злачынстваў, а таксама працы з адкрытымі крыніцамі для вызначэння лакацый месцаў утрымання пад вартай ва Украіне.

Візуальнае расследаванне The New York Times «Знятыя на камеру, адсочаныя па тэлефонах: Расійскае ваеннае падраздзяленне, якое забіла дзясяткі чалавек у Бучы» — яшчэ адзін прыклад цудоўнага сучаснага расследавання, уганараванага Пулітцэраўскай прэміяй за міжнародны рэпартаж у 2023 годзе. Прааналізаваўшы адкрытыя крыніцы інфармацыі, відэазапісы і перахопленыя тэлефонныя званкі, The Times расказвае гісторыю расійскага падраздзялення, адказнага за забойствы ваеннапалонных (і мірных жыхароў) у Бучы пасля ўварвання Расіі ва Украіну.

Жорсткае абыходжанне з баснійскімі зняволенымі

Артыкул у выданні Detector уяўляе сабой магутнае спалучэнне выкарыстання судовых паказанняў, пратаколаў абвяшчэння прысудаў і інтэрв’ю з пацярпелымі і былымі ахоўнікамі. Усё гэта выкарыстоўваецца для стварэння важнага расследавання, якое раскрывае асобы адказных за жорсткае абыходжанне са зняволенымі ў баснійскім горадзе Зеніца, а таксама тых, хто пазбег правасуддзя. Аднаму з падазраваных, імя якога некалькі разоў усплывала ў шэрагу інтэрв’ю, журналістка падала столькі доказаў і сведчанняў, што той мусіў пад запіс прызнаць сваю датычнасць да збіцця зняволеных. Грунтоўна даследаванае і падрыхтаванае Балканскай сеткай журналісцкіх расследаванняў Босніі і Герцагавіны, гэта расследаванне нават дазваляе чытачам сцягнуць і ўважліва азнаёміцца з доказамі, а таксама паглядзець відэаматэрыялы.

Бандыты-мілітарысты з Замфары

У гэтым матэрыяле BBC Africa Eye распавядаецца аб смяротна небяспечных бандах на паўночным усходзе Нігерыі, якія здзяйсняюць налёты на вёскі, нападаюць на кіроўцаў, выкрадаюць школьнікаў і забіваюць усіх, хто аказвае супраціў. Дакументальны фільм распавядае аб прычынах і спрыяльных фактарах экстрэмізму, а таксама аб людзях, якія вярбуюць і выкарыстоўваюць дзяцей у баявых дзеяннях. Расследаванне абапіраецца на інтэрв’ю з некалькімі суразмоўцамі і паказвае, як можна праверыць інфармацыю, выкарыстоўваючы розныя крыніцы.

Як ІДІЛ вярбуе, а затым забівае дзяцей

Выкарыстанне дзяцей на вайне, у прыватнасці для здзяйснення ваенных злачынстваў, мела месца і ў былой Югаславіі ў 90-я гады, а з нядаўніх часоў на Блізкім Усходзе. Гэта выдатнае расследаванне CNN 2016 года заснаванае на звестках з адкрытых крыніц і аналізе прапагандысцкіх відэаролікаў і сацыяльных сетак ІДІЛ. Аўтары таксама стварылі візуалізацыю даных аб нацыянальнасці значнай часткі непаўналетніх салдат і спосабах іх забойства.

Падзяліцца:

Аўтар тэкста Дэніс Джыдзіч. Фота Рона Хавіва. Пераклад: Прэс-клуб Беларусь

29 лютага 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняРасследаванне ваенных злачынстваў: камбатанты і іншыя ўдзельнікі баявых дзеянняў. Дапаможнік для журналістаў

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць